Сяргей БУБКА, легенда спартыўнай лёгкай атлетыкi ўсiх часоў: У Беларусi ёсць выдатная спартыўная будучыня
06.10.2009
—
Новости Общества
|
Пасля выбрання Сяргея Бубкі прэзiдэнтам НАК Украiны ў лiку спонсараў i партнёраў украiнскага спорту такiя вядомыя брэнды, як Coca-Cola, Samsung, Adidas... Будзем спадзявацца, што цяпер сябрам Сяргея Бубкi стане i газета "Звязда", пра што нагадваць знакамiтаму атлету будзе ўручаная падчас сустрэчы фiрмовая майка i бейсболка. Нядаўнi iнтэрнацыянальны медыя-тур, арганiзаваны ўкраiнскiм Інфармацыйным цэнтрам "Еўра-2012" пад чэмпiянат Еўропы па футболе-2012, фiнал якога пройдзе ва Украiне i Польшчы, быў запланаваны не толькi з мэтай ацанiць ход будаўнiцтва стадыёнаў, аэрапортаў i ўсёй iнфраструктуры пад EURO. Адным з пунктаў праграмы значылiся сустрэчы з вядомымi ва Украiне людзьмi — Сяргеем Бубкам, Вiталем Клiчко, Рыгорам Суркiсам. Як гэта часта бывае, у планы некаторых вялiкiх людзей умяшалiся абставiны. Прэзiдэнт федэрацыi футбола Украiны Рыгор Суркiс накiраваўся ў Iспанiю на матч Лiгi чэмпiёнаў, дзе "Барселона" прымала кiеўскае "Дынама". Знакамiты баксёр прафесiянал Вiталь Клiчко ў гэты час у Лос-Анджэлесе паспяхова экзаменаваў свайго калегу з Мексiкi. А вось алiмпiйскi чэмпiён-1988 у Сеуле i 5-разовы чэмпiён свету па скачках з шастом Сяргей Бубка меў фортку ў некалькi дзён, таму стаў персонай павышанай увагi сярод журналiстаў.
— Сяргей Назаравiч, кажуць, што статус Украiны, як гаспадынi чэмпiянату Еўропы-2012, на прэзентацыi ў 2007 годзе ў Кардзiфе ў немалой ступенi залежаў ад вашага ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве. — Намякаеце на тое, што мне любую сцяну сваiм iмем можна прабiць. Ведаеце, не выключаю, што зорная спартыўная кар'ера Бубкi i далейшая яго дзейнасць у якасцi функцыянера, у тым лiку i ў Мiжнародным алiмпiйскiм камiтэце, наклала свой адбiтак на рашэнне камiсii УЕФА, каб аддаць EURO Украiне напалову з Польшчай. Тым не менш нават самы зорны статус — не факт, што перамога ў кiшэнi. У такiм цырыманiяле, як правiла, на "поле бою" сыходзяцца самыя ўплывовыя людзi з краiн-прэтэндэнтаў. I кожны стараецца знайсцi нейкi козыр, каб спадабацца строгай камiсii. Думаю, што беларускiя спартыўныя функцыянеры, якiя на леташнiм чэмпiянаце свету па хакеi ў Швейцарыi "вырвалi" для вашай краiны хакейны чэмпiянат свету-2014, падтрымаюць мяне. Скажу вам, пэўна, пра элементарныя рэчы. Акрамя рэальных грандыёзных планаў па будаўнiцтве ўсiх спартыўных аб'ектаў з прылеглымi тэрыторыямi, падмацаваных фiнансавымi гарантыямi дзяржавы, вельмi важна паказаць сябе. У нашым выпадку вельмi важна было свабодна размаўляць з усiмi VIP-персонамi на англiйскай цi французскай мове, дасканала ведаць усю раскладку ў спартыўным свеце. У рэшце рэшт, не будучы Гарацыем, важна належным чынам выступiць, каб твая прамова нечым закранула шаноўную камiсiю. Думаю, што сённяшнi расiйскi прэм'ер Уладзiмiр Пуцiн, якi выступаў на прэзентацыi зiмовай Алiмпiяды Сочы-2014 у Гватэмале, — выдатны прыклад таго, як завесцi публiку. — На ваш погляд, будаўнiцтва ўсiх аб'ектаў да чэмпiянату Еўропы ва Украiне iдзе належным чынам? Як-нiяк, а пакуль камiсiя УЕФА дала зялёнае святло на правядзенне EURO толькi Кiеву. Лёс Харкава, Данецка i Львова будзе вырашацца ў канцы года. — Сапраўды, да нядаўняга часу ў краiне былi некаторыя праблемы з выкананнем графiка па ўзвядзеннi i мадэрнiзацыi стадыёнаў, аэрапортаў, дарог... Праўда, цяпер, наколькi я, як прэзiдэнт Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта Украiны, ведаю, усе работы вядуцца якасна i ў вельмi добрым тэмпе. Упэўнены, што кiраўнiк УЕФА Мiшэль Плацiнi, якi хутка павiнен прыехаць у Кiеў, зможа ў гэтым упэўнiцца i 10 снежня на пасяджэннi камiсii на Мадэйры астатнiм украiнскiм гарадам будзе афiцыйна нададзены статус EURO-2012. — Вядома, што не футболам адзiным жыве кожны з нас. А для Сяргея Бубкi, якi працягвае жыць у вялiкiм спорце i з'яўляецца да таго ж вiцэ-прэзiдэнтам Мiжнароднай федэрацыi лёгкай атлетыкi, — тым больш. Калi не супраць, давайце пагутарым пра некаторыя зорныя моманты "каралевы спорту". — Гатовы адкрыць любыя сакрэты i падзялiцца сваiмi думкамi ў межах сваёй кампетэнцыi i ведання справы. — Зараз практычна ўсе спартыўныя СМI свету не перастаюць ўхваляць "подзвiгi" спрынтара з Ямайкi Уэйна Болта, якi на 100-метроўцы ўжо змог перакрыць усе магчымыя рэкорды планеты. Прычым, мяркуючы па дынамiцы, не збiраецца спыняцца. На ваш погляд, такая рэкорднасць не тармозiць развiццё вялiкага спорту? Атрымоўваецца, што ў iншых спартсменаў няма стымулу, бо ўгнацца за Болтам немагчыма. — Дакладней будзе — няма шанцаў. Давайце не будзем згушчаць фарбы. Згадзiмся, што ў любой справе, у тым лiку i на спрынтэрскай дарожцы, павiнны быць свае маякi. Калi ласка, кожны цягнiся да сваёй зоркi... — Як кажуць, "нішто не вечна пад Месяцам". Прабачце, але ваша пазiцыя не заснаваная на тым, што Сяргей Бубка на працягу амаль паўтара дзясятка гадоў, пачынаючы з першага чэмпiянату свету па лёгкай атлетыцы , якi прайшоў у 1983 годзе ў Хельсiнкi, быў недасягальнай велiчынёй для iншых атлетаў i ўстанавiў аж 35 сусветных рэкордаў? — Нi ў якiм разе. У любой справе, у тым лiку i спорце, кожны — каваль свайго шчасця. Безумоўна, для поўнага поспеху патрэбна яшчэ лёгкая рука трэнера i звычайная ўдача. — Сяргей Назаравiч, магчыма, раней лягчэй было рухацца на Алiмп, таму што не было такога шырокага спiсу забароненых для ўжывання медыцынскiх прэпаратаў? — Думаю, наўрад цi. Iнакш у сектары для тых жа скачкоў у вышыню было б пяць, а можа i дзесяць заходнiх атлетаў, бо пры выдатных фiзiчных здольнасцях у iх была яшчэ i магчымасць адпаведнага харчавання i медыцынскага суправаджэння. — Значыць, уся прычына ў таленавiтасцi? — Я дадаў бы — i ў працавiтасцi. Бо кожны спартсмен, якi выходзiць на вялiкую дарогу з думкай стаць сапраўднай "зоркай", павiнен пралiць мора поту, змiрыцца з мазалямi на руках цi нагах. Я кажу так з пазiцыi чалавека, якi з 10 гадоў прыйшоў у скачковы сектар да свайго першага i адзiнага трэнера Вiталя Пятрова. Мне спатрэбiлася дзве пяцiгодкi, каб дасягнуць галоўнай мэты — стаць чэмпiёнам свету. — Тады iмя пачало працаваць на спартсмена Сяргея Бубку? — Я думаю, што так здарылася ў 2000 годзе, калi я заканчваў спартыўную кар'еру. Хутчэй, наадварот, статус чэмпiёна прымушаў цябе яшчэ больш працаваць i, баранi Божа, прайграць. — Сяргей Назаравiч, на чэмпiянаце свету-1991 у Токiа вы перамаглi з даволi сцiплым вынiкам 5 м 87 см, хоць камп'ютары вызначылi, што ў пераможнай спробе Бубка пераляцеў бы 6 м 37 см. Эканомiлi на рэкодах? Сёння сказалi б у народзе, што гэта вельмi выгадны бiзнэс — устанаўлiваць рэкорды. — Так могуць думаць i гаварыць дылетанты, якiя хочуць лiчыць чужыя грошы. Так, рэкардсмен на чэмпiянаце свету можа атрымаць ад спонсараў, напрыклад, 100 тысяч амерыканскiх долараў, на спаборнiцтвах рангам нiжэй — удвая альбо ўтрая менш. Так, гэта вялiкiя грошы. Але ж без камерцыйнай асновы, зыходзячы з сённяшнiх жыццёвых рэалiй, наўрад цi такiмi рэйтынгавымi i цiкавымi былi б многiя спаборнiцтвы. А так кожная зорка ведае, што зорны век кароткi. Запрашаюць на топ-турнiры, ёсць магчымасць забяспечыць сабе жыццё пасля спорту — сцяг у рукi i пайшоў. Цяпер што датычыцца непасрэднага адказу на ваша пытанне. Так, у мне была свая стратэгiя выступленняў, у многiм прагматычная. Памятаю, што першы свой сусветны рэкорд — 5 м 85 см — устанавiў у Брацiславе. Ужо праз год у Парыжы я перакрыў планку вышынёй 6 метраў. Ведаеце, калi такiмi б тэмпамi я скакаў i далей, то, магчыма, яшчэ праз год я адным махам адолеў бы свае рэкордныя 6 м 15 см, а потым дзесяць гадоў iмкнуўся паўтарыць вынiк. Што б тады напiсалi журналiсты? Тое, што Бубка страцiў былую форму, выступае так сабе. Ды i ў спонсараў, i ў арганiзатараў спаборнiцтваў самага высокага ўзроўню цiкавасць як да Бубкi, так i скачкоў у вышыню, проста раўнялася б нулю. А так паўнавартаснае спартыўнае жыццё, дзе матэрыяльны бок далёка не на апошнiм месцы. — Большасць сваiх сусветных рэкордаў вы ўстанавiлi ў савецкi час. Як тады плацiлi "зоркам"? — Я якраз i хацеў сказаць, што ў тую эпоху пра вялiкiя прызавыя, накшталт сённяшнiх, можна было толькi марыць. Наколькi памятаю, за рэкорд на чэмпiянаце свету з дзяржаўнай казны выплачвалася 1500 савецкiх рублёў. Пасля некалькiх маiх паспяховых выступленняў у саюзным спарткамiтэце пачалi хвалявацца. Маўляў, Бубка хоча нас абанкроцiць. Бачыце, даходзiла i да такога абсурду. Але ж нават пры такой раскладцы я выступаў перш за ўсё за гонар краiны i за сябе асабiста. — Як вы ставiцеся да таго, што сёння, напрыклад, рэкорд Бубкi ў 6.15 м у зале i 6.14 м на стадыёне трымаецца больш за паўтара дзясятка гадоў з-за вузкага спiсу дазволеных медпрэпаратаў i жорсткiх патрабаванняў Мiжнароднага алiмпiйскага камiтэта ў раздзеле "допiнг"? — Мяркую, гэта правiльна, што МАК выступае за чысцiню спартыўных радоў. Iнакш атлеты так сябе шпiгавалi б рознымi анаболiкамi, што са спартыўных арэн штодня выносiлi б целы, якiя слаба паказвалi прыкметы жыцця цi ўвогуле маглi развiтацца з iм. Ну, а тое, што мае рэкорды да гэтага часу "жывыя"... Мне, безумоўна, прыемна, хоць я гэтым нi ў якiм разе не кiчуся i не б'ю сябе ў грудзi. Маўляў, паглядзiце, якi я малайчына. Выхаванасцi i сцiпласцi вучыў сваiх ужо дарослых сыноў Вiталя i Сяргея, хоць яны i не пайшлi па слядах бацькi. Паўтаруся, значыць у моладзi ёсць да чаго iмкнуцца. Вунь рэкорд амерыканца Боба Бiмона ў скачках у даўжыню (8.90 м) на Алiмпiйскiх гульнях 1968 года ў Мехiка пратрымаўся амаль чвэрць стагоддзя. I ўсё адно быў пабiты. — Сяргей Назаравiч, напэўна вы ў курсе пекiнскага допiнгавага скандалу вакол беларускiх кiдальнiкаў молата Iвана Цiхана i Вадзiма Дзевятоўскага, якiя ўжо больш за год знаходзяцца ў падвешаным стане. Замежныя адвакаты абяцаюць, што ў хуткiм часе сiтуацыя павiнна быць разрулена ў наш бок. — Шчыра кажучы, вялiкiх падрабязнасцяў гэтага я не ведаю, хоць мне таксама хацелася, каб усё абышлося. Як спартыўны функцыянер, а з 1996 года я быў членам Камiсii Атлетаў МАК, пазней быў выбраны членам Мiжнароднага алiмпiйскага Камiтэта i членам выканкама МАК, я добра ведаю, што значыць для спартсмена яго чысцiня перад кампетэнтным спартыўным судом. Зламаць лёс чалавека проста, а вось вярнуць яго да нармальнага паўнавартаснага спартыўнага жыцця — часта немагчыма. Яшчэ раз паўтаруся, што мне неабыякавы лёс кожнага атлета, у тым лiку i з Беларусi. Я ведаю, што ў вашай краiне вельмi добра развiта спартыўная iнфраструктура i добрыя спартыўныя традыцыi, што зусiм не дзiўна. Як-нiяк, а Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка спорт вызначае як прыярытэтны кiрунак у дзяржаўным развiццi. I гэта правiльна, бо спорт — гэта вялiкая палiтыка, а вялiкi спорт — гэта важны iнструмент у яе правядзеннi. Таму я не сумняваюся, што ў Беларусi выдатная спартыўная будучыня. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Мiнск — Кiеў — Мiнск. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля выбрання Сяргея Бубкi прэзiдэнтам НАК Украiны ў лiку спонсараў i партнёраў украiнскага спорту такiя вядомыя брэнды, як Coca-Cola, Samsung, Adidas... Будзем спадзявацца, што цяпер сябрам Сяргея Бубкi стане i газета "Звязда", пра што нагадваць знакамiтаму атлету будзе ўручаная падчас сустрэчы фiрмовая майка i бейсболка.
|
|