Грып: выпрабавана на сабе i не смяротна
04.12.2009
—
Новости Общества
|
Вярнуўшыся з тыднёвай камандзiроўкi, разумею, што мой кашаль, хутчэй за ўсё, так проста не пройдзе. Звычайна я лячуся iмунастымулятарамi — той жа гропрынасiн: пара дзён — i нiякiх сiмптомаў. Цяпер кашаль не праходзiў два тыднi, нягледзячы нi на вiтамiны, нi на гропрынасiн. Апошнiм аргументам на карысць наведвання палiклiнiкi стаў чыйсьцi аповед пра тое, як ускрываюць памерлых ад пнеўманii — ад лёгкiх нiчога не застаецца, яны папросту згараюць. Усё вырашана, iду да ўрача. Звычайная сталiчная палiклiнiка ў спальным раёне. Тэрапеўт прымае ўсiх без запiсаў i талонаў — па жывой чарзе. Перада мной чалавек 20 на лаўках перад кабiнетам, i яшчэ 10 занялi чаргу i не ўдыхаюць вiрус, а дзесьцi гуляюць. Зразумела, не ўсе прыйшлi на прыём з грыпам. Насупраць на лаўцы трое бадзёрых дзядуляў за 80, для якiх паход да ўчастковага тэрапеўта — працэдура такая ж прыемная i неабходная, як ранiшнi сняданак. Адзiн з iх незадаволены наведвальнiкамi, якiя ўвесь час уваходзяць да ўрача цi медсястры без чаргi, проста пачынае трымаць за ручку дзверы: больш нiкога не пушчу. У самы непадыходны момант з'яўляюцца ўрачы хуткай дапамогi, дзядуля i iх не пускае. Уся чарга ўжо крычыць яму: "Дзядуля, гэта хуткая. Магчыма, чалавеку ў кабiнеце дрэнна стала". Ужо пасля становiцца вядома, што людзей, у якiх на флюараграфii выяўлена пнеўманiя, выклiкае ўчастковы тэрапеўт да сябе. Хворы без чаргi заходзiць у кабiнет, выходзiць адтуль толькi з урачамi хуткай дапамогi, якiя адвозяць яго ў бальнiцу. Каб уявiць, у якой колькасцi выяўляецца ў гэтыя днi пнеўманiя, дастаткова сказаць, што за пару гадзiн, праведзеных у чарзе перад кабiнетам, урачы "хуткай" некалькi разоў наведвалiся ў кабiнеты на паверсе, дзе вядуць прыём тэрапеўты. Карэты хуткай дапамогi дзяжураць перад палiклiнiкай пастаянна. Глядзiш на хворых, якiх яны забiраюць, i разумееш, што на iх месцы мог быць ты. Цi будзеш. Чарга рухаецца даволi хутка, праўда, дзядулi даўжэй за ўсiх затрымлiваюцца ў кабiнеце — куды iм спяшацца, трэба ж i пагаварыць. Высвятляецца, што на маiм участку ўвогуле няма тэрапеўта. Той урач, да якога мяне накiравалi ў рэгiстратуры, прымае адразу тры (!) участкi. І адпаведна, ходзiць на выклiкi на ўсiх трох. Чым угнявiла гэта пажылая жанчына кiраўнiцтва палiклiнiкi, не ведаю. Ведаю толькi, што ў суседнi кабiнет, дзе прымае мужчына-ўрач у росквiце сiлаў, чаргi амаль няма. I нiколi не бывае, як сцвярджаюць старажылы, бо там толькi адзiн участак. Я потым спытала ў свайго ўрача, навошта ёй столькi ўчасткаў. "А нiхто i не пытаў. Далi, i ўсё". Нарэшце заходжу ў кабiнет. Калi ў калiдоры я стрымлiвалася, каб не кашляць, як магла, каб не выклiкаць гнеў астатнiх, у кабiнеце стрымлiвацца больш не магу. Паведамляю, што прыехала з камандзiроўкi з Расii. "Расiя тут нi пры чым. У нас свайго грыпу хапае — якога хочаш". Урач амаль не слухае, кашаль у мяне такi, што ўсё зразумела без фанендаскопа. "Стаўлю пакуль востры бранхiт. Падазрэнне на пнеўманiю. Здасi аналiзы i зробiш флюараграфiю. На прыём паслязаўтра, там i ўдакладнiм дыягназ. Пакуль што лечым востры бранхiт". Усё коратка i зразумела. "Доктар, а калi ў мяне пнеўманiя? Я не памру да паслязаўтра?" Пачуццю гумару ўрача трэба аддаць належнае. Яна глядзiць на гадзiннiк: "Мiлая мая, калi сабралася памiраць, дык не стой тут, iдзi хутчэй рабi флюараграфiю, сёння яшчэ павiнна паспець". I тлумачыць далей: "Алгарытм дзеянняў такi: калi ў цябе выявяць пнеўманiю на флюараграфii, дзяжурны ўрач сам цябе знойдзе. "Хуткая" адвязе ў шостую бальнiцу на здымак. Дома калi раптам стане дрэнна, узнiмецца высокая тэмпература, адразу тэлефануеш адзiн-нуль-тры. Усё зразумела?" Не зразумелы сэнс дзеянняў у алгарытме, i чаму ў шостую бальнiцу, але добра, што алгарытм ёсць. I што мне нi пра што думаць не трэба, пра ўсё думае дзяжурны ўрач. "Пасля цябе нiхто не заходзiць — праветрыванне", — камандуе ўрач на развiтанне — напэўна, у мяне i сапраўды пандэмiчны грып. На флюараграфiю ў гэтыя днi (i тыднi) ахвотных столькi, колькi не было, напэўна, нiколi. Раней туды заганялi, цяпер усе самi ледзь не з вечара займаюць чаргу. У мяне адразу пытаюць дыягназ i хатнi тэлефон. Пасля здымка паведамляюць, што пнеўманii няма. Але i бранхiту дастаткова. Гэта адно з найбольш распаўсюджаных бактэрыяльных ускладненняў свiнога грыпу. Антыбiётыкi глытаю ўпакоўкамi, як рэкамендавала ўрач. Праз дзень зноў прыходжу ў палiклiнiку. На гэты раз вырашыла прыйсцi не ў пачатку прыёму, а ў сярэдзiне — а раптам чарга меншая. Высвятляецца, што нiколькi не меншая. На лаўцы сядзiць бабуля-збiральнiца. Часта бачу яе на раёне з пустымi бутэлькамi i макулатурай. Да доктара бабуля прыйшла ў сваiм "працоўным" адзеннi. Затое на лаўцы перад кабiнетам яна адна, астатнiя крэслы i лаўкi больш чым шчыльна занятыя. Добра, што я не стала ўрачом — уяўляю, што рабiлася ў кабiнеце, калi туды ўвайшла бабуля. Урач вiтае мяне як старую знаёмую. "А, журналiст, ну як самаадчуванне? Так, паколькi ты ў нас журналiст, запоўнi-ка анкету i аднясеш загадчыцы аддзялення. Напiшы, колькi сядзела перад кабiнетам, каб трапiць да мяне на прыём, i напiшы, што хочаш, каб на тваiм участку быў свой тэрапеўт. Пытаннi ў анкеце даволi звычайныя: "Цi задавальняе вас распарадак працы палiклiнiкi?" Ёсць i нестандартныя: "Цi даводзiлася даваць урачу хабар (грошы, цукеркi i iнш). Урач сама за мяне адказвае: "Нiколi нiчога не бяру. Таму i 17 гадоў на ўчастку". I я ёй веру, такiя не бяруць i не даюць, i працуюць да пенсii ўчастковым тэрапеўтам, бегаюць як дзяўчаткi па выклiках на трох участках, а ў суседнiх кабiнетах прымаюць па адным. Затое прыходзiць да такiх прыемна — яны, як правiла, сапраўдныя прафесiяналы, i гэтак жа сумленна, як жывуць, так i працуюць. У анкеце на пытанне "Колькi часу правялi ў чарзе, каб трапiць да тэрапеўта?" адказваю як ёсць — 2,5 гадзiны. I дапiсваю, што хачу, каб быў на маiм участку тэрапеўт. "Што хацелi б змянiць у працы палiклiнiкi?" Перакрэслiваю ўсе варыянты адказаў i зноў пiшу пра ўчастковага. Магчыма, i дапаможа, хоць, на мой погляд, загадчыца i сама разумее, што на мой участак (i яшчэ некалькi) патрэбны тэрапеўты. Толькi не ведае, дзе iх узяць. Прыходжу да ўрача ў трэцi раз — на гэты раз у канцы прыёму, дакладней, за гадзiну да яго заканчэння. Такой вялiкай чаргi яшчэ не бачыла. Усе месцы ў калiдоры занятыя, людзi стаяць каля лiфта. У калiдоры душна, усе кашляюць — трэба тэрмiнова прасiць, каб мне закрылi бальнiчны. Паводле раскладу, прыём заканчваецца ў 16 гадзiн. Толькi ў 15.45 заходжу ў кабiнет. "Шмат там да мяне яшчэ? У мяне пасля прыёму сёння столькi выклiкаў — да ночы буду хадзiць. Ну як самаадчуванне?" — "Усё прайшло, восем дзён прымаю антыбiётыкi. Закрывайце бальнiчны". Урач не верыць. Слухае мяне: "Нiчога ў цябе не прайшло. Даю яшчэ тры днi на далечванне". Праз дзень абвяшчаюць аб згортваннi супрацьэпiдэмiчных мерапрыемстваў у краiне. Яшчэ праз дзень зноў iду ў палiклiнiку. Казаць пра тое, што хворых не стала менш — дарэмна. Проста я захварэла, напэўна, не ў самы пiк. Што было ў самы пiк, мне пашчасцiла не пабачыць. Алена АЎЧЫННIКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вярнуўшыся з тыднёвай камандзiроўкi, разумею, што мой кашаль, хутчэй за ўсё, так проста не пройдзе. Звычайна я лячуся iмунастымулятарамi — той жа гропрынасiн: пара дзён — i нiякiх сiмптомаў. Цяпер кашаль не праходзiў два тыднi, нягледзячы нi на вiтамiны, нi на гропрынасiн. Апошнiм аргументам на карысць наведвання палiклiнiкi стаў чыйсьцi аповед пра тое, як ускрываюць памерлых ад пнеўманii — ад лёгкiх нiчога не застаецца, яны папросту згараюць. Усё вырашана, iду да ўрача. |
|