Мокры нос — наша страхоўка ад пандэмiчнага грыпу?
17.11.2009
—
Новости Общества
|
Прыкладна з месяц таму iнтэрнэт лiтаральна выбухнуў навiнамi аб дзясятках смяротных
ахвяраў свiнога грыпу i пнеўманii ў заходнiх рэгiёнах Украiны. Прычым панiка,
якая суправаджала эпiдэмiчны пад'ём, распаўсюджвалася нават больш iмклiва, чым
грыпозная хваля. Таму палiцы ўкраiнскiх, беларускiх i расiйскiх аптэк апусцелi
лiтаральна ў iмгненне вока. А самым дэфiцытным таварам сталi ў аптэках супрацьвiрусныя
сродкi i медыцынскiя маскi. Затое цяпер, калi панiка пайшла на спад, медыкi раптам
прызналi, што была рэальная карысць ад таго, што страх прымусiў усiх мабiлiзавацца
i падрыхтавацца да сустрэчы з небяспечнымi вiрусамi. Так, кiраўнiк мiсii Сусветнай
арганiзацыi аховы здароўя ва Украiне Юка Пукiла заявiў, што "ёсць iнфармацыя,
якая пацвярджае распаўсюджванне эпiдэмii ва Украiне з захаду на ўсход, прычым,
згодна з высновамi эпiдэмiёлагаў, прычынай далейшага распаўсюджвання грыпу можа стаць у тым лiку i адсутнасць
панiкi". Можна меркаваць, што спадар Пукiла меў на ўвазе знiкненне насцярожанасцi ў
людзей, якiя проста стамiлiся за сябе хвалявацца. Тым часам колькасць смяротных
выпадкаў ад грыпу i вострых вiрусных iнфекцый павялiчылася ва Украiне да 300 чалавек.
А колькасць жыхароў Украiны, уцягнутых у эпiдэмiю, перавысiла 1 млн 365 тысяч
чалавек. Эпiдэмiчны парог не перавышаны пакуль толькi ў Днепрапятроўскай, Адэскай,
Харкаўскай, Херсонскай абласцях, у Крыме i ў Севастопалi.
А ў Беларусi, як запэўнiваюць у Мiнiстэрстве аховы здароўя, захваральнасць насельнiцтва
на грып i вострыя рэспiраторныя iнфекцыi працягвае знiжацца. Так, аналiз паказчыкаў
захваральнасцi за папярэднi тыдзень сведчыць, што колькасць зваротаў хворых з
сiмптомамi прастуды змяншалася штодня ў сярэднiм на 15—17 працэнтаў. За тыдзень
захваральнасць насельнiцтва знiзiлася ў кантрольных гарадах больш як на 50 працэнтаў.
У сталiцы за апошнi тыдзень у медустановы звярнулiся больш як 49 тысяч захварэлых
з прастуднымi сiмптомамі, што таксама менш у параўнаннi з папярэднiм тыднем, калi
было зарэгiстравана 64 669 зваротаў. Як ужо паведамлялася раней, з 12 лiстапада
быў адноўлены вучэбны працэс у мiнскiх агульнаадукацыйных установах, аднак некаторыя
навучальныя ўстановы горада цяпер знаходзяцца на каранцiне ў сувязi з вялiкай
колькасцю захварэлых навучэнцаў. Каранцiнныя меры, нагадаем, уводзяцца тэрмiнам
на 7 дзён, калi па прычыне прастуды адсутнiчаюць 30 i больш працэнтаў ад агульнага
кантынгенту навучэнцаў i персаналу. Так, да 17 лiстапада спынены вучэбны працэс
у Рэспублiканскай гiмназii-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi i
ў "БІП — iнстытуце правазнаўства". Да 20 лiстапада — у сярэдніх школах № 63
i № 70. I з 16 па 22 лiстапада — у спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе № 18.
На канец тыдня колькасць ахопленых супрацьгрыпознымi прышчэпкамi мiнчан перавысiла ўжо 182 тысячы чалавек. За кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту былi прышчэпленыя асобы з так званых груп рызыкi. А за кошт сродкаў гарадскога бюджэту ажыццяўлялася вакцынацыя выхаванцаў дашкольных устаноў, вучняў мiнскiх школ i прадстаўнiкоў прафесiй, якiя адказваюць за жыццядзейнасць горада (камунальных службаў, службаў энерга- i водазабеспячэння i грамадскага транспарту). З выкарыстаннем вакцын "Ваксiгрып" (Францыя) i "Флюарыкс" (Германiя), набытых за сродкi мясцовага бюджэту, былi прышчэпленыя больш як 61 тысяча дзяцей i 25 тысяч дарослых. Цяпер у палiклiнiках горада засталiся толькi адзiнкавыя дозы вакцыны, прызначаныя для завяршэння вакцынацыi супраць грыпу дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў, якiя прышчапляюцца ўпершыню, а таксама асобаў з груп рызыкi, якiм па стане здароўя немагчыма было зрабiць прышчэпку раней. За кошт уласных сродкаў пажадалi прышчапiцца каля 7 тысяч мiнчан. I 45 тысяч чалавек былi прышчэпленыя за кошт сродкаў прадпрыемстваў i арганiзацый. Арганiзавалi вакцынацыю сваiх работнiкаў кiраўнiкi больш як 650 сталiчных арганiзацый i прадпрыемстваў. Мiж iншым, днямi была агучана сенсацыйная выснова, да якой прыйшлi адначасова некалькi груп еўрапейскiх спецыялiстаў, прычым незалежна адна ад другой. На думку даследчыкаў, распаўсюджванню ўзбуджальнiка грыпу А/H1N1 на тэрыторыi Еўропы перашкаджае рынавiрус, якi выклiкае запаленне слiзiстай абалонкi носа i праяўляецца ў нас у выглядзе насмарку. Жан-Себасцьян Касаленьё з Лiёнскага ўнiверсiтэта (Францыя) заўважыў, што захваральнасць на грып у краiне павысiлася ў пачатку верасня, а затым знiзiлася да ўзроўню 160 захварэлых на 100 тысяч насельнiцтва, на якой i заставалася да канца кастрычнiка. А ў лiстападзе захваральнасць зноў пачала расцi. Па словах французскага спецыялiста, знiжэнне ўзроўню захваральнасцi на грып супала з ростам колькасцi запаленняў слiзiстай носа, якiя выклiкаюцца рынавiрусамi. Мiя Брытынг са Шведскага iнстытута па кантролi за iнфекцыйнымi захворваннямi таксама заўважыла рост iнфiцыравання рынавiрусамi i адначасовае знiжэнне захваральнасцi на грып напрыканцы жнiўня ў Швецыi. Аналагiчную карцiну ў жнiўнi назiраў i супрацоўнiк аўстралiйскага ўнiверсiтэта Квiнсленда Ян Макей, а таксама даследчыкi з Нарвегii. Усе яны ў адзiн голас сцвярджаюць, што пацыенты з рынавiруснай iнфекцыяй у меншай ступенi падвержаны заражэнню iншымi рэспiраторнымi вiруснымi захворваннямi. Пiк захваральнасцi рынавiруснай iнфекцыяй у паўночным паўшар'i звычайна прыпадае на канец лета цi пачатак восенi, у той час як узбуджальнiкi грыпу найбольш актыўныя ў зiмовы перыяд. Аднак эпiдэмiя грыпу распачалася сёлета ў Еўропе раней чым звычайна, што i прывяло да сутыкнення ўзбуджальнiкаў. Надзея НIКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыкладна з месяц таму iнтэрнэт лiтаральна выбухнуў навiнамi аб дзясятках смяротных ахвяраў свiнога грыпу i пнеўманii ў заходнiх рэгiёнах Украiны. Прычым панiка, якая суправаджала эпiдэмiчны пад'ём, распаўсюджвалася нават больш iмклiва, чым грыпозная хваля. Таму палiцы ўкраiнскiх, беларускiх i расiйскiх аптэк апусцелi лiтаральна ў iмгненне вока. А самым дэфiцытным таварам сталi ў аптэках супрацьвiрусныя сродкi i медыцынскiя маскi. Затое цяпер, калi панiка пайшла на спад, медыкi раптам прызналi, што была рэальная карысць ад таго, што страх прымусiў усiх мабiлiзавацца i падрыхтавацца да сустрэчы з небяспечнымi вiрусамi. |
|