Сёння ў Мінску пройдуць беларуска‑расійскія перамовы аб транзіце электраэнергіі
12.01.2010 11:29
—
Новости Общества
|
Сёння ў Мінску пройдуць беларуска‑расійскія перамовы аб пастаўках электраэнергіі з Расіі ў Беларусь і яе транзіце ў Калінінградскую вобласць РФ. Як паведаміла прэс‑сакратар Міністэрства энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч, перамовы павінны пачацца ў 12.00. З расійскага боку ў іх возьмуць удзел прадстаўнікі кампаніі «Інтэр РАО ЕЭС», з беларускага — дзяржканцэрна «Белэнерга». 4 студзеня аператыўна‑дыспетчарскае ўпраўленне канцэрна «Белэнерга» папярэдзіла аб магчымым спыненні паставак расійскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць з‑за няўзгодненасці ўмоў транзіту. У «Інтэр РАО ЕЭС» гэта расцанілі як «шантаж». Афіцыйны прадстаўнік кампаніі Барыс Звераў заявіў, што перад новым годам беларускі бок, з парушэннем раней дасягнутых дамоўленасцей, «запатрабаваў павялічыць амаль у 2,5 разу кошт транзіту электраэнергіі», а затым запатрабаваў павялічыць цану за транзіт яшчэ амаль у 2,5 разу. Напярэдадні перамоў у Мінску прадстаўнік кампаніі паведаміў, што беларускім партнёрам накіраваны прапановы, якія дазваляюць вырашыць праблему на ўзаемавыгадных умовах: яны ўлічваюць як рост аб’ёмаў транзіту электраэнергіі, гэтак і тарыфна‑балансавыя рашэнні. «Інтэр РАО ЕЭС» заявіла, што спадзяецца на канструктыўны дыялог у Мінску, які дазволіць у кароткія тэрміны знайсці прымальнае рашэнне. Паводле звестак кампетэнтных крыніцаў, расійскі бок згодны на невялікае павелічэнне тарыфу на транзіт электраэнергіі цераз беларускую тэрыторыю. Шэраг аналітыкаў мяркуюць, што рознагалоссі, якія ўзніклі адносна транзіту электраэнергіі, сталі адказам афіцыйнага Мінска на правал перамоў аб пастаўках у Беларусь расійскай нафты. Аднак чыноўнікі гэта адмаўляюць. У прыватнасці, як заявіў БелаПАН вядучы інжынер аператыўна‑дыспетчарскага ўпраўлення «Белэнерга» Уладзімір Кардуба, пазіцыя беларускага боку не звязана з цяжкасцямі ў перамовах аб пастаўках нафты. «Сітуацыя вакол транзіту электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць не ўзнікла раптоўна», — сказаў ён. Паводле слоў Кардубы, расійскі бок даўно ведаў пра спыненне Ігналінскай АЭС у Літве і павінен быў разумець, што «ў сувязі з чаканым дэфіцытам электраэнергія ў Калінінградскую вобласць пойдзе цераз Беларусь». З гэтай прычыны расійскія партнёры павінны былі загадзя вырашыць усе пытанні транзіту электраэнергіі ў гэтым напрамку, у тым ліку фінансавыя, падкрэсліў прадстаўнік дзяржканцэрна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Мінску пройдуць беларуска‑расійскія перамовы аб пастаўках электраэнергіі з Расіі ў Беларусь і яе транзіце ў Калінінградскую вобласць РФ.Як паведаміла... |
|