Наша мова вечная?
07.09.2009
—
Новости Общества
|
Бой званоў сiмвалiзаваў адкрыццё Дня беларускага пiсьменства. Урачыстая цырымонiя адбылася на галоўнай гарадской плошчы Смаргонi — сталiцы цяперашняга свята. Намеснiк прэм'ер-мiнiстра Уладзiмiр Патупчык зачытаў вiншаванне Прэзiдэнта Беларусi ўдзельнiкам i гасцям ХVІ Дня беларускага пiсьменства. Шматлiкiх гасцей свята вiталi старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Саўчанка, старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой, прадстаўнiкi духавенства. У сваю чаргу Уладзiмiр Патупчык сказаў, што Дзень беларускага пiсьменства — гэта заўсёды данiна павагi тым, хто на працягу многiх стагоддзяў нёс у свет беларускую мову, хто заклаў падмурак для кнiгавыдання, ствараючы на Беларусi асветнiцкiя цэнтры… Смаргоншчына — цудоўны куток беларускай зямлi, якi даў свету вядомых дзеячаў культуры, навукi, палiтыкаў i пiсьменнiкаў, асветнiкаў. Сярод iх сусветна вядомы дзеяч Мiхал Клеафас Агiнскi, этнограф-лiнгвiст Ян Карловiч, кампазiтар-дырыжор Мечаслаў Карловiч, Вiктар Роўда i, безумоўна, Францiшак Багушэвiч, якi адзiн з першых пачаў выдаваць свае творы на беларускай мове, сказаў Уладзiмiр Патупчык. Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэта Уладзiмiр Саўчанка адзначыў, што ў вобласцi захавана багатая спадчына, у тым лiку i ў справе кнiгавыдання. Рукапiсныя кнiгi, Лаўрышаўскае i Жухавiцкае евангеллi былi створаны на гэтай зямлi яшчэ ў ХIV стагоддзi. Першая друкаваная газета на тэрыторыi Беларусi з'явiлася на Гродзеншчыне. Сёння тут выдаецца 52 газеты i часопiсы. На гэтай гродзенскай зямлi расквiтнеў талент Адама Мiцкевiча, Максiма Багдановiча… Беларуская культура вельмi багатая, ёсць шмат iмёнаў людзей у гiсторыi краiны, якiя ўнеслi вялiкi ўклад у яе развiццё. Аб гэтым заявiў мiнiстр культуры Павел Латушка. Кiраўнiк ведамства падкрэслiў: "Беларусы павiнны ганарыцца тым, што створана. Абапiраючыся на гэта, мы будуем сённяшнюю Беларусь, будуем яе заўтра". На думку Паўла Латушкi, прапагандаваць сваю родную мову трэба асабiстым прыкладам. Цяпер на пасадзе мiнiстра культуры ён у асноўным размаўляе па-беларуску. Нядаўна дачка Паўла Латушкi напiсала вершы. "Я не прымушаў яе размаўляць па-беларуску. Толькi пастаянна нагадваў, што гэта вельмi важна, што неабходна памятаць, адкуль мы родам. I як вынiк — верш на беларускай мове", — сказаў Павел Латушка. Сам мiнiстр таксама пiша вершы, але не плануе iх публiкаваць. А вечарам на галоўнай пляцоўцы свята адбылася цырымонiя перадачы эстафеты сталiцы ХVII Дня беларускага пiсьменства — Хойнiкам. Па традыцыi на галоўнай сцэне свята ўшаноўваюцца лаўрэаты штогадовага рэспублiканскага конкурсу "Лепшы твор года". Конкурс праводзiцца Мiнiстэрствамi адукацыi, iнфармацыi i культуры, Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi i Мiнгарвыканкамам. Нам вельмi прыемна, што ў намiнацыi "Лепшы фотамастак года" перамог звяздоўскi фотакарэспандэнт Анатоль КЛЯШЧУК — ён быў узнагароджаны за працу над фотаальбомамi "Пад небам Беларусi", "Чарнобыль", "Магiлёўская вобласць" i "Мiнск i наваколлi". Узнагароду — статуэтку "Залаты фалiянт" — Анатолю Клешчуку ўручыў мiнiстр культуры Павел Латушка. Шчыра вiншуем! "Звязда" вiншуе таксама былога супрацоўнiка газеты, а сёння — дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы "Лiтаратура i мастацтва" Алеся Карлюкевiча — ён перамог у намiнацыi "Лiтаратурная крытыка i лiтаратуразнаўства" з кнiгай "Сцежкамi Iгуменшчыны", што выйшла ў выдавецтве "Беларусь" . Упершыню прысутнiчаў сярод намiнацый гiстарычна-краязнаўчы жанр. Тут перамога дасталася Наталлi Голубевай за кнiгу "Радимичи. Земля непокоренная" (выдавецтва "Мастацкая лiтаратура". Удалым быў год для нашых калег з БЕЛТА — узнагароду атрымаў фотаальбом "Разам з краiнай. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 1918-2008". Статуэтку "Залаты фалiянт" генеральнаму дырэктару БЕЛТА Дзмітрыю Жуку ўручыў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч. "Залаты фалiянт" уручаны i дырэктару выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi" Таццяне Бяловай. Шчыра вiншуем iх з перамогай! Як i ўсiх, хто намiнаваўся, хто стаў лепшым. Дарэчы, на конкурс паступiла больш за 200 выданняў па 23 намiнацыях. * * * ...У адным з ранейшых рэпар-
На гэты раз ён хацеў, мабыць, здрадзiць, але перадумаў — цi не ў апошнi момант. Таму ветрана над Смаргонню было, холадна таксама. Што, напэўна ж, зменшыла колькасць гасцей i людзей на плошчах, але свята не сапсавала: з самага ранку над горадам луналi песнi, разгортвалiся шматлiкiя дзеi — асвячэнне Сабора i Божая лiтургiя, адкрыццё помнiка славутаму Францiшку, выступленнi, узнагароджаннi, канцэрты, разгортвалi свае палаткi кнiгавыдаўцы i гандляры, народныя майстры… Трэба сказаць, што многiя смаргонцы i госцi свята мэтанакiравана шукалi нашу газету, каб засведчыць сваю павагу, каб падзякаваць... Хто за што. Настаўнiца Галiна Ульянаўна Свiрская з вёскi Лылойцi, напрыклад, некалькi гадоў таму выйграла звяздоўскi халадзiльнiк. Трэба ж было расказаць, што служыць ён добра (хоць i дачцэ)? А яшчэ пахвалiцца, што яна, гэтая дачка, у хуткiм часе выходзiць замуж, i жэнiцца сын. Во, якiя клопаты! А яшчэ хацелася падпiсчыцы расказаць, што некалi ў любiмай газеце прычытала рэпартаж з фестывалю народнага гумару i дужа ж спадабалiся ёй аўцюкоўскiя дактары з iх лекамi, кшталту "каб мужык налева не хадзiў", "каб ветрам не надзьмула", ад аблысення, "ад удаўлення", для мужчынскай моцы, для прывароту, "на апетыт"... Вось яны ў сваiм Доме культуры i "адчынiлi" "Чароўную аптэку" — больш за 20 найменняў мiкстур. Каму трэба, "дактары" прапiсваюць i на месцы выдаюць. Дапамагае. Ды так, што iх на гэта свята запрасiлi — "трэба ж людзей лекаваць". Гумар — цудоўны сродак. Таму падчас Дня пiсьменства "Звязда" кожны год прыдумвае нейкi конкурс. Пазалетась у Паставах, прынамсi, трэба было вершык скласцi пра "Звязду" i лапцi. У многiх гэта добра атрымалася. Найлепш — у спадара Крупенькi. Ён i выйграў майку з лагатыпам газеты. Адно — мы той прыз аддаць не маглi, бо ўсяго i ведалi пра чалавека, што прозвiшча. Цяпер ведаем больш. Спадар Крупенька з Гомеля, працуе настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры. Заўсёды стараецца прыехаць на гэтае свята, бо ёсць што паглядзець, ёсць што расказаць i паказаць потым калегам i дзецям. Не маглi не спытаць, цi цiкавяцца яны.
— Дзецi цiкавяцца, калi iх зацiкавiш, — слушна зазначыў настаўнiк. — Нам гэта, як быццам, удаецца. У тым лiку i дзякуючы дырэктару гiмназii. Ён па нацыянальнасцi ўкраiнец. Але ж, калi трэба правесцi нейкi конкурс, нейкае мерапрыемства, амаль заўсёды настойвае на тым, каб гэта было па-беларуску. Дзецi рыхтуюцца, стараюцца, пiшуць вершы. У горадзе ёсць школа маладога лiтаратара. А ўвогуле, калi мы — беларусы i хочам, каб мова наша жыла, у адукацыi трэба трымацца беларускасцi. Але ж гэтага пакуль не назiраецца. Як заўсёды падчас падобных мерапрыемстваў, мы шмат кантактавалi з дзецьмi — раздавалi паветраныя шарыкi, календары, сцяжкi... І з усiх бакоў чулi: "Дайте мне, пожалуйста...", "Спасибо!". Спрабавалi нагадваць — i малым i дарослым: "Якi сёння дзень, якое свята?" Сэнс пытання да большасці проста не даходзiў. Калi ж тлумачылi i прапаноўвалi тое ж самае сказаць па-беларуску, многiя моршчылi лбы, старанна перакладалi: "Дайце мне, калi ласка...". Так што, калi нечым людзей зацiкавiць (хай нават паветраным шарыкам), яны могуць загаварыць па-беларуску. Але ненадоўга. Адвыклi. (Дзвюм прыгожым дзяўчынкам гадоў 12—13 спрабавалi давесцi, што трэба ведаць родную мову. I пачулi ў адказ: "А навошта яна?"). Крыўдна, што не патлумачылi гэта нi бацькi-бабулi-дзядулi, нi настаўнiкi. Не пашасціла ім... На стэндзе "Звязды" сёлета зноў гучалi вершы. На гэты раз — сапраўдных паэтаў:
усе ахвотныя маглi купiць кнiжку, складзеную са звяздоўскай "Простае мовы", але
ж яна (з аўтографам аўтара) прадавалася аж за... 100 тысяч рублёў! Праўда, прадугледжана
была цэлая сiстэма знiжак: па 10 тысяч рублёў за кожную праспяваную беларускую
песню, кожны выкананы танец, прачытаны на памяць верш...
Трэба было бачыць твары патэнцыйных пакупнiкоў! — Я падумаю, — казалi адны i знiкалi на паўгадзiны, гадзiну. — А разам з дзецьмi можна? — пыталiся iншыя. І з'яўлялiся — хто са "шпаргалкай", хто з вучнямi-калегамi. У вынiку ля звяздоўскага стэнда пачынаўся маленькi канцэрт. Найбольш удалым ён атрымаўся ў землякоў слыннага Нiла Гiлевiча — у каманды (з вучняў i настаўнiкаў) Гайнаўскай школы, што на Лагойшчыне. Багушэвiч, Купала, сам Нiл Сымонавiч, Броўка, "Колькi ў небе зор", танец пад язык... Лёгка, дружна, хораша! Свае людзi, на сваёй зямлi — на сваiм свяце. Тут не толькi зняць капялюш, тут аддаць яго мала! Дарэчы, ён, капялюш, сапраўдны, саламяны, у нас быў. Быў макет хаткi, у якой выдавалася газета падчас Вялiкай Айчыннай на востраве Зыслаў, была вайсковая плашч-палатка, хай драўляны, але ж аўтамат, пiлотка, у якiх усе ахвотныя маглi сфатаграфавацца на памяць, была магчымасць зрабiць сабе татуiроўку "Звязда" (на тыдзень) i наплесцi косак, чым не маглi не скарыстацца маленькiя смаргонскiя моднiцы. А яшчэ мы, як заўсёды, везлi фiрмавую страву — "карацелькi" (вушкi альбо рожкi) ад Валянцiны Доўнар, вялiзазны бохан чорнага смачнага хлеба, шмат сала (нехта з падпiсчыкаў слушна заўважыў, што сала шмат не бывае), мёд, гарачую гарбатку... Мы ўдзячныя ўсiм, хто на iх завiтаў (цi проста павiтаўся), усiм, хто выпiсваў, выпiсвае i будзе выпiсваць нашу газету — будзе чытаць... А калi i размаўляць... Непадалёк ад насамрэч адметнага помнiка Багушэвiчу стаяў невялiчкi столiк. На iм — збанок з кветкамi, старыя кнiгi, побач — радкi класiкаў пра мову карэннай нацыянальнасцi — родную, матчыну... У тым лiку — i аптымiстычныя: "Наша мова вечная, бо яна, як наш характар". Подпiс — Уладзiмiр Караткевiч. I "поле"... Для роздуму. Пра характар. ...Як заўсёды падчас падобных мерапрыемстваў, часу, лiчы, не было, але ж мы паспелi прабегчы па "горадзе майстроў" — убачыць досыць цiкавыя вырабы i адзначыць, што яно i там ужо шмат кiтайскага... Уразiлi строi асобных удзельнiкаў мастацкай самадзейнасцi — наш лён, наша традыцыйная вышыўка — прыгажосць. А бачыш яе так рэдка. Уразiла рускамоўнасць. На Аўцюкоўскi фестываль цi не ўсе ўдзельнiкi праходзяць праз мытню, дзе правяраецца наяўнасць гумару. Мо i перад гэтым святам варта неяк даводзiць людзям, асаблiва дзецям, куды яны iдуць, як называецца гэты дзень. I папрасiць паважаць яго. Раптам атрымаецца? Валянцiна Доўнар,
P.S. Асобны дзякуй нашым падпiсчыкам за смачныя пачастункi. I прабачэннi... Бо далёка не пра ўсiх змаглi расказаць на старонках газеты. Асобны дзякуй нашым падпiсчыкам за смачныя пачастункi. I прабачэннi... Бо далёка не пра ўсiх змаглi расказаць на старонках газеты. |