МІНСК. ГОРАД ЖАНЧЫН. 21.by

МІНСК. ГОРАД ЖАНЧЫН

06.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Унiкальны мультымедыйная выстава адкрылася 26 лютага ў мастацкай галерэi "Унiверсiтэт Культуры" (Палац Рэспублiкi).

Аўтарам праекта "Горад жанчын" стала Кацярына Сушкевiч, журналiст канала "Культура" Беларускага радыё. На працягу паўгода Кацярына разам з фатографам Ягорам Войнавым i стылiстам Лалiтай Угуран-Тумiловiч з'ездзiла ў госцi да трыццацi таленавiтых жанчын Мiнска, каб пагутарыць пра творчасць, пра мастацтва, пра шчасце.

— Кожная з нашых гераiнь — публiчны чалавек, якi дамогся немалых поспехаў на сваiм прафесiйным шляху, — распавядае аўтар праекта. — Нашай мэтай было раскрыць жанчыну за мяжой публiчнасцi, паказаць яе багаты ўнутраны свет. А каб пазнаць глыбiню i непаўторнасць унутранага свету жанчыны, трэба прыйсцi ў яе дом. Дом — адлюстраванне сваёй гаспадынi. Тут, сярод звыклых рэчаў, яна адкрытая, яна такая, якая ёсць. Мацi, жонка, дачка, гаспадыня...

Галерэя партрэтаў-атмасфер — так называе Кацярына вынiк, якi атрымаўся. Кожны з трыццацi фотапартрэтаў непаўторны i ўнiкальны, кожны па-свойму паказвае ўнутраны свет сваёй гераiнi. Распавядае Марыя Мартысевич, паэтка, празаiк, перакладчыца, журналiстка, адна з гераiнь праекта:

— На фотаздымку вакол мяне сабраныя каштоўныя для мяне рэчы, якiя ў некаторай ступенi адлюстроўваюць маю сутнасць. I у кожнай рэчы свая гiсторыя. Нават канапа на гэтым фота — неацэнная памяць. Яе мне бацькi падарылi ў 20 гадоў i я дагэтуль лiчу, што яна — адлюстраванне маёй душы, такая ж мяккая i каляровая. Цацкi вакол мяне — падарункi блiзкiх людзей. Важны штрых да партрэта — абразы над маёй галавой... На гэтым фота адлюстраваная ўся я.

Эксцэнтрычная i ў той жа час таямнiчая Святлана Залеская-Бень, рэжысёр лялечных спектакляў, лiдар гурта "Срэбранае вяселле". Нiбы сагравае знутры бязмежна цёплы i светлы позiрк Таццяны Мархель, заслужанай артысткi Беларусi, якая больш за 40 гадоў прысвяцiла тэатру i кiно. У незвычайнай паставе паказвае фатограф заслужаную артыстку Беларусi, якая 50 гадоў працуе на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра iмя Янкi Купалы, Зiнаiду Зубкову. Непасрэдная Ганна Хiтрык, актрыса, лiдар гурта "ДзецiДзяцей", якая са свавольствам глядзiць на вас з партрэта... Кожны партрэт нiбы размаўляе з вамi, прапаноўваючы ўключыцца ў дыялог, пачуць голас сваёй гераiнi. Зрэшты, гэта можна зрабiць наяве. Унiкальнасць праекта ў тым, што, не адыходзячы ад фотапартрэта, можна праслухаць iнтэрв'ю з кожнай жанчынай, у чым дапаможа звычайны мабiльны тэлефон, пераўтвораны падчас выставы ў аўдыёгiд. Што аб'ядноўвае ўсiх жыхарак "Горада жанчын"?

— У iм "жывуць" людзi, якiя прысвяцiлi сябе акадэмiчнаму мастацтву, — адказвае Кацярына Сушкевiч. — Такая была галоўная iдэя праекта: сабраць разам жанчын, iмя якiх у кожным вiдзе мастацтва стала своеасаблiвым брэндам. Гэта мадэльер Людмiла Лабкова, якая прысвяцiла сябе высокай модзе. Гэта мастак Таццяна Грыневiч, карцiны якой выстаўляюцца ў Германii, Iталii, ЗША, Кiтаi. Нашы выдатныя кампазiтары, рэжысёры, драматургi, музыкi, балерыны, мультыплiкатары... Праект задумваўся як альтэрнатыва беларускаму тэлебачанню, якое тыражуе iмёны поп-зорак i забывае пра высокае мастацтва. А пра яго трэба гаварыць! У нас столькi таленавiтых жанчын, пра якiх многiя нават не чулi. Напрыклад, Ганна Балаш, гераiня выставы, майстар лялек... Яе лялькi ўнiкальныя, яны знаходзяцца ў найбуйных калекцыях свету! Праект "Горад жанчын" знаёмiць з выбiтнымi асобамi, якiя сёння ствараюць духоўныя каштоўнасцi нашай краiны.

...Грацыёзныя i летуценныя, нязмушаныя i адкрытыя. Знятыя фаторгафам на кухнi, балконе, на сцэне, з хатнiм улюбёнцам, басанож на падлозе... Жанчыны, якiя ствараюць гiсторыю беларускага мастацтва. Да 13 сакавiка ў мастацкай галерэi "Унiверсiтэт Культуры".

Таццяна Данiлушкiна.

Фота аўтара. На фота: Марыя Мартысевiч побач з уласным партрэтам; У захапленнi ад Ганны Хiтрык.

+375295770956 МТС

+375259418576 Life

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Унiкальны мультымедыйная выстава адкрылася 26 лютага ў мастацкай галерэi "Унiверсiтэт Культуры" (Палац Рэспублiкi). Аўтарам праекта "Горад жанчын" стала Кацярына Сушкевiч, журналiст канала "Культура" Беларускага радыё. На працягу паўгода Кацярына разам з фатографам Ягорам Войнавым i стылiстам Лалiтай Угуран-Тумiловiч з'ездзiла ў госцi да трыццацi таленавiтых жанчын Мiнска, каб пагутарыць пра творчасць, пра мастацтва, пра шчасце.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика