І поснае бывае смачным!
17.12.2009
—
Новости Общества
|
Праваслаўныя вяскоўцы трымаюць Калядны пост i вучаць гатаваць посныя стравы
Поснае застолле ...Вёска Пацяраеўка ў Слаўгарадскiм раёне засыпана снегам. Галiны дрэў белыя, нiбыта ў казцы. Чырвоныя ягады калiны прыцярушаныя снегам. На вулiцы Садовай бязлюдна. — Калiсьцi нашу вёску жартам называлi Кiтаем: тут была сотня двароў, i ў кожным — 5-6 чалавек, — тлумачыць 70-гадовая мясцовая жыхарка Валянцiна Iванаўна Касцюковiч. — Цяпер ад сiлы тры дзясяткi двароў, дзе жывуць старыя. А месца ў нас гiстарычнае: тут шведскi генерал страцiў свой капялюш, калi збягаў ад рускiх ваяроў... На блакiтнай агароджы вiсяць слоiкi i каструлькi, упрыгожаныя снежнымi шапкамi. А гаспадыня цягне ў хату дровы: весткi пра пахаладанне дайшлi i да Пацяраеўкi. Валянцiна Iванаўна частуе гасцей гарбузовымi семачкамi ды яблыкамi. Пачастунак, якi адпавядае посту. Традыцыя трымаць пасты засталася жанчыне ў спадчыну ад мацi. — Я аднойчы ў сне ўбачыла, што стаю ў доўгай чарзе i прашу прапусцiць мяне, бо я хворая, — расказвае Валянцiна Iванаўна. — А мне сказалi: тут усе аднолькавыя, стой. I я зразумела, што пост я вытрымаю. Так i здарылася. Яна нагадвае, што сэнс посту не толькi ў гастранамiчных абмежаваннях. — Калi я трымаю пост, але разам з тым нагрубiла цi пасварылася, то гэта ўжо не пост, а звычайная дыета. Пост — гэта ачышчэнне духоўнае i цялеснае. ...Ва ўтульнай бiблiятэцы аграгарадка Лапацiчы на некалькi гадзiн у чытальнай зале наладзiлi поснае застолле. Клуб ветэранаў "Бяседа", створаны год таму супраць хатняй сумоты, запрасiў гасцей, каб узгадаць праваслаўную традыцыю Каляднага посту, памеркаваць аб вечным i пераканаць усiх у тым, што поснае можа быць вельмi смачным! Настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскага храма ў вёсцы Лясная айцец Георгiй Сакалоў нагадаў, што Калядны пост доўжыцца 40 дзён i завершыцца на свята Нараджэння Хрыстова, 7 студзеня. — Чалавек — гэта не толькi цела, але i душа, — сказаў святар. — Не заўсёды цялесныя сiлы чалавека ў гармонii з душэўнымi. Здараецца, што сэнсам жыцця становiцца матэрыяльнае. Каб дасягнуць раўнавагi цялеснай i душэўнай, i ўсталяваны пост. Гэта не проста ўстрыманне ад ежы, гэта магчымасць паразважаць над тым, што ты ў жыццi робiш няправiльна, i скарэктаваць свае паводзiны i думкi. Палец у малацэ Яркiмi ўспамiнамi яшчэ даваеннага жыцця дзялiлiся жанчыны з клуба ветэранаў. — З першага дня посту мацi нам, дзецям, нi мяса, нi сала — нiчога не пакажа! — узгадвае 70-гадовая Надзея Васiльеўна Самусева, якая родам з Пацяраеўкi. — Але боршч ды бульбяны суп з баравiком былi вельмi смачнымi. А посных блiноў, якiя мацi на ноч замешвала на цёплай вадзе ды ўраннi падбiвала з содай, мы iмкнулiся схапiць паболей. Мацi трымала пост строга: вось Раство прыйдзе, тады еш хоць парвiся... — Мой бацька працаваў старшынёй калгаса, быў камунiстам, — расказала пра пост у пасляваенныя савецкiя часы Валянцiна Iванаўна Карповiч з Лапацiчаў (гэта жанчына, дарэчы, ветэран Афганiстана, яна служыла там медыкам 4 гады). — Таму мацi нас, дзяцей, прывучала, а бацьку было нельга трымаць пост. Не, калi не было чужых людзей, то ён еў разам з усiмi поснае. Але калi начальства прыязджала, то стол мацi даводзiлася накрываць такi, як iм трэба. Жанчыны расказалi, што на вясковым стале ў посныя днi звычайна стаяў чыгун з бульбай у мундзiрах. Паводле традыцыi, бульбу не абiралi. Агуркi ды грыбы, фасоля i часам камса, якая прадавалася за савецкiм часам у крамах. — Бацькi нас вучылi, што есцi мяса i малако ў пост — гэта грэх, — дадае Надзея Васiльеўна. — За тым часам яйкi збiралi да святаў, з малака гатавалi масла i сыры. Але я, шчыра кажучы, калi бачыла дзе гарлачык з малаком, то хуценька палец у яго мачыла i аблiзвала... Многiм жанчынам Калядны пост запомнiўся з дзяцiнства не столькi поснымi стравамi на працягу доўгiх дзён, як чаканнем свята Нараджэння Хрыстова. Калi пасля першай зоркi на вечаровым небе на стале з'яўлялася куцця, кiсель з аўсянкi i чырвоны боршч з буракоў. Рух да лепшага Новы год прыпадае на Калядны пост. Але нiякай супярэчнасцi ў мiнулым памiж гэтым святам i абмежаваннямi посту, як высветлiлася, не было. Новы год у беларускiх вёсках звычайна адзначалi па старым стылi, ужо пасля Раства. — Увогуле да 1935 года Новы год быў забаронены: савецкiя ўлады лiчылi гэта дурнотай, буржуйскiм перажыткам, — расказаў Фелiкс Уладзiмiравiч Шкiрманкоў. — I толькi пасля артыкула Максiма Горкага ў "Правде", дзе ён расказаў, што свята Новага года не мае дачынення да, як за тым часам казалi, рэлiгiйнага дурману, у крамах з'явiлiся ўпрыгажэннi да ялiнак. Мы паехалi з бацькам у лес, ялiнку нешта не знайшлi, i нашай першай навагодняй елкай стала маладая сасонка. Цяпер усе прызнаюць, што ў посце закладзена разумная аснова. Калi шчыра, то цяпер маладыя людзi часта на першы план вылучаюць добры ўплыў устрымання ад ежы на арганiзм. Ачышчэнне, абнаўленне i пахудзенне напярэдаднi серыi навагоднiх i калядных святаў усiм дарэчы. — Нават такi пост, якi не звязаны з узвышанымi iдэямi i, так бы мовiць, прыземлены, будзе карысны для чалавека, — лiчыць айцец Георгiй. — Час посту — гэта рух да лепшага. Аднак разам з тым, пост — гэта не проста фiзiчнае аздараўленне, але i навядзенне парадку ў паводзiнах, зносiнах з людзьмi, стаўленнi да жыцця. — Трэба памятаць пра запаветы: не судзi, i не судзiмы будзеш, — раiць Фелiкс Шкiрманкоў. — Калi ў суседа бяда, дык не радуйся, а дапамажы, чым можаш. I калi нейкая няўдача спасцiгла, не шукай вiнаватых. А пачнi ў сабе шукаць прычыну. Знойдзеш — усё стане на свае месцы. Нездарма ў Калядны пост добрыя бацькi вучылi сваiх дзяцей належным паводзiнам. — Мацi патрабавала ад нас ветлiвасцi, — узгадвае Надзея Васiльеўна. — Калi цябе частуюць альбо даюць нешта, трэба абавязкова ўзяць. Пасля можаш выкiнуць у сметнiк, але вазьмi i падзякуй. Нельга быць сквапнымi: усяго было мала, але калi нешта трапляла ў рукi, то трэба падзялiцца. I яшчэ мы заўсёды павiнны былi сустрэчным казаць не звычнае цяпер рускае "Здравствуйте!", а менавiта "Добры дзень!" — Хочацца, каб i цяпер дзяцей вучылi найлепшаму, — лiчыць Антанiна Кiрэеўна Янкова. — А то цяпер малыя шмат зайздросцяць: у аднаго мабiльнiк, у iншага камп'ютар. Мяне вучылi не рабiць злога i не зайздросцiць. Я так рабiла ўсё жыццё: калi да мяне прыходзiў чалавек i нешта прасiў, я iмкнулася дапамагчы. Адмысловыя прысмакi "Нiчога складанага ў прыгатаваннi смачных посных страў няма!" — запэўнiваюць удзельнiцы Клуба ветэранаў у Лапацiчах. Напрыклад, толькi з любiмай беларусамi бульбы можна прыгатаваць дзясятак страў: акрамя звычных "варыць i смажыць", не забудзьцеся на пiражкi, варэнiкi, катлеты ды шанежкi. Шанежкi — гэта нешта накшталт поснай пiцы, якую ў Лапацiчах гатуюць у печы. Прэснае цеста з мукi, вады, дражджэй, цукру i солi раскачаць у аладкi, а наверх выкласцi прыгатаванае бульбяное пюрэ са смажанай цыбуляй. Людмiла Iванаўна Бондарава прынесла на стол пiрог з капустай. — Гэта элементарна: вада, дрожджы, мука, соль, цукар. Цеста начынiць смажанай капустай, морквай i цыбуляй. Тут няма яек, масла i малака, але i без iх смачна! Валянцiна Iванаўна Карповiч прэзентавала варэнiкi: — Каб цеста без яйка не распаўзлося, трэба залiваць муку гарачай вадой. Для начынкi рэкамендуюць пасмажыць квашаную капусту i дадаць бульбяное пюрэ. Калi варэнiкi згатавалiся, то трэба абмакнуць iх у смажаную цыбулю з алеем. Жанчыны таксама рэкамендавалi для ўзняцца настрою праводзiць гульнi з варэнiкамi. Пакласцi ў адзiн цi два перчык альбо соль. Той, каму трапiў такi адметны варэнiк, абавязкова атрымае ўдачу. Ядуць у пост i салодкiя стравы. Загадчыца бiблiятэкi Святлана Уладзiмiраўна Ефiменка прыгатавала посны пернiк. Рэцэпт яна прывезла ад сёстраў, якiя жывуць у Расii. — Шклянка вады, шклянка цукру, палова шклянкi алею, 2 чайныя лыжкi какавы, соль, палова чайнай лыжкi гашанай соды. Усё гэта замясiць з мукой, каб цеста было падобнае на смятану. Верх пернiка ўпрыгожыць арэхамi, выпякаць у духоўцы. Пост, нагадалi вясковыя жанчыны, гэта яшчэ i магчымасць для гаспадынi зэканомiць сродкi i харчы на святы. У краму трэба хадзiць толькi па муку i алей. Гароднiна ёсць у нарыхтоўках з агарода. А цi будзе смачна на посным стале — гэта залежыць ад жадання жанчыны. Думы пра вечнае Бацька Валянцiны Васiльеўны Найдзянковай нiколi не быў шчырым вернiкам. Але ён не любiў несправядлiвасцi i нацiску на людзей. Тым больш, калi гэта сваякi i нашчадкi тых, якiя прайшлi страшную вайну, перамаглi, але паляглi ў баях сотнямi тысяч i пакiнулi сiротамi дзяцей. Сям'я Валянцiны Васiльеўны жыла ў Клiнах, дзе знаходзiцца знакамiтая Блакiтная крынiца, святое месца Слаўгарадчыны. — I калi забаранiлi вернiкам Богу малiцца ды зачынiлi царкву ў Слаўгарадзе, бацька не мог гэта перажыць, — узгадвае жанчына. — Якое права маюць забаранiць чалавеку, калi ён хоча малiцца i пасцiцца? I ён у адказ забаранiў мне ўступаць у камсамол i партыю. Я сваiх дачок у Бога не вучыла верыць, але раiла верыць людзям, не рабiць iм шкоды, дараваць усе крыўды. — Бабуля мне ў дзяцiнстве ўвесь час нагадвала пра пакору, — узгадала дырэктар сельскага дома культуры Ларыса Мiкалаеўна Кiраёнак. — Няхай лепей у цябе папросяць i ты аддасi, чым ты будзеш хадзiць i прасiць. Людзям патрэбна дапамога i ласка. — Трэба падумаць пра сваякоў i сяброў, забыцца на сваркi, змякчыць сваё сэрца, — так раiць зрабiць Раiса Страмужэўская. — Трэба з любоўю ставiцца да людзей, якiя навокал. Тады i пост будзе на радасць. Завяршаецца 2009 год. Ён быў напоўнены i радасцямi, i клопатамi. Напэўна, гэты год застанецца ў гiсторыi як складаны, крызiсны. Хоць жанчыны ў той жа Пацяраеўцы смяюцца з гарадскiх размоў пра крызiс: маўляў, цi не распавесцi вам, дзетачкi, пра тое, што мы елi ў вайну i пасля яе... — Мая мацi з 5 дзецьмi засталася адна пасля вайны, — расказала Марыя Iванаўна Лявонава. — Без бацькi вялiкай сям'i было цяжка: у нас быў, хочаш — не хочаш, а пастаянны пост. Толькi на святы ўдавалася пад'есцi... — У людзей жа ёсць ежа! — здзiўляецца пытанню пра крызiсныя жыццёвыя цяжкасцi Валянцiна Iванаўна Касцюковiч. Паводле меркавання вернiкаў, цяпер самы лепшы час задумацца не столькi пра крызiс i тое, што будзе далей, колькi пра стаўленне чалавека да сябе i да людзей. — Столькi катастрофаў здарылася апошнiм часам! — узгадаў айцец Георгiй. — I яны, падаецца, ад таго, што нехта паводзiў сябе бязладна: нешта павiнен быў зрабiць, але не зрабiў належным чынам. Гэта ўрок: мы, людзi, усе ўзаемазвязаныя. I цяпер, у час посту, самы час не прад'яўляць да кагосьцi прэтэнзii, а пачынаць з сябе. Iлона Iванова. Слаўгарадскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Поснае застолле ...Вёска Пацяраеўка ў Слаўгарадскiм раёне засыпана снегам. Галiны дрэў белыя, нiбыта ў казцы. Чырвоныя ягады калiны прыцярушаныя снегам. На вулiцы Садовай бязлюдна. — Калiсьцi нашу вёску жартам называлi Кiтаем: тут была сотня двароў, i ў кожным — 5-6 чалавек, — тлумачыць 70-гадовая мясцовая жыхарка Валянцiна Iванаўна Касцюковiч. — Цяпер ад сiлы тры дзясяткi двароў, дзе жывуць старыя. А месца ў нас гiстарычнае: тут шведскi генерал страцiў свой капялюш, калi збягаў ад рускiх ваяроў |
|