Тэхагляд фальшывы — штраф рэальны
07.09.2009
—
Новости Общества
|
Выпадкi выяўлення падробленых штампаў аб праходжаннi дзяржтэхагляду сустракаюцца не так ужо часта, аднак i гаварыць пра тое, што iх i зусiм няма — таксама нельга. Не так даўно адна газета размясцiла на сваiм сайце матэрыял пад загалоўкам "Прошел техосмотр не на станции — уголовная ответственность". У артыкуле гаварылася пра тое, што беспрацоўны жыхар Вiцебска прыдумаў "цiкавы" бiзнэс: за пэўную суму падроблiваў сертыфiкат аб праходжаннi тэхагляду з усiмi неабходнымi штампамi. Задаволенымi заставалiся i аўтаўладальнiкi, i "бiзнэсмен". Вось i была кату масленiца, пакуль аферу не раскрылi супрацоўнiкi праваахоўных органаў. Беспрацоўны расказваў следству, што грошы перадаваў службовай асобе УП "Белтэхагляд". Падчас следства высветлiлася, што грошы нiкому з супрацоўнiкаў прадпрыемства не перадавалiся, а заставалiся ў кiшэнi махляра. Свой адказ на ўзнятае ў СМI пытанне дало УП "Белтэхагляд" сумесна з супрацоўнiкамi спецпадраздзялення ДПС "Страла", упраўленнем ДАI ГУУС Мiнгарвыканкама. ...Ранiца. Масюкоўшчына. Аўтаўладальнiкi спяшаюцца на рынак у Ждановiчы. Iнспектар спецпадраздзялення "Страла" спынiў "Форд". Пакуль аўтаўладальнiк прад'яўляў дакументы для праверкi, супрацоўнiк УП "Белтэхагляд" Аляксандр Казлоў клiкаў мышшу па манiторы ноўтбука. — Я праверыў сапраўднасць штампа ў сертыфiкаце, — гаворыць Аляксандр. — Дастаткова ўнесцi рэгiстрацыйны нумар аўтамабiля ў нашу iнфармацыйную базу. Некалькi секундаў — i мы ўжо ведаем, калi i дзе аўтамабiль праходзiў дзяржтэхагляд. Калi звестак пра аўтамабiль зусiм няма, а штамп у сертыфiкаце стаiць, тады i ўзнiкаюць пытаннi наконт таго, цi сапраўдны ён. Як высветлiлася, "Форд" не быў на дыягнастычнай станцыi з 2004 года. То не было часу, то аўтамабiль не быў дастаткова падрыхтаваны. Аўтаўладальнiк ведаў пра тое, што за не пройдзены своечасова дзяржаўны тэхнiчны агляд можна атрымаць штраф у памеры да дзвюх базавых велiчыняў. На першы раз iнспектар зрабiў аўтаўладальнiку папярэджанне. За час правядзення сумеснага рэйду iнспектары спынiлi некалькi дзясяткаў аўтамабiляў, аднак нiводнага падробленага штампа не выявiлi. — Калi гаварыць толькi пра легкавыя аўтамабiлi, то тыя, якiя выкарыстоўваюцца для камерцыйных перавозак пасажыраў, павiнны праходзiць дзяржтэхагляд не пазней чым праз шэсць месяцаў пасля правядзення апошняга дзяржтэхагляду, — патлумачыў спецыялiст УП "Белтэхагляд" Валерый Жалезны. — Легкавыя аўтамабiлi, з года выпуску якiх прайшло дзесяць i больш гадоў, уключаючы год выпуску — адзiн раз у год. Аўтамабiлi, з года выпуску якiх прайшло менш як дзесяць гадоў, павiнны праходзiць дзяржтэхагляд адзiн раз у два гады. Не ўсе праходзяць дзяржтэхагляд з першага разу. Некаторыя прыязджаюць на паўторны тэхагляд. Як бы там нi было, прасцей падрыхтаваць аўтамабiль, прайсцi тэхагляд i ездзiць са спакойнай душой, не робячы нiякiх падробленых штампаў! Двухдзённы рэйд паказаў, што выпадкi падроблiвання штампа ў сертыфiкаце аб праходжаннi дзяржаўнага тэхнiчнага агляду — з'ява рэдкая. Умельцаў, якiя зарабляюць грошы, арганiзоўваючы злачынны бiзнэс, знаходзяць i караюць. Алена ПРАКАПЕНЯ,
|