Беларускія гісторыкі нечакана паразумеліся з польскімі па Другой сусветнай вайне
11.12.2009 10:22
—
Новости Общества
|
У поглядах беларускіх і польскіх гісторыкаў на падзеі Другой сусветнай вайны няма істотных разыходжанняў. Пра гэта на круглым стале ў Мінску заявіла група навукоўцаў з абедзвюх краін, якія выказалі жаданне стварыць супольную навуковую працу, прысвечаную адной з самых трагічных старонак гісторыі двух народаў.
Ад беларускага боку у дыскусіі, арганізаванай 10 снежня Польскім Інстытутам у Мінску і газетай "Новы Час", бралі выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Снапкоўскі і Любоў Козік, Аляксей Літвін з Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Сігізмунд Барадзін (БДПУ імя М. Танка). Польшчу прадстаўлялі Антоні Мірановіч (Беластоцкі ўніверсітэт), Анджэй Кшыштаф Кунэрт (Варшаўскі універсітэт) і Казімеж Краеўскі з варшаўскага Інстытуту нацыянальнай памяці. Нагадаем, 23 жніўня 1939 гады кіраўнікі МЗС СССР і Нямеччыны Молатаў і Рыбентроп падпісалі Пакт аб ненападзе, які, як высветлілася пазней, стаў дамовай пра перадзел Еўропы. 1 верасня Гітлер напаў на Польшчу, развязаўшы Другую сусветную вайну. Праз 17 дзён на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая з часу Рыжскай дамовы 1921 года знаходзілася ў складзе Польшчы, ўступіла Чырвонае армія. Ужо 28-30 кастрычніка ў Беластоку новаабраны Народны сход прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада Вярхоўны Савет СССР аб'яднаў Заходнюю і Ўсходнюю Беларусь. Пры гэтым, у 1939-м Сталін адрэзаў ад Беларусі Вільню і Віленскі край незалежнай тады Літве, а ў 1945-м аддаў Беласточчыну Польшчы. За ўз’яднанне заходнія беларусы заплацілі высокую цану. Больш за 130 тысяч жыхароў “ўсходніх крэсаў” было рэпрэсавана, з якіх каля 30 тысяч растраляна. Што да падзеяў верасня 1939-га, навукоўцы сышліся на думцы, што дамова паміж Сталіным і Гітлерам з наступнай нацыстоўскай агрэсіяй і “вызваленчым паходам” Чырвонай арміі абярнуліся для беларусаў узнаўленнем гістарычнай справядлівасці і нацыянальным святам, а для палякаў — нацыянальнай трагедыяй, у выніку якой іх краіна была падзелена і акупавана адразу двума тыранскімі дзяржавамі. Аднак гэта ўз’яднанне стала “вынікам змовы двух дыктатараў”, а не была ажыццёўлена ў інтарэсах беларускага народу. “У выніку далучэння Заходняй Беларусі да БССР беларусы не атрымалі ўласнай краіны, аднак былі аб’яднаныя ў адной дзяржаўнай структуры”, — падкрэсліў прафесар Антоні Мірановіч. “Так, у Другой Рэчы Паспалітай беларусаў прыніжалі, але ў БССР іх высылалі ў Сібір і вынішчалі ў Купаратах”, — дадаў ягоны калега доктар Казімеж Краеўскі. “Важна, што сёлета, нягледзячы на 70-годдзе гістарычнай падзеі, беларуская дзяржава вытрымала пэўны такт у адзначэнні гэтай даты. У краіне не праводзіліся святкаванні, не было публічнага выступу першых асобаў Беларусі”, — заўважыў доктар навук прафесар Уладзімір Снапкоўскі. Пры гэтым беларускія гісторыкі адзначалі, што і сапраўднага перагляду ацэнак падзеяў 1939 ў афіцыйнай айчыннай гістарыяграфіі за гады незалежнасці так і не адбылося. “Большасць беларускіх гісторыкаў працуе ў рэчышчы савецкай гістарыяграфіі, толькі што слова савецкі цяпер замяняецца на беларускі, — адзначыў кандыдат гістарычных навук Сігізмунд Барадзін. — Больш за тое, паглядзіце апошнія школьныя падручнікі. Тое, якім чынам у іх выкладзены матэрыял, сведчыць аб адкаце да савецкіх часоў”. Значна больш пытанняў выклікала другая падтэма круглага стала, а менавіта адносіны паміж польскімі і беларускімі нацыянальнымі сіламі падчас нямецкай акупацыі Беларусі, прычыны і абставіны іх ўдзелу ў вайсковых фармаваннях і цывільных арганізацыях як калабарацыйнага, гэтак і антынацыстоўскага характару. Аднак і тут абмеркаванне не выйшла за межы канструктыўнай навуковай дыскусіі. “Я ўжо не аднойчы ўдзельнічаў у падобных двухбаковых дыскусіях польскіх і украінскіх, нямецкіх, літоўскіх гісторыкаў, але гэта наш першы круглы стол з беларускімі калегамі, і я не бачу ў нашых пазіцыях прынцыповага разыходжання”, — падсумаваў вынікі абмеркавання Казімеж Краеўскі. Знайшоўшы паразуменне падчас круглага стала ў Мінску, спецыялісты пры гэтым адзначылі, што ў публікацыях падыходы беларускіх і польскіх навукоўцаў па-ранейшаму даволі моцна розняцца. Менавіта таму беларускія гісторыкі выказалі пажаданне стварыць супольную акадэмічную працу, прысвечаную падзеям Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, у якой бы акцэнты былі расстаўлены не з ідэалагічнага ці бягучага палітычнага гледзішча, а перадусім з улікам вялікага дакументальнага масіву і нацыянальных інтарэсаў абодвух народаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У поглядах беларускіх і польскіх гісторыкаў на падзеі Другой сусветнай вайны няма істотных разыходжанняў. Пра гэта на круглым стале ў Мінску заявіла група навукоўцаў з абедзвюх краін
|
|