Тысяча і адна ноч беларускага Пецярбурга
30.01.2010
—
Новости Общества
|
Родны кут на берагах Нявы адкрыў для землякоў Мікалай Нікалаеў
Выхадзец з сучаснага Расонскага раёна Ян Баршчэўскі ў 1817 годзе паступіў на дзяржаўную службу ў марское ведамства Санкт-Пецярбурга. Да 1846 года ён будзе ў гэтым горадзе сталым жыхаром, наведваючы радзіму толькі час ад часу. У Пецярбургу ў 1844 годзе выйдзе твор Баршчэўскага, які ў нашы дні стане культавым — “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, без перабольшання — айчынная “Тысяча і адна ноч”. Горад на Няве — не толькі расійская, але і наша культурная сталіца, перакананы тамтэйшы жыхар Мікалай Нікалаеў. Нікалаеў нарадзіўся пад Навагрудкам, а ў Пецярбургу працуе загадчыкам аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Нядаўна ён закончыў працу некалькіх год жыцця — “Беларускі Пецярбург”. Адкрыццямі вучоны падзяліўся з чытачамі “Голасу Радзімы”. — Мікалай Віктаравіч, як вас самога лёс занёс у Пецярбург? — Лёс на тое і лёс, каб насіць чалавека. Хлапчуком я жыў у Навагрудку. Школьнікам далучыўся да Навагрудскай археалагічнай экспедыцыі, якая прыехала з Ленінграда. Закончыўшы ў 1977 годзе гістфак БДУ, збіраўся працягнуць даследаванні ў родным горадзе, але трапіў у Ленінград, бо там працавалі мае настаўнікі. — Калі вы ўпершыню зразумелі, што не адзін у Пецярбургу, а вакол ёсць землякі? — Першае, што я зрабіў, пасяліўшыся ў Ленінградзе, — падпісаўся на мінскі штотыднёвік “Лiтаратура і мастацтва”. Неяк пошта памылілася і прынесла мне ўсе беларускія газеты, адрасаваныя ў Купчына — “хрушчоўскі” раён, у якім я здымаў кватэру ў 70-я гады. Не стаў вяртаць пасылку ў аддзяленне сувязі, а сам адшукаў адрасатаў і заадно з імі пазнаёміўся. Моцнае ўражанне зрабілі сустрэчы cа старымі пецярбуржцамі: гісторыкам Валянцінам Грыцкевічам, дачкой акадэміка Максіма Гарэцкага Галінай Максімаўнай, прафесарам медыцыны Мікалаем Гурыным, генералам Леанідам Сланеўскім — гэта нашчадкі нашай старой інтэлігенцыі, яны паміж сабой гаварылі па-беларуску. I гутарка іх была разумная: асцярожная, дасведчаная, заснаваная на багатым (хаця не заўсёды лёгкім і радасным) жыццёвым вопыце. Ад іх можна было навучыцца ўменню слухаць іншых. У 1989 годзе я ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое стала першым у горадзе на Няве згуртаваннем суайчыннікаў з 1917 года. — Калі ўвогуле ўзніклі першыя беларускія арганізацыі ў Пецярбургу? — Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе налічвалася не менш за дзесятак беларускіх нацыянальна-культурных і палітычных арганізацый. Адна з першых — заснаванае ў 1906 годзе выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”. У гэтым друкарскім доме выйшлі першыя кнігі Янкі Купалы, якія цяпер лічацца ўзорамі класікі: “Жалейка”, “Адвечная песня”, “Гусляр”, “Сон на кургане”, “Паўлінка”, “Шляхам жыцця”. 70 тысяч беларусаў тады жыло ў Пецярбургу — гэта больш, чым усе жыхары самага вялікага ў Беларусі таго часу горада Віцебска (65 тысяч), Гродна (52 тысячы), Магілёва (50 тысяч). Значыць, паводле абсалютнай велічыні беларусаў-гараджан Санкт-Пецярбург быў самым вялікім беларускім горадам. А прымаючы да ўвагі значны працэнт інтэлігенцыі, рабочых высокай кваліфікацыі і шляхты, Пецярбург займаў пазіцыі вышэй за Вільню і Мінск. — Як вы прыйшлі ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, дзе цяпер займаеце салідную пасаду? — Трапіўшы ў Ленінград, я меркаваў пайсці ў Інстытут археалогіі, але там не было месца, і я звярнуўся ў бібліятэку, якая ў час заснавання называлася імператарскай публічнай, а цяпер — расійская нацыянальная. Ад знаёмства з фондамі бібліятэкі я быў у захапленні. — Чым уразіла бібліятэка? — Мне як археолагу заўсёды здавалася вялікай удачай, калі ў культурным слоі старажытнага горада знаходзілася абгарэлая кніжная зашпілька, а тут стаялі жывыя кнігі з такімі ж зашпількамі! Пергаментная кніга мусіць быць зашпілена, каб ад высыхання пергамент не карабаціўся… Загадчыкам аддзела старадрукаў я стаў у 2003 годзе. Гэта асаблівая для мяне місія. У бібліятэцы захоўваецца самая вялікая ў свеце калекцыя кніг Францыска Скарыны: тры поўныя камплекты “Библии руской”, а таксама “Апостал”, “Малая падарожная кніжыца” і “Псалтыр”, зберагаецца прадукцыя амаль усіх беларускіх сярэднявечных друкарняў (я налічыў 39 выдавецтваў таго часу), ёсць кнігі з бібліятэк нясвіжскіх Радзівілаў, манастырскіх збораў розных гарадоў. — Якія беларусы пакінулі найбольш прыкметны след у гісторыі Пецярбурга? — Самымі вядомымі нашымі землякамі сталі міністр фінансаў Расійскай імперыі Міхаіл Урончанка з Копысі, генерал-фельдмаршал Iосіф Гурка з Магілёўшчыны, кампазітары Дзмітрый Шастаковіч (яго бацька з Віцебшчыны) і Iгар Стравінскі (бацька з Гомельшчыны), журналіст і пісьменнік Фадзей Булгарын з Міншчыны, усходазнаўца Iосіф Гашкевіч з Астравеччыны, паэт Адам Міцкевіч, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка. У свой час у Пецярбургу пачыналася айчыннае беларусазнаўства. Вялiкiм аўтарытэтам карыстаўся мовазнавец прафесар Яўхім Карскі, які дапамагаў студэнту пецярбургскага універсітэта Браніславу Тарашкевічу ўкладаць першую беларускую граматыку. Таму ў нейкім сэнсе наша літаратурная мова “родам” з Пецярбурга. — Чым цяпер жыве беларуская грамадскасць горада на Няве? — Мы выступілі з ініцыятывай устаноўкі мемарыяльнай шыльды на доме, дзе жыў і працаваў Ян Баршчэўскі. Захаваліся будынкі, дзе працавалі Аляксандр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч. Цяпер у Пецярбургу жыве больш за 65 тысяч нашых суайчыннікаў. Сярод іх нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, кампазітар Ігар Карнялюк, губернатар Ленінградскай вобласці Валерый Сердзюкоў, цэлая плеяда беларусаў працуе ў Марыінскім тэатры. Без нашых землякоў Пецярбург ужо немагчыма ўявіць. Віктар Корбут Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Родны кут на берагах Нявы адкрыў для землякоў Мікалай Нікалаеў
|
|