Не качагары i не цесляры — сантэхнiкi мы.... 21.by

Не качагары i не цесляры — сантэхнiкi мы...

23.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выпрабавана на сабе

Яны ведаюць усё пра балгарку i перфаратар. З лёгкасцю могуць даць майстар-клас па карыстаннi газавым i развадным ключом, а яшчэ раскажуць, як правiльна чысцiць фантаны. I калi ў вашай кухнi з абодвух кранаў пацячэ гарачая вада, яны таксама змогуць дапамагчы.

Прафесiя сантэхнiка на сёння можа i не прэстыжная, але затое важная. I колькi б мы нi зараблялi, а калi жывём у шматкватэрным доме, то менавiта ад сантэхнiка будзе залежаць наяўнасць вады ў нашай кватэры. Каб высветлiць асаблiвасцi гэтай "мокрай" прафесii, на адзiн дзень я стаў вучнем-практыкантам у брыгадзе сантэхнiкаў

Адзiн сантэхнiк вясны не робiць

ЖЭС, у якi я завiтаў, абслугоўвае квартал Мiнска ў раёне праспектаў Любiмава, газеты "Звязда", газеты "Правда" i вулiцы Голубева.

— Па вялiкiм рахунку жыллёвы фонд у гэтым квартале дастаткова вялiкi — каля 140 пад'ездаў, — гаворыць майстар па быце 73-га ЖЭСа Уладзiмiр Корзун. — Многiя дамы стаяць ужо больш за трыццаць гадоў. У першую чаргу мы займаемся пытаннямi "цякучага" рамонту, усё, што датычыць сантэхнiчнага iнжынернага абсталявання ў падвале. Акрамя таго, у нашай кампетэнцыi i ўборка прыдамавой тэрыторыi. Але, зразумела, калi жыльцы тэлефануюць з просьбай павесiць люстру альбо змянiць змяшальнiк, то мы таксама гэта робiм. Звычайна на кожнага сантэхнiка разлiчана пэўная колькасць iнструментаў. Зразумела, тую ж балгарку кожнаму сантэхнiку не дасi: па-першае, не кожны дзень патрэбная, па-другое, не зусiм танная. Таму на адзiн участак выдаецца звычайна адна балгарка. Сярэднi ўзрост работнiкаў па "цякучым" рамонце — 40-45 гадоў. Працуюць, вядома, i маладыя. Хоць iх i не шмат, але, як кажуць, было б жаданне.

Калi жаданне ёсць, занятак, як правiла, таксама знойдзецца. Праца з дзевяцi ранку да шасцi вечара. Перапынак на абед — гадзiна. Але гэта афiцыйна. Насамрэч, некаторыя сантэхнiкi пакiдаюць нумары сваiх сотавых жыльцам, каб тыя, калi якаясцьцi тэрмiновая сiтуацыя, адразу тэлефанавалi сантэхнiку. I тады бывае праца i ў абед, i нават вечарам. Свой мабiльны жыльцам пакiдае i Аляксандр Навiцкi. У ЖЭСе № 37 сантэхнiкам мужчына працуе толькi трэцi год, а яго ўчастак ужо цалкам адрознiваецца ад ранейшага.

— Вось па гэтай трубе цячэ гарачая вада, а па гэтай — халодная, — праводзiць мне лiкбез Аляксандр у цеплавузле аднаго з дамоў. — Тут раней часта паломкi здаралiся, забiванне каналiзацыi — пастаянна. Той сантэхнiк, што перада мной за гэты дом адказваў, запусцiў яго быў. Я вось пачысцiў тут, там замазаў, гэта таксама прыладзiў я. Пад маёй адказнасцю 350 кватэр.

Аляксандр паказвае ўсё новыя i новыя механiзмы ў цеплавузле i кожную рэч з матэматычнай дакладнасцю называе сваiм iмем. Ды так спраўна, што вiдаць адразу: чалавек — спецыялiст.

Звычайна дзень сантэхнiка пачынаецца з прыёму заказаў — зранку дыспетчар перадае заяўкi, што паступiлi ад жыльцоў на яго ўчастку. Да абеду трэба прайсцiся па ўсiх кватэрах заяўнiкаў. Пасля абеду — новая партыя. Звычайна, як кажа Аляксандр, заявак не надта шмат. Ад адной да пяцi ў дзень, у залежнасцi ад сезона. Восенню з пачаткам ацяпляльнага сезона — працы большае. Найбольш частыя "заказы" — замена i падключэнне ваннаў i ўнiтазаў, замена трубаў на полiпрапiлен, замена змяшальнiка.

Пра "глухiя" выклiкi Аляксандр адказвае так:

— Выпадкi, калi заяўку зрабiлi, а самiх няма дома? Бываюць, але рэдка: на 20 выклiкаў "глухiх", можа, усяго адзiн. Звычайна ж нас заўсёды старанна чакаюць, яно i зразумела — гэта ў iнтарэсах самiх жыльцоў. Калi ж тэлефануеш, а нiхто табе не адказвае, то афармляеш заяўку як "глухую".

Мой першы выхад на аб'ект разам з сантэхнiкамi Аляксандрам Навiцкiм i Iгарам Купiчам прадугледжваў замену ванны. Муж i жонка — пажылая пара — вырашылi замянiць ванну на душавую кабiну. Кабiну ўжо купiлi. Толькi не ў краме (там пры яе пакупцы адразу прапаноўваецца ўсталяванне), а ў прыватнiка, якi такiмi паслугамi не займаецца. Спачатку жыхары кватэры хацелi, каб заменай занялася прыватная арганiзацыя. Але там адмовiлi, патлумачыўшы, што такiя рэчы, як замена ванны, яны ажыццяўляюць толькi пры ўмове замены ўсяго ваннага комплексу: разам з унiтазам i iншым. Зразумела, кошт такой "ветлiвай" паслугi таксама адпаведны. У ЖЭСе за гэта бяруць танней. У вынiку гаспадыня дома, параiўшыся з сантэхнiкамi Аляксандрам i Iгарам, якiя прыйшлi на выклiк удвух, вырашыла пачакаць яшчэ два днi для высвятлення ўсiх абставiнаў. Калi за гэты час яна не знойдзе нiякай альтэрнатывы, работу даручыць iм.

Раз заяўка, два заяўка...

Ад заяўкi да заяўкi праходзiць жыццё сантэхнiка. I калi ўсе заяўкi выкананыя, можна адпачыць. Збочваем у бытоўку. Тут рабочыя перапранаюцца, пры выхадзе па заяўцы бяруць неабходныя iнструменты.

На сценах бытоўкi — жыццесцвярджальныя плакаты з часоў савецкага мiнулага: "Памятка газаэлектразваршчыка" i чорна-белыя малюнкi рабочых, якiя, усе як адзiн, усё выконваюць правiльна: апранi акуляры перад зваркай, беражы зрок!

— Сантэхнiкаў выклiкаюць, як правiла, жанчыны, — працягваюць Аляксандр i Iгар Купiч. — Мужчынам часта сорамна проста. А так у прынцыпе нашу працу любы мужык у стане выканаць.

Расказалi мужчыны i пра тых, хто не плацiць.

— Калi жылец мае запазычанасць перад дзяржавай за два-тры месяцы, не аплачваючы камунальныя паслугi, то кватэры такiх жыхароў мы адключаем ад вады. Калi ў кватэры ёсць дзiця, то адключаем толькi гарачую ваду. А для таго каб гэта зрабiць, напачатку трэба адключыць ваду ва ўсiм доме. Затым паступленне вады блакуецца ў канкрэтнай кватэры, пасля чаго вада пускаецца. У неплацельшчыкаў кран не працуе.

Наступны мой "паход па кватэрах" быў з Аляксандрам Навiцкiм.

— Гэтая бабуля ўжо звярталася раней — у яе кватэры праблемы з унiтазам, ён хiстаецца. У мiнулы раз я яго ўмацаваў, — гаворыць мой напарнiк. — Гэтым разам буду замазваць гiпсам...

Гаспадыня (назавём яе Iрынай) сустрэла нас вельмi ветлiва. Аляксандр, ужо спрактыкаваны ў такiх рэчах, адразу накiраваўся на агляд аб'екта.

— Вы казалi мне купiць дэталь, што раней сапсавалася. Я хадзiла ў краму, вось што яны мне далi, — Iрына працягнула Аляксандру кавалак белай гумы.

Параўнаўшы яго з арыгiналам, нават я адразу б сказаў, што набытая рэч зусiм не з гэтай оперы.

— Вось жа народ — прадаўцы гэтыя, — абураецца Аляксандр. — Адно ў галаве: каб толькi чалавеку што-небудзь уцюрыць! А вы, Анатольеўна, мой план iм паказвалi? Дэталь гэтую з сабой бралi?

Аляксандр паказвае чорнае гумавае колца, якое i павiнны былi замянiць. У плане, якi мой напарнiк маляваў жанчыне, была абмалявана падрабязная схема дэталi: як яна павiнна выглядаць, колькi сантыметраў у дыяметры, якой шырынi i г.д.

— Натуральна, паказвала. Ну, хай трымаюцца ў мяне! — абураецца Iрына. — Прыйду i скажу: "Дзе хочаце бярыце, а дайце мне такую, якую трэба. А гэту белую назад забiрайце! Хай толькi не возьмуць, я iм пакажу!"

Аляксандр усмiхаецца такой бурнай рэакцыi гаспадынi i працягвае, звяртаючыся да мяне: "Так, шчыра кажучы, прадаўцы ў той краме, дзе "атаварылi" Iрыну Анатольеўну, свой тавар ведаюць толькi на працэнтаў сорак. Гэта як спецыялiст я табе кажу..."

Прызнаюся, мяне таксама заўсёды здзiўляла, чаму ў тэхнiчных крамах прадаўцы — спрэс дзяўчаты. Як высветлiлася, мае перасцярогi мелi сэнс.

Пра Герасiмаў у беларускiх дамах

Калi суседзi залiваюць адно аднаго, гэта яшчэ паўбяды. Куды больш складана, калi спыняецца праца каналiзацыi. I калi ў першым выпадку сантэхнiку дастаткова прыйсцi i скласцi акт аб залiццi, то ў другiм — тэрмiнова патрабуецца чыстка трубаў. Для гэтага iснуе памочнiк — адмысловая машына "Волма", якая нагнятае неабходную колькасць атмасфер у трубу i затор прабiваецца, не вытрымаўшы створанага цiску.

— Што становiцца прычынай забiванняў? Смецце. Часцей за ўсё гэта бываюць анучы: памыла гаспадыня ўнiтаз анучай, выцягнула яе. А частка анучы засталася, так яе i змылi, — разважае Аляксандр. — Але самае незвычайнае было, калi прычынай забiвання стала свiная костка. Гэта ўжо сапраўднае свiнства з боку гаспадароў кватэр.

— Часам такiя рэчы знаходзiш, што нават дзiву даешся: агуркi раз знайшоў, гаспадар ленаваўся, вiдаць, у сметнiцу выкiнуць. Яно i праўда: навошта сметнiца, калi ёсць унiтаз... — працягвае Iгар. — Быў выпадак i зусiм жахлiвы. Чысцiм затор. Бачу — нейкiя маленькiя жывёлiны. Ну, думаю, зноў недзе ў падвале пацукоў травiлi, вось яны i вырашылi наталiць смагу, залезшы ў каналiзацыю. Так i аддалi там канцы. I не на жарт спужаўся, бо калi гэта сапраўды пацукi, трэба выклiкаць санстанцыю, каб правяла аналiз пiтной вады: раптам мiкробы якiя?! Ат не, прыгледзелiся, бачым — шчаняты... Маленькiя яшчэ, памерам акурат як пацук. Вы ўявiце, якiмi людзьмi трэба быць, каб нядаўна народжаных шчанят спусцiць ва ўнiтаз?..

Не глядзi, каб скора, а глядзi, каб добра

Мой трэцi "паход" на аб'ект скончыўся, па сутнасцi, нават не пачаўшыся. Калi з сантэхнiкам Iгарам Купiчам мы прыйшлi на выклiк, высветлiлася, што ўсё ўжо ў норме. Раней жыльцы скардзiлiся на тое, што вада з абодвух кранаў цячэ аднолькавай тэмпературы — гарачая. Зараз жа высветлiлася, што ўсё ў парадку.

— Выпадак, з нагоды якога першапачаткова мяне выклiкала гэта сям'я — калi гарачая вада з абодвух кранаў лiлася — тлумачыцца тым, што перагародка памiж двума кранамi стала непрыдатная, — тлумачыць мне, недасведчанаму, Iгар i працягвае: — А для таго каб высветлiць прычыну, трэба абследаваць усе краны ў гэтым пад'ездзе i выявiць крынiцу паломкi. Калi яна знойдзена, за рамонтам затрымкi не будзе.

— Хочаш, магу паказаць, як зваршчыкi працуюць? — пытае Iгар, i праз хвiлiну мы ўжо спускаемся ў падвал аднаго са шматпавярховiкаў.

Ужо на падыходзе да падвала — лаз з надпiсам "Цеплавузел", адтуль можна было пачуць гук працы зварачнага прыбора. Прыгiнаемся i ўваходзiм. Тут шмат трубаў — i ацяпленне, i каналiзацыя, i водазабеспячэнне... На месцы ўжо працуюць слесар-сантэхнiк Мiкалай Усцiнчук i газаэлектразваршчык Аляксандр Жаркевiч.

— Падцякала труба, вось i цыруем, — вось так мяне сустрэлi Мiкалай i Аляксандр. — Работы выконваем якасна i ў мiнiмальны тэрмiн.

А тэрмiн гэты, як высветлiлася пазней, стаў магчымым толькi дзякуючы самаахвярнай працы мужчын. Для таго, каб хутчэй скончыць зварачныя працы i каб у дом хутчэй пайшла вада, яны працавалi без абеду. У вынiку ваду пусцiлi на тры гадзiны раней, чым планавалася.

— У прынцыпе, асаблiвай навукi не патрабуецца: памiж трубаў зашчымiўся i ляжы, — смяюцца мужчыны. — Толькi як каналiзацыю прарве цi водаправод, даводзiцца ляжаць у вадзе...

* * *

Грамадзяне-жыльцы! Калi сёння ў вашым доме будзе адсутнiчаць вада, набярыцеся цярпення. Газаэлектразварачныя работы альбо чыстка каналiзацыi — гэта ўсё дзеля вашай жа карысцi. Толькi надалей паменш старайцеся кiдаць агуркi ва ўнiтаз... Не гнявiце сантэхнiкаў, памятайце: яны ведаюць усё пра перфаратар i балгарку!

Iлья Лапато.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны ведаюць усё пра балгарку i перфаратар. З лёгкасцю могуць даць майстар-клас па карыстаннi газавым i развадным ключом, а яшчэ раскажуць, як правiльна чысцiць фантаны. I калi ў вашай кухнi з абодвух кранаў пацячэ гарачая вада, яны таксама змогуць дапамагчы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика