Саннікаў: Калі стану прэзідэнтам, рэфармую палітычную і эканамічную сістэму краіны
15.03.2010 16:16
—
Новости Общества
|
У выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года Андрэй Саннікаў мае намер правесці «рэфармаванне ўсёй палітычнай і эканамічнай сістэмы Беларусі». Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні беларускіх блогераў. Гэта першае інтэрв’ю Саннікава пасля таго, як 6 сакавіка ў Вільні падчас запісу перадачы «Форум» тэлеканала «Белсат» ён паведаміў пра свае планы балатавацца на пасаду прэзідэнта. Як сцвярджае Саннікаў, які ў 1995—1996 гадах займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў, а зараз з’яўляецца лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у яго каманду ўваходзяць прафесіяналы. Падчас гэтых выбараў палітык будзе спадзявацца »на сябе, сям’ю, аднадумцаў, сяброў, аднакласнікаў… На беларусаў». Падрыхтоўку сваёй перадвыбарнай праграмы Саннікаў мае намер завяршыць »у хуткім часе». Яе стратэгічная мэта — «пабудова нармальнай дзяржавы, уступленне Беларусі ў Еўрасаюз, забеспячэнне еўрапейскага ўзроўню жыцця ў самы кароткі тэрмін, а не ў далёкай перспектыве». Сваёй асноўнай задачай палітык бачыць «аднаўленне прынцыпу раздзялення ўладаў, дзейснага парламента і забеспячэнне незалежнасці судоў». «Без вяртання незалежнай прэсы, яе ўплыву і кантролю за дзейнасцю дзяржавы пабудаваць свабоднае грамадства немагчыма», — упэўнены ён. У дачыненні да Расіі Саннікаў мае намер праводзіць «моцную палітыку, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў пры ўліку інтарэсаў суседзяў». «Нам вельмі патрэбна Расія, гэтак жа, як і мы патрэбны Расіі. Гэта стварае базу для выніковых адносінаў, а не для дробных канфліктаў, якія мы сёння назіраем», — заявіў палітык. Саннікаў таксама лічыць неабходным рэфармаваць сілавыя структуры. «Пра армію — асобная размова. Яна ўжо значна скарочана. Трэба будзе сур’ёзна прапрацаваць пытанне аб яе функцыях, а затым ужо вызначаць аптымальную колькасць, — сказаў ён. — Міліцыя, асабліва яе спецыяльныя падраздзяленні будуць скарочаны і пастаўлены на службу народу, а не злачынным групоўкам. Навошта нам, напрыклад, некалькі брыгад спецназу ўнутраных войскаў? Мы будзем рухацца ў Еўропу, і бескантрольная міліцыя саступіць месца еўрапейскай паліцыі, якая будзе кантралявацца грамадствам». На думку палітыка, трэба «даць людзям свабоду жыць, працаваць, займацца бізнесам». «Вызваліць і заахвоціць прыватную ініцыятыву. Прыцягнуць у Беларусь лідэраў сусветнай эканомікі. Стаць значнай часткай магутнага еўрапейскага эканамічнага цэнтра», — заявіў Саннікаў. На сёння, апрача Саннікава, аб сваім намеры балатавацца на пасаду прэзідэнта публічна заявілі старшыня Ліберальна‑дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідэр Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, адзін з кіраўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «БНФ «Адраджэньне» Алесь Міхалевіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года Андрэй Саннікаў мае намер правесці «рэфармаванне ўсёй палітычнай і эканамічнай сістэмы Беларусі». Пра... |
|