Плечкаў i лекi
04.11.2009
—
Новости Общества
|
Здараецца, што жывапiсцу захочацца нешта нейкае вылепiць з глiны; а бывае i наадварот, скульптар возьме фарбы i напiша карцiну на палатне. Мой таварыш, Плечкаў, вучыўся на скульптара. Аднойчы ён захварэў, нiчога страшнага — проста прастудзiўся. Стаяла восень, скульптар патрапiў пад дождж, вымак i пачаў кашляць. Лежачы ў ложку, Плечкаў чытаў кнiгу пра Клода Монэ. Імпрэсiянiзм, з ягонымi сонечнымi краявiдамi, так захапiў прастуджанага скульптара, што ён узяў эцюднiк з палатном ды паехаў у лес. Там ён доўга блукаў, пакуль не зайшоў у глухое балота. Стоячы на хiсткiм дзёране, пад якiм ляжала багна, Плечкаў напiсаў на палатне рудое балота i блакiтнае неба. Ён зрабiў iмпрэсiянiстычны эцюд i паправiўся. Плечкаў сам са здзiўленнем казаў, што вылекаваўся менавiта жывапiсам. Каткоў i батутныя гiмнастыТрэба было напiсаць "батутныя акрабаты", але мы — я i Мiша Пракоф'еў — лiчылi сябе батутнымi гiмнастамi. Мы разам хадзiлi ў студыю выяўленчага мастацтва, якой кiраваў Сяргей Каткоў. Студыя тая была ў палацы пiянераў i школьнiкаў, на трэцiм паверсе. У студыi, вядома ж, мелiся i рукамыйнiк з прыбiральняю. Гэтыя выгоды былi агульнымi з гiмнастычнай залаю. А ў той зале стаяў вялiкi белы батут! Часам, у нядзелю мы прасiлi Сяргея Каткова — пакiнуць нас у студыi, маўляў — не паспелi падамалёўваць карцiны. Каткоў пакiдаў ключ i сыходзiў, а мы ляцелi ў гiмнастычную залу, каб скакаць на батуце. Мы скакалi на iм у чаравiках. Недаравальны ўчынак! Каюся! Я скакаў на батуце ў чаравiках i крычаў на ўсю залу: "Я — батутны гiмнаст!" Мiша Пракоф'еў таксама скакаў i крычаў. А яшчэ i рэха за намi крычала: "Я — батутны гiмнаст!" Пазней я даведаўся, што скачкi на батуце — самы небяспечны вiд спорту, бо ў iм найбольшая колькасць смяротных выпадкаў, спартоўцы часцяком ломяць сабе шыi на такiм прыгожым белым батуце. Нам пашанцавала, нас — Мiшу Пракоф'ева i мяне — нi разу не злавiлi i не пакаралi за тое, што мы скакалi на батуце ў чаравiках. Грышкевiч i нiткаЗагаварыў я з краявiдазнаўцам Грышкевiчам пра п'янства. З мужчынамi цiкава пагаварыць пра жанчын i пра грошы, але пра п'янства i лягчэй, i цiкавей. Грышкевiч распавёў, з-за чаго на восем гадоў ён кiдаў пiць... "Я нiтку мастацтва згубiў. Устаю пасля п'янкi, станаўлюся каля мальберта, пэцкаю палатно, а нiтка мастацтва не даецца ў рукi. Раней, пачну пiсаць карцiну i адчуваю, што ўхапiў за нiтачку, цягну тую нiтачку да сябе, асцярожненька так выцягваю яе з нябыту, а карцiна сама пачынае пiсацца, колеры праяўляюцца, абрысы становяцца на свае месцы. Ад такой працы адна радасць! А тут стаю, як той баран, вачыма лыпаю i разумею: мастацтва ад мяне ўцякло! Паехаў я ў Магiлёў, да спецыялiстаў. Яны дапамаглi. Праз пару месяцаў я зноўку намацаў нiтачку чароўную. Восем гадоў не пiў, цяпер п'ю i нiтку трымаю, не адпускаю. Калi нiтку згублю, пiць кiну!" Цiкава распавёў Грышкевiч, але нiтка мастацтва — рэч у гаспадарцы неабавязковая. Iншая гiсторыя, калi ты праз п'янства губляеш нiтку сноў. Так усё проста: лёг, вочы заплюшчыў, пацягнуў за нiтку, i сон агарнуў цябе, i праспаў ты да самай ранiцы, i ўстаў бадзёры пасля добрага адпачынку. А тут праз праклятую гарэлку заснуць нiяк не можаш. Ляжаш, заснеш на якiя пару хвiлiнаў i прахоплiваешся, i цэлую ноч не спiш. Удзень сонны бадзяешся, думаеш, што гарэлкай можна падлекавацца, сам сябе падманваеш. Тут трэба кiдаць пiць, бо без нiткi сноў доўга не працягнеш, без нiткi сноў жыцця няма. Барыс i абкраданне кватэрМой знаёмы Юрась распавёў пра свайго знаёмага Барыса, а я занатаваў, бо сам я з падобнымi сучаснiкамi нiколi не размаўляў. Барыс — кватэрны злодзей, дамушнiк. Ён злодзей прафесiйны, а восьмай ранiцы iдзе на справу, домоў вяртаецца а пятай увечары. У Барыса ёсць некалькi залатых правiлаў, што дапамагаюць доўгi час гуляць на волi. Дамушнiк павiнен знаходзiцца ў чужым памяшканнi не больш за тры хвiлiны. Што ўзяў за тры хвiлiны — тваё, астатняе застаецца гаспадару. Калi ты за тры хвiлiны нiчога каштоўнага ў чужой кватэры не знайшоў, гэта азначае — гаспадар разумнейшы за цябе. Ён не толькi добра хавае свае грошы, ён можа ўпаляваць дамушнiка. Зазвычай людзi хаваюць грошы за лядоўняю, спадзяюцца, што злодзей палянуецца адсоўваць цяжкую лядоўню. Раз на год Барысу даводзiцца пераязджаць з горада ў горад. Пераезды ён лiчыць самым цяжкiм момантам у сваёй справе. Усiм астатнiм Барыс цалкам задаволены. Сачык i сметнiкiВоўка Сачык малюе абразы. Ён пацiху п'е гарэлку i на дубовых дошках выпiсвае лiкi праваслаўных святых. З Воўкам я вучыўся на мастака, i адносiны ў нас захавалiся прыязныя. Днямi я сутыкнуўся з Сачыкам на вулiцы Кiрава. Ён узрадавана сказаў: "Чытаю цябе! У часопiсе "Даберман" прачытаў абразкi пра алкаголiкаў. Не думай, я часопiсы i газеты не купляю. Часопiсы i кнiгi я на сметнiках бяру. Шторанiцы раблю абыход суседнiх сметнiкаў. Колькi ўсяго добрага i патрэбнага людзi выкiдаюць! Ты сабе i ўявiць не зможаш. На сметнiку я знайшоў цэлы стос "Даберманаў", пагартаў, убачыў твой твар i прачытаў увесь часопiс. Мне падабаецца корпацца на сметнiках. Большасць хлопцаў з нашага пакалення даўно належаць сметнiку. Заўваж, пераважная большасць. Яшчэ якiх пяць—дзесяць гадоў — i на сметнiку апынуцца нашы ўсе..." Люда i эпiдэмiяУ краiне пачалася эпiдэмiя. Усе толькi i гавораць пра "свiны" грып. Але размовы застаюцца размовамi, пакуль нейкi, блiзкi табе, чалавек не паедзе ў бальнiцу на машыне "хуткай дапамогi". Пасля такога ты пачынаеш хвалявацца па-сапраўднаму. Так i я, слухаў пра людзей, памерлых ад скарацечнай хваробы, i не надта сабе перажываў. Тут мне патэлефанавала Люда i сказала, што на заняткi не прыйдзе, бо яе паклалi ў бальнiцу. Люда прыходзiць раз на тыдзень, i я пацiху спрабую навучыць яе пiсаць дзённiк. Поспехi ў нас даволi сцiплыя, але яны ёсць; занатоўкi маёй вучанiцы друкавалiся ў часопiсах "Монолог" i "Нёман". Якраз "Нёман" са сваёй публiкацыяй Люда i не паспела купiць, бо нечакана патрапiла на бальнiчны ложак. Я захваляваўся. Тэлефаную ў бальнiцу, дзе ўсе палаты i калiдоры, як сказала Люда, "заваленыя хворымi". Перажываю за вучанiцу. Сёння, пасля ўколаў, ёй стала лепей, i мне таксама зрабiлася крыху лягчэй. Вова i прамалёўванне жыццяПрамаляваць сваё жыццё так жа ж добра, як праспяваць ды пратанцаваць яго. Сёння я накупiў у краме яблыкаў з грушамi. Унук Вова iх намаляваў. Пасля малявання мы елi сакавiтую садавiну. У маёй майстэрнi яшчэ засталася адна груша i невялiчкая iспанская дыня. Пацiху я вучу Вову прамалёўваць жыццё. Танцаваць i спяваць яго навучаць iншыя, спадзяюся. Адам ГЛОБУС. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здараецца, што жывапiсцу захочацца нешта нейкае вылепiць з глiны; а бывае i наадварот, скульптар возьме фарбы i напiша карцiну на палатне. Мой таварыш, Плечкаў, вучыўся на скульптара. Аднойчы ён захварэў, нiчога страшнага — проста прастудзiўся. Стаяла восень, скульптар патрапiў пад дождж, вымак i пачаў кашляць. |
|