Чараўнiцтва сваiмi рукамi. 21.by

Чараўнiцтва сваiмi рукамi

31.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А цi ёсць у беларусаў свае традыцыi святкавання Новага года? Мы не выкiдваем праз акно старую мэблю. Мы не гатуем якой адметнай стравы. Мы ставiм штучныя кiтайскiя ёлкi, на якiя ўсё часцей навешваем замежныя цацкi i гiрлянды. У нас няма свайго фiльма цi песнi, якiя б цэлымi днямi круцiлi на свята. З малымi мы развучваем, як "В лесу родилась ёлочка". У нас нават тыграў сваiх няма (якi жах!), але мы жывём па ўсходнiм гараскопе. Так, Новы год у Беларусi стаў папулярным толькi з сярэдзiны мiнулага стагоддзя. Але калi зараз для нас гэта найпершае свята, няўжо беларусы не здольныя прыдумаць нешта сваё?

Год зялёнай жабкi

Удзельнiкi Паэтычнага тэатра "АРТ. С" (якi аб'ядноўвае знакамiтых людзей Беларусi, маладых творцаў i прыхiльнiкаў iх творчасцi) распачалi 12-гадовы праект "Святкуйма беларускае!", калi ствараецца адметны, нацыянальны каляндар. Так, 2009 год ва ўсiм свеце быў годам простай каровы, а ў нас... божай, або багоўкi. Яго i адзначылi асаблiва: вядучыя апраналiся ў касцюмы колеру божай кароўкi, рассыпалi па зале чорныя кропачкi i частавалi ўсiх цукеркамi, ну i, безумоўна, людзi творчыя прысвяцiлi ёй свае творы. На 2010 год Багоўка перадае правы Зялёнай Жабцы — чароўнай каралеўне беларускiх балот.

— Можна шмат чаго стварыць. На што мы багатыя, дык гэта на iдэi. Беларусы — людзi творчыя, iнтэлектуалы, гэта зямля паэтаў, — заўважае ўдзельнiца "АРТ.С", пiсьменнiца (якую, мiж iншым, апошнiя некалькi гадоў вызначаюць сярод лепшых аўтараў, што ствараюць творы для дзяцей) Алена Масла.

Прынамсi, у яе казцы "Каляды з хроснай" выкладзена казачная канцэпцыя святкавання Новага года, але самае чароўнае мы пакiнем на дэсерт, таму што перш чым брацца за цуды, хацелася б вызначыць план дзеянняў на наступны год.

Пажывём па-беларуску?

Такiм чынам, беларусы здольныя на многае, праблема толькi ў тым, што пакуль прапанова "чаму б не..." больш падобная на рытарычнае пытанне. Iдэi ёсць, i iх магло б быць болей, але цi патрэбныя яны?

— Напрыклад, чаму б не ствараць па матывах нейкiх нашых лiтаратурных твораў цукеркi, шакаладкi, мульцiкi, фiльмы? — пытаецца Алена Сцяпанаўна. — Не адчуваецца цiкавасцi грамадства, дзяржавы ў стварэннi нацыянальнага прадукту ва ўсiх праяўленнях, не толькi ў сэнсе тэхнiкi, раскручваннi прамысловых або харчовых брэндаў. Сутнасць у тым, што культура заўсёды першасная, без яе немагчыма iснаванне народа, гэта дух нацыi. Чалавек моцны духам. Нават самы нямоглы, разбiты паралiчом, але моцны духам, будзе жыць i натхняць на жыццё тых, хто з iм побач. А ёсць людзi здаровыя, багатыя, паспяховыя, якiя жыць не хочуць, кажуць, стрыжань у чалавеку зламаўся. Тое ж самае з культурай, традыцыйнымi каштоўнасцямi. Яны наталяюць патрэбу, натхняюць чалавека, гэта рухае ўсё астатняе.

Можа таму нашы iнтэлектуальныя напрацоўкi сплываюць за мяжу, бо беларусам нестае гэтай нацыянальнай культуры? Наколькi яны пачуваюцца на сваёй зямлi гаспадарамi? Грэбаваць сваiм, хаваць — гэта проста недаравальна!

Наш лёс у нашых руках. На думку Алены Масла, мы зараз перажываем такi перыяд, калi павiнен вызначыцца лёс беларусаў, кiм мы станем: тэрыторыяй, чыiм iнтэлектуальным патэнцыялам усе будуць толькi карыстацца, альбо краем, дзе з цiкавасцю глядзяць на сваё. Усё ж больш беларусаў выязджаюць за межы рэспублiкi i бачаць, што Польшча — гэта Польшча, Германiя — Германiя, а розным суполкам у замежжы даводзiцца тлумачыць, што такое наша краiна. I тады ўзнiкае натуральная патрэба зразумець, а хто ж мы такiя.

Людзi на балоце

— Напiсаў Iван Мележ твор "Людзi на балоце" i такое адчуванне, што ён проста генiяльна замацаваў наш партрэт, — заўважае Алена Сцяпанаўна. — Мы ствараем шэдэўральныя прадукты, але яны паглынаюцца "багнай"; тое, што па-за межамi свайго, падаецца нам больш цiкавым, смачным, прыгожым. Пакрысе гэта "багнаi" засмоктвае не толькi нашы гiстарычныя культурныя сляды, але i, падаецца, нас самiх. Бо наша спадчына, этнаграфiчная, лiтаратурная, культурная — гэта зафiксаваны менталiтэт, сiстэма каштоўнасцяў, якая выпрацоўвалася цягам стагоддзяў, — заўважае пiсьменнiца. — Беларусы — талерантны народ, добразычлiвы, гасцiнны, памяркоўны. Столькi цудоўных якасцяў. Але гэта не на пустым месцы ўзнiкла, гэта вынiк духоўнай працы многiх пакаленняў. Мне пашчасцiла яшчэ заспець тое пакаленне беларусаў, маiх дзядуляў i бабуль. Наколькi яны былi далiкатныя ў чалавечых праявах, гэта быў не спiты народ, незмацюканы, калi яны i сварылiся, замест мацерных слоў ўжывалi розныя пажаданнi кшталту "Каб цябе качкi стапталi". Гэта былi людзi з высокай культурай. Незразумела, што мы за народ, калi хто заўгодна можа ўплываць на нашу свядомасць, мы гатовыя пераймаць якiя заўгодна культуры i традыцыi, але чамусьцi не карыстаемся сваiм. Я думаю, наперадзе яшчэ той час, калi нам стане сорамна за тое, чым мы духоўна "кармiлi" сваiх дзяцей.

Не горш за Пэпi — Доўгую панчоху

I што самае крыўднае, у нас ёсць свае выдатныя творы для дзяцей.

— У Швецыi створаны iнстытут, якi прапагандуе i рэкламуе шведскi лад жыцця, розныя яго праявы, у тым лiку i дзiцячую лiтаратуру. Карлсан i Пэпi — Доўгая панчоха — брэнды Швецыi, гэтыя творы перакладзены на розныя мовы. Цiкава, калi б Пэпi — Доўгая панчоха была створана ў нас, цi стала б яна шэдэўрам, якi ведае ўвесь свет? Бо там з гэтай кнiжкай шмат працавалi пiяршчыкi, выпускалi каляровую прадукцыю, майкi, кепкi. А цi здольныя мы хоць бы на сваiм, нацыянальным узроўнi раскруцiць такiя вобразы? У нас ёсць героi не горшыя за Пэпi. Ёсць цудоўныя кнiжкi, якiя выйшлi за апошнi час. Сярод iх можна згадаць "Прыгоды Мiшкi Пiк-пiк" Людмiлы Рублеўскай, "Каляроваю затоку" Пятра Васючэнкi, "Прыгоды маленькай машынкi" Наталлi Бучынскай", "Казкi астранаўта" Раiсы Баравiковай i шмат чаго. Думаю, калi б з нашымi кнiгамi пачаць працаваць, то ў шмат якiх з нашых герояў быў бы поспех. А ў нас нават мульцiкi не здымаюцца, няма сучасных перадач пра беларускiх пiсьменнiкаў. Вы запытайцеся сёння, у тых, хто сцвярджае, што нiчога ў нашай лiтаратуры няма: "што з таго, што за апошнi час вы чыталi, вас уразiла?". Адказу не будзе. У лiтаратуры арыентуюцца адзiнкi, таму што мы жывём у iмклiвым часе, спяшаемся, падумаць няма калi, чытаць тым больш.

У 90-я гады, калi намаганні былі скiраваны на вывучэнне роднай мовы, беларускiя кнiгi выходзiлi накладам у 70 тысяч асобнiкаў i асноўны тыраж сыходзiў за два тыднi. Цяпер самыя вялiкiя тыражы, пра якiя можна марыць, — 2-3 тысячы, а гэта значыць кнiгi патрапяць далёка не ва ўсе крамы i бiблiятэкi. Таму многiя людзi, якiя i хочуць выхоўваць дзетак па-беларуску, нават i не ведаюць, што такая лiтаратура ёсць. Калi ж беларускiя кнiжкi трапляюць у неабыякавыя рукi, яны захоплiваюць людзей. Так, у класах, дзе працуюць зацiкаўленыя настаўнiкi, дзецi як пластылiн, з iх ляпi што заўгодна, яны разумеюць i любяць сваю мову, сваю краiну.

— Мне давялося падарожнiчаць па Галандыi, найбольш уразiла, што шараговы галандзец ведае мiнiмум 4 мовы, а хто з вышэйшай адукацыяй — 6, i пры гэтым свая мова ў iх на належным узроўнi, сваё шануецца i паважаецца. Мне хацелася б звярнуцца да чытачоў, якiя абiраюць газету на роднай мове, падзякаваць iм за тое, што яны ёсць i пажадаць у новым годзе светлага аптымiзму. Ёсць цэлая супольнасць людзей, якiя апякуюцца над тым жа, што i яны, — руплiўцы роднага слова, родных традыцый. Роднае слова — гэта носьбiт духоўных каштоўнасцяў, таму яно вельмi важнае. А тым, хто ў новым годзе гэта толькi зразумее, — проста сiлаў i натхнення быць беларусамi. Я думаю, што гэта вельмi трывожны факт, што ЮНЕСКА абвясцiла беларускую мову ў шэрагу моў пад пагрозай знiкнення. Калi вясёлка ззяе на небе, яна прыгожая ў сваёй шматколернасцi. Няхай гэтая шматколернасць захоўваецца. У нашых сiлах гэта зрабiць не толькi дзеля прыгажосцi, але i дзеля памяцi пра тых папярэднiкаў, якiя iшлi да нас па зямлi, сярод агульнага няхай кожны згадае сваiх дзядулю,бабулю, мацi, бацьку.

Чароўны дэсерт

Цiкава, а цi здольныя беларусы зрабiць маленькi цуд? Для самiх сябе? Калi вам неабыякавая беларуская лiтаратура, калi вы хочаце, каб яна развiвалася, — чытайце па-беларуску, набывайце нашы цудоўныя добрыя кнiжкi сабе i сваiм сябрам. Захапiце з сабой, калi выправiцеся кагосьцi вiншаваць з калядкамi.

Так з планам дзеянняў на год разабралiся. Але што рабiць, калi на носе святы? Пэўныя падказачкi — зборнiкi з вершамi, сцэнарамi, песнямi выдадзеныя ў выдавецтве "Мастацкая лiтаратура". Толькi выйшла з друку кнiжка "Новы год", дзе ёсць як пераклады знакамiтых навагоднiх песенек, так i новыя беларускiя тэксты (такiя ж беларускiя дапаможнiкi створаны i да святаў 23 лютага i 8 Сакавiка). Сваiмi прапановамi па сустрэчы зiмовых святаў падзялiлася i Алена Масла.

— Новы год — гэта свята, якое вымагае цудаў, калiсьцi iх дарылi нам нашы бацькi, пасля мы рабiлi для сваiх дзяцей. Я сама з Мiёршчыны, i мае дзецi на гэтае свята не дазвалялi сядзець у горадзе, мы заўсёды ехалi ў Мiлашова, таму што там ходзiць сапраўдны Дзед Мароз. Мы сядзелi за святочным сталом, пасля хадзiлi коўзацца на возера. Дзед Мароз нам запальваў чароўную ялiнку ў двары, а падарункi падкiдваў пад вугал хаты, грукаў у вокны i наогул ён быў вялiкi прыдумляльшчык. Мае дзецi падраслi, але таямнiчасць, казка захавалася i яны здольныя стварыць яе для кагосьцi малодшага. Калi я была студэнткай, распачала яшчэ адну традыцыю: пераапранацца ў Дзядулю Мароза i хадзiць у хаты, дзе ёсць дзецi, а таксама ў нас была традыцыя вiншаваць аднавяскоўцаў, бо ў вёсках шмат адзiнокiх людзей.

Казачнiца ўпэўненая, што цуд — гэта тое, што мы робiм сваiмi рукамi. Прычым ствараць яго можна не толькi для сваiх блiзкiх, але i проста для ўсiх, хто апынаецца побач. А вось вам i некаторыя рэцэпты цудаў, узятыя з яе кнiгi "Каляды з Хроснай". Дарэчы, гэту казку можна прачытаць на сайце "Нашы дзеткi".

Алена Дзядзюля.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А цi ёсць у беларусаў свае традыцыi святкавання Новага года? Мы не выкiдваем праз акно старую мэблю. Мы не гатуем якой адметнай стравы. Мы ставiм штучныя кiтайскiя ёлкi, на якiя ўсё часцей навешваем замежныя цацкi i гiрлянды. У нас няма свайго фiльма цi песнi, якiя б цэлымi днямi круцiлi на свята. З малымi мы развучваем, як "В лесу родилась ёлочка". У нас нават тыграў сваiх няма (якi жах!), але мы жывём па ўсходнiм гараскопе. Так, Новы год у Беларусi стаў папулярным толькi з сярэдзiны мiнулага стагоддзя. Але калi зараз для нас гэта найпершае свята, няўжо беларусы не здольныя прыдумаць нешта сваё?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика