Каля дзвюх з паловай тысяч гектараў заняў збожжавы клін у СВК “Солы” Смаргонскага раёна. І ўраджай парадаваў -- да 47 цэнтнераў з гектара. Солы -- адно з прыгажэйшых паселішчаў Смаргонскага раёна, аднайменны СВК -- адна з мацнейшых гаспадарак. А Вольга Лук'яненка -- адна з дзвюх жанчын-кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Астатнія -- мужчыны. Факт, згадзіцеся, неардынарны і, на мой погляд, цікавы.
-- Я ўзначаліла гаспадарку восенню 2004 года, -- прыгадвае Вольга Іванаўна. -- Да таго чатыры гады працавала вядучым аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкама. Усё, падаецца, атрымлівалася нядрэнна. Але выклікаў да сябе старшыня райвыканкама Мечыслаў Браніслававіч Гой і зрабіў канкрэтную прапанову. Абяцаў падтрымку. Думала, раілася з мужам, сябрамі. Урэшце пагадзілася, хаця ўсведамляла ўсю адказнасць, ведала, што чакае наперадзе. Думаю, няма сэнсу падрабязна расказваць пра тактыку дзеянняў новага кіраўніка “Солаў”, каб зрушыць да лепшага эканоміку гаспадаркі. Яна ў кожнага свая. А вось стратэгічныя напрамкі былі -- тэхнічнае пераўзбраенне ўсіх галін вытворчасці, павышэнне кадравага патэнцыялу, вырашэнне сацыяльных праблем калектыву. Што датычыцца першай праблемы, то адчувальна дапамагло кіраўніцтва вобласці і раёна, над другой давялося пашчыраваць асабіста, трэцяя ўкладвалася ў русла Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця беларускай вёскі. А ўсяму разам спрыяла палітыка дзяржавы, накіраваная на падтрымку і развіццё аграрнага сектара. -- Памятаю, па першым часе найбольш перажывала за тэхніку: раніцай трактар ідзе ў поле, а ўжо ў абед яго цягнуць назад на буксіры. А сеяць, касіць, жаць, падвозіць кармы, араць трэба цяпер, а не заўтра. Верыла: так заўсёды не будзе! Сёння ў гаспадарцы больш за два дзесяткі энерганасычаных трактараў, сучасная кормаўборачная, глебаапрацоўчая, пасяўная тэхніка, пагрузчыкі... Займаемся рэканструкцыяй жывёлагадоўчых фермаў, пабудавалі два сучасныя даільныя залы. Не верыцца нават, што яшчэ пяць гадоў назад ураджайнасць збожжавых складала 24 цэнтнеры з гектара, а летась лічбы памяняліся месцамі -- 42,7. Калі за 2004 год надаілі каля трох тысяч літраў малака ад каровы, то сёлета плануем атрымаць не менш за шэсць. Здавалася б, пашырэнне межаў гаспадаркі павінна было дабавіць праблем. Вольга Іванаўна мае на ўвазе той факт, што два гады таму да “Солаў” далучылі СВК “Кушляны”. У цяперашнім сельгаскааператыве стала амаль 5000 гектараў ворыва, 10 жывёлагадоўчых фермаў. Дабавілася, натуральна, людзей. -- Маем моцны, поўнасцю ўкамплектаваны корпус механізатараў і вадзіцеляў, настойліва працуем з кадрамі жывёлаводаў, -- працягвае старшыня. -- Задаволена першымі сваімі памочнікамі -- гэта сапраўдная каманда: галоўны заатэхнік Вікторыя Клямята, галоўны аграном Юрый Сташкевіч, галоўны інжынер Аляксей Шкель. Нямала добрых спецыялістаў і сярод маладых -- аграномы Наталля Гарэлік, Таццяна Лысак, аграном-аграхімік Дзяніс Гарэлік, Андрэй Яроўскі... Прывабліваем моладзь не толькі добраўпарадкаваным жыллём, заробкам, але і магчымасцю кожнаму праявіць сябе, паказаць свае веды і здольнасці. І гэта абавязкова прарасце, дасць густыя ўсходы, парадуе ўраджаем у прамым і пераносным сэнсе. Аляксандр ЛАЗОЎСКІ. Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.