Самалёт стукнуўся носам, быў воплеск, потым зарыва...
28.10.2009
—
Новости Общества
|
— Ужо ўсе спаць палеглі, як па вёсцы паехалi адна за адной машыны — пажарныя, мiлiцыя, — паказвае на дарогу ўздоўж вёскi жыхар Пяцiгодкi дзед Мiкалай. — Едзь па гравiйцы ў бок лесу, абломкi ляжаць там. Нашы мужыкi ранiцай бегалi глядзець, дык нiкога блiзка не падпускаюць. — Быў воплеск, потым зарыва, — нiбы баючыся, распавядаюць мясцовыя жыхаркi Таццяна Аляксандраўна i Соф'я Васiльеўна. — Моцна гарэла. Кажуць, нейкiя крутыя ў тым самалёце ляцелi. Ды Бог не збярог, вiдаць, суджана так было. Апошнi раз самалёт недалёка тут разбiўся, у 85-м годзе. Думалi, такога на сваiм вяку ўжо не пабачым... Ранiцай у аўторак месца крушэння самалёта бiзнэс-класа ВАЕ-125-800 Hawker было ачэпленая чырвонай стужкай. Следства распачалося яшчэ ўначы, i супрацоўнiкi праваахоўных органаў непакоiлiся, што цiкаўныя мясцовыя жыхары могуць выпадкова нешта перайначыць на месцы здарэння. А ачэпленая тэрыторыя выглядала страшна, хоць трупы вывезлi ў першыя гадзiны пасля здарэння. Нават ранiцай у лесе чуўся едкi пах газы, кавалкi абшыўкi былi дагэтуль раскiданыя ў радыусе метраў двухсот, а дзесьцi часткi самалёта ляжалi скамечанай грудаю. Побач з чырвонай стужкай ачаплення ляжала адарванае кола, амаль цэлае. Ля кола — стылёвы скураны чаравiк зялёнага колеру, якi, вiдаць, належаў аднаму з загiнулых. Побач — шыкоўнае скураное крэсла: усё ж такi самалёт лiчыўся лепшым суднам у Расii для бiзнэс-пералётаў, самалётам для "вiпаў". І тут такая нечаканая катастрофа... — Прабачце, здымаць забаронена, пакуль не прыедзе намеснiк транспартнага пракурора, — папярэдзiў мяне маёр Лобан з аддзела ўнутраных спраў на паветраным транспарце. — Усе, хто працаваў тут уначы, паехалi адпачываць. Таму непасрэдных вiдавочцаў трагедыi вы наўрад цi знойдзеце. Аднак працаваць ля ачэпленай тэрыторыi засталiся i людзi з начной змены. — Гэта страшна, трупы ляжалi прама тут, цэлыя, не разарваныя, — расказвае супрацоўнiк аховы "Нацыянальнага аэрапорта", якi папрасiў не называць свайго iмя. — Прыехалi журналiсты з тэлекамерамi, махалi тут акрэдытацыямi, па трупах амаль хадзiлi... — Пажарных машын было штук сорак, праехаць немагчыма было, "Хуткiх дапамог" прыехала каля 12, — узгадвае яшчэ адзiн вiдавочца, афiцэр аддзела ўнутраных спраў Смалявiцкага раёна Генадзь Прусаў. — Супрацоўнiкi МНС прыбылi на месца вельмi аператыўна, вельмi хутка ўсё патушылi. Пагадзiўся размаўляць на ўмовах ананiмнасцi яшчэ адзiн мiлiцыянер. — Надвор'е было хоць вока выкалi. Вiдаць, з-за дрэннай бачнасцi яго i зачапiла за дрэвы, — паказвае супрацоўнiк мiлiцыi ў неба. — Дрэвы тут вышынёй з дзевяцiпавярховы дом. Самалёт звалiўся носам. Зямля была, як пух, гарачая. Калi б было лета, лес бы ўвесь згарэў. Самалёт ВАЕ-125-800 Hawker лiчыцца адным з самых бяспечных у свеце. Умовы надвор'я, у якiх судна прызямлiлася, былi прымальнымi. Ды i камандзiр экiпажа, 51-гадовы Аляксандр Самойлаў, налятаў за сваю кар'еру каля 11 900 гадзiн. Надзвычай спрактыкаваны пiлот. У самалёта самыя сучасныя характарыстыкi. Толькi хуткасць палёту яго — каля 800 км/г. Сiстэма бяспекi таксама па самых высокiх мiжнародных стандартах. Прычыны падзення самалёта застаюцца таямнiцай, раскрываць якую будзе камiсiя з прадстаўнiкоў Беларусi, Расii i амерыкана-брытанскай кампанii, якая выпусцiла самалёт. Па злоснай iронii лёсу загiнулы бiзнэсмен Марат Рамашкiн з'яўляецца прэзiдэнтам авiякампанii "Эс-Эйр", якой належаў самалёт ВАЕ-125-800 Hawker. Па факце падзення самалёта заведзена крымiнальная справа па частцы 3 артыкула 314 Крымiнальнага кодэкса ("Парушэнне правiлаў бяспекi руху альбо эксплуатацыi чыгуначнага, паветранага альбо воднага транспарту")."Звязда" будзе сачыць за падрабязнасцямi расследавання падзення самалёта. Хто ляцеў у трагiчным самалёце?Пасажыраў было толькi два: прэзiдэнт авiякампанii "Эс-Эйр" Марат Рамашкiн i яго сябар Павел Малышаў. Абодва ляцелi наведаць новае мiнскае казiно, якое адкрыла расiйская кампанiя "Шангры Ла". Камандзiр экiпажа — Аляксандр Самойлаў. Памочнiк камандзiра — Сяргей Снiмчыкоў. Бортправаднiца — Алеся Латуцiна. "Звязда" выказвае спачуваннi сем'ям трагiчна загiнулых расiян. ХРОНIКА ТРАГЕДЫIПанядзелак, 20.06 (па беларускiм часе) — самалёт вылецеў з аэрапорта "Унукава". 21.14 — пiлот выйшаў на сувязь з беларускiм дыспетчарам. Дырэктар дэпартамента па авiяцыi Мiнiстэрства транспарту Беларусi Вадзiм Мельнiк паведамiў, што самалёт iшоў правей патрэбнага курсу. Судну не дазволiлi прызямлiцца i адправiлi на другое кола. 21.35 — самалёт знiк з радараў. Да гэтага судна па невядомых прычынах ссунулася лявей патрэбнага курсу. Жыхары вёскi Пяцiгодка пачулi воплеск. Апошняя падобная трагедыя здарылася ў Беларусi 24 гады таму — у 1985 годзе. У самалёта ТУ-134, што ляцеў з Мiнска ў Ленiнград, адвалiлася хваставая частка. Загiнула каля чатырох дзясяткаў чалавек. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Ужо ўсе спаць палеглі, як па вёсцы паехалi адна за адной машыны — пажарныя, мiлiцыя, — паказвае на дарогу ўздоўж вёскi жыхар Пяцiгодкi дзед Мiкалай. — Едзь па гравiйцы ў бок лесу, абломкi ляжаць там. Нашы мужыкi ранiцай бегалi глядзець, дык нiкога блiзка не падпускаюць. — Быў воплеск, потым зарыва, — нiбы баючыся, распавядаюць мясцовыя жыхаркi Таццяна Аляксандраўна i Соф'я Васiльеўна. — Моцна гарэла. Кажуць, нейкiя крутыя ў тым самалёце ляцелi. Ды Бог не збярог, вiдаць, суджана так было. Апошнi раз самалёт недалёка тут разбiўся, у 85-м годзе. Думалi, такога на сваiм вяку ўжо не пабачым...
|
|