Цяжкасцi ранняга выяўлення раку лёгкага. 21.by

Цяжкасцi ранняга выяўлення раку лёгкага

08.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рак лёгкага — захворванне, ад якога ўжо ў найблiжэйшай будучынi можа памерцi кожны шосты беларус. У ЗША згаданы вiд раку прызнаны "забойцам нацыi № 1".

Не толькi дылетанты, але i спецыялiсты часам узнiмаюць пытанне наяўнасці сувязi памiж развiццём раку лёгкага i такой шкоднай звычкай, як курэнне. Дык цi iснуе гэта сувязь? Што яшчэ спрыяе ўтварэнню злаякаснай пухлiны ў лёгкiм? Чаму ў нашай краiне вялiкая колькасць пацыентаў выяўляецца на познiх стадыях? Пра ўсё, што на сёння вядома пра рак лёгкiх, расказвае Уладзiмiр ЖАРКОЎ, доктар медыцынскiх навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнiк аддзялення тракальнай анкапаталогii Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава.

— Як вядома, рак не ўзнiкае на "пустым месцы". Рак лёгкага — не выключэнне. Спачатку адбываецца пашкоджанне эпiтэлiя, потым — бронхаў, альвеолаў... Гэтыя пашкоджаннi маюць месца фактычна пры кожным нашым удыху. Удыхаем жа мы не iдэальна чыстае паветра — у iм заўсёды ёсць па меншай меры мiкробы i пыл. Навакольнае асяроддзе, атручанае прамысловасцю, старымi аўтамабiлямi, тымi ж "Iкарусамi", забароненымi, дарэчы, для выкарыстання ў развiтых краiнах, паступова наносiць здароўю каласальны ўрон. Часам нават страшна аналiзаваць i азiрацца навокал. Вось той жа сумна вядомы азбест, матэрыял, якi шырока некалi выкарыстоўваўся ў будаўнiцтве, валодае стапрацэнтнай канцэрагеннасцю. У якасцi эксперыменту будкi сабак абабiвалi знутры азбестам. Усе жывёлы хварэлi на рак. Азбест ужо забаронены ў будаўнiцтве ў выглядзе адкрытага матэрыялу. Вельмi канцэрагенны і шыфер, напрыклад.

— Скажыце як анколаг: наколькi бяспечным можна лiчыць у гэтым выпадку флюараграфiчнае абследаванне?

— Амерыка i Еўропа адмовiлiся ад апошняга. Амерыканцы пралiчылi каэфiцыент "рызыка — карысць" па гэтым пытаннi i высветлiлi, што рызыка ўзнiкнення раку лёгкага ад флюараграфii вышэйшая, чым выяўленне раку на ранняй стадыi. У ЗША, Японii, Iталii актыўна ўкараняюцца з мэтай дыягностыкi нiзка
дозныя камп'ютарныя тамографы. Такi вiд даследаванняў сапраўды дазваляе павялiчыць колькасць выяўленых хворых на рак 1-й стадыi. У Беларусi пакуль няма нi такога абсталявання, нi спецыялiстаў, якiя ўмелi б на iм працаваць.

— Цi ёсць прамая сувязь памiж развiццём раку лёгкага i курэннем?

— Тракальны хiрург можа не пытацца ў чалавека, цi курыць той. Падчас аперацыi ўсё добра бачна. Лёгкiя чалавека, якi не курыць, — гэта мяккая, ружовая тканка, а ў курца з 20-гадовым стажам, асаблiва пасляваеннага пакалення, калi курылi няякасныя цыгарэты, лёгкiя — чорныя. Такi орган не здольны змагацца нi з iнфекцыямi, нi з анкалогiяй. Чорнымi, цвёрдымi будуць у такога пацыента i лiмфавузлы — частка нашай iмуннай сiстэмы, своеасаблiвыя фiльтры, якiя ў пракураным стане не здольныя спраўляцца са сваёй задачай... Каб даказаць "вiну" курэння ў развiццi раку лёгкага, спатрэбiлася каля 40 гадоў. Афiцыйна факт прызнання адмоўнага ўплыву курэння ў дачыненнi да згаданага вiду раку меў месца напрыканцы 80-х гадоў мiнулага стагоддзя. Тракальныя хiрургi лiчаць, што для сур'ёзных змяненняў эпiтэлiя, калi нармальны стан гэтай тканкi пачне пераходзiць у перадракавы, павiнен назапасiцца не менш як 20-гадовы стаж курэння.

— Адна толькi шкодная звычка можа вызначыць надыход раку лёгкага?

— Як правiла, павiнны спалучыцца некалькi фактараў. Але можа быць i так, што некалькi фактараў сышлiся, а рак не надышоў. Часам можна гаварыць аб тым, што чалавек проста не дажыў да злаякаснага перараджэння клетак. Памёр, напрыклад, ад сардэчна-сасудзiстай паталогii.

— А на падставе якiх захворванняў лёгкага можа развiцца рак?

— У Японii даследавалi чалавека, якi ў 1945 годзе атрымаў кулявое раненне ў лёгкае. Утварыўся рубец, якi праз нейкi час даў бачныя на здымку "промнi". Пасля аперацыi па выдаленнi пашкоджанага ўчастка высветлiлася, што вакол кулi развiўся рак. Так было ўведзена паняцце раку ў рубцы. Запаленчы працэс з наступным утварэннем рубца ў такiм пяшчотным органе, як лёгкае, прыводзiць да раку. Рубец жа можа ўзнiкнуць як у вынiку ранення, так i пасля нейкага аператыўнага ўмяшання, дрэнна пралечанай пнеўманii, хранiчнага бранхiту. Любое грубае ўздзеянне на лёгкае — ад удыхання вялiкай колькасцi пылу ў забруджаным цэху да дрэнна пралечанага захворвання лёгкiх — прыводзiць да раку гэтага органа. У нейкi момант пачынаецца бескантрольнае дзяленне клетак. Клетка, якая павiнна адмерцi, перастае "ведаць", калi ёй трэба адмiраць. А другая, ствалавая клетка, якая павiнна падзялiцца на дзве i замясцiць тую, што адмiрае, не ведае, што адбываецца з той клеткай, якую ёй трэба замясцiць. Рубец парушае зладжаны механiзм узаемадзеяння... У чалавека ёсць шмат сiстэм абароны ад "злосных" клетак. Не сакрэт, што ракавыя клеткi ўсё ж такi з пэўнай частатой з'яўляюцца ў нашым арганiзме, аднак iншыя спецыяльныя клеткi распазнаюць непажаданых "гасцей" i забiваюць iх. Аднак i гэты механiзм аднойчы можа парушыцца. Не без удзелу таго ж стрэсу, дрэннага харчавання, авiтамiнозу...

— У спадчыну рак лёгкага не перадаецца?

— Не. Бывае, на гэту думку наводзiць наяўнасць захворвання ў некалькiх пакаленнях цi сярод шэрагу сваякоў. Аднак гэтыя факты хутчэй сведчаць аб шырокай распаўсюджанасцi захворвання ў цэлым.

— А якiм чынам уздзейнiчае радыяцыйны фон?

— Ужо на наступны дзень пасля аварыi на ЧАЭС у нашым iнстытуце быў створаны аддзел радыяцыйнай паталогii чалавека. Тады спецыялiсты прыйшлi да высновы, што беларусам давядзецца сутыкнуцца з ростам раку шчытападобнай залозы, лейкозаў, раку касцей i раку лёгкага, але пакуль прагноз апраўдаў сябе толькi ў дачыненнi да шчытападобнай залозы. З iншага боку, прагнозы адносна радыяцыйнага ўздзеяння рабiць даволi складана. Наступствы могуць быць непрадказальнымi. Як вядома, яшчэ ў 60-я пад Чалябiнскам меў месца сур'ёзны выкiд радыеактыўнага матэрыялу. З таго часу гэты горад устойлiва мае самую высокую захваральнасць на рак лёгкага ў свеце. Сувязь з радыяцыйным уздзеяннем там дакладная.

Рост жа раку лёгкага будзе адбывацца незалежна ад радыяцыйнага ўздзеяння. У апошнiя гады ў Беларусi назiраецца стабiлiзацыя на высокiх лiчбах — 4,5 тысячы выпадкаў у год сярод мужчын. Плюс 500 выпадкаў сярод жанчын. Як вiдаць, нашы пацыенты — гэта, галоўным чынам, мужчыны ва ўзросце пасля 55-60 гадоў, што абумоўлена нiзкай працягласцю жыцця. Тут, дарэчы, закладзена адна вялiкая праблема. Практычна ва ўсiх мужчын згаданага ўзросту ёсць праблемы з сардэчна-сасудзiстай сiстэмай. Кардыяхiрургi ў такiх выпадках не бяруцца займацца сэрцам, а мы не можам аперыраваць лёгкае. Праўда, вось ужо каля сотнi чалавек былi прааперыраваныя падчас сумесных аперацый з удзелам спецыялiстаў РНПЦ "Кардыялогiя". Мы выдаляем пухлiну ў лёгкiм, а яны робяць шунцiраванне на сасудах сэрца.

— Кардыяхiрургi правялi ўжо не адну аперацыю па перасадцы сэрца. Тракальныя хiрургi маюць на мэце перасадзiць калi-небудзь лёгкае?

— Пры некаторых хваробах лёгкiх сапраўды паказана перасадка. На сёння падрыхтавана праграма, пратакол па перасадцы аднаго лёгкага i комплексу лёгкае — сэрца. Складзены лiст чакання пацыентаў. Усе этапы перасадкi мы выконвалi ў анкалогii шмат разоў. Трансплантацыя непараўнальна больш лёгкая за аперацыю па выдаленнi пухлiны.

— Вы сказалi, што ў свеце ўжо не карыстаюцца флюарографамi...

— Некалi ў ЗША абавязвалi ўсiх мужчын пасля 45 гадоў раз на год праходзiць флюараграфiю. Потым падумалi: чаму дзяржава павiнна плацiць са сваёй кiшэнi за агляд чалавека, якi па сваёй волi губiць здароўе? Так курцы пачалi праходзiць абследаванне за свой кошт. А потым праграму флюараграфiчных аглядаў згарнулi ўвогуле, паколькi нiзкадозны камп'ютарны тамограф дае не толькi ў разы меншае апраменьванне, але i ў тысячы разоў большую верагоднасць убачыць першыя прыкметы пухлiны.

— Наколькi ж рэальна выявiць рак лёгкага на ранняй стадыi ў нашай краiне?

— Практычна немагчыма. Рак не балiць, не праяўляе сябе, пакуль не вырасце да пэўных памераў, не выйдзе за межы лёгкага, не пачне кранацца грудной клеткi, рэбраў, не прарасце ў больш адчувальную плеўру. Тады чалавек пачне адчуваць боль у боку. Калi ж пухлiна прарасце ў сасуд, з'явiцца крывахарканне. Гэта i будуць прыкметы раку. Iншыя ж сiмптомы — нематываваная тэмпература, слабасць, патлiвасць, нязначнае павелiчэнне лейкацытаў цi СОЕ ў крывi — могуць павесцi тэрапеўта па няправiльным кiрунку, з-за чаго будзе прызначана лячэнне вострай рэспiраторнай iнфекцыi замест рэнтгеналагiчнага даследавання. А можа наогул не быць нiякiх праяў. Знешне — ну проста здаровы чалавек! А на здымку рэнтгенолаг убачыць участак лёгкага, у якiм парушана вентыляцыя, з-за чаго ў органе пачаўся працэс распаду.

— Калi ўбачыць змяненнi можна толькi на рэнтгенапараце, навошта мы пагалоўна праходзiм флюараграфiю?

— Нельга цалкам адмовiцца ад флюараграфiчнага даследавання, неабходнага для выяўлення выпадкаў туберкулёзу, колькасць якiх пачала расцi. Не проста ўбачыць маленькую пухлiну i на рэнтгенапараце. Можна толькi на спецыяльным нiзкадозным камп'ютарным тамографе. Аднак на звычайных камп'ютарных тамографах, якiя, у адрозненне ад вышэйзгаданых, ёсць у нашай краiне, таксама можна выявiць раннi рак лёгкага. I мы сёння выяўляем невялiчкiя ценi ў гэтым органе. На пачатку, калi толькi пачыналiся даследаваннi на камп'ютарным тамографе, мы не ведалi, што гэта за ценi на здымку: раннi рак або фiзiялагiчны паталагiчны стан, якi не патрабуе нiякага лячэння. Цяпер у нашай клiнiцы да гэтых ценяў падыход радыкальны — выдаленне i даследаванне пад мiкраскопам. Калi гэта рак, без прамаруджвання робiм радыкальную аперацыю. На маю думку, любы шарападобны цень у лёгкiх, незалежна ад памеру, павiнен быць выдалены. Амерыканцы i японцы, напрыклад, лiчаць, што "зацямненне" памерам да 6 мм можна назiраць. Калi на працягу года яно вырастае хоць бы на 1 мм, яго адназначна трэба выдаляць.

— Чаму ў дачыненнi да раку лёгкага прагназуецца такая высокая лятальнасць? З-за позняга выяўлення?

— У першую чаргу. На 1-й стадыi выяўляецца ўсяго 15-17 працэнтаў выпадкаў, а на 3-й i 4-й, калi, як вы разумееце, хiрургу ўжо няма чаго рабiць — больш за палову. Рак лёгкага — адна з нямногiх лакалiзацый раку, па якой Беларусь займае вядучае становiшча ў Еўропе. Паводле еўрапейскага падыходу, чым нiжэйшы паказчык аднагадовай лятальнасцi, тым лепшая якасць дыягностыкi i лячэння. Аднагадовая лятальнасць у нашай краiне хоць i знiзiлася за 10 гадоў з 66 да 56 працэнтаў, але ж усё адно застаецца высокай. Мы займаем высокiя месцы i па колькасцi "памерлыя — захварэлыя" сярод iншых краiн свету. Праўда, падрасла колькасць хворых, якiя стаяць на ўлiку 5 i больш гадоў. 10 гадоў таму такiх хворых было 1714, зараз — 3253. Наогул беларускiя дасягненнi ў барацьбе супраць раку лёгкага датычацца галоўным чынам лячэння.

Асноўны ж метад лячэння — хiрургiчны. Хiмiяпрэпараты, прамянёвая тэрапiя — усё гэта дапаможнае. Чакаць станоўчага вынiку можна толькi ў тым выпадку, калi аперацыя праведзена паводле анкалагiчнага прынцыпу. Па-першае, выдалiць не проста частку лёгкага, а менавiта долю, па-другое, выдалiць усю тлушчавую клятчатку ад шыi да дыяфрагмы з усiмi лiмфатычнымi вузламi. Гэта будзе якасная работа. Лiчыцца, што адной толькi аперацыi дастаткова пры 1-й стадыi. Пры такой жа жорсткай форме раку, як дробнаклетачны, патрэбна i хiмiятэрапiя.
 

Гутарыла
Святлана БАРЫСЕНКА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рак лёгкага — захворванне, ад якога ўжо ў найблiжэйшай будучынi можа памерцi кожны шосты беларус. У ЗША згаданы вiд раку прызнаны "забойцам нацыi № 1". Не толькi дылетанты, але i спецыялiсты часам узнiмаюць пытанне наяўнасці сувязi памiж развiццём раку лёгкага i такой шкоднай звычкай, як курэнне. Дык цi iснуе гэта сувязь? Што яшчэ спрыяе ўтварэнню злаякаснай пухлiны ў лёгкiм? Чаму ў нашай краiне вялiкая колькасць пацыентаў выяўляецца на познiх стадыях? Пра ўсё, што на сёння вядома пра рак лёгкiх, расказвае Уладзiмiр ЖАРКОЎ, доктар медыцынскiх навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнiк аддзялення тракальнай анкапаталогii Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика