Грант-опера. 21.by

Грант-опера

06.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вялiкi тэатр Беларусi супрацоўнiчае з лаўрэатам прэмii "Залатая маска", але прапануе грантамі заахвочваць беларускiя пастаноўкi

Вялiкiя гастролi запланаваў на гэты год Вялiкi тэатр Беларусi. Пра гэта паведамiў намеснiк генеральнага дырэктара тэатра Валерый Гедройц. Нашу оперу ўжо ўвесну чакаюць у Галандыi са спектаклем "Багема". А летам упершыню ў гiсторыi незалежнай Беларусi тэатр паедзе ў Эстонiю на фестываль, якi праходзiць у горадзе Пярну. Звычайна арганiзатары запрашаюць нейкую краiну са сваiм оперным тэатрам. Беларуская опера павязе дзве праграмы: пастаноўку "Князя Ігара" Барадзiна i гала-канцэрт з удзелам нашых лепшых салiстаў.

Балет накiруецца ў ваяж у красавiку: спектакль "Баядэрка" запрошаны ў Егiпет. Вядуцца перамовы пра тое, што будуць гастролi ў Iспанii, Германii, на Кiпры. Паўднёвая Карэя чакае беларускi балет напрыканцы года. А па дарозе, магчыма, атрымаецца заехаць у Кiтай...

А па Беларусi паездзiць — зрабiць оперу цi балет блiжэй да народа?..

— Мы задумалi ў чэрвенi правесцi Першы летнi беларускi оперны фестываль у Нясвiжы, — кажа Валерый Гедройц. — На мой погляд, цiкавы праект. У дворыку нясвiжскага палаца будзе паказаны спектакль Яна Голанда "Чужое багацце нiкому не служыць" — 250 гадоў таму ў гэтым палацы ён першы раз адбыўся. Калi мы ставiлi гэты спектакль, то вырашылi павесцi артыстаў у Нясвiж. Так атрымалася, што для многiх гэта было першае падарожжа ў старажытны горад. Калi артысты хадзiлi па рэстаўраванай зале, ратушы, то для многiх гэта было адкрыццём. Паездка станоўча паўплывала на працу. Але я тады здзiвiўся таму, што не ў самы зручны для падарожжаў час (восень) было шмат людзей. Таму мы разлiчваем фестываль як на турыстаў, так i на мясцовых жыхароў. Будзе гала-канцэрт салiстаў беларускай оперы i запрошаных з-за мяжы беларускiх оперных спевакоў, якiя працуюць у розных тэатрах. Iдуць перамовы па запрашэннi гасцей. Мяркуем прысвяцiць выступленнi 200-годдзю польскага кампазiтара Фрэдэрыка Шапэна, лёс якога звязаны з домам Радзiвiлаў — яму ў свой час дапамагаў Антонiй Радзiвiл. Ён дапамагаў (у тым лiку фiнансава) і Бетховену, таму невыпадкова прагучыць яго сiмфонiя № 5. Але ўпершыню на тэрыторыi Беларусi прагучыць твор Восiпа Казлоўскага, ураджэнца Слаўгарадчыны. "Тадэум" быў напiсаны да завяршэння вайны з Напалеонам i выконваўся на каранацыi iмператара Мiкалая I.

Але гэта не ўсе грандыёзныя праекты: пройдуць канцэрты ў Мiрскiм замку разам з АНТ i ў Полацку, якi абвешчаны культурнай сталiцай Беларусi сёлета. Напрыканцы года задуманы Мiжнародны оперны фестываль, падчас якога можна будзе паглядзець два беларускiя спектаклi з удзелам зорак опернага мастацтва. I з-за мяжы, магчыма, прыедуць спектаклi — Латышскай нацыянальнай оперы i "Новай оперы" iмя Колабава.

Тэатр будуе планы — усё дзеля гледачоў! Адаптуюцца да вялiкай сцэны спектаклi, якiя ўжо ёсць у рэпертуары опернай трупы. Паступова выйдуць на сцэну "Аiда" Вердзi, "Хаваншчына" Мусаргскага, "Царская нявеста" Рымскага-Корсакава. Яны выйдуць ужо сёлета. Рыхтуецца "Набука" Вердзi ў iншай, больш грунтоўнай версii, чым тая, якая была падрыхтаваная як фестывальны варыянт. Спецыяльна на гэтую пастаноўку запрошаны рэжысёр з Масквы, з Дзяржаўнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра, Мiхаiл Панджавiдзэ, якi быў адзначаны "Залатой маскай". Нешта задумана сур'ёзнае, бо запрашаюцца i яшчэ два спецыялiсты з Масквы — мастакi па святле i па камп'ютарнай графiцы. Уяўляеце новыя тэхналогii ў оперы?!.

У плане пастаноўка аднаактавых спектакляў Сяргея Картэса. Опера гэтага беларускага кампазiтара "Мядзведзь", напрыклад, напрыканцы мiнулага года была пастаўлена ў Маскве. На сцэне Белдзяржфiлармонii быў паказаны яе канцэртны варыянт. Аднак тэатр плануе звяртацца да беларускай музыкi далей: напрыклад, рыхтуюцца ставiць яшчэ i балет "Шагрэневая скура" Андрэя Мдзiванi.

— Ёсць такая праблема: сучасны мастак у сучасным свеце, — адзначыў галоўны дырыжор тэатра Вiктар Пласкiна. — Адзiн украiнскi кампазiтар сказаў: мы ўсе "палкоўнiкi". Таму што нашы творы ляжаць на палiцах. Якая бяда ў сучаснага мастака? Глядач не зусiм гатовы да ўспрымання сучаснага мастацтва, асаблiва опернага. Мы, калi прадумваем рэпертуар, то мяркуем: на гэтыя оперы людзi пойдуць, а на тыя — не. Дзеля камерцыйных выгод мы iдзём на тое, што сучаснага кампазiтара амаль не ставiм. Гэта вельмi дрэнна. Я выступаю за тое, каб мы як мага больш ставiлi сучасных твораў. Кампазiтары самi павiнны развiвацца. Яны не могуць развiвацца, не слухаючы свой твор. Бо пiшаш адно, а на выхадзе атрымлiваецца абсалютна iншае. I потым, адкарэктаваўшы нейкiя рэчы, можна зрабiць для сябе высновы. Тэатр iдзе па той лiнii, каб падтрымлiваць беларускiх кампазiтараў. Я думаю, што мы зрабiлi правiльны выбар, калi вырашылi, што ў Днi культуры Беларусi ў Маскве будзе паказаны балет Яўгена Глебава "Цiль Уленшпiгель". Хацелася стварыць яшчэ некалькi беларускiх спектакляў. I каб на стварэнне гэтых спектакляў быў выдаткаваны дзяржаўны грант. Што патрэбна кампазiтару? Натхненне i грошы. Таму што калi няма грошай, ён не можа сканцэнтравацца на вялiкай працы. Дык няхай будзе конкурс грантаў, каб некалькi кампазiтараў напiсалi сучасны твор на беларускi сюжэт, цi той, якi iх зацiкавiць. А Вялiкi тэатр няхай гэты твор паставiць. Вось будзе сапраўдная падтрымка беларускага сучаснага мастацтва. Безумоўна, мы не ўсё паставiм, але колькасць пяройдзе ў якасць. I мы атрымаем добры, яркi сучасны оперны прадукт.

Ларыса ЦIМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вялiкi тэатр Беларусi супрацоўнiчае з лаўрэатам прэмii "Залатая маска", але прапануе грантамі заахвочваць беларускiя пастаноўкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика