Прастоi хутка не знiкаюць
04.11.2009
—
Новости Общества
|
Паводле прагнозаў Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у наступным годзе ў Беларусi не адбудзецца iстотнага пагаршэння сiтуацыi з беспрацоўем. У цэлым па краiне яго ўзровень не павiнен перавысiць адзнаку 1,2 -1,5 працэнта. Пры гэтым колькасць грамадзян, занятых у айчыннай эканомiцы, узрасце да 4 млн 740 тыс. чалавек. Эканамiчныя праблемы прадпрыемстваў, натуральна, ускладнiлi сiтуацыю на рынку працы. Разам з тым стаўка на адмову ад масавых звальненняў у рэшце рэшт апраўдваецца: у цэлым на ўлiку ў службах занятасцi Беларусi ў вераснi знаходзiлася 42,2 тыс. чалавек, а агульны па краiне ўзровень беспрацоўя заставаўся па-ранейшаму невысокiм i складаў 0,9 працэнта. Гэта адбылося на фоне пэўнага росту паказчыкаў занятасцi: з пачатку года ў айчыннай эканомiцы стала працаваць на 28 тыс. грамадзян больш. Як заўважыў начальнiк галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва мiнiстэрства Мiкалай Коханаў, пэўная стабiлiзацыя тлумачыцца не толькi стрымлiваннем скарачэнняў. Адначасова з пачатку года ў краiне ўдалося стварыць больш як 120,2 тыс. новых працоўных месцаў, i ў тым лiку амаль 22,9 тыс. месцаў у малых гарадах, а таксама 14,8 тыс. месцаў — у вёсках. Яшчэ адзiн адметны момант — падтрымка бiзнэсу. За студзень—верасень у якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў было зарэгiстравана больш за 2 тыс. былых беспрацоўных — найбольшую актыўнасць тут праявiлi жыхары Вiцебскай i Брэсцкай абласцей. У цэлым, канстатуюць у мiнiстэрстве, сама структура беспрацоўных сёлета амаль не змянiлася (як i летась, сярод iх пераважаюць жанчыны i моладзь ва ўзросце 16—29 гадоў), а сярэднi час пошукаў працы ў параўнаннi з мiнулым годам нават зменшыўся. Аднак адно цiкавае назiранне: у гэтым годзе знiжаюцца паказчыкi працаўладкавання i паралельна — паказчыкi звальненняў. З улiкам таго, што пераважная большасць грамадзян краiны традыцыйна пакiдае свае працоўныя месцы па ўласным жаданнi, можна зрабiць выснову, што цяпер беларусы вырашаюць менш рызыкаваць i ўсё часцей задавольваюцца тым, што ёсць. Зрэшты, цалкам лагiчна. Статыстыка канстатуе, што ў вераснi ў краiне налiчвалася 42,8 тыс. вакансiй — на 7,9 тыс. менш, чым у пачатку года. Прычым скарачэнне колькасцi заявак наймальнiкаў можа назiрацца i надалей. Паводле папярэднiх ацэнак мiнiстэрства, у 2010 годзе на айчынным рынку працы ў цэлым могуць апынуцца 938,6 тыс. чалавек. Чакаецца, што 715,5 тыс. з iх здолеюць уладкавацца самастойна, тады як 223,1 тыс. прыйдуць па дапамогу ў службы занятасцi. У сувязi з гэтым верагоднасць росту колькасцi беспрацоўных, i да таго ж ва ўсiх рэгiёнах, — цалкам рэальная. Разам з тым у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны падкрэслiваюць: сiтуацыя не павiнна выйсцi з-пад кантролю. На працягу наступнага года ў краiне ёсць намер стварыць 165 тыс. новых працоўных месцаў, накiраваць на прафесiйнае навучанне 26,4 тыс. беспрацоўных, зноў жа 2,7 тыс. беспрацоўных змогуць атрымаць дапамогу на пачатак прадпрымальнiцкай дзейнасцi, а 86,4 тыс. чалавек паўдзельнiчаюць у грамадскiх работах. Усе гэтыя лiчбы павiнны быць большымi, чым сёлета. Мае ўзрасцi i фiнансаванне праграмы занятасцi — мiнiстэрства прапануе павялiчыць агульную суму выдаткаў з 151,8 да 153,1 мiльярда рублёў. Цi не адзiным артыкулам выдаткаў, якi зменшыцца, стане забеспячэнне часовай занятасцi навучэнцаў. Аднак, заўважыў Мiкалай Коханаў, на агульны малюнак на рынку працы падобная акалiчнасць амаль не паўплывае. Пры гэтым з улiкам паляпшэння сiтуацыi прадугледжваецца скарачэнне колькасцi малых гарадоў, для забеспячэння занятасцi ў якiх будуць выкарыстоўвацца "асаблiвыя меры". У дзяржаўную праграму на наступны год трапяць толькi 11 населеных пунктаў, дзе праблема з працаўладкаваннем застаецца па-ранейшаму вострай. Гэта Ганцавiчы, Мiкашэвiчы, Паставы, Лепель, Васiлевiчы, Акцябрскi, Масты, Смаргонь, Урэчча, Кiраўск i Краснаполле. Мiж тым, цi не самая складаная тэма — вымушаная няпоўная занятасць. У студзенi — вераснi сёлета ў "скарочаным фармаце" працавалi амаль 320 тыс. работнiкаў, прычым перш-наперш гэта праблема сталася актуальнай для сталiцы (77,1 тыс.), Гомельскай (54,4 тыс.), Брэсцкай (52,8 тыс.) i Мiнскай (49,6 тыс. чалавек) абласцей. Сапраўды, можна заўважыць: былi i больш няпростыя часы, напрыклад, у 1997 i 2002 гадах недастатковую "загрузку" на працоўных месцах адчувалi амаль па паўмiльёна грамадзян краiны. Але ёсць i iншы факт: летась у няпоўным рэжыме працавалi менш за 69 тыс. чалавек. Як засведчыў манiторынг мiнiстэрства, з лiпеня вымушаная скарочаная занятасць паступова змяншаецца. Але галоўнае пытанне — што далей? У гэтым плане, заўважыў Мiкалай Коханаў, ацэнка сiтуацыi па большасцi галiн выглядае даволi аптымiстычна — паказчыкi вымушанай няпоўнай занятасцi ў 2010 годзе павiнны знiжацца. Выключэннем з'яўляецца найбольш "праблемная" на сёння прамысловасць, дзе даць больш-менш канкрэтныя прагнозы пакуль цяжка. Зрэшты, i без таго зразумела, што само па сабе вырашэнне праблемы з поўнай "загрузкай" работнiкаў стане "расцягнутым" у часе. У прыватнасцi, спецыяльнае даследаванне НДI працы, праведзенае на прадпрыемствах Барысаўскага раёна, засведчыла: для выхаду на ранейшыя аб'ёмныя паказчыкi вытворчасцi i нармальныя паказчыкi занятасцi можа спатрэбiцца ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Сяргей ГРЫБ. Адразу б так!У нумары газеты ад 14 кастрычнiка мы расказалi пра тую невялiкую канфлiктную сiтуацыю, што ўзнiкла памiж журналiстамi "Звязды" i службай аховы i iншымi адказнымi работнiкамi выставачнага цэнтра "БелЭкспа", калi першыя паспрабавалi патрапiць на мэблевы форум, якi праходзiў у тыя днi на плошчах па адрасе: вулiца Янкi Купалы, 27. Нечакана высветлiлася, нагадаем коратка, што правiлы наведвання выставачнага павiльёна змянiлiся, у прыватнасцi, толькi журналiсцкага пасведчання для праходжання на экспазiцыю ўжо чамусьцi было недастаткова... Днямi рэдакцыя атрымала афiцыйнае рэагаванне на тую публiкацыю ад кiраўнiцтва рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа". У iм гаворыцца, што матэрыял быў абмеркаваны ў калектыве. "За арганiзацыю i правядзенне гэтага мерапрыемства строга папярэджаны аб недапушчальнасцi канфлiктных сiтуацый ва ўзаемаадносiнах з журналiстамi адказныя асобы з лiку менеджараў i спецыялiстаў службы аховы (стыль арыгiнала. — С.Р.). Калектыў НВЦ "БелЭкспа" зацiкаўлены ў асвятленнi выставачных мерапрыемстваў на старонках газеты "Звязда" i, са свайго боку, надалей забяспечыць спрыяльныя ўмовы працы для карэспандэнтаў". Сяргей РАСОЛЬКА. "Нiякiх гаспадарчых пабудоў на ўчастку няма..." Днямi па скарзе жыхаркi пасёлка Самахвалавiчы Мiнскага раёна газета спрабавала разабрацца ў сiтуацыi, звязанай быццам бы з будаўнiцтвам на ўчастку, што суседнiчае з агародам заяўнiцы, станцыi тэхнiчнага абслугоўвання аўтамабiляў. Жанчына даводзiла нам пра экалагiчны аспект — пра якiя чыстыя ў гэтым сэнсе прадукты харчавання, свежае паветра можна тады будзе гаварыць пры такiм суседстве?Што гэта будзе менавiта станцыя тэхнiчнага абслугоўвання аўтамабiляў, старшыня Самахвалавiцкага сельскага Савета Уладзiмiр Локун нам не пацвердзiў, аднак распавёў, што, так, на зямельным участку распачата самавольнае будаўнiцтва капiтальнага а'екта. Яго гаспадару, пасля таго, як стала вядома пра работы, вынесена прадпiсанне аб зносе. Тэрмiн дакумента скончыўся. Мы зноў звязалiся са старшынёй сельскага Савета. I тут высветлiўся нечаканы працяг гiсторыi... — Будоўля спынена, больш за тое, гаспадар засыпаў падмурак будынка недзе 7х5 метраў пяском, — расказаў Уладзiмiр Уладзiмiравiч. — Аднак пры абследаваннi ўчастка высветлiлася, што на iм няма нiякiх гаспадарчых пабудоў. Гаспадар патлумачыў, што нiякага гаража будаваць на збiраўся, гэта планаваўся будынак для захоўвання палiва i мотаблока. Дом ацяпляецца брыкетам, дык яго працяглы час гэтая сям'я захоўвала на ўчастку пад навесам або плёнкай, што, зразумела, прыносiла пэўныя нязручнасцi. Форма ж самога ўчастка такая, што ў iншым месцы нешта пабудаваць складана. Парушэнне з боку iнiцыятара будаўнiцтва, вядома ж, ёсць, паколькi ён не атрымаў адпаведных дазволаў (жыхары спасылаюцца на няведанне працэдуры). Аднак, улiчваючы вышэйвыкладзеную сiтуацыю, было вырашана пайсцi яму насустрач, дадаў старшыня сельскага Савета. Грамадзянiну прапанавана звярнуцца з заяўкай на дазвол будаўнiцтва гаспадарчай пабудовы на ўчастку. "Будзем вырашаць, цi задаволiць яе. Архiтэктурная служба павiнна вызначыць, якiм можа быць гэтыя пабудова, якiя матэрыялы можна будзе выкарыстоўваць". Меў Уладзiмiр Локун размову i з нашай заяўнiцай. Паводле яго слоў, жанчына не вельмi задаволеная развiццём падзей. Магчыма, па нейкай прычыне яна не верыць, што па суседстве будзе ўзведзена толькi гаспадарчая пабудова... Сяргей РАСОЛЬКА. Рэха бяды Прыехалi... I прыжылiся!Хачу расказаць пра людзей, што пераехалi ў наш край з вёсак i вёсачак, забруджаных чарнобыльскiм дымам. Тут, на Жлобiншчыне, яны атрымалi жыллё, уладкавалiся на працу i... упрыгожылi сабой новыя месцы. У нашы Нiвы, напрыклад, з вёскi Вуглы Нараўлянскага раёна перасялiлася сям'я Свiстуновых. На сваёй малой радзiме Аляксандр Цiханавiч быў намеснiкам дырэктара i дырэктарам школы, тут — выкладаў рускую мову i лiтаратуру, захапляўся i захапляецца шашкамi, удзельнiчае ў шмат якiх спаборнiцтвах, трымае сябе ў добрай спартыўнай форме. Яго жонка Мальвiна Сямёнаўна выкладала замежную мову ў Жлобiнскай сярэдняй школе № 1. А яшчэ яе ведаюць як цудоўную агароднiцу. Прыжыўся ў нас i вельмi абаяльны Аляксандр Аляксандравiч Партыка, якi на сваёй малой радзiме быў ляснiчым, а тут — галоўным эканамiстам саўгаса. Яго жонка Валянцiна Мiкалаеўна працавала бiблiятэкаркай у Нiўскай школе... Гэты пералiк можна было б працягваць, таму што сярод палешукоў я не заўважыла нiводнага дрэннага чалавека. Па-добраму зайздрошчу iх жыццёвай мудрасцi, працавiтасцi, чуласцi да людзей. ...Кожны год, вясной, яны едуць туды, на Бацькаўшчыну, да родных магiл, да родных сцежак i хат. Як птушкi, што ляцяць на Палессе. Ганна Iосiфаўна ПЛЯХАВА, в. Нiвы, Жлобiнскi раён. в. Нiвы, Жлобiнскi раён. "Звяздарыначка" — дзiцянятка "Звязды"Упершыню ўбачыў рубрыку "Звяздарыначка" (17.10.2009) — i адразу стала зразумела, што гэтае слова суадносiцца з назваю старэйшай беларускай газеты: надта ж празрысты, зрокава ўспрымальны корань звязд-. Наватвор прамовiўся з нацiскам на суфiксальным галосным ы. Не скажу, што новае слова ад першага спаткання вельмi спадабалася (як гэта бывае з iншымi ўдалымi наватворамi). Але яшчэ прачытаў раз, другi — i слова накiравалася ў мой лексiкон. Праўда, калi паўзiраўся ў "Звяздарыначку", паўстала пытанне: хоць слова даўгаватае, але яно простае, а не складанае, i правапiс яго павiнен падпарадкоўвацца правiлу — галосны я не ў першым складзе перад нацiскам перадаецца праз е: звездарыначка. З iншага боку, ёсць аргументы на карысць ужытай у газеце формы слова. Як назва перыядычнага выдання слова "Звязда" запазычанае, яно не "разгалiнавалася", мае два-тры вытворы: звяздовец, звяздоўскi... Нязменны, застылы корань звязд- (з галосным я) успрымаецца i засвойваецца як норма i ў новым назоўнiку звяздарыначка. Роднасных слоў з коранем звязд-, у якiх галоснаму я адпавядаў бы галосны е, у беларускай мове не знаходзiм, калi не лiчыць ужо даўняга ўжывання (на мяжы лiтаратурнай i дыялектнай мовы): "Колькi ў небе звёзд, /Цяжка палiчыць...". Але гэтае лексiчнае адхiленне адразу прыхоўваецца ў наступным куплеце песнi: "Гэта ты, мая зорка ясная...". Дарэчы, тэксты песняў, народных цi напiсаных у стылi народных, не замкнёныя для слоў ненарматыўных: дыялектызмаў, русiзмаў i пад. Перад намi радкi i цiкавы выпадак, калi функцыянальна-стылiстычная мэтазгоднаць моўнай адзiнкi ўступае ў супярэчнасць з яе арфаграфiчнай нарматыўнасцю. На нашу думку, тут варта аддаць перавагу мэтазгоднасцi. Але, дапусцiм, мы падпарадкавалiся правiлу i напiсалi (дый вымавiлi) звездарыначка. Прыкметна губляецца словаўтваральная i сэнсавая сувязь гэтага аказiяналiзма з яго ўтваральнай базай "Звязда". Трэба ўзяць пад увагу i тое, што, як адзiная ў сваiм родзе, назва мае пэўнае права на iндывiдуальнае моўнае выражэнне, аблiчча, асаблiва ў рэкламе. Вядома, калi б мажлiвы быў варыянт слова з нацiскам на другiм складзе тыпу звяздарынка, то праблема правапiсу адпала б. Але такая форма без пазнакi нацiску наўрад цi рэалiзуецца ў мове: суфiкс -ынк- звычайна перацягвае на сябе нацiск: хмурынка, дажджынка i пад. А ў такiм разе ў слове звяздарынка чуваць пабочнае гучанне: [...рынка]. Спадзяюся, удзельнiкам вiктарыны "Звяздарыначка", iншым чытачам цiкава будзе паразважаць над яе назваю. Гэта якраз адпавядае мэце i зместу iнтэлект-рубрыкi. Алесь КАЎРУС. "Сродкi па мэтавым прызначэннi пакуль не выкарыстаны..." І дзе ж нам памыцца? Як лета было, цёплае надвор'е стаяла, дык мы неяк у дварах прыстасавалiся лазневыя працэдуры прымаць. А цяпер як? — з такiм пытаннем патэлефанавала ў рэдакцыю ў канцы верасня жыхарка в. Шыганы Слонiмскага раёна.Самае цiкавае, што ў суседняй вёсцы Новадзявяткавiчы на працягу апошнiх гадоў будавалася лазня. I быццам бы яе ўзвядзенне было скончана, аднак аб'ект чамусьцi не быў уведзены ў эксплуатацыю. Iнжынер "Упраўлення капiтальнага будаўнiцтва" Слонiмскага райвыканкама Сяргей Дарошка пацвердзiў нам тады, што, сапраўды, гатоўнасць аб'екта складае каля 90 працэнтаў. Аднак ён пакуль не прымае наведвальнiкаў па прычыне недахопу апошняй часткi сродкаў, якiя дагэтуль паступалi з бюджэту абласной ЖКГ. Дарэчы, суразмоўца заўважыў, што ўнутраныя апрацоўчыя работы ў лазнi ўжо выкананы, да будынка падведзены ўсе сеткi, засталося набыць толькi дробязi кшталту лавак, шафак, касавага апарата, правесцi невялiкае добраўпарадкаванне. Сяргей Дарошка выказаў меркаванне, што да новага года лазня ў Новадзявяткавiчах будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркi Гродзенскага аблвыканкама ў сваiм афiцыйным рэагаваннi на матэрыял у газеце пацвердзiла, што будаўнiчая гатоўнасць лазнi ў вёсцы складае 96 працэнтаў. "Функцыi па фiнансаваннi i кантролi за ходам будаўнiцтва названага аб'екта ўскладзены на Слонiмскi раённы выканаўчы камiтэт, якому Гродзенскiм абласным выканаўчым камiтэтам з абласнога бюджэту для забеспячэння завяршэння будаўнiцтва грамадскiх лазняў у аграгарадках выдзелена на 2009 год 600 мiльёнаў рублёў. Гэтыя сродкi Слонiмскiм раённым выканаўчым камiтэтам па мэтавым прызначэннi пакуль не выкарыстаны". Калi грошы ў поўным аб'ёме, як вынiкае з афiцыйнага адказу, былi пералiчаны, гатоўнасць аб'екта, паўторымся, складае 96 працэнтаў, засталося толькi набыць дробязi i выканаць невялiкае добраўпарадкаванне, дык цi не занадта вялiкi тэрмiн адведзены для ўводу лазнi ў эксплуатацыю — да канца года? Тым больш, як справядлiва заўважыла наша чытачка падчас свайго звароту, што цяпер далёка не лета, калi лазневыя працэдуры можна было прымаць проста на дварэ... Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле прагнозаў Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, у наступным годзе ў Беларусi не адбудзецца iстотнага пагаршэння сiтуацыi з беспрацоўем. У цэлым па краiне яго ўзровень не павiнен перавысiць адзнаку 1,2 -1,5 працэнта. Пры гэтым колькасць грамадзян, занятых у айчыннай эканомiцы, узрасце да 4 млн 740 тыс. чалавек. |
|