У Магілёве няма ніводнага беларускамоўнага класа
11.09.2009 17:17
—
Новости Общества
|
Сёлета ў Магілёве няма ніводнага беларускамоўнага класа. Чыноўнікі абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі апраўдваюць сітуацыю адсутнасцю заяў ад бацькоў, якія б жадалі вучыць дзяцей па-беларуску. Насамрэч яшчэ вясной такой праблемы не было, бо якраз тады пра падрыхтоўку ў адной з магілёўскіх школ беларускамоўнага класа афіцыйную заяву зрабіў аддзел адукацыі Ленінскага райвыканкама. Аднак у жніўні, напярэдадні новага навучальнага года, адукацыйныя планы раптоўна змяніліся. Тлумачэнне тое ж: маўляў, не ўдалося набраць дзяцей...
А вось мы ведаем сям’ю, якая мела цвёрды намер пачаць адукацыю свайго сына на роднай, матчынай мове. Не атрымалася. Бацька першакласніка, Аляксей Бацюкоў, паведаміў, што ў школе нават і размаўляць не сталі аб тым, як можна было б арганізаваць беларускамоўны клас. Бацькам (і адпаведна дзецям), насамрэч, ніякага выбару не пакідаюць і не даюць. Пісаць заявы “на мову” ніхто нікому не прапануе (як гэта павінна быць па законе), а без лішніх слоў і фармальнасцяў залічваюць у “рускі клас”, як бы само сабой. У такой сітуацыі цяжка чакаць, каб нехта з бацькоў праявіў нацыянальную і грамадзянскую свядомасць, калі ніхто яе не заахвочвае, не падтрымлівае і не развівае. ЧАКАЕМ ЗАГАД "ЗВЕРХУ" Старшыня гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў мяркуе, што без загаду “зверху” сістэма адукацыі не пераменіцца: “Магілёўскае чынавенства нярэдка на здзіўленне ўсім і самому сабе падтрымлівае пэўныя “нацыяналістычныя” акцыі і імпрэзы, як бы раптоўна ўспамінаючы, што і жывуць на зямлі беларускай, і выгадаваліся (збольшага) у беларускіх вёсках, і мову матчыну яшчэ няўшчэнт забыліся”. Напрыклад, паспяхова прайшлі такія наладжаныя ТБМаўскай суполкай імпрэзы, як Дзень здароўя і спорту, дзе натуральным чыннікам свята былі мова і адпаведныя традыцыйныя гульні і забаўкі. Мясцовыя навукоўцы за апошнія тры гады выдалі з дапамогай гарвыканкама некалькі шыкоўна аформленых гісторыка-пазнавальных кніг пра Магілёў, зразумела, на беларускай мове і з перакладам на ангельскую, якія тая ж улада цяпер ахвотна ўручае як найлепшы сувенір замежным і суседскім гасцям. Ды й сама знакамітая рэстаўрацыя магілёўскай ратушы, дзе цяпер час ад часу праходзяць пэўныя пасяджэнні дэпутацкіх сэсій, ёсць заслугай нацыянальна апантанай часткі гараджан, якія збіралі за аднаўленне ратушы подпісы і грошы, складалі петыцыі і гістарычныя абгрунтаванні, удзельнічалі ў бясплатных будаўнічых працах і ў аздабленні нацыянальным каларытам свята адкрыцця гістарычнай святыні і гістарычнага ж сімвала горада на Дняпры. КАЛІ ЁСЦЬ РУПЛІЎЦЫ Мова родная — цяжка і з перашкодамі — жыве і ў сярэдніх школах, асабліва там, дзе сярод настаўнікаў ёсць яе рупліўцы. Менавіта з імі найлепш знаходзіць паразуменне былы універсітэцкі беларускамоўны (!) выкладчык матэматыкі Міхась Булавацкі. Цяперашні рэпетытар у гэтай дысцыпліне, ён штогод выступае ініцыятарам правядзення “Беларускага пяцібор’я” для старшакласнікаў магілёўскіх школ. У праграме своеасаблівай адукацыйнай алімпіяды тры прадметы з раздзела дакладных дысцыплін і два — з гуманітарных. А галоўная адметнасць адукацыйнага спаборніцтва — беларуская мова: на ёй — заданні, на ёй — каментары і дыскусіі, на ёй — адказы і вынікі. Каля дзесятка старшакласнікаў штогод выпрабоўваюць сябе ў гэтым “пяцібор’і”, выходзячы з яго яшчэ больш загартаванымі ў справе любові і вернасці роднай мове, на якой (у процівагу вядомай цытаце з А.Лукашэнкі) усё можна дакладна сказаць, яскрава выявіць і бліскуча давесці. Аднак жа вернемся да сітуацыі з мовай у сувязі з пачаткам чарговага навучальнага года. Летась на Магілёўшчыне ўсіх школ налічвалася 455. З іх амаль палова былі беларускамоўнымі, паводле даных упраўлення адукацыі аблвыканкама. Калі гэтыя звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, то ўсе гэтыя школы знаходзіліся ў сельскай мясцовасці, а колькасць вясковых школ, як вядома, штогод памяншаецца. Сёлета, дарэчы, іх на Магілёўшчыне стане ажно на 13 менш (яны закрыліся з-за “некамплектнасці”). Ясна, што і ўжыванне ў адукацыйным працэсе роднай мовы звузілася ў сельскай мясцовасці да таго ж паказчыку некамплектнасці. Што ж тут казаць пра школы ў гарадах, дзе гэты паказчык адмыслова і свядома забяспечваецца фармалізмам і лянотай адукацыйнага чынавенства з маўклівай (як мінімум) згоды чынавенства больш высокага рангу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чыноўнікі абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі апраўдваюць сітуацыю адсутнасцю заяў ад бацькоў, якія б жадалі вучыць дзяцей па-беларуску
|
|