Вячэра на графскіх развалінах. Ці лёгка пабудаваць свой сённяшні дзень на гістарычным падмурку?
03.11.2009
—
Новости Общества
|
03.11.2009
Лепшыя аграсядзібы Магілёўскай вобласці былі вызначаны падчас нядаўняга фестывалю “Залахвенскі фэст” у вёсцы Залахвенне Быхаўскага раёна. Першай у намінацыі “Стыль і гармонія” стала сядзіба “Ізабэла” ў пасёлку імя Леніна Бабруйскага раёна. Пэўна, быць не падобнай да іншых гаспадыню “Ізабэлы” Тамару Сідаровіч абавязвае само становішча. Пасёлак імя Леніна некалі ўваходзіў у склад маёнтка Дурынічы — родавага гнязда Забэлаў. Прадстаўнікі гэтай фаміліі былі вядомымі і паважанымі людзьмі ў Вялікім княстве Літоўскім, з XVІІ стагоддзя валодалі графскім тытулам. У Бабруйскім павеце жылі прадстаўнікі кашталянскай лініі роду Забэлаў, параднёнага са знакамітымі магнацкімі кланамі Радзівілаў, Завішаў, Незабытоўскіх. Заснавальнікам лініі быў Шымон Забэла, апошні кашталян мінскі, сын Антонія, вялікага лоўчага літоўскага, маршалка ковенскага, генерал-лейтэнанта войск Вялікага княства Літоўскага. “Ізабэла” ўзведзена на падмурку графскага дома і, як магнітам, прыцягвае гасцей, якія ўмеюць слухаць аповед камянёў. — Узвялі дом у 1996-м, — кажа гаспадыня. — Муж вайсковец, таму ўсё жыццё сям’я тулялася па чужых кутках. На гэтым падмурку я дала, урэшце, волю свайму пачуццю гігантызму. Думалі з мужам, што будуем гасцініцу, каб было чым займацца на пенсіі — энергіі ў абодвух было шмат. У 2003 годзе я выпадкова прачытала артыкул Валерыі Кліцуновай, у якім яна заклікала ўладальнікаў сядзіб паспрабаваць сябе ў агратурызме. Сфатаграфавала дом, адвезла ў Мінск альбом і стала сямнаццатай па ліку гаспадыняй аграсядзібы ў краіне: сем пакояў, банкетная зала, лазня з пахам свежага дрэва і возера побач чакалі гасцей.Свайго першага кліента Тамара Сідаровіч запомніла на ўсё жыццё: гэта было вяселле на 17 персон. Малады падняўся на другі паверх, потым стаў гучна і абурана клікаць гаспадыню: “Там муха!”. Кузурку выгналі. Стаць сямнаццатай па ліку было нашмат прасцей, чым адной з першых па ўзроўню гасціннасці. Але суразмоўца не робіць са свайго бізнесу камерцыйнай тайны:— Імкнёмся працаваць на аўтарытэт: не сквапіцца, паляпшаць тое, што ўжо ёсць. Амаль увесь прыбытак укладваем у дом. Год таму назад перакрылі дах — у 90-х з будматэрыяламі было цяжка, рабілі з таго, што было. Зараз хочам зрабіць на сядзібе маленькае возера. У мяне такая натура: калі зранку намячаю сабе шмат працы, толькі тады адчуваю, што жыву. І не шкадую фантазіі для ўдасканалення нашай кулінарнай праграмы, гляджу шоу Барыса Бурды і запісваю ўсё, што падабаецца. Перш чым прапанаваць гасцям, абавязкова каштуем новую страву самі. Часам яе ўдасканальваем.— Я пражыла жыццё ў горадзе, але двухпакаёвая кватэра ў цэнтры Бабруйска зараз стаіць пустая, — працягвае суразмоўца. — Няма чаго там рабіць — хіба што сядзець і чакаць, пакуль прыйдзе старая з касой. А сюды яна калі і дабярэцца, то не заспее мяне дома: я то ў грыбах, то яшчэ некуды збяруся. Шмат цікавых гасцей прыязджае ў “Ізабэлу”, сярод пастаянных кліентаў ёсць вядомы мануальны тэрапеўт і вучоны-ядзершчык. З некаторымі гутарым да раніцы, яны расказваюць вельмі цікавыя рэчы. Сакрэты кухні ад Тамары Сідаровіч выглядаюць прыкладна так:— Каронная страва “Ізабэлы” — фарэль па-царску. Па першапачатковым рэцэпце трэба было пакласці на рондаль нацёртую бульбу, потым кавалкі рыбіны, пасыпаць спецыямі і цвёрдым сырам, крыху змазаць маянэзам і запячы ў духоўцы. Мы паспрабавалі — атрымліваецца непрыгожа, бульбяная маса расцякаецца. Сталі смажыць вялікія дранікі, на іх класці рыбу — надзвычай смачная страва выйшла.Калдуны звычайна тушаць у каструлі, яны часам распаўзаюцца і губляюць апетытны выгляд. Мы іх абсмажваем, кладзём на рондаль — і ў духоўку. Вельмі прыгожа!Карпа мы гатуем у шубцы — абгортваем капусным лісцем, дадаём да стравы тархун, базілік, арэгана. Незвычайныя для Беларусі травы прывёз з Арменіі зяць, зараз яны растуць на маім агародзе побач з кропам, пятрушкай, маладой цыбуляй. Нашым гасцям падабаюцца шашлыкі з вялікай колькасцю рознай зеляніны. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лепшыя аграсядзібы Магілёўскай вобласці былі вызначаны падчас нядаўняга фестывалю “Залахвенскі фэст” у вёсцы Залахвенне Быхаўскага раёна.
|
|