Ашлі Клойтэ: У Зiмбабвэ вас сустракалi б не хлебам-соллю, а мясам.... 21.by

Ашлі Клойтэ: У Зiмбабвэ вас сустракалi б не хлебам-соллю, а мясам...

28.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы раз сустрэў дзяўчыну, прафесiйную баскетбалiстку, якая сумяшчае сваё спартыўнае захапленне з мадэльным бiзнэсам. Мне раней здавалася, што калi дзяўчо гуляе ў баскетбол, то бывай манiкюр i салют біцэпсам. Але ўраджэнка Зiмбабвэ Ашлі Клойтэ цалкам разбурыла мой стэрэатып. Зграбная, станiстая, любiць усмiхацца. Не ведаю, чым мяне абаяла гэтая дзяўчына, але пры размове з ёй пачуваўся лёгка i чамусьцi зусiм па-свойску. Дзяўчына шчырая i адкрытая. Амаль як беларуска, толькi на свой, зiмбабвiйскi капыл...

Перад самым фiналам конкурса "Мiс iнтэркантыненталь", дзе дзяўчына выступала як прадстаўнiк сваёй радзiмы, Ашлі расказала, што ёй вельмi падабаецца Беларусь, нашы людзi i наша нацыянальная кухня. Нават некалькi слоў па-руску Ашлі ужо паспела вывучыць. Адзiная нязручнасць для дзяўчыны — гэта адносна халодны ў параўнаннi з афрыканскiм беларускi клiмат:

— Для беларусаў Зiмбабвэ крыху экзатычная краiна. Раскажы, калi ласка, пра сваю радзiму падрабязней...

— Мая краiна вельмi прыгожая. У ёй знаходзiцца адно з сямi цудаў свету — вадаспад Вiкторыя. I я б вельмi параiла туды з'ездзiць. Гэта сапраўды неверагодна прыгожае месца. У нас вельмi шмат вальераў: у вас гэта называецца "заапаркамi", у нас гэта — вальеры з сапраўднымi дзiкiмi жывёлiнамi i жывой дзiкай прыродай. Таксама хацела б адзначыць нашых людзей: iх гасцiннасць, сардэчнасць, цёплае стаўленне да iншых. Яны вельмi сцiплыя, надзвычай добразычлiвыя. Мне падабаецца, што яны вельмi паважаюць сваю культуру i традыцыi. Часам у адным чалавеку можна знайсцi дзве натуры. Нягледзячы на тое, што ў нас цывiлiзаваная краiна, можна назiраць людзей, якiя выходзяць са свайго дома, у якiм гарыць электрычнае святло, раскладваюць агонь на двары i гатуюць на iм, напрыклад, мяса. Я сама таксама такi чалавек, дзе ужываюцца дзве сутнасцi: з аднаго боку — гэта цывiлiзацыя (я жыву ў цалкам сучасным доме з электрычнасцю i ацяпленнем), з другога боку, я магу жыць i без гэтага. Мой бацька ў свой час трымаў ферму, а пасля яго смерцi ферма адышла мне i маiм сёстрам. Мы вельмi часта туды прыязджаем, любiм бавiць там час, i нас зусiм не засмучае адсутнасць якiхсьцi там выгод. I ў прынцыпе, гэта тая рыса, якая вылучае маiх землякоў: яны могуць абыходзiцца i традыцыйнымi, вельмi старымi спосабамi iснавання. Часам можна адчуць, быццам бы ты трапляеш у iншы свет.

— Падчас знаходжання ў Беларусi цi заўважыла ты якiясьцi падабенствы памiж беларусамi i зiмбабвiйцамi?

— Натуральна, цяжка гаварыць пра падабенствы i адрозненнi, паколькi я яшчэ зусiм мала прабыла ў вашай краiне. Але з таго, што мы ўжо ўбачылi з пяцiдзённага тура па Беларусi, я магла б адзначыць гасцiннасць i добразычлiвасць беларусаў. Тое, як яны сустракаюць нас, — гэта вельмi традыцыйны спосаб прывiтання — з хлебам i соллю. I напэўна, калi б вы прыехалi да нас у краiну, мы б сустрэлi вас падобным чынам, толькi ў стылi нашай краiны, у стылi нашай культуры. Магчыма, гэта было б мяса i якаясьцi яшчэ ежа, традыцыйная для нашай краiны. Танцы. Хацела б адзначыць, што ў гэтым плане нашы краiны падобныя. Таксама ў Дудутках я звярнула ўвагу на некаторыя асаблiвасцi побыту i старыя дэкарацыi, якiя адлюстроўвалi побыт беларусаў. Аддалена ў нечым я таксама пазнала сваю краiну. Калi мы зайшлi ў памяшканне, дзе вырабляюць хлеб (такая своеасаблiвая пякарня), вакол стаялi дамкi ў стылi таго часу, i мне гэта таксама нагадала маю радзiму.

— Як даўно ты ў мадэльным бiзнэсе?

— Я ўжо прымала ўдзел у разнастайных конкурсах прыгажосцi невялiкага маштабу — але ў школе, таму не лiчу гэта сур'ёзным конкурсам прыгажосцi. Адзiным сур'ёзным конкурсам прыгажосцi, у якiм я прымала ўдзел у гэтым годзе, стаў конкурс прыгажосцi, якi праводзiўся памiж унiверсiтэтамi Англii, дзе я вучуся. У конкурсе ўдзельнiчалi дзяўчаты з усiх куткоў Вялiкабрытанii: поўдзень, поўнач, захад, усход. У фiнальнай частцы нас сабралася каля 20. Я нiколi не ставiлася да гэтага сур'ёзна, нават удзельнiчаць не збiралася. Рашэнне ўзяць удзел я прыняла за тыдзень да пачатку. Яшчэ на мяне нацiснулi сябры, сям'я, i ўвогуле ўсе мне казалi: "А чаму ты не хочаш паспрабаваць? Паспрабуй." З самага пачатку я нават не разлiчвала на перамогу, а ўспрымала гэта як чарговую магчымасць завесцi новых сяброў i новыя знаёмствы, добра прабавiць час. Таму, калi я трапiла спачатку ў Топ-10, затым у Топ-6, а пасля i ў Топ-3, майму здзiўленню не было мяжы. Калi ж аб'явiлi iмя пераможцы — маё iмя — я была проста ў шоку. Але, зразумела, вельмi ўзрадавалася. I цяпер самая правiльная стратэгiя, па-мойму — гэта не ўспрымаць удзел у такiх конкурсах усур'ёз, проста не надаваць iм вялiкай увагi. Удзельнiчаючы ў такiх конкурсах, трэба браць ад iх усё, час праводзiць максiмальна з карысцю: знаёмiцца з новымi людзьмi i заводзiць новых сяброў.

— Ты студэнтка адной з англiйскiх ВНУ. На якiм аддзяленнi вучышся? I цi плануеш пасля вучобы вярнуцца ў Зiмбабвэ?

— Я прыехала ў Англiю шэсць гадоў таму: мая мама — медыцынская сястра, i яе выклiкалi ў гэту краiну, паколькi ў гэты час там не хапала медыцынскiх работнiкаў. Таму ўжо шэсць гадоў я жыву ў Англii. Як толькi мы туды прыехалi, я спачатку скончыла англiйскую школу, затым паступiла ў каледж — Саўс-Хэнтаўскi ўнiверсiтэт, што ў прыгарадзе Лондана. Мая спецыяльнасць — спартыўны трэнер. Яе спецыфiка ў тым, што мы не факусуем сваю ўвагу на якiмсьцi канкрэтным вiдзе спорту: патроху нас вучаць усяму. Але сама я больш аддаю перавагу баскетболу i лёгкай атлетыцы. Я насамрэч вельмi спартыўны чалавек. Раней вельмi сур'ёзна гуляла ў баскетбол, была ў камандзе сваёй школы, унiверсiтэта i нават планавала ўдзельнiчаць у Алiмпiйскiх гульнях 2012 года. Праблема толькi ў тым, што падрыхтоўка да гульняў ужо даўно пачалася, i зараз я ўжо выпадаю з рэпетыцый. Я доўга не трэнiравалася, таму патрэбен час, каб прыйсцi ў форму.

У Зiмбабвэ я езджу кожны год да свайго дзядзькi (амаль уся сям'я ўжо пераехала ў Вялiкабрытанiю — I.Л.). Яшчэ там засталiся мае сябры. Пакуль што я планую застацца ў Англii i скончыць унiверсiтэт, каб пасля вышэйшай адукацыi атрымаць ступень магiстра. Пасля гэтага праз некалькi гадоў я б хацела вярнуцца дадому. Пакуль што такой магчымасцi няма, бо большая частка сям'i знаходзiцца ў Англii, i жыццё факусiруецца ў Лондане.

— У цябе ёсць мара?

— У мяне мараў шмат. Дзве самыя вялiкiя ў маiм жыццi: стаць мадэллю i стаць спартсменкай. I я вельмi задаволеная тым, што ў пэўным сэнсе яны ўжо спраўдзiлiся. Я ведаю, калi б я гэтым не займалася, то, вiдаць, так бы нiколi i не пабывала ў Беларусi. А мне тут вельмi спадабалася.

— Дзякуй за размову. I поспехаў!

Iлья Лапато.

За дапамогу ў арганiзацыi i правядзеннi iнтэрв'ю аўтар выказвае падзяку тэлеканалу АНТ i асабiста Кацярыне Багалейшы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы раз сустрэў дзяўчыну, прафесiйную баскетбалiстку, якая сумяшчае сваё спартыўнае захапленне з мадэльным бiзнэсам. Мне раней здавалася, што калi дзяўчо гуляе ў баскетбол, то бывай манiкюр i салют біцэпсам. Але ўраджэнка Зiмбабвэ Ашлі Клойтэ цалкам разбурыла мой стэрэатып. Зграбная, станiстая, любiць усмiхацца. Не ведаю, чым мяне абаяла гэтая дзяўчына, але пры размове з ёй пачуваўся лёгка i чамусьцi зусiм па-свойску. Дзяўчына шчырая i адкрытая. Амаль як беларуска, толькi на свой, зiмбабвiйскi капыл...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика