Укладчыкi цiкавяцца рублём
12.11.2009
—
Новости Общества
|
Дэпазiты ў нацыянальнай валюце наблiжаюцца да ўзроўню пачатку гэтага года У кастрычнiку рублёвыя ўклады насельнiцтва ў беларускiх банках у параўнаннi з папярэднiм месяцам значна выраслi: калi за верасень дэпазiты ў нацыянальнай валюце папоўнiлiся прыкладна на 104 мiльярды, то ў мiнулым месяцы — ужо на 319 мiльярдаў 264 мiльёны, што больш як у тры разы. Нягледзячы на тое, што даходнасць як па рублёвых, так i па валютных укладах у асноўным захоўваецца на ранейшым узроўнi, мяркуючы па апошнiх звестках Нацыянальнага банка, прыярытэты людзей цяпер скiраваныя менавiта ў бок нацыянальнай валюты. Зусiм нядаўна сiтуацыя, нагадаем, была iншай: усе добра памятаюць, як рублёвыя ўклады "падкасiла" аднаразовая дэвальвацыя айчыннай валюты, калi насельнiцтва тэрмiнова забiрала грошы з дэпазiтаў, каб абмяняць iх на тавары альбо на замежную валюту. Аднак цяпер пануе ўжо супрацьлеглая тэндэнцыя — назiраецца iстотны рост дэпазiтаў у нацыянальнай валюце, якiя на пачатку лiстапада склалi каля 7 трыльёнаў 520 мiльярдаў рублёў. Нагадаем, што ў студзенi гэтага года на рублёвых укладах ляжала каля 7 трыльёнаў 731 мiльярда рублёў, гэта значыць, iх аднаўленне не за гарамi. Як зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" намеснiк начальнiка Упраўлення iнфармацыi Нацыянальнага банка Мiхаiл Журавовiч, зменлiвасць "густаў" трымальнiкаў дэпазiтаў тлумачыцца вельмi проста. Людзi сталi больш размяшчаць сваiх сродкаў ва ўклады ў беларускiх рублях, па-першае, з-за высокiх працэнтных ставак, якiя прапануюць па iх банкi. Даходнасць тэрмiновых рублёвых укладаў па-ранейшаму захоўваецца ў сярэднiм каля 20 працэнтаў i значна перавышае працэнты па валютных, па якiх прапануецца ў сярэднiм 8 працэнтаў гадавых. Мiж iншым, параўнальна сцiплая даходнасць укладаў у замежнай валюце стала вынiкам таго, што у мiнулым месяцы, нягледзячы на iх агульны рост, насельнiцтва папоўнiла валютныя дэпазiты ўсё ж такi меншай сумай, чым у вераснi — у пераразлiку на беларускiя рублi на 22 мiльярды. У той час, як рублёвыя дэпазiты ўзраслi за кастрычнiк на 4,4 працэнта, валютныя — толькi на 0,5 (на 18,4 мiльёна долараў ЗША). Мабыць, не надае аптымiзму ўкладчыкам, якiя раней арыентавалiся на СКВ, i тое, што робiцца цяпер з доларам, асноўнай валютай, на якую ставiлi людзi, калi неслi ў банкi свае "заначкi". Пасля непрацяглай спробы аднавiць страчаныя пазiцыi ў адносiнах да еўра, курс "амерыканца" зноў "паплыў". Сёння яго афiцыйны курс у рэспублiцы вызначаны на ўзроўнi 2710 рублёў за адзiн долар (калiсьцi ён вагаўся каля лiчбы 2850). Таму зберагаць у валюце пры цяперашнiм знiжэннi курсу долара i высокiм кошце еўра, як бачна, ахвотных менш. Каментуючы вынiкi дзесяцi месяцаў адносна ўсiх укладаў насельнiцтва, Мiхаiл Журавовiч паведамiў, што яны за студзень — кастрычнiк павялiчылiся на 29 працэнтаў — больш як на 3 трыльёны 840 мiльярдаў рублёў. На пачатак лiстапада ўклады фiзiчных асобаў у банках перавысiлi 17,1 трыльёна рублёў (у замежнай валюце дэпазiты складаюць амаль 3,5 мiльярда долараў ЗША). У разлiку на аднаго жыхара краiны з пачатку года зберажэннi, што трымаюць людзi ва ўкладах i ашчадных сертыфiкатах, папоўнiлiся на 411 тысяч 600 рублёў: на 1 лiстапада на аднаго беларуса прыпадала 1 мiльён 813 тысяч 200 рублёў зберажэнняў, размешчаных у дэпазiтах i сертыфiкатах. На пачатак года адпаведная лiчба раўнялася 1 мiльёну 401 тысячы 600 рублям. За кастрычнiк зберажэннi у разлiку на аднаго жыхара папоўнiлiся 32 тысячамi 350 рублямi. Мiж iншым, калi параўноўваць з аналагiчным вераснёўскiм паказчыкам, згадаем i тое, што беларусы за месяц сталi куды больш ашчаднымi: у вераснi на кожнага ў зберажэннях дадалося толькi 9 тысяч 150 рублёў. Зрэшты, ашчаднасць, хутчэй за ўсё, тут не галоўная прычына: у вераснi людзi рыхтавалiся да зiмы i трацiлi грошы, запасаючыся той жа агароднiнай. Ігар ШЧУЧЭНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпазiты ў нацыянальнай валюце наблiжаюцца да ўзроўню пачатку гэтага года У кастрычнiку рублёвыя ўклады насельнiцтва ў беларускiх банках у параўнаннi з папярэднiм месяцам значна выраслi: калi за верасень дэпазiты ў нацыянальнай валюце папоўнiлiся прыкладна на 104 мiльярды, то ў мiнулым месяцы — ужо на 319 мiльярдаў 264 мiльёны, што больш як у тры разы. |
|