Не ПРЫШПІЛЬНА!. 21.by

Не ПРЫШПІЛЬНА!

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiск тармазоў разануў паветра — i белая "дзявятка" спынiлася як скамянелая. Падчас рэзкага тармажэння дзяўчынка, якая сядзела на заднiм сядзеннi ў аўтакрэсле, засталася нерухомай. А вось яе старэйшы брацiк, якi ў гэты момант стаяў, трымаючыся за спiнкi пярэднiх сядзенняў, i размаўляў з дарослымi, стукнуўся галавой аб прыборную панель аўтамабiля i страцiў прытомнасць...

На шчасце, замест дзяцей у аўтамабiлi ехалi пластмасавыя лялькi. А вышэйапiсаная сiтуацыя — усяго толькi эксперымент, якi вырашылi правесцi супрацоўнiкi Дзяржаўтаiнспекцыi МУС, каб праверыць тэорыю на практыцы.

Толькi сёлета на дарозе загiнула 29 дзяцей, больш за 400 атрымала траўмы (частка з iх на ўсё жыццё застанецца калекамi). Пакутуюць маленькiя пасажыры, якiя ў момант экстраннага тармажэння не былi прышпiленыя. Па сутнасцi яны становяцца закладнiкамi неразумных паводзiнаў бацькоў-шумахераў, якiя эканомяць на бяспецы сваiх маленькiх пасажыраў.

Што ж з'яўляецца асноўнай прычынай адмовы бацькоў ад аўтакрэслаў? Адказ на гэта пытанне "Звязда" шукала разам з iнспектарамi ДПС спецыяльнага падраздзялення "Страла" на мiнскiх вулiцах.

...Сiнi "Форд" спынiлi на праспекце Дзяржынскага. На пытанне iнспектара, чаму хлопчык не прышпiлены, Леанiд Ваўчэцкi толькi пацiснуў плячыма.

— Аўтакрэсла засталося дома. Мы ж толькi туды i назад. Навошта прышпiльвацца. Iншая рэч, калi б выехалi за горад.

Такой жа пазiцыi прытрымлiваецца i Андрэй Казлоўскi, бацька шасцiгадовага Сашы i васьмiгадовага Славы. У яго жоўтым "Фальксвагене" наогул не прадугледжаны рамянi бяспекi для пасажыраў, якiя сядзяць на заднiм сядзеннi.

— Езджу з дзецьмi мала. I, як правiла, на невялiкiя адлегласцi, па вядомых маршрутах. У школу, палiклiнiку. Жывём тут, недалёка. Ды i не аматар я гонак, еду заўсёды павольна.

— А можа, пасля таго, як атрымалi папярэджанне ад iнспектара ДАI, купiце ўсё ж такi для большай бяспекi сыноў дзiцячыя крэслы, — угаворваем кiроўцу "Фальксвагена".

— Па крэслы не пайду дакладна. За час, пакуль яны ўсядуцца, можна будзе i назад прыехаць. Ды i не хачу аддаваць лiшнiя грошы. Iх i так заўсёды не хапае. А вось наконт рамянёў бяспекi падумаю.

Не апошнiм па папулярнасцi адказам быў такi: "За адсутнасць крэслаў не штрафуюць. Вось калi пачнуць — тады i купiм". Сапраўды, у нашай краiне наяўнасць дзiцячых утрымальных крэслаў носiць рэкамендацыйны характар. Але няўжо толькi штрафнымi санкцыямi можна пераканаць бацькоў, што лепш перастрахавацца, чым пасля ад гора рваць валасы на галаве?

n n n

Апошнiм часам, пасля таго, як я стала вiдавочцай эксперыменту, мiжвольна зазiраю ў вокны аўтамабiляў, каб пераканацца ў бяспецы чужых дзяцей. I не паспяваю здзiўляцца, якую свабоду малым даюць дарослыя. Немаўляткi ляжаць на каленях у шчаслiвых матуль, старэйшыя дзеткi глядзяць у задняе шкло аўтамабiля, высоўваюцца з бакавых вокнаў i нават бегаюць па салоне! Паважаныя мацi i таты, калi вы не ўяўляеце сабе наступстваў такой свабоды, зазiрнiце, пакуль не позна, ну, хоць бы на зводку няшчасных дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. За сухiмi фактамi, якiя там знойдзеце, мора слёз некалi такiх жа шчаслiвых бацькоў, як i вы зараз.

Надзея ДРЫЛА.
фота аўтара.

Да ўвагi бацькоў

Навошта патрэбныя аўтакрэслы?

— Пры рэзкiм тармажэннi з хуткасцю 50 км/г (уявiце, што машыну скiнулi з чацвёртага паверха) вага 10-кiлаграмовага дзiцяцi павялiчваецца недзе да 300 кiлаграмаў, — адказвае Станiслаў Салавей. — Мацi, якая трымае сваю крывiначку на руках, не толькi не зможа засцерагчы яе ад рэзкага ўдару аб пярэдняе крэсла цi шкло, але i, ёсць верагоднасць, раздушыць вагой свайго цела. Спецыяльнае ж дзiцячае аўтакрэсла, якiм грэбуюць многiя бацькi, па вынiках краш-тэстаў павышае бяспеку дзiцяцi ў 6 разоў. Безумоўна, у тым выпадку, калi яно правiльна падабранае.

Як выбраць крэсла
для маленькага пасажыра?

1) Для таго, каб выбраць аўтакрэсла, неабходна ведаць узрост i вагу дзiцяцi. Арыентуйцеся перш за ўсё на вагу, а не на ўзрост, бо адзiн хлопчык у тры месяцы важыць чатыры кiлаграмы, а другi з такой вагой нараджаецца. Таму — увага! — калi кансультант у краме цiкавiцца выключна ўзростам сына i адразу ж раiць адпаведнае крэсла, ведайце, што вам аказваюць мядзведжую паслугу.

2) Не палянуйцеся i зазiрнiце ў апошнiя вынiкi краш-тэстаў дзiцячых аўтакрэслаў. Звярнiце ўвагу на назвы кампанiй-вытворцаў, якiя лiдзiруюць, — пры пакупцы менавiта iм i аддавайце перавагу.

3) Выбiрайце аўтакрэсла разам з дзiцем. Памятайце, што нават самае дарагое крэсла не сведчыць аб тым, што вашаму дзiцяцi будзе там камфортна. Розныя дзецi любяць сядзець па-рознаму. Гэта таксама трэба ўлiчваць.

4) Калi вам новае дзiцячае ўтрымальнае крэсла не па кiшэнi, то паглядзiце прыватныя аб'явы. Паверце, некаторыя добрыя людзi, дзецi якiх павырасталi, гатовы аддаць вам сваё крэсла за сiмвалiчную суму. Праўда, улiчвайце, што яно таксама мае тэрмiн дзеяння. Большасць экспертаў рэкамендуе не выкарыстоўваць адно i тое ж аўтакрэсла больш за 10 гадоў.

5) Да 12 гадоў (менавiта да такога ўзросту рэкамендуецца перавозiць дзiця ва ўтрымальным прыстасаваннi) памяняць некалькi крэслаў розных узроставых груп. Аднак цяпер вырабляюць i аўтакрэслы, якiя адпавядаюць адразу некалькiм групам, — так званыя трансформеры. Яны каштуюць крыху даражэй за стандартнае аўтакрэсла, але ў цэлым вы зэканомiце. Пры выбары такога прыстасавання абавязкова звярнiце ўвагу на наяўнасць такiх рэгулiровак, як вышыня падгалоўнiка i бакавой падтрымкi.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вiск тармазоў разануў паветра — i белая "дзявятка" спынiлася як скамянелая. Падчас рэзкага тармажэння дзяўчынка, якая сядзела на заднiм сядзеннi ў аўтакрэсле, засталася нерухомай. А вось яе старэйшы брацiк, якi ў гэты момант стаяў, трымаючыся за спiнкi пярэднiх сядзенняў, i размаўляў з дарослымi, стукнуўся галавой аб прыборную панель аўтамабiля i страцiў прытомнасць...
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика