Каменная таямнiца. 21.by

Каменная таямнiца

04.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

                                                                                                                                                                                                                Глыбiнка

   

Храязнаўцы даследавалi старажытныя камянi, якiя месцяцца ў лесе каля вёскi Заазер'е Бялынiцкага раёна. Што ж такое насамрэч мясцовы "стоўнхэндж" — дахрысцiянскае капiшча альбо старажытны некропаль?

Даследаванне камянёў адбылося на краязнаўчых чытаннях, арганiзаваных Асацыяцыяй малых мястэчак Магiлёўшчыны. Пяць гадоў таму грамадскую iнiцыятыву стварылi краязнаўцы-аматары, якiя жывуць i працуюць у правiнцыi, цiкавяцца гiсторыяй роднага краю, раскрываюць яго таямнiцы.

Цяперашнiя чытаннi, пятыя па лiку, адбылiся ў Эсьмонах — цэнтры старажытнага краю, багатым на помнiкi гiсторыi, паданнi i загадкi.

Адну з гэтых загадак называюць цяпер на Бялынiччыне Крыжамi. Хоць, уласна кажучы, размова iдзе пра адзiн вялiкi крыж i яшчэ з паўсотнi валуноў побач.

Шэры каменны крыж у чалавечы рост стаiць у лесе каля дарогi. Ён — распасцёрты: нiбыта абдымае прастору i чалавека. Паўсферай ад крыжа — камянi з малюнкамi: крыж, чалавечак, стрэлка, трохкутнiк i гэтак далей.

— Тут сотак дзесяць проста ўсеяныя камянямi, на якiх розныя малюнкi i надпiсы, — паказвае краязнаўца i галоўны рэдактар Бялынiцкай раённай газеты "Зара над Друццю" Мiхась Карпечанка.

Дарэчы, знайшлi гэтыя незвычайныя камянi некалькi гадоў таму вучнi з Эсьмонскай школы, дзе праходзiлi краязнаўчыя чытаннi. Разам з настаўнiцай гiсторыi Таццянай Шастак удзельнiкi краязнаўчага гуртка ў паходзе прыселi адпачыць на валун i заўважылi крыж, якi ляжаў на зямлi. Потым яго ўсталявалi леснiкi, i таямнiчае месца атрымала вядомасць — прынамсi, у Магiлёўскай вобласцi.

Крыжы ўразiлi ўдзельнiкаў краязнаўчых чытанняў. У цэнтральным крыжы адным бачыўся воўк, iншым — галава каня, трэцiм — чалавечы твар. Яны правяралi на сабе ўздзеянне абдымкаў старажытнага крыжа: яно падалося нiбыта ачышчальным i нават гаючым, якое дае сiлы. Хоць мiстычнае пачуццё страху ад гэтага месца ўсё ж узнiкае, асаблiва ў прыцемкi.

— Самае цiкавае, што гэта глыбiнка Беларусi, — дзялiлiся сваiмi думкамi краязнаўцы каля каменнага крыжа. — Навокал — балоты, а дарога вядзе да возера Хотамле, якое тут называюць Святым. Ёсць такое меркаванне, што шлях "з вараг у грэкi" праходзiў менавiта тут, па рацэ Друць. Можа, шлях быў не адзiн? Можа, на цэнтральным перахоплiвалi i бралi ў рабства, i людзi шукалi абходныя шляхi?..

Уразiлi краязнаўцаў i малюнкi на валунах. Адзiн з iх — так званы "следавiк". На iм нiбыта адбiтак ступнi, магчыма — жанчыны:

— Мясцовыя жыхары гавораць пра гэты камень, што на яго Божая Мацi наступiла.

— А тут, паглядзiце, крыж крыжоў, альбо крыж багiнi Мажаны! Яго яшчэ называюць вогненным крыжам. На мой погляд, гэта зроблена яшчэ да хрысцiянства, а гэта значыць — гэтаму каменю болей за тысячу гадоў.

Мiхась Карпечанка таксама расказаў, што каля Заазер'я на скрыжаваннi дарог стаяў яшчэ адзiн каменны крыж, якi таямнiчым чынам знiк у 1990-я гады. Краязнавец лiчыць, што там магло быць капiшча багiнi Мажаны, бо непадалёк цячэ рэчка Можа i месцiлася вёска з падобнай назвай.

Шклоўскi краязнаўца Мiхаiл Кучарэнка ўпэўнены, што Крыжы трэба вывучаць i звязваць з беларускай мiфалогiяй. Аматар старажытных таямнiцаў з компасам у руках вызначаў, цi з'яўляюцца Крыжы капiшчам цi, iншымi словамi, дахрысцiянскiм свяцiлiшчам.

Тут было паганскае капiшча, — упэўнена заявiў ён. — Сваю методыку я раскрываць не хачу, але тут ёсць усе прыкметы культавага месца. Камянi тут не раскiданыя, а знаходзяцца ў пэўным парадку. Тут прасiлi ў бажаства ўдачы перад паходам цi бiтвай i рабiлi прынашэннi. Чалавек прыносiў, напрыклад, збожжа i мяса ў якасцi ахвяры, а зверху клаў камень. Мяркую, што калi б з тыдзень карпатлiва пашукаць на гэтай тэрыторыi, то можна было б знайсцi i гаршчок ад прынашэнняў, i бажаство (калi яно, натуральна, не было драўляным i не спарахнела ад часу), а таксама i алтар, няхай i разбураны.

Як жа тады патлумачыць вялiкi крыж над валунамi?

— Тут увогуле мешанiна з сiмвалаў ад трызубца да сярэднявечнага крыжа, i гэта наступства гiсторыi, — тлумачыць Мiхаiл Кучарэнка. — Вялiкi крыж як сiмвал хрысцiянства маглi ўсталяваць пазней, нiбыта як ён узяў верх над паганскiм капiшчам. Маўляў, месца гэта перад iдаламi намоленае, а крыж гэтую энергетыку павiнен быў ачысцiць. Такiм чынам асвяцiлi месца...

Але ўсё ж краязнаўцы мяркуюць, што пасля XIII стагоддзя, калi барацьба з паганствам завяршылася, для людзей тэрыторыя навокал крыжа стала i пахавальным месцам: так што тут можна знайсцi не толькi сляды прынашэння ахвяраў бажаством, але i магiлы наступных стагоддзяў.

Версiй i думак шмат, але адно меркаванне — агульнае: "Не звяртаць увагi на такое ўнiкальнае месца — злачынства супраць навукi".

Краязнаўцы iмкнуцца захаваць гiсторыю сваiх родных мясцiн: у выступленнях з Чавускага, Круглянскага, Магiлёўскага, Клiмавiцкага, Асiповiцкага, Быхаўскага раёнаў яны распавядалi пра розныя гiстарычныя падзеi i iх раней невядомыя дэталi. Вучнi з Эсьмонскай школы прадставiлi на чытаннях народныя строi Бялынiччыны, дзiцячы ансамбль граў на косах i граблях, тэатральны гурток паказаў "Паўлiнку". I ўсё гэта дзеля захавання спадчыны, якую пакiнулi продкi: на спляценнi гiсторыi i сучаснасцi нараджаецца будучыня народа i краiны.

Iлона Iванова.

Бялынiцкi раён. 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Храязнаўцы даследавалi старажытныя камянi, якiя месцяцца ў лесе каля вёскi Заазер'е Бялынiцкага раёна. Што ж такое насамрэч мясцовы "стоўнхэндж" — дахрысцiянскае капiшча альбо старажытны некропаль? Даследаванне камянёў адбылося на краязнаўчых чытаннях, арганiзаваных Асацыяцыяй малых мястэчак Магiлёўшчыны. Пяць гадоў таму грамадскую iнiцыятыву стварылi краязнаўцы-аматары, якiя жывуць i працуюць у правiнцыi, цiкавяцца гiсторыяй роднага краю, раскрываюць яго таямнiцы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика