Спадчына вялікага дойліда. Сярэдневяковы архітэктар Пётр Міланег стварыў жамчужыну Гродна — Каложскую царкву, якую зараз прапануюць уключыць у Спіс сусветнай культурнай спадчыны
23.02.2010
—
Новости Общества
|
Са старажытных пісьмовых крыніц да нас амаль не дайшлі імёны архітэктараў храмаў. Звычайна, апавядаючы пра іх будаўніцтва, аўтары называлі імя фундатара ці святара, які храм асвяціў, а той, хто непасрэдна кіраваў будаўніцтвам, сціпла заставаўся ўбаку. На працягу Х—ХIII стагоддзяў у старажытнарускіх летапісах найбольш упамінаецца пра трох архітэктараў, якія сваім майстэрствам здолелі пакарыць сярэдневяковых летапісцаў і прымусілі такім чынам скіраваць на сябе іх позірк. Гэта Іаан з Полацка, Пётр з Ноўгарада і Пётр Міланег з Валыні. Імя апошняга і звязана з гісторыяй Гродна. Аб чым маўчаць царкоўныя галаснікі? Рэдка які горад эпохі ранняга сярэднявечча мог дазволіць сабе мураванае будаўніцтва, гэта было прывілеяй толькі найбольш багатых з іх. Таму прыезд у 1180 годзе ў Гродна архітэктурных спраў майстра Пятра Міланега стаў сапраўднай падзеяй цэлага стагоддзя.Архітэктар ужо паспеў праславіць сябе шэсць гадоў таму ў Луцку і Тураве. Разам з дойлідам у горад над Нёманам прыбылі iншыя майстры з Валыні і Полацка. Пад кіраўніцтвам таленавітага і самабытнага майстра (старажытны летапісец нават параўноўвае Міланега з біблейскім дойлідам Веселіілам) у Гародні была створана свая архітэктурная школа. У склад арцелі ўвайшлі і гродзенскія майстры, у першую чаргу ганчары і цесляры.З першых дзён Пётр Міланег з незвычайным імкненнем і ўздымам прыняўся за работу. За кароткі час у Гродне былі пабудаваны цудоўныя храмы: Ніжняя княжацкая царква на тэрыторыі Старога замка, Уваскрэсенская царква для багатых прыхаджан у Новым замку, Прачысценская царква для жыхароў гродзенскага пасада і навакольных вёсак. (Дарэчы, на яе месцы ўзведзены зараз Гродзенскі Свята Ражства-Багародзічны жаночы манастыр.) На вялікі жаль, гэтыя пабудовы загінулі падчас страшэннага пажару 1183 года. Уражаны такой падзеяй, летапісец адзначае: “В то лето Городно погорел весь и церкви каменные от блистания молнии и шибения грома”. Адзіным помнікам, які захаваўся да нашага часу, хаця і не ў першапачатковым выглядзе, з’яўляецца царква ў імя святых Барыса і Глеба — Каложа, якую па праву называюць жамчужынай Гродна. Да яе будаўніцтва Пётр Міланег прыступіў у 1184 годзе і вырашыў стварыць сапраўдны шэдэўр архітэктурнага мастацтва. І гэта яму ўдалося. Сёння разглядаецца пытанне аб вынясенні яе кандыдатуры на ўключэнне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, і ўжо ў хуткім часе храм можа стаць прызнанай перлінай беларускай архітэктуры. Поўнае падабенства Каложы з пабудаванай раней царквою на гарадзішчы ў Тураве дае падставы меркаваць, што і ў яе ўзвядзенні прыняў удзел Міланег з Валыні. Вядома, што пад яго кіраўніцтвам будаваліся мураваная сцяна вакол княжацкага замка ў Гародні, храмы ў Навагрудку і Ваўкавыску. Работы па ўзвя-дзенню апошняга па незразумелых прычынах былі спынены, ды так і не прадоўжыліся. Архітэктурных спраў майстар На непаўторны стыль майстра звярнуў увагу кіеўскі князь Рурык. Справа ў тым, што паслабленне велікакняжацкай улады і распад напрыканцы XII стагоддзя Кіеўскай Русі на дробныя княствы прывёў да з’яўлення ў буйных гарадах вялікай колькасці цэркваў невялікіх памераў, для будаўніцтва якіх не патрабавалася вялікіх сродкаў. Пётр Міланег з’яўляўся прызнаным майстрам па ўзвя-дзенні храмаў такога тыпу. Кіеўскі князь запрашае яго ў 1194 годзе да сябе асабістым архітэктарам. Прапанова здавалася настолькі прывабнай, што Пётр не змог адмовіцца. У Кіеве вядомы дойлід пасяліўся пры княжацкім двары і прыняўся за мураванне сцяны на беразе Дняпра пад Выдубецкім кляштарам. Вопыт па стварэнню падобнай канструкцыі Міланег ужо меў — аналагічную сцяну яму даводзілася ўзводзіць у Гродне (была выяўлена ў час раскопак у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя).У Кіеў Пётр Міланег хутчэй за ўсё прыехаў разам з усёй гродзенскай будаўнічай арцеллю, бо мураванае будаўніцтва ў горадзе над Нёманам перапынілася менавіта ў той самы час, калі на кіеўскай зямлі распачалася дзейнасць Міланега. Дзе б ні ствараў Пётр Міланег свае архітэктурныя шэдэўры, яны выклікалі ў сучаснікаў захапленне і сімпатыю. І сёння, калі глядзіш на тыя нешматлікія храмы, над якімі злітаваўся час: Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, Пятніцкая царква ў Чарнігаве, не перастаеш здзіўляцца таленту архітэктурнага майстэрства Пятра Міланега. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са старажытных пісьмовых крыніц да нас амаль не дайшлі імёны архітэктараў храмаў. Звычайна, апавядаючы пра іх будаўніцтва, аўтары называлі імя фундатара ці святара, які храм асвяціў, а той, хто непасрэдна кіраваў будаўніцтвам, сціпла заставаўся ўбаку. На працягу Х—ХIII стагоддзяў у старажытнарускіх летапісах найбольш упамінаецца пра трох архітэктараў, якія сваім майстэрствам здолелі пакарыць сярэдневяковых летапісцаў і прымусілі такім чынам скіраваць на сябе іх позірк. Гэта Іаан з Полацка, Пётр з Ноўгарада і Пётр Міланег з Валыні. Імя апошняга і звязана з гісторыяй Гродна.
|
|