Чахарды з праверкамi не будзе...
17.12.2009
—
Новости Общества
|
На заявы скептыкаў, якія мяркуюць, што ўваходжанне з 1 студзеня 2010 года ў сiлу прэзiдэнцкага Указа № 510 "Аб удасканаленнi кантрольнай (нагляднай) дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь" нiчога не дасць, а праверкi будуць драконаўскiмi, старшыня Камiтэта дзяржкантролю Зянон Ломаць кажа, што "такога не будзе". На брыфiнгу для журналiстаў галоўны кантралёр краiны, у прыватнасцi, заявiў, што ў кантрольнай дзейнасцi налета будзе наведзены парадак, а вось да тых дзяржструктур, якiя парушаць указ, будуць прымяняцца жорсткiя меры. Кантроль за гэтым, папярэдзiў Зянон Кузьмiч, забяспечыць Камiтэт, якi ён узначальвае. "Мы будзем жорстка адсочваць праверкi, — запэўнiў ён. — І калi ў суб'ектаў гаспадарання ўзнiкнуць якiясьцi пытаннi, яны могуць да нас звяртацца — мы будзем наводзiць парадак у рамках дзейнага заканадаўства". Старшыня КДК нагадаў, што прыняты дакумент накiраваны на аптымiзацыю кантрольнай дзейнасцi. Iм прадугледжваецца скарачэнне колькасцi праверак, упарадкаванне кантрольнай i нагляднай дзейнасцi ў краiне i стварэнне сiстэмы гнуткага кантролю. Зрэшты, яшчэ да ўваходжання ў сiлу згаданага ўказа органы КДК, напрыклад, толькi сёлета знiзiлi на трэць у параўнаннi з леташнiм годам колькасць праверак: за 11 месяцаў iх было праведзена 10 600. Затое вынiковасць iх, паводле слоў Зянона Ломаця, была стапрацэнтнай, i сума спагнаных, узноўленых у бюджэт i звернутых у даход дзяржавы грашовых сродкаў узрасла ў параўнаннi з 2008 годам на 16 працэнтаў да 194,5 мiльярда рублёў. Каментуючы пазiцыю КДК наконт правядзення праверак суб'ектаў гаспадарання, кiраўнiк Камiтэта падкрэслiў, што кантралёры нiякiм чынам не зацiкаўленыя ў знiшчэннi нейкага канкрэтнага прадпрыемства. Наадварот, тыя прадпрыемствы, якiя працуюць у прававым полi, могуць не баяцца прыходу кантралёраў: памылкi, дапушчаныя, напрыклад, па няведанню, атрымлiваюць i адпаведныя "ацэнкi" — па iх кантралёры стараюцца накладваць мiнiмальныя штрафы. Зусiм iншая рэч, калi выяўляюцца iстотныя парушэннi, накшталт наўмыснага ўхiлення ад платы падаткаў i збораў, незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, — у такiм разе вiнаватыя, як заявiў Зянон Ломаць, адкажуць "на поўную катушку". Кажучы пра новаўвядзеннi, старшыня КДК, у прыватнасцi, спынiўся на змяненнi падыходу да планавання кантрольнай i нагляднай дзейнасцi. Ён зазначыў, што планавыя праверкi суб'ектаў гаспадарання будуць прызначацца толькi з улiкам аднясення iх да груп рызыкi. Пры гэтым праверкi будуць праводзiцца не часцей, чым раз на год для суб'ектаў, аднесеных да высокай групы рызыкi, раз на тры гады — да сярэдняй групы рызыкi i раз на пяць гадоў — да нiзкай. Акрамя таго, побач з iншымi абмежаваннямi на правядзенне праверак уводзiцца двухгадовы мараторый для праверак зноў створаных суб'ектаў гаспадарання. Праверкi будуць праводзiцца ў адпаведнасцi з паўгадавымi каардынацыйнымi планамi, якiя размяшчаюцца на iнтэрнэт-сайце КДК да 15 снежня i да 15 чэрвеня (www.kgk.gov.by). Такiм чынам, тут "галоснасць поўная, далей ужо няма куды", — заўважыў старшыня Камiтэта. Мiж iншым, на першае паўгоддзе налета ў каардынацыйныя планы ўжо ўключаныя ўсе запланаваныя праверкi (36,8 тысячы праверак) i ўнясення новых суб'ектаў у iх не прадугледжваецца. Зянон Ломаць праiнфармаваў, што першапачаткова кантрольнымi i нагляднымi органамi было прапанавана правесцi больш як 59 тысяч праверак. Так, Мiнiстэрства па падатках i зборах прапаноўвала за першае паўгоддзе правесцi амаль 20 тысяч праверак, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях — 10 тысяч, Мiнiстэрства аховы здароўя — больш за 8 тысяч, МУС — 3,5 тысячы. "Аднак, згодна з зацверджаным планам, будзе праведзена 36,8 тысячы", — канстатаваў ён. Значна палегчыць працу прадпрыемствам i тое, што дакументам на працягу каляндарнага года не дапускаецца правядзенне некалькiх планавых праверак аднаго i таго ж суб'екта. Планавыя праверкi аднаго суб'екта, якi правяраецца, могуць ажыццяўляцца некалькiмi кантрольнымi i нагляднымi органамi толькi ў форме сумеснай праверкi. Таксама не дапускаецца праверка кантрольнымi i нагляднымi органамi суб'екта па адным i тым жа пытаннi за адзiн i той жа перыяд. Да таго ж праводзiцца яна будзе за перыяд, якi не перавышае трох каляндарных гадоў, што папярэднiчаюць году, у якiм прынята рашэнне аб назначэннi праверкi, а таксама за перыяд года, што закончыўся. Адметна i тое, што суб'ект, якi правяраецца, прызнаецца добрасумленна выконваючым патрабаваннi заканадаўства, пакуль не даказана iншае. А ў выпадку няяснасцi цi недакладнасцi прадпiсанняў акта заканадаўства рашэннi павiнны прымацца на карысць суб'екта. Дарэчы, аб прызначэннi планавай праверкi суб'ект, да якога прыйдуць з ёй, павiнен пiсьмова папярэджвацца не пазней як за 10 працоўных дзён да пачатку яе правядзення. Што ж датычыцца няпланавых праверак, то вызначаны дакладныя крытэрыi, па якiх яны могуць прызначацца. У прыватнасцi, падставай для iх можа стаць наяўнасць iнфармацыi, якая сведчыць аб парушэннi заканадаўства цi фактах узнiкнення пагрозы нанясення шкоды жыццю i здароўю людзей. Разам з тым, праверкi па ананiмках праводзiцца не будуць. Яны, падкрэслiў Зянон Ломаць, не з'яўляюцца падставай для правядзення праверак, але могуць стаць падставай для правядзення аператыўных мерапрыемстваў. Такiя ананiмныя лiсты, паводле звестак старшынi КДК, ёсць. Зрэшты, у Камiтэт, па прызнаннi яго кiраўнiка, ананiмных лiстоў прыходзiць шмат, сярод якiх хапае i проста злых паведамленняў. Каментуючы па просьбе журналiстаў факт забойства касiра пункта абмену валюты ў Мiнску, Зянон Ломаць лiчыць недапушчальным эканомiю кiраўнiкоў прыватных банкаў на бяспецы сваiх супрацоўнiкаў. "Трэба адзяваць наручнiкi на кiраўнiкоў банкаў, якiя эканомяць на мерах бяспекi для сваiх супрацоўнiкаў", — зазначыў ён. I дадаў, што эканомячы на бяспецы апошнiх, некаторыя прыватныя банкi знаходзяць пры тым грошы на высокiя зарплаты кiраўнiкоў. Галоўны кантралёр таксама падзялiўся iнфармацыяй наконт таго, што ў КДК ёсць звесткi аб парушэннi аднаго з банкаў, у якiм вялiкiя сродкi здымаюцца падстаўнымi асобамi. "Выяўлены факт, — паведамiў ён, — калi студэнты ў якасцi падстаўных асобаў знялi з рахункаў аднаго з камерцыйных банкаў мiльярды рублёў. За паўгода 70 падстаўнымi асобамi было знята больш як 50 мiльярдаў рублёў". Акрамя таго, на брыфiнгу было заяўлена аб намеры КДК навесцi парадак на рынку аўтазапчастак, дзе ў ходзе масавых праверак выяўляюцца значныя парушэннi. Зянон Ломаць, у прыватнасцi, згадаў тое, што пры з'яўленнi кантралёраў на рынку больш як дзве трэцi гандлёвых пунктаў па продажы запчастак зачыняюцца, а прадаўцы знiкаюць. На яго погляд, гэта i ёсць сведчанне таго, што тут таксама патрабуецца навесцi парадак. Iгар ШЧУЧЭНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На заявы скептыкаў, якiя мяркуюць, што ўваходжанне з 1 студзеня 2010 года ў сiлу прэзiдэнцкага Указа № 510 "Аб удасканаленнi кантрольнай (нагляднай) дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь" нiчога не дасць, а праверкi будуць драконаўскiмi, старшыня Камiтэта дзяржкантролю Зянон Ломаць кажа, што "такога не будзе". |
|