Лiры i дуды Алеся Лася. 21.by

Лiры i дуды Алеся Лася

08.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Майстар з Барка аднаўляе старадаўнiя iнструменты i ладзiць экстрэмальны турызм

Алесь Лось — асоба вядомая. I не толькi на Валожыншчыне, дзе ён апошнiм часам абуладкаваўся, i па ўсёй Беларусi, але i далёка за межамi нашай краiны. Алесь заўжды ў руху: асвойвае новае, займаецца творчасцю — карацей кажучы, нiколi не сядзiць на месцы. Цяпер жыве практычна ў лесе — да яго сядзiбы можа дабрацца толькi чалавек дасведчаны. З добрай асфальтавай магiстралi паварочваем на пракладзеную ў гушчары дарогу i праз хвiлiн дзесяць — ужо на месцы...

 

Вяртанне батлейкi

Гаспадар ветлiва выходзiць сустракаць нечаканых гасцей: я загадзя не дагаворваўся аб прыездзе i патэлефанаваў Ласю толькi мо гадзiну таму. Але Алесь на прапанову аб размове адразу адказаў: "А чаму б i не". I цярплiва патлумачыў няпросты маршрут. Удакладняць дарогу не давялося, паколькi ўсе арыенцiры былi вызначаны дакладна. I вось падворак Лася: на палянцы каржакаватае дрэва быццам закiдвае свае разлапiстыя галiны прама ў чырвоныя перадвячэрнiя аблокi i побач — невялiкая хатка. Быццам час iмгненна адкруцiўся сама меней на паўстагоддзя таму. I шалёны рытм сучаснасцi страцiў свой уплыў, як прапала надакучлiвая мабiльная сувязь. Адчуванне — проста фантастычнае.

— Што, таксама праняло? — Алесь з разуменнем зазiрнуў мне ў вочы. — То скiдвайце хутчэй сваю гарадскую загазаваную "скуру". Будзем пiць гарбату ўтраiх разам з Мурзiкам (вялiкi кот тулiцца побач i пагаджаецца з гаспадаром — выгiнае спiну) i нетаропка размаўляць. Радня Ласёў родам з Вуглянаў — гэта некалькi кiламетраў ад Радашковiчаў. Таму я добра ведаю тутэйшыя мясцiны, хоць сам нарадзiўся i доўгi час жыў у Мiнску. У сталiцы закончыў мастацкую школу.

Лiры i дуды Алеся ЛасяПасля была вядомая мастацкая вучэльня iмя Глебава, Акадэмiя мастацтваў, дзе Алесь Уладзiмiравiч займаўся на аддзяленнi графiкi. Лось з цiкавасцю асвойваў тэмперны жывапiс, працаваў з iнтэр'ерамi (праз колькi часу ён зрабiў 7 iканастасаў для цэркваў). Алесь з сям'i мастакоў: бацька — графiк, а мацi — акварэлiст, адраджала традыцыi саломкi. Дарэчы, i дзед добра маляваў, так што выбар майго знаёмца — данiна сямейнаму занятку. Але не толькi: хiба б займаўся Алесь тым, што яму не падабаецца?

Яшчэ падчас вучобы ў Акадэмii пачаў цiкавiцца батлейкай. Калi атрымаў дыплом, то яны разам з жонкай не iмкнулiся застацца ў сталiцы (хоць такая магчымасць была), а нечакана для ўсiх з'ехалi ў вёску Зарудзiчы, што на Смаргоншчыне. Месца адметнае — побач, у Залессi, палац Агiнскага, дзе яны арганiзавалi свой першы праект па адкрыццi школы мастацтваў. Знайшлi паразуменне i падтрымку ў мiнiстэрствах адукацыi i культуры, пачалi актыўна займацца рэканструкцыяй гiстарычнага будынка. Аднак, на жаль, хутка ўсё скончылася. Але для Алеся гэта шмат у чым быў пачатак доўгага шляху.

— Менавiта батлейка падштурхнула мяне да таго, каб прафесiйна займацца вырабам iнструментаў — лiраў, дудаў, флейтаў, жалеек, — заўважае Алесь Лось. — Батлейка — гэта сiнтэз мастацтва, у ёй арганiчна спалучаецца музыка, акцёрскае майстэрства, мастацкi густ, дыкцыя i шмат чаго яшчэ. Яшчэ ў дзяцiнстве я спрабаваў майстраваць прымiтыўныя дудкi.

Пяць сакральных дрэў

Лось узгадвае: падчас "залескiх" часоў у яго заўжды побач з пэндзлямi, фарбамi, палотнамi i крэйдамi заўсёды былi габэлькi, тачылы, станкi, стамескi — для вырабу музычных iнструментаў. Сваю першую дуду майстар пачаў рабiць дзесьцi ў 1982-м i скончыў толькi праз некалькi гадоў. Рухаўся крок за крокам, навобмацак, паколькi старадаўнiя традыцыi былi забытыя. Алесю даводзiлася бачыць дудароў, але ў тыя часы, калi сам вырашыў зрабiць iнструмент, то патрэбных настаўнiкаў было не знайсцi. З цягам часу Лось зрабiўся прызнаным аўтарытэтам беларускага дударства. Ён вырабляе ўсе тры тыпы дудаў, якiя калiсьцi былi распаўсюджаны на тэрыторыi Беларусi.

— Гэты iнструмент атрымаў сваё жыццё падчас кельцкай цывiлiзацыi, якая iснавала на абшарах не меншых, чым цывiлiзацыя вузкагорлых амфар, — кажа майстар. — Яна мела геасакральны характар i, што цiкава, дагэтуль захавалася шмат супольных рэчаў. Дзiк — кельцкi сiмвал сонца, i яго прыносяць у ахвяру на Каляды. I свiнней колюць не таму што мароз, а таму што так прынята спрадвеку. Гэтай традыцыi некалькi тысячагоддзяў. Альбо галаўшчызна (запечаная галава кабана) — таксама кельцкая страва. Так што дуда з'явiлася вельмi даўно i цяпер рознiца памiж адпаведнымi iнструментамi ў розных краiнах — у этнаграфiчных традыцыях.

Алесь не iмкнецца поўнасцю аднавiць увесь працэс вырабу дуды, якi iснаваў калiсьцi. Скуру набывае, а далей, зразумела, усё робiць сам. Драўляныя часткi — з чачоту (карэльскай бярозы). Але для таго, каб атрымаць гукi патрэбнай барвы, выкарыстоўвае i iншыя пароды дрэў (кожная з iх па-свойму рэзануе). Вельмi падабаецца яму лiпа. Лось пераважна шукае "перуновыя дрэвы" — якiя былi звалены маланкай альбо збiтыя бурай. За ўвесь час зрабiў больш чым тры дзясяткi дудаў i многiх навучыў граць.

— Калi дуда добра зроблена, то будзе мець адметнае гучанне i доўга служыць, — перакананы Лось. Я не працую як мануфактура, таму магу скончыць працу за месяц, а магу i год шчыраваць. Калi праца не iдзе, то я адкладваю яе ўбок. Практычна ўсе матэрыялы для вырабу iнструментаў толькi сам нарыхтоўваю. Вы, напрыклад, ведаеце, што iснуюць пяць сакральных дрэваў, якiя маюць душу?

— Першы раз чую...

— Вось, а мiж тым да такiх нашы продкi залiчвалi бярозу, клён, дуб, лiпу i вярбу. У многiх алфавiтах лiтары маюць зашыфраванае пасланне наконт таго, як дрэвы злучаюць неба i зямлю. Гэта толькi здаецца, што ўсё проста: дрэвы — толькi "кавалак драўнiны", а насамрэч яны надзелены магiчнай сiлай i ўздзейнiчаюць на чалавека. Кожны з нас, дарэчы, гэта падсвядома адчувае, толькi як след асэнсаваць не можа.

Па слядах ледавiка

Месца, дзе жыве Алесь Лось, называюць Барок. Яно i не дзiўна — адразу можна заўважыць, што не так даўно людзi адваявалi гэты лапiк зямлi ў лесу. Дом стаiць на даволi высокiм пагорку, i з вокнаў вiдаць залiўны луг — Гумбаўка. З балцкай гэта перакладаецца як "паўвостраў" цi "выступ". У даўнiя часы тут рухаўся ледавiк i ў гэтых мясцiнах ён як быццам "агарнуў" пэўную тэрыторыю. Атрымалася, што такiм чынам захавалiся рэдкiя раслiны, iх магчыма сустрэць i сёння. Сапраўды ўнiкальны куток, нездарма iм зацiкавiлiся навукоўцы. Падчас паводкi лужок Гумбаўка хаваецца пад вадой — толькi галiнкi дрэў тырчаць. Рэчка Яршоўка разлiваецца шырока. Проста казачныя мясцiны!

Гаспадар Барка кажа, што i цяпер ранiцой нярэдка казулi i аленi на Гумбаўцы пасвяцца. Але жывёлы ўжо не столькi, як нават пасля Вялiкай Айчыннай заставалася, калi сюды часта Якуб Колас прыязджаў. Пясняр сябраваў з Мiхалам Цiшковiчам, тут працаваў над сваiмi творамi. Захаваўся нават дубовы стол, за якiм пiсаў Колас. Тутэйшыя землi адметныя i тым, што тут спрадвеку шляхта сялiлася. Шмат годных людзей засталося i дасюль. Акрамя дудаў Алесь Лось таксама займаецца вырабам такога цiкавага i, на жаль, цяпер забытага iнструмента, як лiра. Адпаведны музычны жанр звязаны яшчэ з дахрысцiянскiмi часамi. Лiрнiкi — гэта былi чараўнiкi, якiя не толькi гралi, але i варажылi, напрыклад, па палёце птушак. У Беларусi калiсьцi былi цэлыя вёскi, якiя лiрамi займалiся. Былi i вандроўныя групы лiрнiкаў, дарэчы, даволi вялiкiя — па 20—50 чалавек. Гэтыя музыкi займалiся справай прафесiйна, нават падаткi дзяржаве з заробкаў плацiлi. У iх была i свая мова, якую iншыя не маглi зразумець. Лiрнiк, Старац, Дзед сляпы, Кабзар — так называлi тых, хто вандраваў з лiраю i спяваў. Гэтых музыкаў вельмi паважалi i шанавалi. Паўсюль яны былi жаданымi гасцямi. У кожнай хаце, нават невялiкага дабрабыту, заўсёды быў запас ежы "на старцаву дольку". Да пачатку мiнулага стагоддзя засявалася палоска жыта для Дзядоў. Яшчэ ў 1945—1946 гадах лiрнiк граў i спяваў на Камароўскiм рынку ў Мiнску. Нават пазней музыкаў можна было сустрэць на Пiншчыне.

— Некалi ў дзяржаўным музеi гiсторыi была вельмi цiкавая зала народных iнструментаў, — узгадвае Алесь Лось. — Там захоўвалася лiра, якая была зроблена з дубу. Можна зразумець такi выбар, бо дуб — дрэва Перуна. Аднак я раблю лiры па старадаўнiх канонах: "плечы" — з авору (клёну), "грудзi" — з елкi. Здараецца выкарыстоўваю каштоўныя пароды дрэва для аздаблення.

Цяпер Алесь робiць чарговую лiру — iнструмент ужо набыў сваю форму i праз пэўны час набудзе непаўторнае гучанне. Пакуль жа ў вольны час майстар любiць пайграць на дудзе. Здараецца, праводзiць майстар-класы па вырабе народных iнструментаў для сваiх гасцей, якiя прыязджаюць да яго на сядзiбу. Спецыяльных умоў для размяшчэння турыстаў Алесь не ствараў: у Барок iмкнуцца патрапiць людзi, якiя выбiраюць актыўны адпачынак. Яны начуюць у намётах i палатках, вучацца выжываць у даволi экстрэмальных умовах. Магчыма, толькi такiм чынам i можна рэальна вярнуцца ў слынную мiнуўшчыну, дакрануцца да сваiх каранёў. Толькi шкада, што такiх месцаў застаецца ўсё менш.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Валожынскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алесь Лось — асоба вядомая. I не толькi на Валожыншчыне, дзе ён апошнiм часам абуладкаваўся, i па ўсёй Беларусi, але i далёка за межамi нашай краiны. Алесь заўжды ў руху: асвойвае новае, займаецца творчасцю — карацей кажучы, нiколi не сядзiць на месцы. Цяпер жыве практычна ў лесе — да яго сядзiбы можа дабрацца толькi чалавек дасведчаны. З добрай асфальтавай магiстралi паварочваем на пракладзеную ў гушчары дарогу i праз хвiлiн дзесяць — ужо на месцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика