Жыццядайнае дрэва. 21.by

Жыццядайнае дрэва

13.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калi казаць пра якi добры набытак ад у многiм разбуральных сацыяльных перамен, якiя адбылiся ў апошнiя пару дзесяцiгоддзяў, дык гэта тое, што мы пачалi больш уважлiва ўглядвацца ў сваё мiнулае, даражыць iм. I не толькi ў грамадскiм, але i ў асабiстым жыццi. У прыватнасцi, цiкавiцца гiсторыяй сваёй сям'i, лёсам продкаў. Многiя пачалi па галiнцы вымалёўваць сваё генеалагiчнае дрэва. Для беларусаў гэта асаблiва важна. Падчас свята памiнання продкаў мы ж спакон веку склiкалi за шчодра накрыты стол на сямейную бяседу i памерлых дзядоў, прыгаворваючы: "Дзяды, дзяды, хадзiце сюды!.." А якiя дзяды, як звярнуцца да iх па iменi? Помнiм дзеда, у лепшым выпадку — i прадзеда, а далей ланцужок абрываецца...

У савецкiя гады не прынята было асаблiва засведчваць сваю адметнасць, у тым лiку i праз гiстарычныя постацi продкаў. Зусiм недарэчы было дазнавацца, што некаторыя з iх, як высвятлялася, не рабоча-сялянскага паходжання. Цанiлiся ж роўнасць, шараговасць. Цяпер iнакш. Многiя iмкнуцца як мага больш дазнацца пра свой радавод. Каб аж да пятага калена, як было прынята ў шляхетных людзей Вялiкага Княства Лiтоўскага...

Але не ўсе ведаюць, як гэта зрабiць, куды звяртацца.

Дакументы, якiя ўтрымлiваюць звесткi аб паходжаннi ў мiнулыя гады жыхароў нашай краiны, захоўваюцца ў Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi. На iх падставе i праводзяцца генеалагiчныя даследаваннi. Архiў знаходзiцца ў Мiнску па адрасе: вул. Крапоткiна, 55, паштовы iндэкс 220002.

Для правядзення генеалагiчнага даследавання трэба звяртацца з заявай на iмя дырэктара гэтай установы. У заяве вы павiнны паведамiць сваё прозвiшча i iнiцыялы, грамадзянства i адрас заўсёднага месца жыхарства, сутнасць запыту, гарантыi аплаты паслугi. Так, яна платная.

  Каб архiвiсты паспяхова правялi генеалагiчнае даследаванне, у сваiм лiсце вы павiнны пералiчыць усiх вядомых членаў сваёй сям'i, месцы iх нараджэння i пражывання (з указаннем пры магчымасцi сучаснага цi гiстарычнага адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення), прыблiзныя гады нараджэння, смерцi. Вельмi добра будзе паведамiць i iх веравызнанне (праваслаўны, католiк, iўдзей, лютэранiн...). Добра б ведаць i саслоўе цi род заняткаў вашых продкаў (шляхта, сяляне, купцы, мяшчане...). Павiнен папярэдзiць чытачоў: калi не захавалiся метрычныя кнiгi, "рэвiзскiя сказкi" (перапiс) ды iншыя дакументы, якiя ўтрымлiваюць звесткi генеалагiчнага характару, на ваш запыт адказаць будзе немагчыма. I не па вiне архiвiстаў, а па, як кажуць, аб'ектыўных прычынах (хоць гэта i зацёртае выслоўе, але ў нашым выпадку вельмi дакладнае).

Цяпер больш падрабязна пра аплату паслуг архiвiстаў. Не трэба дзiвiцца з таго, што, напрыклад, за архiўную даведку аб заробку для налiчэння пенсii плату не патрабуюць, а за генеалагiчныя росшукi — поўнай мерай. Складанне вашага радаводнага дрэва — гэта ўсё ж глыбока асабiстая, прыватная патрэба, на якую не прадугледжаны дзяржаўныя выдаткi. А высiлкi ж архiвiстаў пры гэтым вялiкiя — даводзiцца перагортваць безлiч дакументаў, даўнейшых i найдаўнейшых гадоў, суадносiць iх, аналiзаваць, завязваць вузельчыкi адноўленых роднасных дачыненняў... Таму супрацоўнiкi Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi i вымушаны браць прадугледжаную прэйскурантам плату. I прытым пэўную суму, а дакладна 230 800 рублёў трэба выплацiць папярэдне, бо толькi тады будзе распачата даследаванне. А канчаткова цана паслугi можа перавысіць 1 млн рублёў, у залежнасцi ад аб'ёму выяўленай iнфармацыi. Улiчваюцца таксама працоўныя затраты на гэты пошук.

ле што тыя грошы, калi вы ў рэшце рэшт адчуеце сябе не сiратлiвай быльнёжынай на выстылым полi жыцця, а пругкай галiнай на кашлатай кроне магутнага, з учэпiстымi каранямi ў роднай зямлi дрэва!

Для тых, хто карыстаецца камп'ютарам, назаву сайт Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi: www.niab.belhost.by.

А вось вам для азнаямлення ўзор заявы ў архiў:

"Дырэктару Нацыянальнага

гiстарычнага архiва Беларусi

Галубовiч А.К.

Каспяровiча Пятра Iванавiча

220023, Мiнск, вул. ..., дом ..., кв...

ЗАЯВА

Прашу правесцi даследаванне па гiсторыi маёй сям'i. Мой прадзед Каспяровiч Франц Iгнатавiч, католiк, нарадзiўся ў 1869 г. у засценку Дамброва Барысаўскага павета, валодаў 25 дзес. зямлi. У 1895 г. ён узяў шлюб з Нехвядовiч Марыяй Мiкалаеўнай, праваслаўнай, нарадзiлася прыблiзна ў 1871—1883 гг. у вёсцы Горна (цяпер — вёска Плешчанiцкага р-на Мiнскай вобл.). У iх былi дзецi: Антон (нарадз. у 1896 г., мой дзед), Iван (нарадз. у 1897 г.), Марыя (нарадз. у 1899 г.), Iгнат (нарадз. у 1901 г.). Франц служыў леснiком у мясцовага пана Прушынскага. У прадзеда быў брат Аляксандр, якi ў пачатку ХХ ст. з'ехаў у Амерыку зарабiць грошай... (i далей — вядомыя вам звесткi аб продках да 1917 г. у тым лiку).

Аплату гарантую.

Дата Подпiс"

Майце на ўвазе: ваша генеалагiчнае дрэва тады будзе мець больш разгалiстую крону, калi вы першапачаткова як мага больш поўнымi звесткамi забяспечыце архiвiстаў. Тут важная кожная драбнiца. Калi ёсць магчымасць, згадвайце iмёны братоў i сясцёр свайго дзеда (бабулi), даты iх нараджэння цi смерцi i ўзрост на той час. Нi адзiн штрых не лiшнi. Калi захавалiся якiя паданнi аб паходжаннi роду, дык дашлiце i iх. А самае галоўнае, не забывайце распытваць пра гэтыя "драбнiцы" родных, сваiх пажылых бацькоў, пакуль не позна. Вось жа праўду сказаў паэт: трэба дома бываць часцей!

А яшчэ, каб вы ведалi, можна i самастойна заняцца даследаваннем свайго радаводу. Для гэтага, зноў жа, трэба напiсаць заяву на iмя дырэктара Нацыянальнага гiстарычнага архiва, паведамiць некаторыя звесткi пра родных, iх повязi памiж сабой, якiя вы хочаце больш дакладна прасачыць. Архiвiсты паспрабуюць падабраць адпаведныя дакументы. З iмi вы i зможаце папрацаваць у чытальнай зале архiва. Але пры строгiм захаваннi адпаведных правiлаў. З iмi вас пазнаёмяць.

Але ж для такой даследнiцкай работы патрэбны час ды i пэўная падрыхтоўка, дасведчанасць...

к, напрыклад, у супрацоўнiцы Занальнага дзяржархiва ў Глыбокiм Вiцебскай вобласцi Валянцiны Хайноўскай. На пачатку гэтага года, калi я па службовых справах наведваў гэты архiў, у адным з кабiнетаў мiжволi звярнуў увагу на зроблены каляровымi алоўкамi вялiкi малюнак на сцяне. Падышоў, каб лепш разгледзець старанна прамаляваныя лiсточкi вялiзнага дрэва, а галоўнае — прачытаць прозвiшчы на роўных радах шыльдачак-медальёнаў), якiя акуратна абвiвалi шматлiкiя галiны радаводнага дрэва Дзям'янчыкаў. Што на аркушы ўвасоблена разгалiнаванне мiнавiта гэтага роду, сведчыў надпiс над малюнкам. У самым нiзе, у каранях магутнага дрэва, месцiлася шыльдачка з надпiсам "Iван Пятровiч Дзям'янчык". Год ягонага нараджэння я прачытаў з замiраннем сэрца: 1829! Можна сказаць, акiянская глыбiня часу!

Здавалася, пастой колькi хвiлiн перад малюнкам — i дрэва Дзям'янчыкаў адгукнецца шолахам лiсця. Але гэта можна было ўявiць, а насамрэч адгукнулася адна "лiсцiнка" — прапраўнучка Iвана Дзям'янчыка Валянцiна Хайноўская, яе працоўны стол стаяў тут жа, у гэтым кабiнеце Занальнага дзяржархiва ў Глыбокiм. Яна i склала гэты радавод па матчынай лiнii, i натхнёна намалявала сваё жыццядайнае дрэва ды прымацавала малюнак на ўсеагульны агляд: яшчэ б, ёсць чым ганарыцца! А да таго ж натхняе ў працы.

Часу пагаманiць асаблiва не было, i я папрасiў Валянцiну Анатольеўну даслаць мне ў Вiцебск расповед пра свой радавод, бо ўжо замыслiў артыкул на генеалагiчную тэму, дык адразу наважыўся скарыстаць удалы прыклад. Яна паабяцала.

Але i праз месяц, i праз два нiякага допiсу не было. Я ўжо пачаў турбавацца, надумаў нават патэлефанаваць у Глыбокае, але цi не на наступны дзень мне перадалi папяровы скрутак. Калi разгарнуў яго, дык убачыў акурат такi ж малюнак, як у кабiнеце Валянцiны Анатольеўны. А ў дадатак быў яшчэ i допiс пра яе генеалагiчныя росшукi. Мне адных iх было б дастаткова, але ж абмежаванне толькi лiстом, вiдаць, надта звузiла б праяву пачуццяў маёй аўтаркi. Я зразумеў: для Валянцiны Анатольеўны вялiкая асалода вымалёўваць сваё радаводнае дрэва ў драбнiцах, калi паказваць яго каму, дык у поўным квiтненнi, у вiдарыснай пераканаўчасцi, а не толькi на словах. Я ўспрыняў гэта як знак асаблiвага даверу i павагi.

Род Дзям'янчыкаў заснаваны вясковымi руплiўцамi, нястомнымi земляробамi. Людзьмi небагатымi, але чуллiвымi i добразычлiвымi. На радаводным дрэве я налiчыў 85 "акенцаў", з якiх для Валянцiны Анатольеўны льецца i льецца гаючае святло. Душы людскiя неўмiручыя, нязгасныя, асаблiва, калi пра iх помняць. А як цешыць, натхняе жывых непарыўная повязь з роднымi!

Уявiце сабе, Валянцiна Хайноўская ведае ўнучкаў сваiх траюрадных сястры Святланы i брата Сяргея. Гэтыя ўнучкi — самыя верхнiя галiначкi радаводнага дрэва. Год нараджэння 2006-ы. Абое хлопчыкi i — дзiва! — абоiх назвалi Кiрыламi. Як высока ўзнялiся яны над каранёвай асновай Iвана Пятровiча Дзям'янчыка! Жыццё неўтаймоўнае ў сваiм вертыкальным памкненнi.

Дзякуючы старанна ўзвышанаму радаводнаму дрэву, Валянцiна Анатольеўна, у адрозненне ад многiх з нас, нiколi не скажа пра сваю радню "сёмая вада на кiсялi", у яе ўсе па "галiначках" ды па "лiсточках"...

Цiкавая гiсторыя складання свайго радаводу Валянцiнай Хайноўскай. У дзiцячыя гады яна даволi працяглы час жыла ў дзядулi па матчынай лiнii Iвана Iгнатавiча Дзям'янчыка ў вёсцы Хацiлаўцы Глыбоцкага раёна. Ён быў вiдным чалавекам, добра пiсьменным, паважаным вяскоўцамi. У свой час працаваў брыгадзiрам. Заўсёды ўсцешваў унучку Валю сваёй прыхiльнасцю i пяшчотай. Iван Iгнатавiч здавён пачаў запiсваць кароценькiя звесткi пра сваю радню. Калi не было годнай паперы, перад вайной, ды i ў пасляваенную нiшчымнiцу, рабiў запiсы на адваротным баку ладнага кавалка шпалераў. Асаблiвых цяжкасцяў вось так самачынна скласцi радавод у дзядулi не было, бо ўсе Дзям'янчыкi ў асноўным асядалi ў вёсцы Хацiлаўцы — дзе нарадзiлiся, там i прыгадзiлiся, як кажуць.

Калi знясiлены апошняй хваробай Iван Iгнатавiч ляжаў на Божым ложку, ён паклiкаў да сябе юную Валянцiну, якая ў выхадны прыехала праведаць дзеда, i перадаў ёй, улюбёнай унучцы, iконку ды той самы кавалак шпалераў з радаводнымi запiсамi i даў наказ, каб берагла. Праз пару дзён любiмы дзядуля адышоў у лепшы свет. Дарагi дарунак стаў i блаславеннем, i своеасаблiвым наказам для Валянцiны падоўжыць складанне радаводнага дрэва.

I сваiм часам яна разгарнула на стале той кавалак шпалераў, каб ужо не проста перачытаць дзедавы запiсы, але i ўдакладнiць iх, а потым дапоўнiць. Перад гэтым Валянцiна Анатольеўна добра начыталася пра навуку генеалогiю, яе гiстарычнае паходжанне, пра розныя метады складання радаводных дрэў — каб не па-дылетанску ўзяцца за справу. Да таго часу яна ўжо працавала ў архiве.

Валянцiна Анатольеўна ўзялася вывучаць пагаспадарчыя кнiгi Мамайскага (цяпер Азерацкi) сельсавета, на тэрыторыi якога знаходзiлася вёска Хацiлаўцы. Напачатку праверыла запiсы дзеда i здзiвiлася i ўсцешылася адначасова: Iван Iгнатавiч не зрабiў нiводнай памылкi ў запiсах дзён народзiнаў i смерцi сваёй шматлiкай раднi.

А потым Валянцiна Анатольеўна падоўжыла дзедаў "летапiс". Цяжэй было з вызначэннем дакладных звестак пра радню чацвёртага калена, бо яна ўжо раз'ехалася з Хацiлаўцаў у iншыя мясцiны. Давялося сёе-тое высвятляць па тэлефоне, пiсаць лiсты ў розныя арганiзацыi ды ўстановы. На гэта было аддадзена тры гады. У 2006-м Валянцiна Хайноўская намалявала самыя вершалiнныя галiнкi свайго дрэва. I, вядома, яе душу агарнула вялiкая радасць ад завяршэння такой пачэснай працы. Са светлым настроем згадала яна дзядулю Iвана. Са светлым настроем i лёгкiм сэрцам — высакародная справа была падоўжана!

Апроч усяго, генеалагiчныя даследаваннi прыемныя тым, што яны не маюць завяршэння, як i само жыццё. Над самымi верхнiмi галiнкамi разгалiстага дрэва ўзвысяцца новыя, за iмi — яшчэ i яшчэ. Радавы рост i ўзвышэнне!

А тым часам узрастае i наступны прадаўжальнiк летапiсу роду Дзям'янчыкаў. Яго медальён на генеалагiчным дрэве месцiцца ў перадапошнiм верхнiм радзе: "Сяргей Хайноўскi 1991 года нараджэння". Сёлета сын Валянцiны Анатольеўны паступiў на факультэт гiсторыi Беларускага педунiверсiтэта iмя Максiма Танка. Спецыяльнасць вельмi спрыяльная для генеалагiчных даследаванняў.

Прызнаюся, я з натхненнем пiсаў пра стварэнне сямейнага дрэва роду Дзям'янчыкаў, пра дзейных асобаў, якiя складалi яго галiнка да галiнкi. Гэты прыклад вучыць: i мы, людзi простага звання, а не толькi бароны ды графы, можам скласцi свой паўнавартасны радавод са шматлiкiмi адгалiнаваннямi, з непаўторнымi лёсамi блiзкiх людзей...

яшчэ, павучае нас досвед Валянцiны Хайноўскай, вельмi важна мець дастаткова поўную папярэднюю iнфармацыю пра сваiх суродзiчаў, каб на яе падставе весцi, цi самiм, цi з дапамогай супрацоўнiкаў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi, далейшыя генеалагiчныя росшукi, даследаваннi. Добра, калi ў вашай сям'i знойдзецца такi чалавек, як Iван Iгнатавiч Дзям'янчык, але ж гэта зусiм не гарантавана. Так што, як я ўжо раiў, параспытвайце самi бацькоў ды дзядоў, iншую радню пра свой род ды занатуйце iх звесткi. Каб не забыць.

Так заведзена, што ўсе мы з гадамi сiрацеем на гэтым свеце, робiмся самотнымi i няўсцешнымi. А калi яшчэ i бяспамятнымi, дык усё адно як i не жылi на зямлi.

Сяргей Рублеўскi,

загадчык аддзела па архiвах i справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыi Вiцебскага аблвыканкама.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi казаць пра якi добры набытак ад у многiм разбуральных сацыяльных перамен, якiя адбылiся ў апошнiя пару дзесяцiгоддзяў, дык гэта тое, што мы пачалi больш уважлiва ўглядвацца ў сваё мiнулае, даражыць iм. I не толькi ў грамадскiм, але i ў асабiстым жыццi. У прыватнасцi, цiкавiцца гiсторыяй сваёй сям'i, лёсам продкаў. Многiя пачалi па галiнцы вымалёўваць сваё генеалагiчнае дрэва. Для беларусаў гэта асаблiва важна. Падчас свята памiнання продкаў мы ж спакон веку склiкалi за шчодра накрыты стол на сямейную бяседу i памерлых дзядоў, прыгаворваючы: "Дзяды, дзяды, хадзiце сюды!.." А якiя дзяды, як звярнуцца да iх па iменi? Помнiм дзеда, у лепшым выпадку — i прадзеда, а далей ланцужок абрываецца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика