Кожная пара шчаслiвая — па-свойму?. 21.by

Кожная пара шчаслiвая — па-свойму?

06.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Магчыма, вы не задумвалiся, наколькi моцна дата вашай першай сустрэчы з будучым абраннiкам, шлюбным партнёрам паўплывала на ваш лёс. Астролагi сцвярджаюць, што гэтая дата паказвае асноўны кiрунак развiцця рамантычных адносiнаў i асноўныя тэмы, якiя ў першую чаргу будуць зблiжаць людзей у пары, а таксама на што iм трэба будзе звярнуць увагу, якiя якасцi спатрэбяцца кожнаму з закаханых развiваць, на што рабiць упор.

— Гаворка пойдзе менавiта пра момант першай асабiстай сустрэчы, хаця знаёмства праз iнтэрнэт з пэўнай "нацяжкай" таксама можна сюды аднесцi, — патлумачыла астролаг Кацярына Флiкоп. — Важнае ўдакладненне: штогод межы знакаў Задыяка крыху змяняюцца, таму калi дата знаёмства прыпала як раз на памежжа, варта ўдакладнiць у астролага, да якога знаку яна адносiлася ў канкрэтны год.

Калi знаёмства адбылося ў знаку АВЕНА (з 21 сакавiка па 20 красавiка), адносiны будуць развiвацца вельмi хутка, бурна, iмклiва, людзей проста зацягне ў вiр страсцi. Такiя адносiны хутка перарастаюць у сур'ёзныя, але пры гэтым яны могуць так жа iмклiва i затухаць. Людзям у пары неабходна навучыцца падтрымлiваць здаровы азарт, якi быў у iх на пачатку адносiнаў. У такiх параў, як правiла, часта ўспыхваюць бурныя спрэчкi, скандалы, высвятленнi адносiнаў. І многiя з iх лiчаць, што менавiта такi накал страсцяў iм i патрэбны. Сапраўды, эмацыйнае ўзрушэнне iм неабходна, але такую бурную энергiю важна накiраваць правiльна.

Калi знаёмства адбылося ў знаку ЦЯЛЬЦА (21 красавiка — 20 мая), адносiны будуць развiвацца павольна, цiха, спакойна, але няў- хiльна, паступова перарастаючы ў сур'ёзныя. Часта пад знакам Цяльца знаёмяцца адналюбы, натуры сур'ёзныя, якiя адразу настроены на стварэнне сям'i, нараджэнне дзяцей. У такой пары пачуццi будуць год ад году станавiцца больш глыбокiмi, моцнымi i яркiмi. Для захавання гарманiчных адносiнаў парам варта канцэнтравацца на прыгажосцi, цеплынi, утульнасцi, стварыць для сябе камфортную прастору, куды б абаiх цягнула. Вялiкае значэнне для такой пары будзе мець аспект iнтымнага жыцця.

Калi знаёмства адбылося пад знакам БЛIЗНЯТ (з 21 мая па 21 чэрвеня), адносiны распачынаюцца i развiваюцца лёгка. Гэта можа быць знаёмства праз iнтэрнэт, па перапiсцы, дзякуючы памылкова набранаму тэлефоннаму нумару i г.д. (з дапамогай любога сродку камунiкацыi). Аднак трэба ўлiчыць, што Блiзняты вылучаюцца летуценнасцю, павярхоўнасцю, рухомасцю. Яны нi на чым доўга не факусiруюцца. У адрозненне ад адносiнаў, што распачалiся ў Цяльцы, тут вельмi цяжка падтрымлiваць сур'ёзныя стасункi. Калi гаварыць аб тым, што можа гэтыя адносiны падтрымаць, варта параiць абаiм у пары заставацца для другога загадкай, заўсёды быць рознымi, пазнаваць нешта новае "звонку" i дзялiцца гэтым з партнёрам. Магчыма, выратаваннем адносiнаў стануць сумесныя паездкi, вандроўкi, пастаянная змена месцаў i ўражанняў, альбо iнтэлектуальныя дыскусii, абмеркаваннi новага, каб людзям заўсёды было цiкава разам. Сумесная творчасць, вучоба, агульнасць iнтарэсаў — у такой пары пастаянна павiнна быць iнтэлектуальная падстава для размовы.

Калi знаёмства адбылося ў знаку РАКА (22 чэрвеня — 22 лiпеня), у адносiнах вельмi важнай будзе магчымасць падзялiцца сваiмi пачуццямi з партнёрам. Як правiла, людзi, якiя сустрэлiся ў знаку Рака, прагнуць паразумення i адчування абароненасцi, упэўненасцi, што партнёр не зробiць балюча. Рак — знак сям'i, клопату пра iншых, чуллiвасцi, разумення. Таму не дзiўна, што ў людзей, якiя знаёмяцца ў азначаны перыяд, ёсць жаданне завязаць сур'ёзныя адносiны, пабудаваць сям'ю, абавязкова — з дзецьмi.

Рак — гэта знак успамiнаў, таму тыя, хто пазнаёмiўся ў Раку, будуць дзялiцца сваiмi перажываннямi наконт былых узаемаадносiнаў i партнёраў, бо для iх важна, каб новы абраннiк зразумеў i прыняў iх. Такой пары для гарманiзацыi адносiнаў варта вучыцца праяўляць да каханага клопат i паразуменне, прымаць i падзяляць яго пачуццi. Любы эмацыйны рух партнёра iх вельмi моцна выводзiць з раўнавагi, таму iм трэба вучыцца не адносiць да сябе тое, што робiць iх каханы. Дзецi часта становяцца апорай такой сям'i, галоўнай каштоўнасцю, дзеля якой пара i жыве разам.

Калi знаёмства адбылося ў знаку ЛЬВА (23 лiпеня — 23 жнiўня), пара перажыве класiчны любоўны раман. Леў адказвае за каханне, за прыгожыя, моцныя, яскравыя пачуццi i за ўменне гэтыя пачуццi праяўляць. Леў адносiцца да стыхii Агню, таму адносiны часцей за ўсё развiваюцца хутка, прыгожа. Для гарманiзацыi адносiнаў такой пары важна i надалей падтрымлiваць атмасферу свята (рамантычныя спатканнi, рэстараны, канцэрты i г.д.). Аднастайная руцiна i быт для iх — самая вялiкая пагроза ўзаемаадносiнаў. У знаку Льва звычайна знаёмяцца людзi, для якiх вялiкае значэнне мае i прыгажосць абраннiка (як фiзiчная, так i ўнутраная), i прыгожае праяўленне пачуццяў. Вельмi важна дома не хадзiць, як кажуць, у халаце i бiгудзi! Апранацца неабходна прыгожа, выкарыстоўваць творчыя моманты, каб прыўнесцi ў сям'ю свята. Бытавыя пытаннi можна вырашаць у форме гульнi. Адна з галоўных умацавальных нiцяў такiх узаемаадносiнаў — iнтымны аспект жыцця. Таму важна i ў гэтым плане знайсцi паразуменне. Дзецi — яшчэ адна з яднаючых велiчыняў у такой сям'i, крынiца радасцi...

Калi сустрэча адбылася ў ДЗЕВЕ (24 жнiўня — 23 верасня), значыць абодва закаханыя загадзя добра ўяўлялi, што iм патрэбна для шчасця, каго яны хочуць сустрэць. На момант знаёмства ў iх ужо дакладна сфармiравалася разуменне сям'i, адносiнаў i сваiх патрабаванняў да партнёра. Для Дзевы ўласцiвы сур'ёзнасць, адказнасць, скрупулёзнасць, акуратнасць. Такiя адносiны будуць развiвацца не вельмi хутка, але адразу праявiцца сур'ёзны падход. Адзiн з важных момантаў — клопат. Клапацiцца — значыць выказваць каханне паўсядзённымi справамi i абавязкамi, усё арганiзаваць i спланаваць. Тут не трэба чакаць усплёскаў пачуццяў, як у вогненных знакаў, затое можна разлiчваць на спакойнае разуменне адно аднаго. Для гэтых людзей самае галоўнае — прайсцi выпрабаванне побытам, арганiзаваць яго такiм чынам, каб прынцыпы i звычкi кожнага не пацярпелi, "ужывалiся" разам. Яшчэ адзiн важны момант, якi аб'ядноўвае такую пару, — паўсядзённы клопат пра здароўе (здаровы лад жыцця, здаровае харчаванне, сумесныя прагулкi, прабежкi i iнш.). На гэта таксама варта звярнуць увагу.

Калi сустрэча адбылася ў ШАЛЯХ (24 верасня — 23 кастрычнiка), адносiны абяцаюць стаць рамантычнымi i гарманiчнымi. Шалi — паветраны знак, таму не дзiўна, што адносiны могуць пачацца праз знаёмых, у прыгожых абставiнах (на культурным мерапрыемстве, на адпачынку). У такiх адносiнах асоба важнае значэнне мае класiчны перыяд заляцанняў. Адзiны змрочны момант — ваганнi (а цi патрэбна мне гэта?). Сумненне — асноўная прычына таго, што пара не спяшаецца развiваць адносiны далей. Гэтыя адносiны могуць пацярпець ад быту, i людзi гэта адчуваюць. У абодвух моцна развiтае эстэтычнае пачуццё. Для iх вельмi важная прыгажосць ва ўсiм, што iх акружае, у тым лiку i каханы чалавек, яго манеры, культурны ўзровень (ад умення апранацца да ведання правiлаў этыкету). I ўсё ж палохацца быту не варта. Дух рамантыкi пры жаданнi можна захаваць i пасля вяселля. Немалаважны момант — прыгажосць дома (не столькi ўтульнасць, колькi эстэтыка). Шалi — сацыяльна арыентаваны знак. Для такiх людзей важнае значэнне мае меркаванне грамадства: як iншыя людзi (калегi па працы, знаёмыя) ацэняць абраннiка.

Калi вы сустрэлiся ў знаку СКАРПIЁНА (24 кастрычнiка — 22 лiстапада), можна смела казаць, што адносiны будуць бурлiвымi. Скарпiёны — вулканы, людзi з вельмi моцным асабiстым магнетызмам. Гэта знак перараджэння, вялiкiх унутраных перамен. Усё гэта датычыцца i адносiнаў, што завязалiся пад азначаным знакам. Яны вельмi моцна "зацягваюць". Чалавек можа "выпасцi" са свайго звыклага свету i цалкам, з галавой "патануць" у адносiнах. Пачуццi настолькi моцныя, што яны пераварочваюць звыклае жыццё чалавека. Тут i сiла, i страсць, i неадвязныя думкi аб аб'екце кахання, i поўнае пагружэнне ў пачуццi. Можна гаварыць пра ракавую страсць. Пра такiя адносiны любяць здымаць кiно. Вялiкае значэнне мае iнтымны аспект..

Але абаім варта пазбягаць жадання кантраляваць партнёра, не быць уласнiкам. Кожнаму трэба навучыцца кантраляваць свае эмоцыi i пачуццi. Важна знайсцi выхад агульнай энергii пары — скiраваць яе на самаўдасканаленне, развiццё i творчасць.

Калi вы пазнаёмiлiся пад знакам СТРАЛЬЦА (23 лiстапада — 21 снежня), для вас асаблiва важным будзе непадобнасць адно да аднаго. Стралец адказвае за пашырэнне кругагляду, за iмкненне да новага, выхад за межы дазволенага, звыклага. У той жа час Стралец звязаны з пазнаннем новых краiн, культур, людзей з адметным ад свайго светаўспрыманнем. У такi час знаёмяцца людзi з рознымi культурнымi, сацыяльнымi, нацыянальнымi i рэлiгiйнымi традыцыямi, альбо тыя, хто пражывае далёка ад аб'екта кахання. Стралец адказвае за вышэйшую адукацыю, за працэс вучобы, таму адносiны ў Стральца часта завязваюцца менавiта падчас навучання (прафесар i студэнтка, выкладчык курсаў аўтаваджэння i слухач, кiраўнiк трэнiнгу i наведвальнiк i г.д.) цi падчас падарожжа, адпачынку.

Для гарманiзацыi адносiнаў кожнаму ў пары вельмi важна захаваць цiкавасць да партнёра, жаданне разумець i падзяляць яго культурныя, сямейныя традыцыi, праявiць цярплiвасць, гнуткасць, гатоўнасць саступаць. Такой пары пажадана выпрацаваць свае агульныя традыцыi, падарожнiчаць па свеце, хадзiць у паходы, сумесна вучыцца нечаму новаму (танцам, iгры на гiтары i г.д.).

Калi знаёмства адбылося пад знакам КАЗЯРОГА (22 снежня — 20 студзеня), адносiны будуць развiвацца павольна, але з дакладнай арыентацыяй на сям'ю. Як правiла, у гэты час знаёмяцца людзi вопытныя, альбо з адказным стаўленнем да жыцця i партнёра. Часта тут можа быць рознiца ва ўзросце. Для Казярога вялiкае значэнне мае кар'ера, прафесiйная рэалiзацыя, таму адносiны могуць завязацца ў працоўным калектыве, на навагоднiм карпаратыве. Адносiны пад знакам Казярога, як правiла, бываюць вельмi працяглымi i сур'ёзнымi, iх надзвычай цяжка разарваць, нават калi людзi не вельмi шчаслiвыя разам. Задача партнёраў — зрабiць iх больш радаснымi. Казярог не любiць праяўлення пачуццяў, таму адносiны будуць спакойныя, знешне стрыманыя. Такiя людзi схiльныя назапашваць свае крыўды ўнутры, не дзялiцца iмi з партнёрам, што можа ператварыцца ў сапраўдную сцяну адчужанасцi. Iм нестае шчырасцi i адкрытасцi ў праяўленнi пачуццяў. Яны гатовыя да дысцыплiны i парадку, але не гатовыя да новага, таму iм надзвычай складана ўспрыняць культурныя, сацыяльныя, сямейныя традыцыi, правiлы i ўклад жыцця партнёра. Гэтай пары варта навучыцца не ўспрымаць кожную дробязь сур'ёзна. Такое простае правiла дапаможа iм лёгка пераадольваць складанасцi сумеснага жыцця.

Калi знаёмства адбылося пад знакам ВАДАЛЕЯ (21 студзеня — 19 лютага), адносiны будуць развiвацца лёгка. Як i ўсе паветраныя адносiны, яны грунтуюцца на агульнасцi iнтарэсаў. Вадалей — знак свабоды, памкнення да новага, таму пад знакам Вадалея адбываецца не так шмат знаёмстваў людзей, якiя iмкнуцца да стварэння сям'i ў традыцыйным яе ўяўленнi. Гэта ў першую чаргу саюз аднадумцаў з агульнымi высокiмi мэтамi. Для такiх людзей важныя сяброўскiя адносiны. Менавiта з сяброўства, разумення агульных мэтаў, iнтарэсаў у iх вырастае каханне. Часта такiя людзi знаёмяцца менавiта праз сяброў, праз iнтэрнэт, цi падчас вандроўкi, у нетрадыцыйных абставiнах. Для гарманiзацыi адносiнаў важна захаваць iдэйную аснову iх саюза, "не збiцца" на побыт, на эмацый- ныя высвятленнi адносiнаў.

Калi вы пазнаёмiлiся пад знакам РЫБАЎ (20 лютага — 20 сакавiка), адносiны будуць вельмi эмацыйнымi. Для людзей, якiя сустрэлiся ў Рыбах, могуць быць зусiм няважнымi бытавыя пытаннi, паўсядзённыя справы. З-за сваiх перажыванняў яны побыту проста не заўважаюць. Напачатку адносiны могуць развiвацца вельмi рамантычна (маюцца на ўвазе тонкiя ўнутраныя жэсты — ад душы i для душы). Людзi могуць з галавой патануць у адносiнах, туман пачуццяў засцiць увесь астатнi свет, i чалавек будзе жыць у свеце сваiх жаданняў i эмоцый. Кожны ў пары перажывае мiльён эмацыйных адценняў — i станоўчых, i не вельмi, — i кантраляваць усё гэта немагчыма. У эмацыйным плане вельмi цяжкiя адносiны, бо загнаць iх у межы розуму не атрымлiваецца. Такiм людзям давядзецца ўсе свае эмоцыi "прапрацоўваць", перажыць iх i адпусцiць. А яшчэ паспрабаваць падзялiць эмоцыi партнёра, паспачуваць яму, аказаць эмацыйную падтрымку.

Важна кожнаму з гэтай пары за ўсiмi сваiмi эмоцыямi "намацаць" каханне i заўсёды памятаць пра яго. Гэта дапаможа лягчэй успрымаць адносiны, шчыра дапамагаць свайму партнёру стаць лепшым, быць мiласэрным да каханага i разумець яго.

Iнга МIНДАЛЁВА.

P.S.: Калi вы хочаце падзялiцца сваiмi назiраннямi наконт развiцця рамантычных узаемаадносiнаў у залежнасцi ад даты знаёмства, дасылайце свае лiсты на электронны адрас газеты.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магчыма, вы не задумвалiся, наколькi моцна дата вашай першай сустрэчы з будучым абраннiкам, шлюбным партнёрам паўплывала на ваш лёс. Астролагi сцвярджаюць, што гэтая дата паказвае асноўны кiрунак развiцця рамантычных адносiнаў i асноўныя тэмы, якiя ў першую чаргу будуць зблiжаць людзей у пары, а таксама на што iм трэба будзе звярнуць увагу, якiя якасцi спатрэбяцца кожнаму з закаханых развiваць, на што рабiць упор.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика