Нашчадкі вогненных вёсак. Праўдзе вайны няма і не можа быць альтэрнатывы
04.03.2010
—
Новости Общества
|
На адной з сустрэч у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі малады навуковец пажаліўся Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку: сучаснае жыццё, маўляў, гэткае складанае і пакручастае, гэткія заблытаныя сітуацыі ўзнікаюць, што нават часцяком губляешся і не ведаеш, каму і што казаць, каб не памыліцца, справе і сабе не нашкодзіць. Наш Прэзідэнт з уласцівай яму шчырасцю параіў маладому навукоўцу даходліва і проста: “Кажыце праўду. Калі вы баіцеся, значыць, няма краіны. І не будзе яе”. У гэтых словах Лукашэнкі — трывалы гістарычны грунт. І сёння наша Бацькаўшчына, родная беларуская зямля, краіна вольная і незалежная таму, што наш народ жыў і жыве па праўдзе сваіх продкаў, не разбурыў, а яшчэ больш умацаваў інтэлектуальны падмурак свайго нацыянальнага Дома, па чатырох кутках якога ляжаць граніты чалавечага духу, увасобленыя ў вядомыя ўсяму свету імёны волатаў непарушнай веры ў ясны дзень роднага краю, у святыні недатыкальныя. І адна з найвялікшых сярод іх — наша Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне супраць фашысцкіх захопнікаў. У гэты падмурак напрыканцы мінулага года пакладзены новы, важкі і яркі маналіт — кніга слыннай беларускай журналісткі Таццяны Падаляк лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Журналістыка”.Кніга “Нашчадкі вогненных вёсак” — не проста ўнікальны збор эксклюзіўных дакументаў, нарысаў, эсэ, успамінаў сведкаў адной з самых жахлівых і горкіх старонак мінулай вайны, што ўвасобілася ў кароткім слове “Хатынь” і ўвайшла, і засталася ў гісторыі беларускай зямлі крывавым сімвалам жахлівай бяды і гора людскога.Гэта — расшыфраванае і пакладзенае на паперу несціханае бомканне званоў на хатынскіх папялішчах, ад якога сціскаецца сэрца кожнага сумленнага чалавека, незалежна ад таго, з якога краю ён родам.Гэта ўзноўленае галашэнне жанчын і дзетак, дзядоў і бабуль, якія корчыліся ў агні сваіх уласных хат, стогны і праклёны фашысцкім забойцам, што рыхтавалі “новую жыццёвую прастору” для свайго пачварнага рэйха — людзям “вышэйшай расы”.Гэта — суровы і бязлітасны прысуд так званай “найноўшай беларускай гістарыяграфіі дэмакратычнага кірунку”, паклёпнікам і розным “аўтарскім версіям”, за якімі амаль і не хаваецца бессаромнае і нахабнае памкненне перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, гераізаваць дзеянні ваенных злачынцаў і іхніх памагатых, дыскрэдытаваць мужнасць абаронцаў Радзімы, вытравіць само паняцце “патрыятызм” з чалавечай свядомасці, раструшчыць гераічнае ў чалавечым розуме і сэрцы, растрэсці сілавое поле духоўнасці нацыі і на гэтай падставе дамагчыся маштабнага скрыўлення мыслення народа.Гэта — агульнавядомая лічбавая характарыстыка “новага парадку”, якім гітлераўцы сіліліся ашчаслівіць наш родны край: амаль 10 тысяч беларускіх вёсак пайшлі дымам. З іх 5295 спалены разам з людзьмі. 628 вёсак падзялілі лёс Хатыні. 186 згінулых у полымі разам з жыхарамі вёсак так і не былі адноўлены пасля вайны.Ёсць і яшчэ адзін вельмі важны аспект гэтай кнігі. Гэта — напамінак усім жывым: каб — крый Божа! — нацысцкі генеральны план “Ост” здзейсніўся, дык ён бы пад новай назвай павярнуў і ў іншы бок, і лёс беларускай Хатыні, Дальвы і сотняў іншых беларускіх вёсак спасціг бы шмат якія селішчы і ў іншых краінах. І не вельмі далёкія падзеі на зямлі Югаславіі — грунтоўны і неабвержны доказ гэтаму.Нараджэнню кнігі — яе ажыццявіла рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва” па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь — папярэднічала сумесная акцыя найстарэйшай беларускай газеты “Звязда” і Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” пры дзейснай падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Яна пачалася 22 чэрвеня 2006 года, у жалобны дзень 65-й гадавіны памяці аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І з сэрцаў тых, хто воляй неба ацалеў, убярогся ад знішчальнага полымя і цяпер прыйшоў на гэтае сапраўды народнае Веча, вырваліся і набатна загучалі як рэквіем, як грымлівы харал словы, што, здаецца, яшчэ і сёння не астылі ад злавеснага агню смерці: “Гляньце нам у вочы тыя, хто хоча пераацаніць, абяліць падзеі вайны, гляньце на нас. Мы — тыя, хто вырваўся з полымя, у якім згарэлі нашы родныя, нашы бацькі і дзеці, аднавяскоўцы. Хто пасмее, гледзячы нам у вочы, нешта ці некага апраўдаць”.Кніга пачынаецца імёнамі гэтых людзей, словамі іхняй балючай споведзі, горыч якой і сёння абпальвае душу. Уважліва, калі ласка, дарагі чытач, чытай яе.Нялёгка і сёння, нялёгка будзе і заўтра і ў будучым чытаць і гэтую, і ўсе наступныя старонкі шчырай і сумленнай кнігі.Нялёгка сёння глядзець, нялёгка будзе і заўтра, і ў будучым глядзець на фотаздымкі, якіх у кнізе шмат. Вось адзін з іх — памятны знак вёскі Копанка Ельскага раёна на адзіных у свеце Могілках спаленых вёсак Беларусі і ля яго — Рэма Вячаславаўна Стахоўская. У 1942 годзе, калі гітлераўцы палілі ў калгасным гумне людзей, ёй адной — тады дзевяцігадовай — цудам пашчасціла застацца ў жывых, а ўсе 186 вяскоўцаў згарэлі ў жудасным агні. Яна прыехала ў Хатынь разам з дочкамі, зяцямі і ўнукамі, каб памянуць сваіх землякоў. Немалая і дружная сямейка! Але з васьмі чалавек, што на фотаздымку, толькі яна адна ведае, як пахне чалавечая скура, якую жарэ агонь смерці, як равуць і стогнуць ад пякельнага болю людзі, задыхаючыся ад едкага дыму. Два маленькія ўнукі прытуліліся да памятнага знака, і рука аднаго з іх, большага, ляжыць на першай літары назвы вёскі. Ён, маленькі гэты хлопчык, аніколі не бачыў гэтай вёскі, ён яшчэ не ведае, што пад яго далонькаю не камень, халодны і ў спёку прыемны, а, кажучы словамі неўміручага песняра зямлі беларускай Янкі Купалы, “гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл, гэта сэрцаў скамененых пламень”. І мудра зрабіла бабуля, што прывезла іх, сваіх дзяцей і ўнукаў, сюды: яны падрастуць, усё зразумеюць і аніколі не здрадзяць Памяці роднай зямлі.У канцы змешчаны Зварот да моладзі, прыняты ўдзельнікамі акцыі “Нашчадкі вогненных вёсак”, і два дакументы, якія нема крычаць пра нацысцкі генацыд супраць беларускага народа ў Другой сусветнай вайне. Гэта “Поўны пералік населеных пунктаў, знішчаных разам з жыхарамі і не адноўленых пасля Вялікай Айчыннай вайны” і “Поўны пералік населеных пунктаў, знішчаных з часткай насельніцтва і не адноўленых пасля Вялікай Айчыннай вайны”.Вельмі трапна і мудра гаворыцца ў кнізе: “Сведкі Праўды, якіх застаецца ўсё менш і менш, — сумленны адказ на пытанні новага часу да мінулага. Яны не пакідаюць сумненняў аб Праўдзе вайны.Праўдзе вайны няма і не можа быць альтэрнатывы.Падмена паняццяў недапушчальная і небяспечная.Жыццё памяці — гісторыя народа, праўда вайны ў якой папаўняецца гэтым выданнем, яшчэ адной дакладнай старонкай ад жывых Сведкаў Гісторыі”.Жывыя павінны заўсёды памятаць гэтыя словы. “Яшчэ і назаўтра, і на дзесяты дзень над папялішчам стаяў густы цяжкі пах. Ветрам яго даносіла да блізкіх і далёкіх вёсак. Дзесяць дзён і начэй ляжалі пад адкрытым небам спаленыя дальвінцы.Ішоў дождж, пякло сонца... Але не было каму хаваць...”Мікалай ГІРЫЛОВІЧ, вёска Дальва Лагойскага раёна.“...Немцы гналі басанож па снезе і гаварылі: “Хутка будзе цёпла, сагрэецеся”. Мы замерзлі так, што ў хляве імкнуліся хутчэй стаць нагамі на салому...”Марыя ЛЯХ, вёска Парадоўшчына Маладзечанскага раёна.“Пакуль у вёску прыйшла, людзі ўжо былі спаленыя ў хляве. Так страшна — каб гэта хто знаў. А столькі немцаў наехала, проста чорная хмара.Ці лёс, ці гэта ад Бога... адна я засталася. У маёй сям’і загінулі два браты, сястра і маці...”Фаіна АНАСОВІЧ, вёска Боркі Вілейскага раёна.“...А мама наша аслабела, не можа ісці”. “Што мне рабіць з вамі? Не ўцяком. Хай ужо паб’юць. Хоць гора гэтым скончыцца. Не будзем мучыцца”, — гаворыць і плача... А брацік Юлік, яму восем тады было, паўзе апошнім — і рукой снег замятае, каб не знайшлі тыя вылюдкі нас. Так і ўратаваліся. Вярнуліся пасля ў вёску — усё начыста спалена. Як жыць?.. Тады з голаду памерла і наша Нінка”.Таццяна КУРЛОВІЧ, вёска Свяціца Ляхавіцкага раёна.“...У адным пакоі ляжала мёртвая маці з грудным братам. Іх перасекла аўтаматная чарга ў той момант, калі маці карміла дзіця. У другім пакоі я ўбачыў забітых бацьку і старэйшага брата”.Васіль САКАДЫНЕЦ, вёска Боркі Кіраўскага раёна.“Я стала свядомым чалавекам, настаўніцай, а мае сяброўкі-аднагодкі загінулі, як растаптаныя кветачкі, нават не паспеўшы раскрыць свае пялёсткі. А кім бы яны сталі? Аб гэтым я ўсё сваё жыццё непакоюся”.Данута ШАЎЛОЎСКАЯ, вёска Янушкавічы Валожынскага раёна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На адной з сустрэч у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі малады навуковец пажаліўся Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку: сучаснае жыццё, маўляў, гэткае складанае і пакручастае, гэткія заблытаныя сітуацыі ўзнікаюць, што нават часцяком губляешся і не ведаеш, каму і што казаць, каб не памыліцца, справе і сабе не нашкодзіць. Наш Прэзідэнт з уласцівай яму шчырасцю параіў маладому навукоўцу даходліва і проста: “Кажыце праўду. Калі вы баіцеся, значыць, няма краіны. І не будзе яе”. У гэтых словах Лукашэнкі — трывалы гістарычны грунт. І сёння наша Бацькаўшчына, родная беларуская зямля, краіна вольная і незалежная таму, што наш народ жыў і жыве па праўдзе сваіх продкаў, не разбурыў, а яшчэ больш умацаваў інтэлектуальны падмурак свайго нацыянальнага Дома, па чатырох кутках якога ляжаць граніты чалавечага духу, увасобленыя ў вядомыя ўсяму свету імёны волатаў непарушнай веры ў ясны дзень роднага краю, у святыні недатыкальныя. І адна з найвялікшых сярод іх — наша Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне супраць фашысцкіх захопнікаў.
|
|