Цікавыя адмеціны часу . 21.by

Цікавыя адмеціны часу

02.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калекцыянер з Баранавіч Ніна Волкава збірае паштоўкі, календары, аўтографыКалекцыянер з Баранавіч Ніна Волкава мае ў зборах тысячы паштовак, каляндарыкаў і больш за дзве сотні аўтографаў вядомых людзей з розных краін
“А любімыя паштоўкі мае, найгалоўныя ў калекцыі — навагоднія: іх больш за 8 тысяч, — вочы Ніны Міхайлаўны загараюцца. — Дарэчы, з 1953 года іх пачалі выпускаць і ў Савецкім Саюзе, і практычна ўсё, што друкавалі ў СССР да навагодніх святаў, у мяне ёсць. На асобым рахунку рарытэты. Скажам, паштоўка, якой нядаўна споўнілася 100 гадоў. Яна выпушчана ў 1909-м, выслана з Санкт-Пецярбурга. Прычым на ёй стаіць штамп, своеасаблівая адмеціна часу: 26 снежня 1909 года. І ўявіце сабе: яна прыйшла ў Варшаву менш чым за двое сутак, бо на польскім штэмпелі бачна дата “28 снежня” з прыпіскай “раніца”. Можна парадавацца за аператыўнасць тагачаснай пошты!”
Дзякуючы хобі ў яе з’явілася шмат сяброў па перапісцы і абмене ў краінах былога Саюза, а таксама Аўстраліі, Германіі, Польшчы, ЗША, Ізраілі, Фінляндыі, Чэхіі... Схема ўзаемадапамогі простая: Волкава закупляе каляндарыкі ў Беларусі і перасылае сябрам — яны робяць тое ж. Калекцыя філакартысткі — так, як вядома, называюць збіральнікаў паштовак — і філатаймісткі (збіральніцы календароў) дзякуючы ім хутка папаўняецца. Скажам, заядлы калекцыянер з Чэхіі Ёзэф, як і яна, пенсіянер. Каб не надта падрываць бюджэт сям’і сваім хобі, ён збірае па дамах, пад’ездах макулатуру, здае яе і заробленыя грошы траціць на калекцыйныя патрэбы. “Аднойчы ён прыслаў мне скарб: старую паштоўку, знойдзеную ў макулатуры, — згадвае Н. Волкава. — Яна ў ваенным 1942 годзе з Германіі прыйшла ў Чэхію, захавалася на ёй і праштампаваная паштовая марка”.
Як усё пачыналася? Яна працавала машыністкай, аператарам настольнага выдавецкага комплексу ў рэдакцыі мясцовай газеты “Наш край”. “Падрастаў сын, давала яму грошы на кішэнныя расходы, — усміхаецца. — А тады, у сярэдзіне 80-х, быў ва ўсіх кіёсках велізарны выбар прыгожых кішэнных каляндарыкаў. Яму падабаліся, давалі на здачу, ну і я захапілася… Цяпер іх у мяне тысяч сорак, прычым усе раскладзены ў альбомах і па тэмах. Зрабілі пад калекцыю вялізныя паліцы…”
Штогод яна заказвае ў мясцовай фотастудыі невялікія тыражы сваіх імянных каляндарыкаў, у асноўным з рэпрадукцыямі карцін. Гэты “абменна-віншавальны фонд” таксама рассылаецца па свеце. Дарэчы, у яе зборы больш за 3 тысячы рэпрадукцый карцін на паштоўках. Любоў да прыгажосці, мастацтва, лічыць Ніна Міхайлаўна, перадалася ёй ад продкаў. “Мама хораша вышывала, — узгадвае яна. — І падарыла дарагі для мяне абрус, які я вельмі шаную. Яна сама і палатно выткала на кроснах, і вышыла яго чырвонымі макамі. Сястра мая хораша вышывала. А дзед рабіў з саломы ўсемагчымыя карабы. Я ж працую ў тэхніцы макрамэ, дару работы сябрам”.
Між іншым, як лічыць Ніна Волкава, беларусам уласціва настойлівасць, карпатлівасць, а гэта — важныя для калекцыянера якасці. Згадала, што сын яе мінскай сяброўкі Ганны Карчыцкай таксама вядомы філатайміст, да таго ж выкладае латынь у адным з універсітэтаў... Наогул збор календароў Волкавай вельмі патрыятычны, у ім “ёсць усё, што тычыцца нашай краіны: ад рэкламы тавараў да нацыянальных святыняў”. Тут і выявы крыжа Ефрасінні Полацкай, ікон, храмаў. Цэлая серыя старабеларускіх магнатаў. Трапляюць у калекцыю і календары, выпушчаныя беларусамі замежжа — напрыклад, з Іркуцка іх даслаў вядомы падзвіжнік Алег Рудакоў.
Перад Новым годам у калекцыі аўтографаў Ніны Волкавай з’явіўся юбілейны, двухсоты экспанат: яго даслаў вядомы спявак Алег Газманаў. Неяк яна павіншавала з днём нараджэння скульптара Зураба Цэрытэлі, і ў хуткім часе атрымала з Масквы вялізную бандэроль, а ў ёй — шыкоўны каталог усіх яго работ з аўтографам. “Акцёр Алег Табакоў прыслаў кнігу мемуараў, ёсць аўтографы ад Міхаіла Свеціна, Рамана Карцава… А акцёр Ягор Бероеў, як аказалася, нарадзіўся дзень у дзень з маім сынам: у кастрычніку 2007-га ім было па 30 гадоў. Я даслала яму віншаванне — а ён мне аўтограф, са словамі ўдзячнасці”. Дарагія для яе аўтографы паэта Эдуарда Асадава, спевака Валерыя Абадзінскага, якія ў свой час выступалі ў Гродне. Цяпер калекцыянерка намерылася сабраць “почыркі” як мага большай колькасці ад стваральнікаў расійскага фільма “Ліквідацыя” і ўжо мае рукапісныя прывітанні ад акцёраў Святланы Кручковай, Міхаіла Парэчанкава, Уладзіміра Машкова... Карацей, захапляльнае “паляванне на знакамітасцяў” прадаўжаецца.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калекцыянер з Баранавіч Ніна Волкава мае ў зборах тысячы паштовак, каляндарыкаў і больш за дзве сотні аўтографаў вядомых людзей з розных краін
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика