Шчасьлівыя міратворцы
26.12.2009
—
Новости Общества
|
Калядны зварот да вернікаў Апостальскага візытатара для беларусаў грэка-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана. Неяк ня вельмі даўно з маёй знаёмай здарыўся цікавы выпадак. Вось што яна расказала мне пра гэта. Ехала яна лёнданскім мэтро са сваёй дачушкай, якой яшчэ не было аднаго годзіка. Раптам у вагон убег малады чалавек, які пачаў паводзіць сябе даволі агрэсіўна. Усе пасажыры насьцярожыліся, але ніводзін зь іх не асьмеліўся зрабіць яму заўвагу, баючыся ягонай рэакцыі. Толькі дачушка маёй знаёмай заставалася бесклапотнай, і, калі малады чалавек падышоў бліжэй, яна ўсьміхнулася яму. Малады чалавек, заскочаны, затрымаўся, пасьля на ягоным твары зьявілася таксама ўсьмешка, а зь ёй зьнікла ўся ягоная ранейшая агрэсіўнасьць. Усе ў вагоне ўздыхнулі з палёгкай. Відаць, усьмешка нявіннага дзіцяці кранула сэрца маладога чалавека. Можна сказаць, што дзіцятка, не ўсьведамляючы гэтага, учыніла першую ў сваім жыцьці міратворчую акцыю...Гэтае здарэньне прыгадалася мне якраз цяпер, калі мы адзначаем успамін прыйсьця на сьвет іншага Дзіцяці, пра якога сьвяты Павал пасьля скажа: “Калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына свайго адзінароднага, які нарадзіўся ад жанчыны, стаў падуладны закону, каб выкупіць тых, што пад законам, каб нам атрымаць усынаўленьне” (Гал 4:4-5). Іншымі словамі, мы сьвяткуем нараджэньне ў целе Сына Божага, Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. І вось цікава: спрадвечны Бог і Творца ўсяго яўляецца людзям не ў сваёй бязьмежнай велічы, але як бездапаможнае дзіцятка, якое мае патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. Ён не жадае, каб мы сьлепа слухаліся Яго, дрыжучы ў страху перад Ягонай магутнасьцю. Ён хоча нашых сэрцаў, бо толькі тады можа настаць “супакой на зямлі людзям добрай волі”. Дык адчынім нашыя сэрцы для нованароджанага Госпада нашага, каб нам стаць разам зь Ім саўдзельнікамі працы дзеля супакою на ўсім сьвеце, памятаючы Ягоныя словы “Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі”. А. Аляксандар Надсан Каляды 2009 г. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калядны зварот да вернікаў Апостальскага візытатара для беларусаў грэка-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
|
|