Страхавых выплат не было, паколькi ўжо паўгода, як быў скасаваны дагавор
12.11.2009
—
Новости Общества
|
Не першы год запар жыхарка адной з вёсак Жыткавiцкага раёна страхуе здароўе ўсiх членаў сваёй сям'i, а таксама нерухомую маёмасць. Прычым, як па абавязковым страхаваннi, так i па добраахвотным. Кажа, што аддала на гэтыя мэты шмат грошай, а вось калi ў сям'i здарылася няшчасце, атрымаць страхавыя выплаты не здолела. — Летась, 30 кастрычнiка, я аформiла страхоўку на сябе i дзiця. Паколькi страхавыя ўзносы можна ўносiць часткамi, напачатку ўнесла палову ад патрэбнай агульнай сумы, думаючы, што iх, у сваю чаргу, таксама падзеляць пароўну — на маю i сынаву страхоўкi. У пачатку кастрычнiка гэтага года сын упаў i зламаў руку. 20 кастрычнiка падала заяву на страхавыя выплаты, потым тэлефанавала страхаўшчыкам, цiкавiлася, калi можна атрымаць сродкi. Мяне запэўнiлi, што хутка, праўда, суму не назвалi. Аднак выплат я не дачакалася, а 31 кастрычнiка ўвогуле атрымала лiст з паведамленнем, што дагавор на страхаванне скасаваны, паколькi я не ўнесла другую частку грошай. А я ж iх перадавала страхавому агенту, але ён праз некалькi дзён вярнуў iх мне без тлумачэнняў, — распавяла пра сiтуацыю жанчына. Мы звярнулiся да выканаўцы абавязкаў дырэктара прадстаўнiцтва Белдзяржстраха па Жыткавiцкiм раёне Паўла ЦУКЕРА з просьбай праверыць выкладзеную заяўнiцай iнфармацыю. Праз дзень спецыялiст першай катэгорыi прадстаўнiцтва Андрэй ХАРАСАХАЛ паведамiў нам наступнае. — Сапраўды, ваша заяўнiца 30 кастрычнiка мiнулага года заключыла дагавор добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў — на сябе на суму ў адзiн мiльён рублёў i на большую суму на дзiця. Суму ўзносу, яна называецца страхавой прэмiяй, цалкам i адразу ўнесла толькi за сябе. Чаму жанчына не сказала вам пра гэта? Яна ж на рукi атрымала полiс, дзе ўсё пазначана. На дзiця вырашыла ўносiць узносы паэтапна — за два разы. Першы ўнесла адразу. Другi, згодна з умовамi страхавання, трэба было ўнесцi не пазней чым праз шэсць месяцаў пасля першага, у нашым выпадку — у красавiку, — распавёў Андрэй Юр'евiч. — Аднак гэтага не зрабiла, што i прывяло да аўтаматычнага скасавання дагавора. На адваротным баку страхавога полiса ёсць адпаведная iнфармацыя пра такое правiла, дадаткова папярэджваць грамадзянiна ў падобнай сiтуацыi мы не павiнны. Таму, калi жанчына звярнулася па страхавыя выплаты з нагоды няшчаснага выпадку з сынам, ёй было адмоўлена, паколькi дагавор ужо паўгода не дзейнiчаў. Чаму па тэлефоне ёй паабяцалi ў хуткiм часе выплаты? Можна толькi меркаваць, што нехта з нашых спецыялiстаў адказаў так увогуле — як пра сам працэс. Каб атрымаць выплаты, грамадзянiн павiнен напiсаць адпаведную заяву, якая потым падпiсваецца кiраўнiцтвам, рэгiструецца i затым перадаецца для далейшай працы спецыялiстам. I вось толькi на гэтай апошняй стадыi ўсё правяраецца, i толькi тады ёсць дакладная iнфармацыя. У нашым выпадку — пра тое, што дагавор быў скасаваны раней. Грошы ж, як сказаў далей Андрэй Харасахал, жанчына перадавала страхавому агенту з мэтай падаўжэння дагавора на дзiця на новы тэрмiн. Аднак, даведаўшыся, што страхавых выплат не будзе, перадумала i забрала грошы... Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не першы год запар жыхарка адной з вёсак Жыткавiцкага раёна страхуе здароўе ўсiх членаў сваёй сям'i, а таксама нерухомую маёмасць. Прычым, як па абавязковым страхаваннi, так i па добраахвотным. Кажа, што аддала на гэтыя мэты шмат грошай, а вось калi ў сям'i здарылася няшчасце, атрымаць страхавыя выплаты не здолела. |
|