У колькi абыдзецца Беларусi чэмпiянат свету-2014 па хакеi?
23.09.2009
—
Новости Общества
|
Ва Урадзе падлiчылi даходы i выдаткi Учора пад старшынствам кiраўнiка Урада Сяргея Сiдорскага прайшло пасяджэнне аргкамiтэта па падрыхтоўцы да правядзення чэмпiянату свету па хакеi, якi прыме беларуская сталiца з 9 па 25 мая 2014 года. Як паведамiў мiнiстр спорту i турызму Алег Качан, яго мiнiстэрствам сумесна з Мiнiстэрствам фiнансаў складзены папярэднi каштарыс расходаў i даходаў сусветнага першынства. Пры сярэдняй наведвальнасцi матчаў у 6 тысяч чалавек i колькасцi турыстаў, якiх, як плануецца, прыме Мiнск каля 50 тысяч (за аналаг прымалася наведвальнасць чэмпiянату свету па хакеi 2007 года ў Маскве), даход складзе 53,3 мiльёна еўра, у тым лiку 10,5 мiльёна еўра — ад продажу бiлетаў, 42 мiльёны еўра — ад прыёму замежных турыстаў, 684 тысячы еўра — ад прыёму прадстаўнiкоў СМI, якiх чакаецца каля 300. Пры гэтым мiнiстр заўважыў, што ўсе правы на тэлетрансляцыi матчаў i рэкламу, а таксама сродкi ад iх атрыманыя, згодна з рэгламентам спаборнiцтваў, належаць Мiжнароднай федэрацыi хакея.
Аднак гэта толькi прамыя выдаткi. Падрыхтоўка да чэмпiянату свету, якая пачалася даўно, уключае ў сябе яшчэ шэраг расходаў. Будаўнiцтва "Мiнск-Арэны" амаль скончана, яе гатоўнасць складае цяпер, паводле слоў мiнiстра, 90 працэнтаў. Другая лядовая пляцоўка, "Чыжоўка-Арэна", цалкам павiнна быць пабудавана праз тры гады. Кошт праектных работ гэтага збудавання — 2 мiльярды рублёў, агульны кошт будаўнiцтва — каля 500 мiльярдаў. Для будаўнiцтва будуць выкарыстаныя iнвестыцыйныя сродкi ГД "Ждановiчы" i гарадскога бюджэту. Для рассялення шматлiкiх гасцей чэмпiянату будуць выкарыстоўвацца ўсе сталiчныя гасцiнiцы, 12 з iх знаходзяцца зараз на стадыi атрымання катэгорыi 2-3 зоркi, паведамiў Алег Качан. Яшчэ чатыры гасцiнiцы будуць пабудаваныя ў Мiнску да 2014 года — зямельныя ўчасткi пад будаўнiцтва ўжо выдаткаваныя. Гэтыя гасцiнiцы з'явяцца на перакрыжаваннi вулiц Кiрава i Ленiна, на вулiцы Прытыцкага, побач са стадыёнам "Дынама" i побач з пляцоўкай "Чыжоўка-Арэна". Плануецца i выкарыстанне iнтэрнатаў сталiчных ВНУ i студэнцкай вёскi на 7 тысяч месцаў, якая будзе пабудаваная да 2011 года. Акрамя ўсяго, да паслуг гасцей чэмпiянату пансiянаты i дамы адпачынку сталiчнай вобласцi. Акрамя таго, на перакрыжаваннi сталiчнай вулiцы Макаёнка i праспекта Незалежнасцi будуць пабудаваныя жылыя комплексы для гасцей сусветнага першынства, якiя затым будуць рэалiзаваныя насельнiцтву. Цяпер у сталiцы 1785 аб'ектаў грамадскага харчавання на 125 тысяч месцаў. Да 2014 года iх колькасць павялiчыцца да 136 тысяч месцаў. Да сусветнага першынства плануецца мадэрнiзаваць i транспартную iнфраструктуру. Запланаваная рэканструкцыя аэрапорта "Мiнск-2" з будаўнiцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы, што абыдзецца ў 220—230 мiльёнаў долараў. Хоць, як заўважыў мiнiстр, iнфраструктура нацыянальнага аэрапорта дазваляе забяспечыць мiжнародныя перавозкi на ўзроўнi, якi адпавядае правядзенню чэмпiянату свету. У Мiнску плануецца пабудаваць чатыры транспартныя развязкi, адрамантаваць i рэканструяваць усе дарогi, якiя вядуць да аб'ектаў, што будуць выкарыстоўвацца падчас чэмпiянату свету i дзе будуць пражываць яго ўдзельнiкi. Агульная сума гэтых работ — 2,3 трыльёна рублёў, сродкi будуць выдаткаваныя з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Акрамя таго, да 2014 года дэпартамент "Белаўтадар" плануе рэканструяваць па параметрах першай катэгорыi (з чатырма палосамi руху) дарогi ад Мiнска да Магiлёва i Бабруйска, часткова рэканструяваць участкi трас Мiнск—Гродна i Мiнск—Вiцебск. Як паведамiў Алег Качан, сумесна з Мiнiстэрствам фiнансаў запланаваны выпуск спецыяльнай латэрэi, прысвечанай сусветнаму першынству. Яе розыгрыш будзе праходзiць са студзеня 2013 года па май 2014-га. Падчас чэмпiянату свету ў Мiнск прыедзе 16 камандаў-удзельнiц, а гэта больш за 530 спартсменаў, а таксама трэнеры, суддзi, прадстаўнiкi Мiжнароднай федэрацыi хакея, плануецца акрэдытаваць больш за 300 замежных журналiстаў. У якасцi балельшчыкаў чакаецца прыезд каля 50 тысяч гасцей з Еўропы, Азii i Амерыкi. Алена АЎЧЫННIКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора пад старшынствам кiраўнiка Урада Сяргея Сiдорскага прайшло пасяджэнне аргкамiтэта па падрыхтоўцы да правядзення чэмпiянату свету па хакеi, якi прыме беларуская сталiца з 9 па 25 мая 2014 года. Як паведамiў мiнiстр спорту i турызму Алег Качан, яго мiнiстэрствам сумесна з Мiнiстэрствам фiнансаў складзены папярэднi каштарыс расходаў i даходаў сусветнага першынства. |
|