Алесь Лось бароніць свой хутар. 21.by

Алесь Лось бароніць свой хутар

01.03.2010 18:51 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алеся Лася складана назваць шараговым уладальнікам аграсядзібы на Валожыншчыне. Незвычайная асоба ў незвычайным антуражы — захапляльнае відовішча для турыстаў. І вось нярадасць чалавеку. Побач з ягонай аграсядзібай Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) плануе размясціць вальер для нагонкі сабак. Спадар Лось упэўнены — шкоднае суседства знішчыць атмасферу яго экалагічнай ідыліі, як, зрэшты, і ўвесь план па развіццю экатурызму.

Музыка, мастак і прадпрымальнік

Алесь Лось паўжыцця адраджае народныя музычныя інструменты — дуды, колавыя ліры, жалейкі, бубны. Амаль дзесяць год жыцця ў Залессі на Смаргоншчыне творца прысвяціў батлейцы. Пры яго ўдзеле ў сядзібе Агінскіх была адкрытая школа мастацтва. "Гэта была першая школа ў Беларусі, створаная па аўтарскім праекце і падтрыманая Міністэрствамі культуры і адукацыі", — расказвае спадар Алесь.

Летась ён пераехаў са сталіцы на хутар Барок непадалёк ад вёскі Цішкоўшчына, што на Валожыншчыне. Надзел быў куплены яшчэ дзесяць гадоў таму, але толькі летась гаспадар перабраўся на сталае жытло. Мясціны надзвычай прыгожыя: пару кіламетраў убок ад трасы — і трапляеш у "цуд некранутай прыроды". Сярод лесу лукой выгінаецца рэчка Яршоўка, і каля яе вялікай восемкай прагаліна. У адным коле восемкі — поплаў у даліне, у другім — поле. На іх сутыку, на самым схіле высокай тэрасы над поплавам, стаіць хата. Ідэальныя ўмовы для творцы, каб сканцэнтравацца на мастацтве. Кажуць, ранейшы гаспадар хутара сябраваў з Якубам Коласам, і той не раз бываў тут у лазні. Тая лазня яшчэ стаіць, дарэчы.

Спадар Алесь лічыў, што знайшоў свой асабісты рай, займеў сядзібу, пра якую ўсё жыццё марыў, і нарэшце збудуе тут маленькую Беларусь свайго ідэалу.

Каб атрымаць базіс, ён заняўся экатурызмам. Ён зарэгістраваў аграсядзібу і заняўся стварэннем інфраструктуры. Да драўлянай часткі дома пачаў прыбудоўваць каменную, дзе мелася б знаходзіцца творчая майстэрня, паставіў паветку для пленэраў, для абедаў, распрацаваў конны маршрут працягласцю 35 кіламетраў, разам з сынам Уладзімірам збудаваў кузню, дзе арганізаваў школу кавальства для ахвотных навучыцца сярэднявечным тэхналогіям коўкі… На лета запланаваў адкрыццё міні?музея народных інструментаў.

Алесь Лось падкрэслівае, што не ўзяў ад дзяржавы ні капейкі крэдыту — усё рабіў за ўласныя сродкі.

Непрыемнае суседства

Непрыемнасці прыйшлі адтуль, адкуль іх ніяк не чакалі. Улетку 2009 года побач з надзелам Лася пачалося будаўніцтва вальера па нагонцы сабак. План Таварыства паляўнічых прадугледжваў, што ад людзей закрыюць лес плошчай 9 га. На гэтую плошчу навязуць янотаў, лісаў ды дзікоў. На іх і будуць трэніравацца штосуботу сабакі паляўнічых.

"Маладыя сабакі ўгрызаюцца ў дзіка. Пакуль у яго ёсць вушы і непарваны лыч, ён яшчэ змагаецца… Пасля, калі яго забіваюць, завозяць новага дзіка", — расказвае механізм працы вальера спадар Алесь. Яму катэгарычна не падабаецца ідэя будоўлі. Турысты наўрад ці захочуць слухаць брэх і перадсмяротныя крыкі жывёл у лясной цішы. Калі ж паляўнічыя вырашаць адзначыць сваю сустрэчу — а каля вальера якраз маюць пабудаваць гатэльчык, — то нецвярозыя святы таксама адпужаюць ад сядзібы Лася наведнікаў.

Выступілі супраць і жыхары Цішкоўшчыны — яны двойчы збіралі подпісы за адмену будаўніцтва. Але раённыя ўлады заявілі,

што законных падставаў забараніць паляўнічым і рыбаловам будавацца няма.

Дазволу на будаўніцтва ў паляўнічых яшчэ не было, але яны ўжо ў жніўні 2009 года завезлі будматэрыялы. У дадатак паляўнічыя паспелі атрымаць штраф ад Валожынскага лясгаса за незаконную вырубку некалькіх дрэваў.

У кожнага сваё разуменне міру

Старшыня Валожынскага раённага аддзялення БТПР Віталь Есьман, наадварот, усцешаны будучым суседствам. Ён мяркуе, што высілкі арганізатараў турызму можна аб’яднаць — маўляў, хай паляўнічыя ходзяць любавацца на музычныя інструменты! А наведнікі сядзібы Лася заадно змогуць паглядзець на дзікоў.

Алеся Лася такі мір не задавальняе. Ён наракае, што ў яго ў выніку прагарэў кантракт на будаўніцтва карчмы.

Таму ён мае сваё разуменне кампраміснага варыянту. "Я прапанаваў ім вярнуць грошы, якія яны паспелі патраціць на афармленне зямлі. Гэта пяць?шэсць мільёнаў рублёў, — расказвае мастак. — Для сабачнікаў можна знайсці іншае месца, каб не перашкаджаць маёй сядзібе". Тым больш што лясоў на Валожыншчыне хапіла б на ўсіх. Зразумела, што такая ідэя прыйшлася паляўнічым недаспадобы. Месца зручнае: і зацішнае, і над рэчкай, і ўсяго паўтара кіламетра ад трасы Мінск—Вільня.

Дуды замест бульбы

Пакуль спадар Алесь змагаўся з паляўнічымі і мясцовымі ўладамі, на ягоны надзел зачасцілі камісіі дзеля праверак. Прысуды несуцяшальныя — "нямэтавае выкарыстанне зямлі".

На думку сельсавета, ён запусціў сваю тэрыторыю. "Бульбы не садзіць, курэй не трымае", — пераказвае спадар Алесь прэтэнзіі старшыні. Аргументы, што сваёй унікальнай дзейнасцю ён прынясе нашмат больш карысці раёну, жанчынаю ўспрымаюцца слаба. Загучалі пагрозы, што Лася пазбавяць зямлі і ліцэнзіі на аграэкатурызм.

Бакі пакуль не даводзяць пытанне да суда. Хоць прынцыповасць удзельнікаў канфлікту не пакідае надзеі на кампраміснае рашэнне. За Таварыствам паляўнічых фактычна стаяць мясцовыя ўлады — старшыня Валожынскага райвыканкама Уладзімір Наўмовіч заяўляе, што не бачыць ніякага ўціску правоў мастака. Алесь Лось спадзяецца на вышэйшыя інстанцыі — Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта, але тыя вяртаюць пытанне на разгляд раённаму кіраўніцтву.

Такі вось адвечны канфлікт вольнага мастака і капіталістычнага грамадства ў абставінах ХХІ стагоддзя.


На хутары, як у чароўнай казцы.

Алесь Лось распрацаваў конны маршрут па Валожыншчыне.

Алесь Лось хоча зрабіць са сваёй аграсядзібы жывы музей.

На хутар Барок прыязджаюць аматары этнічнай музыкі з усяго свету.
 


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алеся Лася складана назваць шараговым уладальнікам аграсядзібы на Валожыншчыне. Незвычайная асоба ў незвычайным антуражы — захапляльнае відовішча для турыстаў. І вось нярадасць чалавеку. Побач з ягонай аграсядзібай Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) плануе размясціць вальер для нагонкі сабак. Спадар Лось упэўнены — шкоднае суседства знішчыць атмасферу яго экалагічнай ідыліі, як, зрэшты, і ўвесь план па развіццю экатурызму
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика