МНПЗ будзе інвеставаць нягледзячы на двухразовае скарачэнне прыбытку
01.09.2009
—
Новости Общества
|
Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод згортваць свае iнвестыцыйныя праграмы па развiццi прадпрыемства не збiраецца, пра што паведамiў генеральны дырэктар ААТ "МНПЗ" Анатоль Купрыянаў: — Я належу да тых кiраўнiкоў, якiя лiчаць, што трэба выкарыстоўваць момант для нарошчвання iнвестыцыйных праграм, каб адарвацца тэхналагiчна ад прадпрыемстваў-канкурэнтаў. На сёння на МНПЗ дзейнiчае праграмма развiцця на 2005 — 2010 гады, першы этап якой ужо завершаны: пабудаваныя ўстаноўка па вытворчасцi бензолу, два рэзервуары па 30 тысяч тон для захоўвання нiзкасярнiстай нафты, устаноўка па ўтылiзацыi факельных газаў, i самы буйны аб'ект — устаноўка фторыста-вадароднага алкiлiравання. Усяго капiтальныя ўкладаннi на гэтым этапе склалi 214,1 мiльёнаў долараў. — Устаноўка фторыста-вадароднага алкiлiравання пабудавана ўпершыню на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах былога Савецкага Саюза па такой тэхналогii, яна забяспечвае вытворчасць 300 тысяч тон алкiлату — кампанента для вытворчасцi бензiнаў еўрапейскiх стандартаў, — сказаў Анатоль Купрыянаў. — Яна дазволiла значна нарасцiць вытворчасць высокаактанавага бензiну i практычна за 1,5 года была акуплена за кошт дадатковай выручкi. На другi этап рэканструкцыi завода запланавана будаўнiцтва аб'ектаў на суму каля 479 млн долараў ЗША, з якiх ужо выдаткавана 367 млн на закупку абсталявання i лiцэнзiй, праектныя i будаўнiча-мантажныя працы. Кiраўнiцтва завода чакае запуску новых а'ектаў у вызначаны тэрмiн — у 2010 годзе. — У першым квартале 2010 года будзе працаваць устаноўка па гiдраачыстцы бензiну каталiтычнага крэкiнгу, у другiм квартале — устаноўка па вытворчасцi вадароду. Запусцiм таксама ўстаноўку па гiдраачыстцы дызельнага палiва па тэхналогii Французскага iнстытута нафты, якая дазволiць атрымлiваць дызельнае палiва перспектыўных еўрапейскiх патрабаванняў недзе да ўзроўню 2015 года, — расказаў генеральны дырэктар. ![]() Ужо ўкладзена 13 мiльёнаў долараў на 3 i 4 этапы рэканструкцыi — на закупку лiцэнзiй,
на выкананне часткi базавых праектаў. Змяняць iнвестыцыйныя праграмы ААТ "МНПЗ"
пакуль не мае намеру, нягледзячы нават на тое, што прыбытак прадпрыемства з-за
змянення цэнаў у свеце на нафтапрадукты паменшыўся ў два разы пры тых жа аб'ёмах
вытворчасцi. Толькi пакуль прыпынена стварэнне ўстаноўкi па вытворчасцi параксiлолу,
бо будаўнiцтва вельмi дарагое, а цяпер наладжваюцца кантакты па пастаўках параксiлолу
на магiлёўскае хiмвалакно з Расii i няма мэтазгоднасцi ў будаўнiцтве ўстаноўкi
на МНПЗ. Таму разглядаецца прапанова выключыць будаўнiцтва гэтай устаноўкi з праграмы
развiцця, i на гэтыя 223 млн долараў пабудаваць iншыя а'екты.
Неабходнасць пастаяннага iнвеставання ў развiццё вытворчасцi, а за першае паўгоддзе 2009 года iнвеставана Br298,8 млрд у параўнаннi з леташнiмi Br172,1 млрд , гендырэктар Анатоль Купрыянаў патлумачыў так : — Патрабаваннi на мiжнародным рынку становяцца ўсё больш жорсткiмi. І каб паспяваць за той якасцю, якую патрабуюць сусветныя рынкi, трэба пастаянна ўкараняць новыя працэсы. Тое, што мы робiм па 2-м i 3-м этапах, дазволiць вырабляць палiва перспектыўных параметраў якасцi. Але i цяпер прадпрыемства не мае нiякiх праблем з продажам прадукцыi: — Я даўно працую дырэктарам завода i магу сказаць, што нiколi не iснавала праблемы з-за назапашвання нафтапрадуктаў па прычыне адсутнасцi збыту. Такiх праблем у нас няма i цяпер, — сцвярджае Анатоль Купрыянаў. Пры гэтым на заводзе ўсё ж думаюць пра пашырэнне парка захоўвання палiва, але гэта, як сказаў дырэктар, "ад добрага жыцця" i на выпадак пазаштатных сiтуацый: — Наш завод, якi працуе на штодзённай загрузцы ў 31,5 тыс. тон, пры збоях, напрыклад, пастаўкi чыгуначных цыстэрнаў з-за шторму ў портах Балтыкi, можа апынуцца ў сiтуацыi, калi трэба будзе не толькi паменшыць сваю прадукцыйнасць, але i амаль поўнасцю спынiцца. Усяго ААТ "МНПЗ" мае магутнасць па перапрацоўцы нафты ў 12 млн тон за год, з якiх загружана каля 11 млн тон. Асноўныя прадукты, на якiя перапрацоўваецца нафта, гэта аўтабензiны (каля 2,5 млн тон за год) i дызельнае палiва (каля 2,4 млн тон за год), ёсць i пабочныя — асвятляльны керасiн, бензiн пiролiза, бензол, сера, бiтум i гэтак далей. Каля 70 % з агульнага аб'ёму таварнай прадукцыi пастаўляецца на экспарт, а астатняе — спажываецца ўнутры краiны. У першым паўгоддзi 2009 года экспарт склаў $703 млн, рэнтабельнасць рэалiзаванай прадукцыi — да 7 %, чысты прабытак — да $30 млн. Павел БЕРАСНЕЎ. |