Знайсцi павязку i Арпетол: што прасцей?. 21.by

Знайсцi павязку i Арпетол: што прасцей?

04.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Днямi ў беларускай сталiцы пачала назiрацца сiтуацыя, аналагiчная той, што была ў пачатку студзеня гэтага года. Толькi тады ў цэнтры ўвагi быў тэрмiн "дэвальвацыя", а Мекаю для беларусаў станавiлiся крамы бытавой тэхнiкi. Сёння, калi на кожным кроку гавораць пра "небяспеку эпiдэмii", людзi цэлымi сем'ямi, як паломнiкi, абходзяць аптэкi. Самым прадаваным таварам апошнiх некалькiх дзён сталi марлевыя павязкi.

Людзi ж баяцца i скупляюць не толькi павязкi, але i ўсе вядомыя антыбiётыкi. Апошнiя навiны аптымiзму не надаюць: закрытая дзяржаўная мяжа з Украiнай, дзе эпiдэмiя ВРВI i грыпу з кожным днём набiрае абароты. Да таго ж сталi вядомыя факты смяротных зыходаў у хворых на пнеўманiю ў Мiнску. Народ гаворыць пра перапоўненыя бальнiцы i прадаўцоў з рэспiратарамi ў крамах.

У якую аптэку нi зайдзi — чарга.

— Я наведала 17 аптэк — мы нiдзе не знайшлi павязак, — скардзiцца "Звяздзе" маладая мацi Марына Быльнова з вулiцы Чарнышэўскага. — Аператыўна спрацавалi фармацэўты: на дзвярах таблiчку павесiла: "павязак няма". Праўда, не ўсе яе бачаць i становяцца ў чаргу, як зрабiла i я ў адной аптэцы. Была разумная парада ад аптэкараў: званiце па тэлефоне i заказвайце павязкi на сваё прозвiшча, тады ёсць надзея, што штосьцi вам застанецца. Казалi таксама, што павязкi кожныя дзве гадзiны завозяць, але за хвiлiн дваццаць iх ужо разбiраюць. Атрымлiваецца, што павязкi ёсць i адначасова няма...

Сярод мiнакоў на вулiцы "павязачнiкаў" не так i шмат. У асноўным гэта маладыя людзi, студэнты. Мая стрыечная сястра, грамадзянка Лiтвы Жанна Шыманэль, якая вярнулася нядаўна з Крыма, расказвала жахлiвыя рэчы: цягнiк, на якiм яна з Кiева планавала даехаць да Мiнска, знялi з графiка: на яе вачах з цягнiка вынеслi два трупы. Грып.

— Мне зрабiлi безлiч прышчэпак, — працягвае Жанна. — У Заходняй Украiне ўсе ўнiверсiтэты, гэтаксама як iнтэрнаты, зачыненыя на трохтыднёвы каранцiн. Для студэнтаў арганiзаваны дадатковы транспарт, каб даехаць дадому. Дзякуючы гэтаму мне i пашчасцiла вырвацца адтуль да закрыцця мяжы. У Кiеве амаль усе ходзяць у павязках, у Мiнску я такога не заўважыла.

— Спачатку ў мяне быў шок i здавалася, што гэта жарт — уся гэта эпiдэмiя, — гаворыць Марына Быльнова. — Але пасля, даведаўшыся пра Украiну, па-сапраўднаму спалохалася за жыццё блiзкiх. Наколькi я ведаю сiтуацыю з лекамi, сёння цяжкавата дастаць i гарачкапанiжальныя сродкi. Таннейшыя антыбiётыкi — вышэй за 40 тысяч. А ў нас дзяжурная кругласутачная аптэка, тавару заўжды хапала.

У аптэцы № 4 пятай катэгорыi (вул. Кiрава,3) гарачкапанiжальныя сродкi пакуль ёсць, а вось марлевых павязак ужо няма.

— Калi не сёння, то заўтра будуць абавязкова, — запэўнiла мяне фармацэўт.

У аптэцы № 3 (пераход ГЦ "Сталiца") павязак таксама не было. "Павiнны быць пасля абеда, але не гарантавана," — патлумачылi там.

У "ЛекаАптэцы" ля метро "плошча Ленiна" карэспандэнту "Звязды" расказалi, што дадатковы заказ зрабiлi яшчэ напрыканцы кастрычнiка, але пакуль што ён не выкананы.

— Чакаем, але пакуль што няма. Нават "Тэрафлю" скончыўся. Людзей вельмi шмат, чэргi з ранiцы да вечара. Скупляецца ўсё супрацьвiруснае.

У аптэцы пятай катэгорыi АГА "Расфарм" (вул. Б. Хмяльнiцкага,  2) павязкi таксама скончылiся. Але я заспеў прывоз: некалькi мужчын згружалi ў аптэку вялiкiя кардонкi з лекамi. I хоць павязак там не было, людзi ўсё адно станавiлiся ў чаргу — а раптам арпетол будзе?

Прэпарат арпетол таксама адзiн з тых, якiя карыстаюцца павышаным попытам у насельнiцтва. Толькi беларускi вытворца прэпарата не разлiчваў, што таблеткi будуць скупляцца так хутка.

— Пастаўкi субстанцыi для вытворчасцi "Арпетолу" мы чакаем на наступным тыднi, — расказала "Звяздзе" Жанна Лычкоўская, намеснiк дырэктара па продажы СТАА "Лекфарм". — Субстанцыi мы звычайна атрымлiваем з Кiтая праз Еўропу. Цяпер дамаўляемся пра непасрэдны шлях пастаўкi сыравiны, магчыма, нават самалётам. Цяжка гаварыць, наколькi ўзрос попыт. Але, вiдаць, можна смела дамалёўваць чатыры нулi — людзi панiкуюць. Сёння тэлефанавалi з Брэсцкай вобласцi — у iх пiк хваробы i недахоп лекаў. У Магiлёўскай, Вiцебскай абласцях — цiшэй. На сёння ўсё, што было магчыма адгрузiць, мы адгрузiлi. Перш за ўсё часткамi адпраўляем "Арпетол" у Брэсцкую вобласць i Мiнск. Працуем у тры змены. Дапамогi просяць Украiна i Малдова, з iмi мы звычайна супрацоўнiчаем. Але ў гэты раз вымушаны былi адмовiць.

* * *

Знайсцi ватна-марлевыя павязкi ў Мiнску мне пашчасцiла толькi ў адной аптэцы. Дакладней, нават не ў аптэцы, а ў краме медыцынскай тэхнiкi (вул. Я.Коласа, 23). На жаль, мая радасць была нядоўгай: за тры чалавекi перада мной маладая дзяўчына забрала апошнiя 17 "масак". Прычым, як высветлiлася, былi i большыя рэкардсмены: людзi бралi сотнямi.

— Сёння завозу ўжо не будзе, — патлумачылi "Звяздзе" ў краме. — Зараз абед — i мы ўсе iх прадалi, а яшчэ зранку павязак было пад дзве тысячы...

Iлья Лапато.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў беларускай сталiцы пачала назiрацца сiтуацыя, аналагiчная той, што была ў пачатку студзеня гэтага года. Толькi тады ў цэнтры ўвагi быў тэрмiн "дэвальвацыя", а Мекаю для беларусаў станавiлiся крамы бытавой тэхнiкi. Сёння, калi на кожным кроку гавораць пра "небяспеку эпiдэмii", людзi цэлымi сем'ямi, як паломнiкi, абходзяць аптэкi. Самым прадаваным таварам апошнiх некалькiх дзён сталi марлевыя павязкi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика