У Дняпры завялiся чужыя?
14.09.2009
—
Новости Общества
|
Магiлёўцы перадаюць адзiн аднаму чуткi пра страшыдлу. З вуснаў у вусны, з мабiльнiка на мабiльнiк. Горад запаланiў вiдэазапiс: на драўляным насцiле ляжыць нешта накшталт вялiкага малюска. У цуда-юда тыркаюць палкай, i яно махае хвастом i раздзiмае жабры. Калi сказаць шчыра, то вiдовiшча не надта прыемнае, тым больш што яно дапаўняецца расповедам пра жахлiвае здарэнне. Маўляў, на Фацiнскiм залiве ў Магiлёве iстота атакавала мужчыну (цi то купальшчыка, цi то рыбака), якога даставiлi ў бальнiцу. Самыя "дасведчаныя" паведамлялi, што пачвара нiбыта прысмакталася да цела i нават прабiла шчупальцам лёгкае чалавека.
Па-першае, магiлёўскiя медыкi не пацвярджаюць наяўнасцi пацыента, якi б пацярпеў на вадзе ад нейкай жывёлы. Па-другое, спецыялiсты ў справе аховы жывёльнага i раслiннага свету катэгарычна абвяргаюць чуткi пра дняпроўскага монстра. А праўда ў тым, што да Магiлёва дабраўся запiс, якi раней атрымаў вялiкую вядомасць у рускамоўным iнтэрнэце, i з падачы нейкага мясцовага жартаўнiка пайшоў у наш народ. Паводле пошукавых сiстэмаў Сеткi, вiдэа насамрэч зрабiлi больш за год таму ў расiйскiм Каменск-Уральскiм Свярдлоўскай вобласцi: людзi знайшлi iстоту ў рацэ Iсець i знялi на камеру мабiльнага тэлефона. Пачварай быў шчыцень, вядомы прадстаўнiк сямейства маленькiх ракападобных класа жабраногiх. Гэта жывёлiна распаўсюджана на ўсiх кантынентах, акрамя Антарктыды. Яны добра жывуць у сырасцi i цемры: на берагах вадаёмаў i каля балот. Шчытнi, паведамляюць энцыклапедыi, нават больш старажытныя за вымерлых дыназаўраў, бо маюць унiкальную сiстэму выжывання. А цяпер iх утрымлiваюць нават у хатнiх акварыумах. Запiс з мабiльнага тэлефона робiць падманлiвае ўражанне аб памерах шчытня: падаецца, што гэта нешта не вельмi маленькае, хоць рэальныя памеры гэтай жывёлiны бываюць ад 2 да 12 сантыметраў. Страху дадалi шматлiкiя паведамленнi з інтэрнэту: прычым калi ў Екацярынбургу iнфармавалi пра напад шчытня на чалавека, то ў Чалябiнску тут жа абвяргалi прыдумку i параўноўвалi яе з легендай пра гiганцкага ўральскага полаза. Карацей, страшная гiсторыя пра шчытня стала сёлета i магiлёўскай легендай. Але аматараў рыбалкi i плавання просяць не турбавацца: нi "чужых", нi "куклаводаў" на Магiлёўшчыне ўсё ж няма. Алена Казлова. |
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |