Мужчын спакушалi душой. 21.by

Мужчын спакушалi душой

06.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таму шлях айчыннага бюстгальтарабудавання не быў усыпаны ружамi

Славутай францужанцы Како Шанэль прыпiсваюць выказванне аб тым, што жанчыне, каб быць прывабнай, неабходна мець "у актыве" дзве рэчы: сучасную прычоску i элегантныя туфлi. Усё астатняе, маўляў, дадасца...

Нiчога не маючы супраць, усё ж рызыкну дадаць да гэтага кароткага спiсу яшчэ адзiн пункт, а менавiта — прыгожую споднюю бялiзну. Калi больш дакладна — бюстгальтар. Напэўна, маючы ў сваiм арсенале вялiкае мноства прадметаў гэтай неабходнай часткi дамскага туалету, Како, як i пераважная большасць францужанак, лiчыла прыгожы бюстгальтар чымсьцi звычайным, натуральным, неад'емным, гэткай "другой скурай". Таму i не надавала яму асаблiвай увагi.

Мiж тым, наш "гарсэтны выраб", як цнатлiва называлi бюстгальтар у савецкiя часы, прайшоў свой шлях "развiцця" — ад практычна поўнага iгнаравання да ўдзелу ў прэстыжных мiжнародных выставах. Увогуле, у Савецкiм Саюзе сподняя бялiзна была прадметам выключна ўтылiтарным i выконвала, хутчэй, гiгiенiчную функцыю. Не цiсне, не нацiрае, ды яшчэ сагравае ў мароз — што больш трэба? Пасля рэвалюцый i войнаў пачатку i сярэдзiны мiнулага стагоддзя да сподняй бялiзны прад'яўлялася толькi адно патрабаванне: каб яна ў народа была. І калi ў iншых краiнах (якiя не ўваходзiлi ў склад СССР) гiгiена iшла поруч з прыгажосцю, нам было не да гэтай "драбязы". Фабрыкi штампавалi сацiнавыя i паркалёвыя трусы невыразнай афарбоўкi i нiжнiя майкi з бязi i бавоўны, якiя не мелi i намёку на прывабнасць, а тым больш эратычнасць. Жаночая бялiзна была цалкам пазбаўленая ўпрыгажэнняў i практычна адсутнiчала ў сцiплай савецкай рэкламе. Як i прадукцыя ваеннага завода, бялiзна вылучалася трываласцю, надзейнасцю i... "засакрэчанасцю".

Бюстгальтар спачатку практычна не насiлi, i зусiм не з-за фемiнiстычных настрояў. Проста памеры (якiх налiчвалася ўсяго тры) падыходзiлi далёка не ўсiм, а сам "гарсэтны выраб" у канцы 40-х i пачатку 50-х нагадваў, хутчэй, прыладу для катавання цi браню. Тыпавы ж жаночы камплект бялiзны складаўся з нiжняй сарочкi i панталонаў. Нi вам эратычнасцi, нi сэксуальнасцi. У сярэдзiне 50-х спявак, акцёр i ўвогуле любiмчык жанчын Iў Мантан разам са сваiм прадзюсарам арганiзавалi ў Парыжы выставу савецкай бялiзны, якую дальнабачны француз накупiў у вялiкай колькасцi падчас свайго прыезду ў Маскву. Не ведаю, спачувалi нам францужанкi (а за iмi — уся Еўропа, бо факт хутка стаў набыткам заходняй прэсы) або смяялiся з нас... Калi так, то дарэмна. Iмкненне нашых жанчын да прыгожага не было зломленае суровай рэальнасцю. Споднюю бялiзну шылi ў хатнiх умовах, перакройвалi з трафейных рэчаў, куплялi ў фарцоўшчыкаў. Да таго ж, менавiта ў 50-я лёгкая прамысловасць паступова пачала выпускаць вырабы хоць з нейкiм намёкам на прыгажосць.

- Калi ў чэрвенi 1960-га я прыйшла працаваць дырэктарам на мiнскую швейную фабрыку iмя Фрунзэ. там выпускалi ўсё, што заўгодна, толькi не швейныя вырабы, — успамiнае роданачальнiца айчыннага "бюстгальтарабудавання" Iскра Iосiфаўна Шасцюк. — Прадпрыемства штампавала радыёдэталi, хлорвiнiлавыя трубкi, гузiкi i гэтак далей. I толькi адзiн цэх шыў баваўняныя кашулi.

Сваю дзейнасць Iскра Iосiфаўна пачала з таго, што лiквiдавала i выжыла з фабрыкi ўсё тое, што не ўласцiва для швейнай вытворчасцi. Пакiнула толькi брыгады, якiя спецыялiзавалiся на мужчынскiх кашулях, плашчах i адзеннi для нованароджаных. Але гэта не прыносiла прыбытку...

— Аднойчы я сустрэлася са сваёй знаёмай, якая на той час узначальвала базу Белгалантарэi — Марыяй Юрчанкай. Даведаўшыся пра мае пакуты, Марыя Васiльеўна спытала: "Iскра, хочаш мець бессмяротны асартымент?" Безумоўна, я хацела. "Тады шый бюстгальтары!" — параiла яна. Для мяне гэта было... як палёт на Марс. Мы не мелi нi патрэбнага абсталявання, нi сыравiны, нi лякалаў, нi ўяўлення аб колькасцi памераў, — расказвае Iскра Iосiфаўна.

Прыкладна ў гэты ж час увайшла ў строй Вiцебская ткацкая фабрыка. Па дамоўленасцi з Iскрай Шасцюк прадпрыемства стала выпускаць спецыяльную тканiну для бюстгальтараў — дамасэ, або дамас (накшталт тоўстага шоўку). Але з яе яшчэ трэба было нешта пашыць...

— Я звярнулася да сталiчнага Дома мадэляў з просьбай распрацаваць для нас хоць нейкiя ўзоры. А яны заявiлi, што нiчым падобным не займаюцца. Гэта была катастрофа!

Але Iскра Шасцюк, дачка афiцэра, не прывыкла пасаваць перад цяжкасцямi. Таму пайшла iншым шляхам. Цяпер свой працоўны час фабрычныя канструктары, яе падначаленыя, праводзiлi... у медпунктах з сантыметрам у руках. Падчас медаглядаў яны скрупулёзна вывучалi "разнавiднасцi" жаночых грудзей, вымяралi iх паўнату i адлегласцi памiж рознымi "дэталямi"... Невядома, чым бы скончылася справа, але Iскры зноў пашанцавала. На базу Белгалантарэi прыйшла партыя нямецкiх бюстгальтараў. Адзiн фасон быў ад 1-га да 10-га памерау. I ўсё тая ж Марыя Васiльеўна Юрчанка забяспечыла фабрыку iмя Фрунзэ такiмi патрэбнымi ўзорамi.

— Мае дзяўчаты распаролi ўсю гэту прыгажосць, лiтаральна разабралi на дэталi i дэталькi... I нарэшце мы здолелi стварыць i неабходныя памеры, i свой фасон.

I сёння, калi Iскра Iосiфаўна ўзгадвае той час, у яе голасе ўлоўлiваюцца ноткi гонару. У снежнi мiнулага года ёй споўнiлася 85, але нюансы пяцiдзесяцiгадовай даўнiны Iскра Шасцюк памятае з зайздроснай дакладнасцю.

Цэхi фабрыкi iмя Фрунзэ, дзе нараджалася нябачаная да гэтага прыгажосць, размяшчалiся ў прыстасаваных памяшканнях, па якiх гулялi скразнякi. "Зручнасцi" знаходзiлiся на вулiцы. Гатовую прадукцыю вывозiлi на склады на конях.

— Але мы ўсе — 600 чалавек — хварэлi новай справай. На працу iшлi, як на свята. Калектыў жа быў жаночы! Я i цяпер з цеплынёй успамiнаю той час.

Дарэчы, Iскра Iосiфаўна "прыўзняла завесу" над тым, як i чаму фабрыку iмя Фрунзэ перайменавалi ў "Камсамолку" (сёння гэта вядомая ўсiм "Мiлавiца"). У 60-х грошай на рэкламу прадукцыi ў прадпрыемства не было, а значыць, не магло быць i размовы пра запрашэнне манекеншчыц. Фабрычныя дзяўчаты самi апраналi на сябе "прадукцыю" i фатаграфавалiся для вытворчых буклетаў i вузкаспецыяльных часопiсаў.

— I вось уявiце сабе карцiнку: на фота — напаўаголеная прыгажуня, а пад ёю подпiс: "Фрунзэ". "Давайце нарэшце перастанем здзекавацца з Мiхаiла Васiльевiча!" — сказала я начальству. I праз некаторы час мы сталi "Камсамолкай".

Першая масавая партыя айчынных (беларускiх) бюстгальтараў была выпушчана ў 1962 годзе. А да гэтай знамянальнай падзеi нашы мамы i бабулi хадзiлi пераважна ў гарсэтных вырабах рыжскай вытворчасцi, якiя траплялi на прылаўкi "па кроплi", як лякарства. Iскра Iосiфаўна атрымлiвала лiсты ад удзячных пакупнiкоў, нешта накшталт "нарэшце ашчаслiвiў жонку — купiў ваш бюстгальтар!". Шанцавала не многiм пакупнiкам, а толькi тым, хто выстойваў доўгiя чэргi, бо больш-менш якасная прадукцыя адразу трапляла ў шэраг "дэфiцытнага тавару". Асаблiвыя праблемы былi з вялiкiмi памерамi.

— А мы якраз прыдумалi новую мадэль для 5-6 памераў, такi атласны бюстгальтар, нешта накшталт сучаснай грацыi, якi прыкрываў верхнюю частку жывата i прышпiльваўся да пояса. Ён не меў нiякiх упрыгажэнняў, быў вельмi сцiплым, без карунак, без выстрачаных чашачак, але адначасова вельмi зручным — ведаеце, на такiх шырокiх шлейках i з пластмасавай засцежкай ззаду. Але адна рэч — прыдумаць мадэль, i зусiм iншая — зацвердзiць яе ў Маскве, у саюзным Мiнлегпраме. Пры мiнiстэрстве iснаваў спецыяльны камiтэт, якi курыраваў такiя прадпрыемствы, як наша. Ён перыядычна збiраў прадстаўнiкоў прадпрыемстваў, i яны дэманстравалi новыя мадэлi. Але дзяўчат з такiмi фундаментальнымi формамi — усё ж 6-ы памер! — у нас не знайшлося. Прыйшлося мне... самой выступiць у ролi манекеншчыцы. Гэта быў шок на ўвесь Савецкi Саюз! — смяецца Iскра Iосiфаўна. — Старшыня камiтэта, дарэчы, армянiн, здаўся без бою, i ўсё вырашылася на нашу карысць.

Паступова ў вытворчасцi бюстгальтараў пачалi выкарыстоўвацца карункi, стужкi i тасьма, атлас навучылiся дубляваць з паралонам — каб стваралася цвёрдая форма.

— У 70-х мы яшчэ ва ўсю шылi вырабы з бавоўны, але сiнтэтыка ўжо заваёўвала месца пад сонцам, — расказвае Марыя Iванаўна Батура, якая змянiла на "баявым пасту" Iскру Iосiфаўну. — Зашпiлялiся бюстгальтары на кручкi i гузiкi — у залежнасцi ад мадэлi. Мы штогод вывучалi попыт, мянялi асартымент. I самi з задавальненнем насiлi свае мадэлi. Дарэчы, мне больш падабаюцца вырабы з бавоўны — яны "дыхаюць", а для грудзей гэта лепш. Хоць баваўняныя бюстгальтары, магчыма, не такiя прыгожыя i эфектныя, як сiнтэтычныя.

Увогуле, у 70—80-х усе модныя тэндэнцыi iшлi з ГДР. Сапраўдны фурор зрабiла мадэль "Анжалiка", зачараваўшы жанчын спалучэннем эластычных карункаў, паралону, акруглых "костачак", тоненькiх шлеек i засцежкi спераду, памiж чашкамi. Здавалася б, нязначная дэталь адзення — а якiмi формамi забяспечвала гаспадыню!

У часы перабудовы на прылаўкi краiны вылiлася маса вульгарнага i таннага кiтайскага шырспажыву, якi, аднак, быў на "ўра" ўспрыняты грамадзянкамi, не сапсаванымi разнастайнасцю савецкага асартыменту. Трусы i бюстгальтары прадавалiся паўсюдна, нават у прадуктовых крамах. Аднак i гэты этап быў пройдзены. Затое ў падарунак ад 90-х засталася мадэль "Вандэрбра" — сапраўдная рэвалюцыя ў гiсторыi бюстгальтарабудавання, цуд, якi не толькi прыўзнiмаў грудзi, утвараючы памiж iмi прывабную "лагчынку", але i максiмальна адкрываў iх, дзякуючы чаму можна было без праблем насiць адзенне з глыбокiм дэкальтэ. Не бюстгальтар, а знаходка, асаблiва для дробнакалiберных грамадзянак... Словам, у рэшце рэшт на нашай вулiцы наступiла свята — бюстгальтары самых разнастайных колераў, памераў i канфiгурацый занялi заслужанае месца на палiцах спецыялiзаваных крамаў.

Праўда, з галавы чамусьцi не выходзяць словы адной маёй суразмоўцы, якой я патэлефанавала, рыхтуючы гэты артыкул, i якая папрасiла не называць яе iмя. Яна — з пакалення тых, хто насiў "аднолькавую бялiзну", а на працу хадзiў строем i з песнямi. "Не хачу падацца несучаснай, але жанчыны тады былi больш змястоўнымi. Чыталi разумныя кнiжкi, наведвалi тэатры i кiно, а не прыкрывалiся "карункамi". Мужчын яны спакушалi душой..."

Напэўна, мая суразмоўца мела рацыю. Але гарсэтныя вырабы, далiбог, у гэтым не вiнаватыя. Этапы iх цярнiстага шляху — усяго толькi "адбiткi" гiсторыi, з якiх, як з частачак пазла, можна скласцi наша мiнулае. Часам светлае i радаснае, часам смешнае i наiўнае, часам горкае i прынiжальнае...

Наталля КАРПЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таму шлях айчыннага бюстгальтарабудавання не быў усыпаны ружамi Славутай францужанцы Како Шанэль прыпiсваюць выказванне аб тым, што жанчыне, каб быць прывабнай, неабходна мець "у актыве" дзве рэчы: сучасную прычоску i элегантныя туфлi. Усё астатняе, маўляў, дадасца... Нiчога не маючы супраць, усё ж рызыкну дадаць да гэтага кароткага спiсу яшчэ адзiн пункт, а менавiта — прыгожую споднюю бялiзну. Калi больш дакладна — бюстгальтар. Напэўна, маючы ў сваiм арсенале вялiкае мноства прадметаў гэтай неабходнай часткi дамскага туалету, Како, як i пераважная большасць францужанак, лiчыла прыгожы бюстгальтар чымсьцi звычайным, натуральным, неад'емным, гэткай "другой скурай". Таму i не надавала яму асаблiвай увагi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика