За тых, хто поруч!
31.12.2009
—
Новости Общества
|
Да новага года застаецца не так многа часу, i ўжо ясна, што наўрад цi паспее здарыцца нешта такое, каб я сказала: "О, гэта быў самы шчаслiвы год майго жыцця!" У нейкi час мне наогул стала здавацца, што гэта вельмi кепскi год. І для мяне, i для ўсiх маiх знаёмых. Я нават падзялiлася гэтым уражаннем з сяброўкай. — А не трэба было рабiць гатычную вечарынку на Новы год! — быў мне адказ. Сапраўды, 31 снежня ў мяне сабралiся людзi ў чорным. Жанчыны, мужчыны, нават маленькiя дзецi... Тады гэта здавалася смешным, цi, як сёння кажуць, прыкольным, а вось калi пачалiся непрыемнасцi... Калi пачалiся непрыемнасцi, я паглядзела на гэта зусiм iншымi вачыма. "Усё!" — клялася сабе я некалькi месяцаў. — "У гэтым годзе нiякай чарнаты! Толькi пазiтыў, самыя яркiя колеры, якiя сiмвалiзуюць здароўе i багацце..." I вось, з наблiжэннем Калядаў, я стала задумвацца, якi колер самы шчаслiвы... Iду па вулiцы i сама сабою пра гэта разважаю. I тут — упс! — сустракаю сваю аднакурснiцу. I не проста сустракаю, а ў тую ж хвiлiну згадваю, што менавiта з ёю сустракала 2009 год! Гэта значыць, я з вялiкай кампанiяй сустрэла Новы год па расiйскiм часе — у чорным, а пасля — ужо з iншай невялiкай кампанiяй — наш, беларускi Новы год. I ў 24.00 я была не ў чорным! Я была ў белым з чорным узорам. I адразу ж 2009-ы падаўся мне ўжо не такiм змрочным. А нават вельмi светлым, хоць i з плямкамi цемры... Дзiўна, але я абсалютна забылася на тое, што сустрэла Новы год два разы, з дзвюма рознымi сяброўкамi! Я бачу гэтаму толькi адно тлумачэнне — лёсы маiх сябровак настолькi падобныя, што аб'яднаныя для мяне ў адну гiсторыю. ...Выйшлi замуж яны рана, у дваццаць, за такiх жа маладых хлапцоў. I каханне было, i маладосць, i дзеткi нарадзiлiся, а вось жа не склалася. Дзяўчаты былi амбiтныя, актыўныя, худыя... А хлопцы, якраз наадварот — ленаватыя, без агню, такiя сабе цельпукi. Рознiца тэмпераментаў была навiдавоку, ды i жыць даводзiлася ў бацькоў... Карацей, распалiся гэтыя шлюбы хутка, хоць i без асаблiвых скандалаў. Жыццё пацякло далей. Дзяўчаты пакiдалi свае ранейшыя працы ў школе, i забыўшыся на адукацыю, сталi менеджарамi — дзе яшчэ знайсцi грошы на ўласнае жытло, як не ў бiзнэсе? Адна марыла пра ўласную кватэру, другая — дабудаваць пакой у бацькоўскiм доме. Але грошы збiралiся марудна — калi ты працуеш на чужога чалавека, то колькi б ты нi пахаў, нi круцiўся, грошы не прыбываюць... Толькi праз пэўны час сустрэлi яны мужчынаў сваёй мары. Мужчынаў, якiя дапамаглi iм i з працай, i з жытлом. Мужчыны былi б iдэальныя, каб не адна акалiчнасць — у iх ужо былi жонкi i дзецi. Так, яны былi на добрае дзесяцiгоддзе старэйшыя за маiх сябровак, таму было б дзiўна, каб у такiх цудоўных мужчынаў дый не было сем'яў! I сем'янiнамi яны былi адметнымi. Купляюць, напрыклад, што-небудзь у хату маiм дзяўчатам — i сабе ў дом бяруць такое ж. Гэтая акалiчнасць вельмi весялiла маiх сябровак. Хоць якое тут вяселле, калi чалавек з табой цэлы дзень, а на ноч едзе да жонкi? Спачатку яны перажывалi, плакалi, а пасля не тое, каб прызвычаiлiся, а проста не мелi часу, каб перажываць. Дзецi растуць, рамонты iдуць, толькi паспявай працаваць! Бо "мужчыны мары" хоць i дапамагалi, аднак i на шыi ў сябе сядзець не дазвалялi —- там ужо былi жонкi з дзецьмi. I сталi мае дзяўчаты sеlf mаdе wоmаn — жанчынамi, якiя зрабiлi сваё жыццё. З цягам часу мужчыны iм сталi ў цяжар, бо тут працы поўна, па доме клопатаў, дзецi школы заканчваюць... А кавалерам трэба ўвага, пяшчота, разуменне. Ды i з узростам яны здаравейшымi не сталi, балячкi замучылi. I рады б сяброўкi вызвалiцца, ды ўдзячнасць не дазваляе. Толькi жыццё — рэч хiтрая, тут такiя павароты лёсу, што i не прыдумаеш! Адзiн з мужчын захварэў, ды так страшна, што i расказваць не хочацца... А як толькi стала ясна, што справы яго дрэнь, жонка яго з дому i выгнала. Раптам высветлiлася, што яна ўсе гэтыя гады была ў курсе яго любоўнай гiсторыi, але вось цяпер якраз знайшла час яму пра гэта сказаць... Так што памiраў мужчына на руках у сваёй каханкi, якая на дабро яго i падтрымку не забылася. А другi мужчына жывы. Толькi крызiс з'еў увесь яго невялiкi бiзнэс. А як справа ўсяго яго жыцця разбурылася, стала руйнавацца i здароўе. Як у чалавека, якi ўсё жыццё працаваў, здаў у яго хрыбетнiк. Нi падняцца, нi сесцi, масаж ды абязбольвальныя. I з жонкай тая ж гiсторыя! Каму ж трэба iнвалiд у хаце? Вось i адсялiлi яго ў асобную невялiкую кватэру, дзе некалi жылi яго бацькi. Сяброўка ў другую кантору пайшла працаваць, таму ёй цяпер яшчэ i лекi купляць... ...Але ж гэта калядная гiсторыя, i яна не можа скончыцца дрэнна! Таму давядзецца мне расказаць яе далей, прамiнуўшы мараль... Сяброўкi мае з нецярпеннем чакаюць Новага года. Нiколi не здагадаецеся чаму! Таму што на свята прыйдуць да iх дзяцей былыя мужы! За той час, што жаночая палова гэтай гiсторыi вiла гнёзды, мужчынская частка паспела апярыцца, вырасцi, стаць самастойнымi, завесцi свой бiзнэс! I нават пахудзець! Цяпер яны сталi цiкавымi мужчынамi ў самым росквiце сiлаў, за iх увагу змагаюцца маладзенькiя дзяўчаты, якiм сёння трэба крэпкае надзейнае плячо... А хто казаў, што яны на ўсё жыццё застануцца iнфантыльнымi? Так што цяпер мае сяброўкi занятыя прыдумляннем святочных убораў — а раптам атрымаецца ў iх па другому разу ўвайсцi ў адну i тую ж раку... Так што, дарагiя мае чытачкi, менш углядайцеся ў святочныя люстэркi! Разглядайце тых, хто сёння поруч з вамi! Можа той, хто сёння здаецца вам гадкiм качанём, i ёсць тым непараўнальным мужчынам Мары. Тым, з кiм варта правесцi ўсе астатнiя гады свайго жыцця. Тым, хто раздзелiць з вамi не толькi блiскучую паласу вашага жыцця, але i тую, на якой будуць непазбежныя плямкi. Ганна КIСЛIЦЫНА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да новага года застаецца не так многа часу, i ўжо ясна, што наўрад цi паспее здарыцца нешта такое, каб я сказала: "О, гэта быў самы шчаслiвы год майго жыцця!" У нейкi час мне наогул стала здавацца, што гэта вельмi кепскi год. І для мяне, i для ўсiх маiх знаёмых. Я нават падзялiлася гэтым уражаннем з сяброўкай. |
|