Лепшы падаруначак — гэта я?
06.03.2010
—
Новости Общества
|
Ёсць такая "народная мудрасць": "Як 23 лютага адзначыцца, так 8 сакавiка i адгукнецца". Штогод многiя з нас на яе шчаслiва забываюцца, i штогод даводзiцца ўзгадаць i зноў пераканацца ў яе справядлiвасцi. Зразумела, не канкрэтна мы прыдумалi гэтыя, па шчырасцi, сумнеўныя святы, не нам iх i адмяняць; але час ад часу мiльгае ў галаве змушанае: хто першы ўкаранiў гэты дурны прынцып, баш на баш? За што мы з году ў год помсцiм адзiн аднаму паспешлiвымi, дзяжурнымi, выпадковымi, а то i ўвогуле не патрэбнымi нiводнаму з бакоў падарункамi, кшталту "я ёй — вуду, яна мне — калготкi"? Не, ну праўда — патлумач мне, шаноўны калега, як яскравы прадстаўнiк i абаронца мужчынскiх правоў i поглядаў на газетных старонках — з чаго вам у галаву ўбiлася, што для поўнага бясхмарнага шчасця жанчыне на 8 сакавiка патрэбныя: а) парфума, б) новая бялiзна, в) рознай ступенi дарагоўлi бiжутэрыя? З таго ж, можаш адказаць ты, што i многiя "мадамы" лiчаць лепшым падарункам для мужчыны шкарпэткi, набор для галення i ўсякiя там гелi для душа. І будзеш мець рацыю. Толькi ў мяне яшчэ адно пытанне ад удзячнай публiкi — а з якога перапуду, прабачце, завялося вiншаваць з Днём абаронцаў Айчыны тых, хто не проста ў жыццi пораху не нюхаў, а ўсе сiлы прыклаў, каб "адкасiць"? На ўсякi выпадак — маючы на ўвазе, што кожны можа быць чыiмсьцi персанальным абаронцам? Абаронцы, называецца — як не зойдзеш у аўтобус, усе па крэслах утульна паселi — "раптам вайна, а я стомлены"... Зрэшты, прабач, гэта ўжо я завялася i адышла ад тэмы. Вернемся да недарэчных падарункаў. У маiм асабiстым спiсе таго, што лепш не дарыць, безумоўны лiдар — грошы. Бо гэта не толькi банальна i пошла, але яшчэ i вельмi крыўдна — мужчына як быццам дае зразумець, што ў яго альбо не хапiла фантазii на падарунак для цябе, альбо ён увогуле не палiчыў патрэбным уключаць уяўленне ў пошуках падарунка — не панi, сама набудзеш, што трэба. Я, безумоўна, набуду. Але ж, дзякаваць Богу, на многае я i зарабiць сама ў стане, дый справа не ў тым. Дарагi не падарунак, дарагая ўвага — запiшыце гэта, калi ласка, вялiкiмi чырвонымi лiтарамi дзе-небудзь у бачным месцы! Нават калi альтэрнатывай грошам будзе сто год не патрэбная мне цацка або статуэтка-пылазборнiк, што прастаiць дзе-небудзь на палiцы да другога прышэсця, я больш узрадуюся гэтаму сувенiру — хадзiў жа, прыдумляў, выбiраў... Зрэшты, цалкам дапускаю, што нелюбоў да грашовых прэзентаў — з'ява iндывiдуальная. Таму звернемся да найбольш агульных "падарункавых" прэтэнзiй жанчын да кавалераў. Першым пунктам iдзе бiжутэрыя — часткова таму, што мала хто з мужчын разбiраецца ў такiх дробязях, цi якаснае ўпрыгожанне i цi пасуе хоць да аднаго ўбору каханай (часткова таму, што касметыку i бiжутэрыю мы пераважна набываем самi). Другая пазiцыя — цукеркi. Напярэдаднi сезону вясна-лета — самае то, ага. Вы яшчэ глянцавы часопiс з ашаламляльнымi фотамадэлямi дадайце, каб канчаткова сапсаваць адносiны. Далей у спiсе — мяккiя цацкi. Калi вашай даме не 5 i нават не 15, лепш тройчы падумаць, перш чым iсцi за ружовым мядзведзiкам... Наступны пункт — кухонны набор. Не, калi вы сапраўды хочаце дачакацца ў адказ а-афiгiцельнага набору адвёртак цi яшчэ нейкiх гаспадарчых прыладаў, можаце рызыкнуць. Але мала якой жанчыне спадабаецца намёк, што яна — жывы кухонны камбайн. Замыкаюць спiс фотарамкi i кубкi — тут увогуле без каментарыяў. Не, адзiн усё ж будзе — пры любым раскладзе трэба ЗДЫМАЦЬ цэннiк з падарункаў! Што ты кажаш? А што ж нам тады трэба? Элементарна, Ватсан — спытайцеся ў нас самiх! Можна не ў лоб, а намёкамi цi роспытам сябровак. Гэта найлепшы i самы надзейны спосаб. Няўжо так цяжка знайсцi пяць, дзесяць, ну добра, трыццаць хвiлiн i пагаварыць "за жыццё"? У iмя дабрынi i разумення ва ўсiм свеце, у якасцi жэсту добрай волi i прыпозненага, але шчырага падарунка на 23 лютага прапаную мужчынска-жаночы размоўнiк (скарочаны): Жанчына кажа: 1. Пойдзем куды-небудзь удваiх? 2. Хочацца чаго-небудзь... гэткага. 3. Я нават не ведаю... Гэта значыць: 1. Праўда, пойдзем, а? (Вылазка трыма сямейнымi парамi на футбольны матч — гэта не "пабыць удваiх"!) 2. Мiлы, мне так не хапае тваёй увагi... (Падыдзе любы сюрпрыз ад душы — бiлеты ў кiно, кветкi альбо проста свежазавараная гарбата з печывам — вам што, цяжка?). 3. Я яшчэ не вызначылася, альбо вызначылася, але ведаю, што ў цябе няма на гэта грошай цi ты ўвогуле супраць. ("Альбо" дацiскайце да канца — але тады давядзецца выконваць заказ. Бо паабяцайце сюрпрыз i ўключайце фантазiю!). Можна, зразумела, праiгнараваць усе гэтыя парады. Толькi не здзiўляйцеся, калi першым пунктам у спiсе непажаданых падарункаў... апыняцеся вы самi. А вось калi вы чуеце i разумееце адзiн аднаго, то вынесенае ў загаловак — менавiта пра вас! Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Парфума? Бялiзна? Грошы?Вось i зразумей жанчын! Якi тут сусветны фiнансавы крызiс? Святы заўсёды застаюцца святамi. Помсцiм падарункамi? Так, насамрэч вельмi нечаканы i цiкавы погляд на святочную тэму. Жанчына любiць вушамi, мужчына, адпаведна... самi ведаеце чым. Хто з мужыкоў пра першае не забывае, заўсёды будзе на канi. Калi ўжо рабiць жанчыне, якая падабаецца, цудоўны падарунак, дык, я думаю, насамрэч неабходна шчыра лiчыць яе тым самым лепшым падарункам з вялiкай лiтары. I пажадана ўсё жыццё. Штодня марыць атрымаць у дар яе смех, яе добры настрой, а ўначы...I ўвесь год, а не толькi 8-га Сакавiка як мага больш трэба гаварыць ёй пра тое, што яна — Самая-самая, Фея, Чараўнiца, Муза. Клапацiцца, дапамагаць. Гэта словы былога рамантыка, а цяпер — рэалiста-практыка. А чаму б i не выдаць з дзясятак прыгожых слоў? I трацiцца фiнансава не трэба. I сантэхнiку, i iнжынеру, электрыку i iншым патрэбна Муза... А Муза патрабуе ахвяр. Ну, напружце мазгi, мужыкi, успомнiце словы, ад якiх вашы жанчыны растаюць! А цi ў многiх мужчын такое жыццёвае крэда — служыць жанчыне? Не ўпэўнены. Мужчынскiя гутаркi: пра машыны, пра баб... "Жанчыны, вам iмя — вераломства!" — пiсаў класiк. I меў рацыю. Вядома, бывае, "лепшы падарунак" лiтаральна "кусаецца", i такое можа сказаць у крыўдзе, што нiякi сэксапатолаг адразу i не вылечыць. Але ж, як кажуць, любiш мядок — любi i халадок! Наконт новай бялiзны i гэтак далей — гэта ўжо прабачце, шаноўная калега. Самi жанчыны вiнаватыя ў тым, што мужчыны думаюць, што тая ж бялiзна, касметыка — лепшы падарунак. Хаця... Мiж iншым, наўрад цi мужчына зможа выбраць такi iнтымны падарунак самастойна. Часцей за ўсё сама жанчына купляе бялiзну. Я б купiў такiм чынам (аплацiў) нешта прыгожае для цела каханай. I лепш за ўсё зрабiў бы гэта не перад жаночым святам, а перад мужчынскiм, каб 23-га лютага перад сном атрымаць асалоду ад новага "вобраза" каханай. Iншая справа — цi адзене ў першую ж ноч? Наконт шкарпэтак. Мая апанентка быццам сябруе з мацi маiх дзяцей. Тая менавiта шкарпэткi дарыла i гель. Я iх i сам купiць магу. Лепш бы ў ложку зрабiла такое, каб без шкарпэтак на работу пайсцi захацелася ад задавальнення i перажытага ўражання. Згодны, большасць мужчын у гэтым сэнсе (таго, чаго чакаюць ад жанчын) прымiтыўныя. Слова паходзiць ад "прыматаў"?.. Наконт Дня абаронцаў Айчыны — што жанчыны ў лiку iншых вiншуюць i тых, хто ад армii стараўся бегчы хутка, быццам спрынтар. Напэўна, тут контраргументаў няма i быць не можа. Ну дык працуем жа ў газеце парламенту, дык i папрасiце, сталiчныя калегi, знаёмых дэпутатаў, каб тыя на парадак чарговага пасяджэння вынеслi пытанне аб перайменаваннi Дня абаронцаў у Дзень мужчын. А лепш у Дзень абароны мужчын. Мужчыны жывуць меней, а на пенсiю выходзяць у 60 гадоў, а не ў 55, як жанчыны. Праўда, ад каго ж мужчын абараняць? Ад самiх сябе!? А можа, ўвесцi новае свята, напрыклад, у тым жа сакавiку (у гонар знакамiтага марцовага ката)? А ў маiм асабiстым спiсе таго, што лепш дарыць — дык цяпер на першым месцы грошы!!! Быў раней няўдалы вопыт, калi дарыў каханай нейкiя сувенiры плюс кветкi. За кветкi была вельмi ўдзячная, а на першае рэагавала неяк... У чарговы раз, калi я пацярпеў фiяска, сам прапанаваў, што больш нiколi нiчога купляць не буду, але гатовы аплацiць падарункавых. Яна iдэю шчыра падтрымала. Праўда, праз некалькi гадоў гэтая практыка нашых падарачных стасункаў ледзь не скончылася трагiчна. Купiла яна сабе падарунак, якi каштаваў столькi, колькi малады настаўнiк у школе наўрад цi зарабляе. Грошы пазычыла ў сяброўкi, якая ёй дапамагала выбiраць жаночыя "цацкi". Наконт дарагой увагi. Адной i кветак хопiць з нейкай, напрыклад, смешнай статуэткай, а iншай гэта ўсё здасца толькi прэлюдыяй. Цiкава, мiж iншым: калi твая жанчына гандлюе ў салоне кветкамi, цi трэба ёй дарыць 8-га сакавiка кветкi? Якiя? Яна ж лепш у iх разбiраецца. Што тычыцца кухоннага набору. Чаму б i не, калi жанчыне падабаецца кухарыць? Пра набор iнструментаў у адказ — не, гэта не самы лепшы падарунак мужчыне. Хто з "залатымi рукамi", сам такi купiць, цi ён ужо ў яго ёсць. А ў каго рукi "не з таго месца", навошта ён яму? Асабiста я быў бы ўдзячны атрымаць у падарунак... дагавор, аформлены на маё iмя з фiрмай рытуальных паслуг. Шчыра. Без чорнага гумару. Разумею, што хутка свята, а тут такiя думкi. Але жыццё — гэта iмгненне. Усякае можа здарыцца. Дарэчы, калi пiсаў пра рытуальныя паслугi ў Вiцебску, расказалi мне ў адной фiрме, што такiя падарункi, на першы погляд, вельмi неардынарныя, насамрэч у наш час робяць. Праўда, людзi ўжо вельмi паважанага ўзросту. Мужу, напрыклад, за 80 гадоў, жонцы за семдзесят, чаму б i не зрабiць падарунак такi?.. А ў маладосцi?.. Падарункам трэба старацца здзiўляць. Упэўнены, што, калi мужчына падорыць каханай магчымасць правесцi час ў СПА-салоне, яна будзе вельмi задаволеная. Праўда, ёсць верагоднасць таго, што ёй гэта вельмi спадабаецца i яна будзе прасiць аналагiчнае i ў несвяточныя днi. А яшчэ, на мой погляд, самы лепшы падарунак жанчыне 8-га Сакавiка, гэта самастойна паспрабаваць пакухарыць па поўнай, каб яна па-добраму "розум страцiла" ад шчасця. А што, калi жанчына народзiць 8-га Сакавiка? Вось гэта падарунак будзе ёй i адначасова яму. Што скажаш? А сапраўды, чаму ламаць галаву? I чаму менавiта перад 8-м Сакавiка? Некаторыя пары, ведаю, дамаўляюцца пра падарункi раней. I робяць iх нечакана. Яна можа раптам купiць яму, напрыклад, прыгожы гальштук (прывезцi з-за мяжы) i заяўляе — гэта будзе табе да 23-га лютага. I наадварот. Можна параўнальна дарагi падарунак купiць таксама не да свята, у крэдыт за некалькi месяцаў да яго. А чаму б не падараваць банкаўскi крэдыт? Тыя ж грошы. I самому потым не выплачваць з працэнтамi. Ах, жанчыны, чаго для вас толькi не зробiш! Аляксандр ПУКШАНСКI. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць такая "народная мудрасць": "Як 23 лютага адзначыцца, так 8 сакавiка i адгукнецца". Штогод многiя з нас на яе шчаслiва забываюцца, i штогод даводзiцца ўзгадаць i зноў пераканацца ў яе справядлiвасцi. Зразумела, не канкрэтна мы прыдумалi гэтыя, па шчырасцi, сумнеўныя святы, не нам iх i адмяняць; але час ад часу мiльгае ў галаве змушанае: хто першы ўкаранiў гэты дурны прынцып, баш на баш? За што мы з году ў год помсцiм адзiн аднаму паспешлiвымi, дзяжурнымi, выпадковымi, а то i ўвогуле не патрэбнымi нiводнаму з бакоў падарункамi, кшталту "я ёй — вуду, яна мне — калготкi"? Парфума? Бялiзна? Грошы? Вось i зразумей жанчын! Якi тут сусветны фiнансавы крызiс? Святы заўсёды застаюцца святамi. Помсцiм падарункамi? Так, насамрэч вельмi нечаканы i цiкавы погляд на святочную тэму. |
|