Серыя трэцяя. Дом з прывiдамi
07.09.2009
—
Новости Общества
|
Газетны серыял: "У пошуках Новай зямлi"
Рэшткi
— Я ведаю, што вам трэба, — сказала старшыня Капыльскага сельскага Савета Вольга КУПРЫЕНКА. — Ёсць у нас у вёсцы Дусаеўшчына кiнуты ФАП, ён знаходзiцца ў аддаленнi ад жылых дамоў, на беразе вялiкага возера з востравам. Там вельмi прыгожа. Для адпачынку гэта месца падыдзе iдэальна. Едзем. Вёска Дусаеўшчына да 30-х гадоў называлася Рым'е. Пра гэта пазней расказаў мясцовы жыхар Iосiф Паўлюкевiч. А вось у iнтэрнэце можна знайсцi звесткi пра паданне, якое iснавала ў Дусаеўшчыне да паловы мiнулага стагоддзя. Згодна з iм, рос у гэтых мясцiнах Змееў Дуб — дрэва, на якое сеў змей i якое людзi спалiлi разам з пачварай. На тым месцы, казалi старыя, утварыўся курган. Ля вёскi i насамрэч ёсць два курганныя могiльнiкi X—XII стагоддзяў, i адзiн з iх знаходзiцца за 2,5 кiламетра на поўнач, ва ўрочышчы, якое называецца Змяiнец. Iосiф Паўлавiч Паўлюкевiч не можа сказаць, чаму вёска была перайменавана, аднак новая назва супала з утварэннем тут знакамiтага племзавода па вырошчваннi спачатку племянных чорна-стракатых кароў. Пазней, у 70-х, селекцыянерам Дар'яй Зубковай тут была выведзена беларуская чорна-стракатая парода свiней, якая адрознiваецца хуткiм ростам, добрай пладавiтасцю, здароўем i ўстойлiвасцю да стрэсаў. Гаспадарка падпарадкоўвалася Рэспублiканскаму трэсту племянных заводаў, цяпер — Беларускаму дзяржаўнаму аб'яднанню па племянной жывёлагадоўлi. Калiсьцi людзям тут жылося вельмi добра. Пра былы росквiт сведчыць, напрыклад, штучнае возера з маляўнiчым востравам пасярэдзiне i мостам, прычым, натуральнае возера ў Дусаеўшчыне таксама ёсць. ФАП на супрацьлеглым ад вёскi беразе — яшчэ адзiн сумны знак "залатога веку" племзавода. Фельчарска-акушэрскi пункт быў пабудаваны не так i даўно — напрыканцы 80-х. Двухпавярховы будынак з белай цэглы ўражвае сваiмi памерамi i прыгожым месцазнаходжаннем. Калiсьцi, напэўна, гэта быў адзiн з лепшых ФАПаў у краiне, а можа i адзiны такi. Ён меў спартыўную залу на другiм паверсе, куды вяла прыгожая вiнтавая лесвiца, гасцiнiчныя нумары з вiтражнымi вокнамi ў бок возера, лазнева-пральны камбiнат, апраўленыя бутавым каменнем кветнiкi i альтанкi... Сёння ў будынка няма гаспадара, дакументацыi, акон, дзвярэй, плiткi, працякае дах. Але Вольга Мiкалаеўна кажа праўду, калi сюды ўкласцi грошы, рукi i розум, то будынак мог бы стаць цудоўным i вельмi прыбытковым аб'ектам аграэкатурызму. Па-першае, Капыль з яго 10 тысячамi чалавек усяго за 6 кiламетраў, па-другое, сюды зручна прыязджаць вялiкай кампанiяй, напрыклад, гуляць вяселле, карпаратыўнае свята, юбiлей. Ёсць дзе разгарнуцца i дзе адпачыць, i нiкому кампанiя перашкаджаць не будзе. Месца адасобленае i маляўнiчае. Немалаважна i тое, што сюды праведзены водаправод, электрычнасць, захавалiся набярэжная, сцены, вiнтавая лесвiца. — Нам бы знайсцi для гэтага будынка гаспадара, — з болем кажа старшыня сельскага Савета. — Усiм было б добра: i людзям, i новаму ўладальнiку. Несумненна, укласцi сюды трэба шмат, але i аддача не прымусiць сябе чакаць. Мы з цiкавасцю i здзiўленнем пахадзiлi па будынку, памалявалi ў сваiм ўяўленнi летнюю кавярню на беразе, лодкi з парасонамi, веранду на другiм паверсе, тэрасу на першым... Але хлопцам, якiя прыехалi на Капыльшчыну ў пошуках сваёй Новай зямлi, будынак гэты не падышоў. Бо ўкладаць iм пакуль няма чаго. Яны шукаюць магчымасць пачаць з "нуля" ва ўсiх сэнсах. — А цi няма ў вас тут хутароў? — пытаецца Паша ў Вольгi Мiкалаеўны Купрыенкi. — Чакайце, ёсць адзiн у Навасадах, — узгадвае тая. — Паедзеце? Хутар Вядома ж, мы паехалi. Аляксей, Косця i Паша чулi, што Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Беларусi аб'явiла аб адраджэннi i развiццi хутарскога вядзення сельскай гаспадаркi. — Я маю агранамiчную адукацыю, — сказаў Аляксей, — мы маглi б на тым хутары не толькi турыстаў прымаць, але i фермерствам займацца. Хутар пасярод лесу — гэта найбольш блiзка да ўяўлення хлопцаў аб уласнай аграсядзiбе. Яны менш за ўсё хочуць абслугоўваць шумныя застоллi. Сваiмi будучымi клiентамi яны бачаць маладых праграмiстаў, якiя засядзелiся за камп'ютарамi i адчуваюць патрэбу трохi размяцца, падыхаць свежым паветрам, адчуць блiзкасць да прыроды. Але на Капыльшчыне хутароў амаль не засталося. I усе ж такi адзiн мы ўбачылi. Ён знаходзiцца не пасярод лесу, а пасярод поля, нiбы востраў у моры. Праўда лес, сасновы, блiзка, — цёмна-зялёнай сцяной абкружае бульбяное мора з востравам-хутарам з двух бакоў. А недзе за кiламетр, на супрацьлеглым баку Навасадаў, ёсць i возера. Мы пакiдаем машыну i Вольгу Мiкалаеўну на асфальце, бо дарога да хутара пасля моцнага лiўня "не па колах" нават для сельсавецкай "Волгi". Аднак нас чакае сюрпрыз. I не адзiн. За пагоркам дарога была не толькi не па колах, але i не па летнiм абутку. Хлопцы разулiся i пайшлi, закасаўшы нагавiцы, па вадзе басанож. Аднак хутка прыйшлося засумнявацца, наколькi гэта было добрым рашэннем. Праз некалькi крокаў дарога пераўтварылася ў несанкцыянаваную, схаваную звалку. Кульмiнацыяй вандроўкi да патэнцыяльнай аграсядзiбы стала сустрэча з... галавой дзiкага кабана, якая злавесна глядзела на нас прама з бруднай лужыны, абысцi якую было немагчыма. Такiм чынам, яшчэ да ўваходу на хутарскi падворак нашы нервы нацягнутыя, а сапсаванае фiльмамi жахаў уяўленне ўзбуджана да краю. Мiж iншым, дарога да хутара не даходзiць, яна пераарана i сёлета была засаджана бульбай. Ля ўвахода ў брамку ляжыць вялiкая куча камянёў, i чамусьцi кожны з нас падумаў, што такой кучай можна засыпаць труп. Аднак уголас нiхто пакуль пра гэта не сказаў. Мы асцярожна зайшлi ў двор, звярнулi ўвагу на пракладзеную сцежку, прымятую траву, а калi абышлi ганак, то ўбачылi, што дзверы груба выламаныя... Трэба было набрацца духу, каб рашыцца зайсцi ўнутр. Аднак унутры дом быў не такi ўжо i страшны. Насупраць увахода вiсiць у рамцы цытата з Евангелля: "Бог ёсць дух, i тыя, што пакланяюцца Яму, павiнны пакланяцца ў духу i iсцiне. Пав. Iаана. IV, 24." Печка, грубка, падлога, столь i вокны ў цэласцi, захавалася нейкая мэбля, фотапартрэт мужчыны на стале, часопiс з рэлiгiйным зместам, маляваны дыванок з выявай шышкiнскiх мiшкаў у лесе. Звычайны закiнуты дом. Але мы не змаглi знайсцi тлумачэння дзвюм рэчам. Адкуль i навошта ў жылым пакоi стаiць каробка, напоўненая нявыкарыстанымi аднаразовымi сiстэмамi для пералiвання крывi i iнфузiйных раствораў. Усе сiстэмы былi iмпартныя i... распакаваныя. Магчыма, калi б мы тады здагадалiся, што ў iх не хапае iголак, нам стала б больш зразумелым iх знаходжанне тут, на закiнутым хутары. Другую рэч, якая нас не толькi здзiвiла, але i ўстрывожыла, мы
— Нiякавата тут, — прамовiла фотакарэспандэнт "Звязды". — Яно, вядома ж, прыгожа, адасоблена, але асабiста я адпачываць тут не вырашылася б. Хлопцы ад каментарыяў пакуль устрымлiвалiся. Яны, як i хацелi, убачылi хутар, яле яго змрочная закiнутасць i таямнiчасць iх ашаламiла. Паша яшчэ зазiрнуў на гарышча i сказаў толькi: "Тут можна здымаць фiльмы жахаў. Сапраўдны Дом з прывiдамi". Апошняй кропкай стала ватоўка ў скляпеннi, якую спачатку прынялi за павешанага чалавека. Багушы Пасля Навасадаў Вольга Мiкалаеўна перадала нас старшынi суседняга Вялiкараёўскага сельсавета — Зоi БОРДАК, якая чакала за рулём чорнай "Волгi" на беразе вялiкага i прыгожага возера Багушы. — Гэта ўлюбёнае месца адпачынку капылян, — патлумачыла Зоя Мiкалаеўна. Мы пакiнулi машыны на заасфальтаванай аўтастаянцы ўнiзе i сталi падымацца да вёскi з аднайменнай назвай пешшу, бо дарогу размыла моцным лiўнем. Але наш шлях i месца, да якога ён прывёў, былi таго вартыя. Цiшыня, спакой, дарога хоць i размытая, але сухая, пясчаная, з аднаго боку ад яе рознакаляровымi ласкутамi ляжаць палi, а з другога — возера, за якiм сасновы лес. — Хутка дарога гэта будзе папраўлена, — просiць прабачэння наша павадырка, — у Багушах жыве прадпрымальнiк, якi паабяцаў дапамагчы. Ён, дарэчы, ужо зарэгiстраваўся як гаспадар аграсядзiбы, плануе лодачную станцыю пабудаваць, кавярню... Пакуль у Багушах зарэгiстравана толькi тры жыхары. Двое ўжо выказалi жаданне заняцца тут агратурызмам. Пустых дамоў у Багушах няма, бо тыя, што былi, даўно знесеныя, а будаваць новыя доўгi час было забаронена. I вось толькi сёлета сельсавет атрымаў дазвол вылучыць участкi пад будаўнiцтва. Ахвотных пабудавацца ў Багушах хапае, i каму аддаць зямлю — вырашае сельсавет. Сярод прэтэндэнтаў нямала i мiнчан, але Зоя Мiкалаеўна кажа, што перавага будзе аддадзена капылянам, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i патэнцыйным гаспадарам аграсядзiбаў. — Можаце паехаць i пакiнуць заяву ў сельсавеце, — прапануе яна нашым шукальнiкам Новай зямлi. — Потым купiце за невялiкiя грошы зруб, прывезяце, складзяце i будзе вам сядзiба. I добра, што суседзi таксама будуць прымаць турыстаў. Нехта спынiцца ў вас, нехта ў iх — каму што будзе даспадобы густу. А талакой многiя пытаннi вырашыць лягчэй. З той жа iнфраструктурай, дарогай. Аднак маладыя людзi не сталi спяшацца з заявай. Яны яшчэ не насыцiлiся iнфармацыяй пра магчымыя аб'екты агратурызму. Такiх паездак, як на Капыльшчыну, напэўна, павiнна быць не адна i не дзве. Каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра тое, з чаго можна рабiць сваю мару. Каб вырашыцца. I, магчыма, каб вярнуцца да аднаго з ужо ўбачаных варыянтаў. Наступны маршрут для агляду Косця, Аляксей i Паша абралi ў бок Навагрудка. Перад развiтаннем яны сказалi, што вельмi ўдзячныя i тым, хто iх сустрэў i суправаджаў у Капыльскiм раёне, i той жанчыне з Мядзельшчыне, што прапанавала палову фiнскага дамка для спробы. — Але нам хочацца нешта сваё, — сказаў Аляксей. — Прыкiпiм да чужога дамка, а потым давядзецца адрываць па-жывому. Паспрабуем усё ж такi нешта знайсцi. Што ж, паглядзiм, што з гэтага атрымаецца. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ. Капыльскi раён. |