Зорка на далоні. 21.by

Зорка на далоні

10.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У геолага Сяргея Юдаева незвычайнае захапленне — ён збірае метэарыты
Некалі і гэты метэарыт зіхацеў у небе як зоркаНядаўна мне пашчасціла загадаць жаданне, трымаючы ў руках кавалачак сапраўднай зоркі, Гэта адбылося на выставе “Каменная казка”, што ладзілася ў пярэдадзень Калядаў у Беларускім дзяржуніверсітэце. На стэндзе пабачыла метэарыты, знойдзеныя як у Беларусі і Расіі, так і з Афрыкі, Швецыі, Амерыкі, Аўстраліі. На выгляд — звычайныя камяні, але з мноствам паглыбленняў: быццам адбіткі пальцаў на пластыліне. “Гэта рэгмагліпты, яны свідруюцца струменямі паветра, калі метэарыт праходзіць атмасферу, — патлумачыў паходжанне знакаў выкладчык кафедры дынамічнай геалогіі БДУ Сяргей Юдаеў. — А памеры паглыбленняў залежаць і ад хуткасці падзення, і ад масы метэарыта”.
Па прафесіі Сяргей геолаг. Некалькі гадоў таму, працуючы ў экспедыцыі, знайшоў дзіўны кавалак металу. Як высветлілася, то быў метэарыт. “З таго, мабыць, моманту ў мяне і з’явілася новая прыхільнасць: шукаць метэарыты, — згадвае ён. — А гэта ўжо як магія: пачаў, і спыніцца немагчыма”.
На выставе прыглядваюся да касмічных прышэльцаў, а ў галаве круцяцца словы песні піцерскага барда Аляксандра Дольскага пра зорку, якая ўпала на далоньку і гатова выканаць жаданне чалавека. Можа, і мне паспрабаваць?.. Сяргей Юдаеў усміхаецца, дазваляе патрымаць маленькі, падобны па форме да ступні чалавека, метэарыт. У руцэ ён аказваецца незвычайна цяжкім, халодным. “Гэта Сіхотэаліньскі метэарыт, ён металічны па саставе, таму і невялікі кавалак падаецца вельмі цяжкім, — тлумачыць Сяргей. — Ёсць гіпотэза: мільярды гадоў таму існавала планета Фаэтон, якая чамусьці распалася, а мноства яе асколкаў, астэроідаў, і цяпер лётаюць паміж Марсам і Юпітэрам. Адзін з іх і ўпаў у раёне гор Сіхотэ-Аліня, ён знойдзены ў 1946 годзе, а калі прыляцеў на Зямлю — невядома. Між іншым, метэарыт унікальны па хімічным саставе, і ў ім выяўленыя малекулы прасцейшых амінакіслот”.
Пра міфічны Фаэтон я, вядома ж, чула і раней, а вось амінакіслоты… Можа, там было жыццё, нават разумныя істоты? А што, калі менавіта дзякуючы такому ці падобнаму кавалачку жыццё “засеялася” на Зямлі? Дарэчы, Сяргей лічыць, што прырода праз метэарыты дае нам унікальны шанец больш даведацца і пра Сусвет, і пра сябе саміх — трэба толькі навучыцца іх разумець. Што ж, мы не ведаем, чаму загінула планета Фаэтон. І таму, трымаючы на далоні “жывога” сведку гісторыі, я папрасіла: хай будуць на Зямлі мір і згода. Каб жыццё прадаўжалася.

Іна Ганчаровіч


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У геолага Сяргея Юдаева незвычайнае захапленне — ён збірае метэарыты
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика