Ці сапраўды ў музеях і на аўкцыёнах выстаўляюць рэчы гістарычных асобаў?. 21.by

Ці сапраўды ў музеях і на аўкцыёнах выстаўляюць рэчы гістарычных асобаў?

25.11.2009 12:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У музеях, на аўкцыёнах апошнім часам усё часцей выстаўляюцца рэчы, што бяздоказна прыпісваюцца гістарычным асобам. Як адрозніць падробкі, якія зачароўваюць і ўводзяць у зман публіку, ад сапраўдных скарбаў? Паспрабуем разабрацца.

Прыгоды залатых блях

Больш за пяць гадоў таму мне пашанцавала дакрануцца да незвычайнай каштоўнасці — фрагментаў пояса пачатку XV стагоддзя, зробленага крымскімі майстрамі. Выкананая з каштоўных металаў аздоба тады захоўвалася ў офісе прыватнай фірмы, хаця лічылася ўнесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны пад нумарам тры.

Як сярэбраныя пазалочаныя бляшкі апынуліся ў прыватных руках? Гэта цэлая гісторыя. У ёй дагэтуль няма яснасці і наўрад ці калі-небудзь будзе. Але справа выглядае прыблізна так. У канцы 1994 года адстаўны вайсковец Аляксандр Грыбаў прынёс у Нацыянальны музей гісторыі і культуры фрагменты аздобы, якая належала багатаму чалавеку ў вельмі даўнія часы. Візіцёр сказаў, што набыў каштоўнасць у мінскім Доме культуры чыгуначнікаў — на кірмашы нумізматаў. Як на сённяшні дзень, то Грыбаў хацеў збыць скарб за зусім смешныя грошы — тры тысячы долараў. Але паўтара дзесяцігоддзя таму музей не меў такой сумы.

Тым часам інфармацыя пра пояс прасачылася ў навуковае грамадства і “куды трэба”. Рарытэт XV стагоддзя канфіскавалі ва ўладальніка на перыяд следства. Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўключыла рэч у дзяржаўны спіс пад нумарам тры. Парадокс сітуацыі заключаўся ў тым, што сама дзяржава ні ў асобе Міністэрства культуры, ні нават Нацыянальнага банка не магла набыць пояс. Бюджэт не дазваляў, бо ўсе выдаткі былі распісаны на год уперад.

Разам з тым пра дзівосную рэч стала вядома Валянціну Рабцэвічу, прафесару Белдзяржуніверсітэта. Як тонкі знаўца нумізматыкі і сумежных навук вучоны ацаніў пояс адэкватна: рэдкая штука! І пракансультаваўся са сваім прыяцелем з Эрмітажа, вядучым супрацоўнікам аддзела Усходу Маркам Крамароўскім. Той ацаніў пояс не менш як у 80 тысяч долараў!

Урэшце, аднак, рарытэт вярнулі ўласніку. А той прадаў свой скарб за пяць тысяч “зялёных” расійскай фірме “Саюзтэхсервіс”, якая мела прадстаўніцтва ў Мінску. У тым прадстаўніцтве каштоўнасць і захоўвалася да 2004 года, калі я дамовіўся з прадпрымальнікамі на сустрэчу і агляд іх “здабытку”.

З сейфа мне дасталі бліскучыя круглыя бляшкі. Відаць было, што рабіў іх ювелір з мусульманскай краіны. Аднак мая цікавасць да бляшак была не толькі журналісцкая. Турбавала пытанне: няўжо рэч сапраўды належала князю Вітаўту. Тады ўжо хадзіла такая пагалоска: маўляў, гэта пояс князя.

У час сустрэчы са светлай памяці спадаром Рабцэвічам я зразумеў, што Вітаўту рарытэт “прыпісаў” Марк Крамароўскі. Сам Рабцэвіч быў негаваркі і нейкія факты трымаў пры сабе і мо з сабою і забраў назаўсёды...

Таму сапраўдных фактаў у гісторыі паходжання пояса, бадай, і няма. Яго знайшлі па адной версіі ў Ракаве, па другой — у вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. Пры знаходцы, на жаль, не было запіскі ад князя Вітаўта: “Пояс з майго гардэроба”.

Калі ж паверыць Крамароўскаму і датаваць рэдкасць XV стагоддзем, то карэктна гаварыць, што гэта пояс часоў Вітаўта. Мо і так... Але імя вялікага князя літоўскага сыграла сваю ролю ў далейшым лёсе ўпрыгажэння. У канцы 2005 года ўласнікі бляшак выставілі іх на аўкцыён “Парагіс” за 80 тысяч долараў — па “кошце Эрмітажа”. Пакупнік не знайшоўся. А праз год рашэннем Вярхоўнага суда каштоўнасць была перададзена на часовае захоўванне ў Нацыянальны музей гісторыі і культуры. Тое, што кунсткамера не магла ў свой час набыць, яна атрымала задарма. І па справядлівасці. Ну ці ж не дзіва, што занесеная ў дзяржаўны спіс рэч знаходзіцца ў прыватных руках?

Між тым ніводзін даследчык сёння не ўспрымае ўсур’ёз меркаванне аб прыналежнасці пояса Вітаўту. Інга Баранаўскене, гісторык з Вільнюса, якая добра ведае эпоху вялікага князя, адназначна сказала мне: “Гэты пояс закопваў у зямлю не Вітаўт. І залатыя паясы мелі не толькі вялікія князі. А хавалі ў зямлю гэткага кшталту рэчы хутчэй за ўсё ў час нейкай смуты”.

У Нацыянальным гістарычным музеі загадкавы экспанат цяпер можа ўбачыць кожны. Гэта гонар музея.

“У нас быў дырэктар бахчысарайскага музея, ён сказаў, што пояса мастацкай работы такога высокага ўзроўню няма нават у Крыме, — паказваючы асаблівы прадмет у шкляной вітрыне, падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар. Што да версіі пра сувязь пояса з Вітаўтам, то спадар Вечар падкрэсліў: “Удакладню: у нашай экспазіцыі прадстаўлены “камплект паясных блях”. Самога пояса ж не захавалася — ён быў, відаць, скураны. Скура спарахнела... Пакуль стаяць пытальнікі і каля даціроўкі XIV--XV стагоддзяў. Так, у гэты час акурат жыў князь Вітаўт. Але ў Беларусі няма спецыялістаў, якія зрабілі б дакладную атрыбуцыю гэтага помніка мастацтва па часе ўзнікнення і па пытанні прыналежнасці. А мы не маем права рабіць вывады, пакуль рэч не будзе грунтоўна вывучана спецыялістамі”.

(Ня)чыстай вады піяр

Калі вышэйзгаданы пояс выстаўляўся на аўкцыён, то над бляхамі на фоне тканіны колеру каралеўскай мантыі красаваўся партрэт Вітаўта. Выдатны рэкламны ход!

Прыклад аказаўся заразлівы. Сёлета ўвесну на тым жа аўкцыёне з’явілася яшчэ адна “імянная” рэч — каралі... Еўфрасінні Полацкай!

Зрэшты, пабачыць іх наўрад ці ўжо ўдасца. Як паведаміў дырэктар антыкварна-аўкцыённага дома “Парагіс” Андрэй Бярэзін, дарагая рэч захоўваецца ў банку. А вось у якім, сакрэт.

Можна сказаць з доляй пэўнасці толькі, што на тэрыторыі нашай краіны знаходзіцца дагэтуль невядомае нікому ўпрыгажэнне XII стагоддзя. Якая яго сувязь з Еўфрасінняй Полацкай?

“З нашага боку не было такога сцвярджэння, — падкрэслівае спадар Бярэзін. — Аўкцыённы дом з’яўляецца толькі прамежкавым звяном паміж прадаўцом і пакупніком. Каралі прынёс іх уладальнік, продкі якога належалі да духавенства. Гаспадар каштоўнасці сказаў, што гэта яго фамільная спадчына. Што да прыналежнасці караляў, то я веру толькі экспертызе, якую праводзілі доктар гістарычных навук Георгій Штыхаў і доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Райкоў”.

Спадар Райкоў канстатаваў, што ўпрыгажэнне выканана з золата 790-910-й пробы, а некаторыя дэталі з каштоўных камянёў дазваляюць датаваць прадмет у даволі шырокім дыяпазоне — ад XI да XIII стагоддзя.

Георгій Васільевіч выказаўся асцярожна. Ён не выключыў прыналежнасці караляў Еўфрасінні Полацкай: “Некаторыя элементы азбоды прысутнічаюць і на Крыжы прападобнай”.

Вось толькі ёсць адно але. Мы ведаем, што славуты Крыж быў зроблены на заказ Еўфрасінні. Адкуль мы гэта ведаем? Бо майстар змясціў на рэліквіі адпаведны надпіс. На каралях такога надпісу няма. Таму любая здагадка наконт уласніка жаночага аксесуара можа аказацца і праўдзівай, і лжывай. А калі падысці разважліва, то давядзецца задацца пытаннем: ці магла манашка Еўфрасіння насіць дарагія рэчы? Манаства ж змушае да сціпласці. І яшчэ адна рэмарка свецкага характару. Еўфрасіння — адзіная беларуска XII стагоддзя, чые астанкі (мошчы) захаваліся да нашых дзён не ананімна, а з “пашпартам”: з пакалення ў пакаленне перадавалася інфармацыя пра тое, што полацкая святая — вось яна, вось яе нятленнае цела. А колькі вялікіх, заможных людзей, што жылі ў эпоху Еўфрасінні, невядомыя нам? І чаму ж каралі не маглі належаць ім? І ўвогуле, улічваючы агульныя мастацкія традыцыі Візантыі і Старажытнай Русі (а значыць, і Беларусі), ці не можа каштоўная рэч паходзіць з Ноўгарада, Кіева, Канстанцінопаля?

Пытанняў больш, чым адказаў. Прыналежнасць караляў Еўфрасінні больш чым сумніўная, неверагодная. Бадай што, мы маем справу з (ня)чыстай вады піярам на імені святой.

Не відзежа, а падробка

Зазірнуўшы ў інтэрнэт, вы спаткаеце некалькі згадак пра “пярсцёнак Усяслава Чара-дзея”, найбольш славутага полацкага князя, які збудаваў Сафійскі сабор. Таго самага, якога праславіла “Слова пра паход Ігараў”... Пра колца кажуць, што яго знайшоў: а) мастак Язэп Драздовіч; б) набыў пісьменнік Вацлаў Ластоўскі ў рыбака ці то ў Полацку, ці то ў Дрысе (Верхнядзвінску).

Дык што ж гэта за пярсцёнак і дзе на яго паглядзець? Гадоў дзесяць таму, як мне здаецца, я бачыў яго ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры. Прынамсі, нейкі цьмяны ўспамін пра тое, што ў экспазіцыі выстаўляўся княскі сігнет, жыў у маёй свядомасці. Каб праверыць, ці відзежа на самай справе ява, я звярнуўся да Ніны Калымагі, старшага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музея, намесніка дырэктара па навуковай рабоце.

— Сапраўды, такая рэч экспанавалася на адной з выстаў многа год таму, — пацвердзіла маё дэжавю Ніна Уладзіміраўна. — У кнізе паступленняў нашага музея пазначана, што “пярсцёнак Усяслава Полацкага” паступіў з Белдзяржмузея Вялікай Айчыннай вайны, а туды трапіў у лістападзе 1945 года з віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Я сама ў музеі з 1973 года і даўно задавалася пытаннем, а ці на самай справе гэты пярсцёнак належаў Усяславу. Ніхто ж пільна не вывучаў яго.

Гродзенскі даследчык геральдыкі Аляксей Шаланда між тым паспрабаваў разабрацца з сігнетам Усяслава. Аказваецца, такі пярсцёнак і сапраўды захоўваўся ў музеі Луцкевіча ў калекцыі пячатак, якая налічвала 103 экземпляры.

— Ужо выказваліся сумненні ў аўтэнтычнасці пярсцёнка, — нагадаў спадар Шаланда. — На маю думку, гэта падробка, створаная, хутчэй за ўсё, спецыяльна для экспазіцыі віленскага музея.

Калі пярсцёнак і праўда трапіў у музей з рук Ластоўскага, то сумненняў у тым, што гэта падробка, бадай, быць не можа. Вацлава Юстынавіча даўно падазравалі ў стварэнні розных фальшывак. Чаго варта адна песня “Бітва пад Оршай”, напісаная літаратарам-рамантыкам “пад” XVI стагоддзе. Ластоўскі хацеў як лепей: “падарыць” суайчыннікам велічную мінуўшчыну. Ну як жа, суседнія народы маюць каралеўскія рэліквіі, велічныя эпасы, як, напрыклад, французскі спеў пра Роланда, а “беларусы нічога не маюць”...
Аднак жа маем — пераканайцеся, завітаўшы ў любы музей, храм: там ёсць і золата, і серабро, і асабістыя рэчы вядомых персон мінулага. А падробкі варты асобнай выставы. Гэта таксама частка культуры, плён багатай фантазіі многіх неардынарных людзей, такіх, як Ластоўскі і яго паслядоўнікі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто насіў пояс Вітаўта Вялікага? Каму належаў пярсцёнак Усяслава Чарадзея? Чыю шыю аздаблялі каралі Еўфрасінні Полацкай?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика