Доўгае рэха адной правакацыі
12.11.2009
—
Новости Общества
|
У гiсторыi Беларусi iснуюць даты, якiя нягледзячы на iх адсутнасць у дзяржаўных святочных календарах, маюць прыкметнае грамадскае значэнне. Да iх лiку адносiцца афiцыйная лiквiдацыя наступстваў адной нямецкай правакацыi супраць мiнскiх падпольшчыкаў, здзейсненай у час Вялiкай Айчыннай вайны. Адбылося гэта на спецыяльным пасяджэннi ЦК КПБ восенню 1959 года. Мала цi зусiм невядомым старонкам гэтай падзеi прысвечаны гэты артыкул. Існаванне па гэтым пытаннi "белых плям" тлумачыцца iх працяглым замоўчваннем афiцыйнымi органамi ўлады. "В. Нiкiфараў, I. Кавалёў адстойвалi кожнага крывёю з горла, носа, вушэй" Ваенна-гiстарычная энцыклапедыя сведчыць, што правакацыя — гэта падбухторванне каго-небудзь, выкарыстоўваючы розныя сродкi, у тым лiку i чуткi пра дзеяннi, якiя вядуць да вялiкiх чалавечых i маральна-псiхалагiчных страт. Нешта падобнае адбылося ў дачыненнi да мiнскага патрыятычнага руху ў першы перыяд яго iснавання (1941—1942 гг.). Падполле ў беларускай сталiцы нараджалася без якiх-небудзь спецыяльных загадаў зверху. Сваю ролю ў гэтым адыграла мiтуслiвае i паспешлiвае пакiданне горада рэспублiканскiм урадам i савецкiмi войскамi. Такое становiшча не дазволiла падрыхтаваць i ўкаранiць каго-небудзь у мясцовы калектыў для сувязi i пачатку падпольнай дзейнасцi. Арганiзатарамi мiнскага патрыятычнага супрацiўлення сталi даваенныя раённыя супрацоўнiкi i вядучыя iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi: I.С. Зайцаў, I.Д. Будаеў, Л.Я. Адзiнцоў, М.А. Шугаеў, Ф.С. Кузняцоў, П.В. Сержановiч, Н.Я. Герасiменка, Д.А. Караткевiч, К.I. Хмялеўскi, М.Л. Гебелеў, А.Л. Коцiкаў i iнш. Паступова патрыятычна настроеныя гараджане аб'ядналiся з падпольшчыкамi з лiку былых савецкiх вайскоўцаў i ваеннапалонных (кiраўнiкi I.I. Рогаў, I.М. Бялоў, П.I. Антохiн), вязняў гета (Я. Кiркаешта, М.Л. Гебелеў). Ужо ў канцы 1941 г., у час контрнаступлення савецкiх войскаў пад Масквою, падпольныя арганiзацыi i групы паспяхова дзейнiчалi на чыгуначным вузле, радыёзаводзе, мэблевай фабрыцы, станкабудаўнiчым заводзе iмя Варашылава, плодаагароднiннай базе, цвiковых заводах, шпiталях, дзе лячылiся савецкiя ваеннапалонныя, на пiўзаводзе, на Камароўцы, у Грушаўскiм пасёлку. Патрыёты асаблiвае значэнне надавалi прадпрыемствам i ўстановам, якiя працавалi на патрэбы фронту i акупацыйнага рэжыму. У 1941—1942 гг. падпольшчыкi правялi дыверсii ў Ваенным гарадку ў Чырвоным Урочышчы, на заводзе iмя Чкалава, на ЦЭЦ-2, на гарбарным i дражджавым заводах, хлебазаводзе "Аўтамат", на тэлефонна-тэлеграфнай станцыi, на вулiцы Куйбышава (узарвалi нямецкую казарму). У маi 1942 г. у Мiнску пачала выходзiць газета-падпольшчыца "Звязда". Спробы палiцэйскiх i адмiнiстрацыйных органаў фашысцкага рэжыму спынiць масавы патрыятычны рух жаданых вынiкаў не прынеслi. Гэта змусiла намеснiка Гiтлера ў Беларусi, нямецкага гаўляйтэра Кубэ запрасiць у Берлiна дадатковую ахову для сваёй асобы, якая пасля гэтага павялiчылася да 12 адборных эсэсаўскiх ваяк.У кастрычнiку 1941 г. у якасцi агульнагарадскога кардынацыйнага цэнтра ўзнiкае Мiнскi падпольны гаркам КП(б)Б. Летам 1942 г. ён складаўся з аддзелаў: ваеннага, аператыўнага (дыверсiйнага), прапаганды i агiтацыi, кадраў. Гаркам меў сувязь i ажыццяўляў кiруючую ролю ў дачыненнi амаль да 20 партызанскiх атрадаў, у тым лiку — Нiкiцiна (раён Койданава, Лагойска), Лунiна, Асташонка, Барысава (раён Лагойска), партызанскiх фармiраванняў на тэрыторыях Заслаўскага, Рудзенскага, Пухавiцкага, Чэрвеньскага, Барысаўскага, Плешчанiцкага i iншых раёнаў. Па прапанове гаркама ў самым пачатку Сталiнградскай бiтвы былi ўтвораны партызанскiя брыгады "Штурмавая", "Стары", Нiкiцiна, iм. Чкалава i iнш. Вясною 1942 г. нямецкiя органы бяспекi — абвер, СД — змаглi "закiнуць" у рады мiнскiх падпольшчыкаў сакрэтную агентуру. У вынiку яе здраднiцкай правакацыйнай дзейнасцi ў Мiнску з 25 верасня па 20 кастрычнiка 1942 г. адбылiся першыя масавыя арышты ўдзельнiкаў падпольнага антыфашысцкага руху. За кратамi нямецкiх турмаў аказалiся сакратар Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б I.К. Кавалёў, члены гаркама: В.К. Нiкiфараў, Д.А. Караткевiч, К.I. Хмялеўскi, А.Л. Коцiкаў. Усяго пацярпела больш за 80 чалавек. Немцамi для расследавання справы мiнскiх нелегалаў была створана спецыяльная крымiнальная камiсiя. Адной з яе задач з'яўлялася аддзяленне арганiзатараў i кiраўнiкоў патрыятычнага супрацiўлення ад простых выканаўцаў. Прафашысцкая "Беларуская газета" 23.12.1942 г. надрукавала справаздачу следчай камiсii аб заканчэннi яе працы. У iнфармацыi ў апошнiх радках, пасля аналiзу дзейнасцi падпольшчыкаў, паведамляецца, што Iван Кавалёў, Вячаслаў Нiкiфараў, Дзмiтрый Караткевiч, Канстанцiн Хмялеўскi як "галоўныя ворагi новай Беларусi" прыгавораны нямецкiм судом "да вышэйшай меры пакарання ў адпаведнасцi з законамi ваеннага часу". Аб мужных паводзiнах кiраўнiкоў падполля сведчыць лiст з турмы актыўнай мiнскай змагаркi Вiкторыi Рубец, у якiм гаворыцца наступнае: "Вацiк (В.К. Нiкiфараў. — Аўт.), Iван Гаўрылавiч (I.К. Кавалёў. — Аўт.) адстойвалi кожнага сваёй крывёю з горла, носа, вушэй". "Прадстаўнiкоў Мiнска, якiя ўнушаюць недавер, затрымлiваць" Але акупантаў не задавальняла толькi фiзiчнае знiшчэнне патрыётаў. Немцам праз "давераных асобаў" удалося даведацца аб адсутнасцi цеснай сувязi памiж Мiнскiм антыфашысцкiм падполлем i Вялiкай Зямлёю. Улiчваючы палiтычны недавер пэўных маскоўскiх ваенных i дзяржаўных цэнтраў да насельнiцтва акупаваных тэрыторый, гiтлераўскiя прапагандысцкiя спецслужбы арганiзавалi, як яны самi пiсалi ў Берлiн, "спецыяльную антыпартызанскую акцыю", скiраваную на адрыў падпольных патрыятычных сiлаў Мiнска ад партызанскага руху шляхам распаўсюджвання паклёпнiцкiх чутак аб арыштаваных кiраўнiках падполля. Калi адных чутак стала мала, у ход пайшлi сродкi масавай iнфармацыi. У студзенi 1943 г. у акупацыйных газетах "Беларуская газета", "Мiнскер Цайтунг", "Рота прапаганды", у сакавiку 1943 г. — у "Антыкамiнтэрне" з'явiлiся антысавецкiя артыкулы, нiбы напiсаныя I. Кавалёвым. Адначасова побач з такiмi артыкуламi змяшчалiся паведамленнi аб выступленнях сакратара Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б, якiя нiбы мелi месца, перад рабочымi Мiнскага чыгуначнага дэпо, членамi Мiнскай гарадской управы, аб паездцы Кавалёва ў Германiю, iншыя краiны Заходняй Еўропы. Падобныя ад пачатку да канца лжывыя iнфармацыi друкавалiся ў той час, калi Кавалёў знаходзiўся ў турме, у камеры смяротнiкаў, падвяргаючыся там садысцкiм катаванням. Пераадолець нахабную хлусню фашысцкiх правакатараў магла толькi тая савецкая арганiзацыя, якая трымала ў Мiнску надзейную агентуру. На жаль, у той час такiх падрыхтаваных асобаў нi Цэнтральны штаб партызанскага руху, нi Наркамат унутраных спраў СССР, нi Галоўнае Разведупраўленне Генштаба Савецкай Армii не мелi. Шэраг iх агентаў, асаблiва пад псеўданiмам "Учитель", сталi, на жаль, простымi збiральнiкамi фашысцкiх правакацыйных чутак, якiя ляжалi на паверхнi. Не змагла звязацца з падпольшчыкамi група ЦК КП(б)Б, пасланая ў Мiнск для ўстанаўлення праўды. Масла ў агонь у справе распаўсюджвання фашысцкай правакацыi падлiла тэлеграма начальнiка ЦШПР П. Панамарэнкi, адрасаваная партызанскiм атрадам, брыгадам Беларусi (лiстапад 1942 г.). У ёй ад камандзiраў партызанскiх фармiраванняў патрабавалася: "У мэтах прадухiлення пападання ў атрад варожай агентуры партызанскiм атрадам з прадстаўнiкамi якiх бы там нi было арганiзацый з Мiнску ў сувязь не ўступаць i нiякiх звестак аб дыслакацыi, колькасцi, узбраеннi i дзейнасцi атрада не даваць. Завербаваных прадстаўнiкоў, якiя з'яўляюцца, пiльна правяраць i тых, хто ўнушае недавер, затрымлiваць". Важнай перамогай фашысцкiх правакацыйных паклёпнiцкiх чутак можна лiчыць дзень 5 снежня 1942 г. Менавiта тады па падставе новых панамарэнкаўскiх матэрыялаў, што паступiлi на iмя намеснiка Наркама ўнутраных спраў СССР Абакумава, фактычна былi заведзены крымiнальныя справы на шэраг мiнскiх падпольшчыкаў, а Мiнскi падпольны ГК КП(б)Б , Ваенны савет партызанскага руху (падпольная арганiзацыя былых савецкiх вайскоўцаў) былi квалiфiкаваныя як "падстаўныя органы для выяўлення i арышту пакiнутага для работы партыйнага актыву". Гэты час можна лiчыць i пачаткам iснавання абвiнаваўчага ўхiлу да першага перыяду мiнскага антыфашысцкага падполля з боку ЦШПР, НКУС СССР. У гады вайны i ў першы пасляваенны перыяд органамi НКУС СССР, галоўным чынам з-за нямецкай правакацыi, было арыштавана больш за 130 удзельнiкаў Мiнскага антыфашысцкага супрацiўлення. Сярод iх аказаўся i А.Л. Коцiкаў, адзiны член Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б (1941—1942 гг.), якому ўдалося ў кастрычнiку 1942 г. збегчы з фашысцкай турмы. Судовымi органамi СССР ён быў прыгавораны да 15 гадоў зняволення, якiя праз нейкi час былi зменшаны да 10. Памёр пасля вызвалення з турмы, не дачакаўшыся рэабiлiтацыi. 7 верасня 1959 года Гэтага дня былыя мiнскiя падпольшчыкi чакалi амаль 15 гадоў пасля вызвалення беларускай сталiцы ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Цяжка казаць, але з-за хмары падазронасцi да мiнскага патрыятычнага руху 1941—1942 гг. людзi, якiя ўдзельнiчалi ў тайнай вайне супраць акупантаў i пабывалi ў фашысцкiх канцлагерах, не мелi магчымасцi ўладкавацца на працу па спецыяльнасцi, стаць у чаргу на атрыманне жылля, вымушаны былi нават утойваць сваё знаходжанне ў падполлi. Iх звароты ў розныя органы ўлады аб праўдзiвым асвятленнi няпростых падзей, у абарону сваiх таварышаў лiчацца сотнямi, тысячамi. Многiя з мiнскiх лiстоў запоўненыя абурэннямi супраць дзеянняў у час вайны П.К. Панамарэнкi, Абакумава, Л.Ф. Цанавы, патрабаваннямi лiквiдаваць ганебны абвiнаваўчы ўхiл. Лiсты ўдзельнiкаў Мiнскага падполля, узятыя на архiўнае дзяржаўнае захоўванне ў 50—80-я гады, складаюць у Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь болей за 500 архiўных спраў. След першых пачынаецца ў сярэдзiне 40-х гадоў. Iх аўтарамi з'яўляюцца былыя мiнскiя падпольшчыкi А.Н. Дзяменцеў, I.Д. Будаеў, А.В. Калiноўскi, С.К. Ляшчэня, В.Ф. Мацюшка, У.С. Казачонак i iнш. Першы пераможны ўдар па нямецкай правакацыi i яе наступствах — абвiнаваўчым ухiле — адбыўся на спецыяльным пасяджэннi бюро ЦК КПБ 7 верасня 1959 года, якое праходзiла пад старшынствам кiраўнiка ЦК КПБ К.Т. Мазурава. Амаль цэлы дзень прысутныя (каля 50 чалавек) абмяркоўвалi высновы, падрыхтаваныя на працягу 2 гадоў працы спецыяльнай камiсiяй ЦК КПБ на чале з былым сакратаром Мiнскага падпольнага абкама КПБ В.I. Казловым. У гарачых спрэчках, якiя пераходзiлi часам у амбiцыйныя выпады, абмяркоўвалiся наступныя лёсавызначальныя праблемы: было цi не было ў Мiнску ў 1941—1942 гг. арганiзаванае патрыятычнае падполле, савецкiм цi правакацыйным з'яўляўся Мiнскi ГК КП(б)Б 1941—1942 гг. Усе ўдзельнiкi пасяджэння адзiнадушна прызналi iснаванне ў беларускай сталiцы ў гады Вялiкай Айчыннай вайны не патрыётаў-адзiночак, а арганiзаванага партыйнага падполля, якое ўзначальваў яго баявы орган — Мiнскi падпольны ГК КП(б)Б. Гэта азначала зняцце як з падполля, так i з Мiнскага ГК КП(б)Б ярлыкоў, навешаных на патрыятычныя арганiзацыi па не да канца правераных звестках. Пытаннi да дакладчыка, сакратара ЦК КПБ па iдэалогii Ц.С. Гарбунова, датычылiся ў большай меры адказнасцi тых кiраўнiкоў ЦШПР, НКУС СССР, якiя далi ход фашысцкай дэзынфармацыi, зрабiлi магчымым працяглае iснаванне ганебнага абвiнаваўчага ўхiлу. Пры прыняццi пастановы высветлiлася, што В.I. Казлоў — адзiны з членаў камiсii, хто не падпiсаў высновы гэтага дакумента. Тлумачачы свае паводзiны, тагачасны старшыня Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР сказаў наступнае: "Я не падпiсаў высновы таму, што там больш гаворыцца аб асобах, а не аб гаркаме... Я з высновамi камiсii згодзен, а з запiскай не згодзен i зараз — там ёсць людзi, якiя не правераны". Казлоў, як вынiкае з яго выступленняў у спрэчках, меў на ўвазе I.П. Казiнца, У.I. Нiчыпаровiча, М.С. Нiкiцiна (былыя савецкiя вайскоўцы. — Аўт.). У лiтаратуры (асаблiва ў артыкулах I.Р. Новiкава) можна сустрэць абвiнавачваннi В.I. Казлова ў тым, што ён быццам бы выступаў супраць прызнання Мiнскага падполля. Але гэта не адпавядае рэальнасцi. Камiсiя 1959 г. з-за цэлага шэрагу суб'ектывiсцкiх момантаў не змагла завяршыць поўнасцю вяртанне праўды — зняць ярлыкi з I.К. Кавалёва як з грамадзянiна, падпольшчыка, кiраўнiка Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б. Яго доўгачаканае вызваленне з цемры паклёпаў i незаконных абвiнавачванняў адбылося толькi праз 30 гадоў, у 1990 г. па вынiках трохгадовай работы 4-й спецыяльнай камiсii ЦК КПБ. Прызнана яго дзейнасць як аднаго з арганiзатараў i кiраўнiкоў Мiнскага падполля з кастрычнiка 1941 г. па кастрычнiк 1942 г., падчас арышту нямецкай тайнай палiцыяй. Вызначана яго гiбель у фашысцкiх засценках у лютым 1943 г. Трэба сказаць i наступнае. Дзень 7 верасня 1959 г. заклаў асновы для напiсання першых даследчыцкiх прац аб гераiчнай i драматычнай гiсторыi Мiнска ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Яўген БАРАНОЎСКI, кандыдат гiстарычных навук, дацэнт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гiсторыi Беларусi iснуюць даты, якiя нягледзячы на iх адсутнасць у дзяржаўных святочных календарах, маюць прыкметнае грамадскае значэнне. Да iх лiку адносiцца афiцыйная лiквiдацыя наступстваў адной нямецкай правакацыi супраць мiнскiх падпольшчыкаў, здзейсненай у час Вялiкай Айчыннай вайны. Адбылося гэта на спецыяльным пасяджэннi ЦК КПБ восенню 1959 года. Мала цi зусiм невядомым старонкам гэтай падзеi прысвечаны гэты артыкул. Існаванне па гэтым пытаннi "белых плям" тлумачыцца iх працяглым замоўчваннем афiцыйнымi органамi ўлады. |
|