Сяргей Касцян: Будучыня за славянствам. 21.by

Сяргей Касцян: Будучыня за славянствам

06.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анкета: Сяргей Касцян. Хрысцiянiн-вернiк. Нарадзiўся на Магiлёўшчыне. Гiсторык i дэпутат. Славянскiм рухам займаецца з 1997 года. Упэўнены, што можа паразумецца з прадстаўнiкамi ўсiх славянскiх нацый без перакладчыка. Роднымi лiчыць тры мовы: беларускую, рускую i ўкраiнскую. Член прэзiдыума мiжнароднага славянскага камiтэта. Старшыня мiжнароднага ГА "Славянскi Парламенцкi саюз"

Цi шмат вы ведаеце пра гiпербарэйскiя каранi славянаў? А пра этымалогiю этнонiма "Русь" i тэорыю лiдарства? Днямi пра ўсё гэта не толькi можна будзе прачытаць, але i паслухаць. Вядучыя даследчыкi-славiсты з Беларусi, Расii i Украiны сабралiся на навукова-практычную канферэнцыю "Славянскi свет". 10-я па лiку канферэнцыя аб'яднала больш за 100 удзельнiкаў.

Адзiн з iх, беларускi прафесар Сяргей Іванавiч Касцян, пра славян ведае калi не ўсё, дык амаль усё. Старшыня Мiжнароднага ГА "Славянскi парламенцкi саюз" фору дасць любому даследчыку. Пра тое, чаму не варта называць дзяцей Тобiясамi i Мары Сабэлямi, а таксама пра тое, як славяне могуць выратаваць немцаў, прафесар распавёў спецкару "Звязды".

— Сяргей Iванавiч, параўнайце партрэт славянiна ХIХ стагоддзя i тое? што з iм стала сёння?

— Славянiн ХIХ стагоддзя лiчыў сябе славянiнам у большай ступенi, чым гэта робiць яго сучаснiк. Iдэi, традыцыi, каранi i звычаi славянаў заставалiся, падтрымлiвалiся i перадавалiся з пакаленне ў пакаленне. А як прыйшоў да ўлады Хрушчоў, славянская iдэя была загубленая, славянскiя камiтэты былi распушчаны. Маўляў, усе народы роўныя, аднолькавыя i стройным крокам павiнны iсцi ў камунiзм. I да камунiзму не дайшлi, i iдэю славянства загубiлi. Сёння, як нiколi, нам патрэбна згуртаванне славян, узаемадапамога памiж славянскiмi дзяржавамi. Каб не знiкнуць, славянам трэба сябраваць памiж сабой, аб'яднацца. А каб аб'яднацца, трэба адрадзiць духоўнасць, зберагчы культуру, нашы звычаi i традыцыi. Бо найпершая небяспека — у згубе маральнага i духоўнага.

— Iдэi мiжславянскай канферэнцыi, якая праходзiць днямi, наколькi ўпiсваюцца ў гэту канцэпцыю?

— Штогод мы праводзiм канферэнцыi пад назвай "Славянскi свет". Сёлетнi лейтматыў — духоўнасць, культура i самасвядомасць. Мы паступова наблiжаемся да спазнання самiх сябе. Даклады канферэнцыi штогод выдаюцца i распаўсюджваюцца. Радуе, што далучаюцца ўсё новыя i новыя даследчыкi i навукоўцы. Найбольш прыемны факт, што ў канферэнцыi з кожным годам усё больш маладых удзельнiкаў.

— Якое месца займаюць беларусы ў агульнаславянскiм кантэксце? Цi вылучаюць iх асаблiвасцi?

— Беларусь у плане славянства больш кансерватыўная краiна, чым астатнiя. Яна найменш схiльная да ўплываў Захаду. У 2005-м Мiнск быў абраны штаб-кватэрай Мiжнароднага ГА "Парламенцкi саюз"... I невыпадкова апошнiя гады большасць славянскiх мерапрыемстваў праходзiць менавiта тут, у Беларусi. У нечым гэта звязана з нашай беларускай памяркоўнасцю, талерантнасцю. У нас, як нiдзе спакойна. Пад дахам славянства знаходзяцца ўсе людзi, якiя жывуць на беларускай зямлi. З усiмi, хто падтрымлiвае iдэю славянства, мы заўсёды гатовыя супрацоўнiчаць.

— Вы ўзгадвалi супрацоўнiцтва. Раскажыце, як iдуць справы па супрацоўнiцтве не толькi з усходнiмi славянамi, але i iншымi групамi славянаў. Напрыклад, з тымi ж серба-лужычанамi?

— Безумоўна, ёсць славяне i ў Канадзе, i ў Аўстралii, i ў Прыбалтыцы...Толькi з Афрыкi пакуль што не было. Прадстаўнiк лужыцкiх сербаў спадар Козел — член прэзiдыума мiжнароднага славянскага камiтэта. Памiж намi iдзе пастаянны абмен iнфармацыяй.

— Магчыма вы чулi пра кнiгу расiйскiх даследчыкаў Валянскага i Калюжнага "Iншая гiсторыя Русi", дзе аўтары адмаўляюць славянскае паходжанне сваёй нацыi. Ваша стаўленне да такога кшталту тэорый?

— Зараз шмат пiшуць. I пiшуць не за iдэю, а за грошы. Фiлосаф Аляксандр Цыпко з Расii так i рабiў: пры падзеннi Савецкага Саюза ён даказваў бессэнсоўнасць марксiзму-ленiнiзму, а зараз сцвярджае адваротнае. Заплацiлi. Такiя кнiгi з'яўляюцца часта, я на iх не звяртаю ўвагi. Гэта ўсё хлусня. Нiякай карысцi яны, па-мойму, не прыносяць.

— Нядаўна Грузiя звярнулася да ўладаў Лiтвы з просьбай перагледзець назву сваёй краiны на карысць Джорджыi. Як вядома, Беларусь у той жа лiтоўскай мове гучыць, як "Балтарусiя", у нямецкай называюць часам "Вайсрусланд" (Белая Расiя. — Аўт.). На ваш погляд, цi павiнна наша краiна патрабаваць вымаўлення лацiнскага варыянту B E L A R U S?

— Але корань "русь" застаецца пры любой назве. Няма нiякага сэнсу ў змене: i так — Белая Русь, i так — Беларусь.

— Для некаторых людзей гэта прынцыпова...

— Я лiчу, нам нiчога не трэба мяняць i некага аб нечым прасiць. Мы — самастойная незалежная дзяржава. Глядзiце: немцы сябе называюць "Дойчланд" (ням. Deutschland), а мы кажам "Германiя", а славяне заходнiя кажуць "Нямеччына". Ну дык, i што цяпер немцам? Называць краiну "Джэрман" цi "Герман" (ад англ. Germany. — Аўт.) i адмовiцца ад "Дойчланд"? Цi мала хто нас як называе, галоўнае — як мы самi сябе называем i адчуваем. Як казаў адзiн святар, калi чалавек iмкнецца змянiць сваё прозвiшча цi iмя, то ён пасылае адмоўныя сiгналы ў космас. I гэта адмоўна пасля адбiваецца i на iм, i на яго пакаленнi. Назвы склалiся гiстарычна, да гэтага ўжо ўсе прывыклi.

— Як вы ставiцеся да таго, што ў Беларусi стала модна называць дзяцей неславянскiмi iмёнамi?

— Я лiчу, гэта вельмi дрэнна. Такiя бацькi не спрыяюць сваiм дзецям. Але такiх людзей мала. Ведаеце, пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi таксама былi такiя настроi, калi дзецям давалi заходнiя iмёны. Майго стрыечнага брата бацька назваў Джым — на французскi капыл (дзядзька быў лётчыкам i яго сябар-француз зваўся Джым). Але сын, калi стаў поўнагадовым, пасля вайны памяняў сваё iмя на Аляксандра Маркавiча...

— Гэта значыць мне не варта называць свайго сына Тобiяс, бо i ён можа перамянiцца на Iвана?

— Безумоўна, а як яго дачка будзе — Тобiсаўна? (смяецца). Я думаю, што гэта неразумна. У нас ёсць свае iмёны i яны маюць свой код. I невыпадкова, калi раней дзiця хрысцiлi, то найперш зазiралi ў праваслаўны каляндар. А яшчэ раней былi iмёны язычнiцкiя, бо хрысцiянства цяжкiмi шляхамi прыйшло на нашы землi. Славяне не адразу захацелi прыняць яго. I калi хрысцiяне зразумелi, што няварта абвяргаць усё тое, што мелi славяне-язычнiкi, яны сталi падладжвацца i пад славянскiя святы i звычаi. I сёння праваслаўная царква стараецца захоўваць славянскiя прозвiшчы i iмёны.

— Моладзь сёння ахвотная да аднаўлення розных паганскiх традыцый. Тое ж Купалле, калi трэба скакаць праз агонь, першапачаткова было паганскiм святам. Што б вы сказалi пра сувязь паганства i славянства?

— Па-першае, я не згодзен з гэтай назвай "паганства". Паганства — гэта ў нечым паганае, а паганае — адмоўнае. А няўжо славянская культура, пiсьменнасць, якая iснавала да хрысцiянства, гэта паганства? Кiрылiца — гэта было паганства? Вы ўзгадалi агонь, а я ўзгадаю ваду. Хрысцiяне акунаюцца на Вадохрышча, а славяне рабiлi гэта ў час супрацьстаяння (дзень раўнадзенства) — дык якое ж гэта паганства? Паганства нам прынеслi з Захаду, а язычнiцтва — цудоўна развiтая культура.

— Якiм вы бачыце славянства ў перспектыве?

— Будучыня за славянствам.

Гутарыў Iлья ЛАПАТО.

.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анкета: Сяргей Касцян. Хрысцiянiн-вернiк. Нарадзiўся на Магiлёўшчыне. Гiсторык i дэпутат. Славянскiм рухам займаецца з 1997 года. Упэўнены, што можа паразумецца з прадстаўнiкамi ўсiх славянскiх нацый без перакладчыка. Роднымi лiчыць тры мовы: беларускую, рускую i ўкраiнскую. Член прэзiдыума мiжнароднага славянскага камiтэта. Старшыня мiжнароднага ГА "Славянскi Парламенцкi саюз"
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика