Удзячнай памяці салют
30.03.2010
—
Новости Общества
|
![]() У кастрычніку 44-га... Нават спецыялісты не спрачаюцца наконт таго, што Беларусь больш, чым якая іншая краіна Еўропы, пацярпела ад Вялікай Айчыннай: чатыры гады ваеннага ліхалецця, больш за пяць тысяч спаленых населеных пунктаў, каля трох мільёнаў загінулых … Памятаць пра тую жудасную вайну варта і дзеля таго, каб яна ніколі больш не паўтарылася. Яшчэ да Вялікай Перамогі, у кастрычніку 1944-га, беларусы стварылі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай. “Гэты факт унікальны, — упэўнены дырэктар музея Сяргей Азаронак. — Падобнага не зрабілі ні ў адной іншай краіне, што былі пад акупацыяй”. Прычым ужо з 1942 года, у час жорсткай барацьбы, на тэрыторыі акупаванай Беларусі партызаны збіралі экспанаты для будучага музея: закопвалі іх у скрынях ад боепрыпасаў ці адпраўлялі самалётамі ў Маскву. У Дзяржаўным гістарычным музеі на Краснай плошчы і была зроблена ў лістападзе 1942 года выстава “Беларусь жыве…” Дырэктарам яе была знакамітая Алена Аладава, будучы стваральнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Экспазіцыя, перавезеная ў Мінск, стала асновай музея, адкрытага хутка пасля вызвалення горада ад ворага. “Гэта надзвычай важны факт для разумення іншымі людзьмі нашага, беларускага менталітэту, — разважае Сяргей Азаронак. — У 44-м на пальцах можна было пералічыць будынкі, якія захаваліся ў Мінску пасля акупацыі. І лепшы з іх, Дом прафсаюзаў, адвялі менавіта пад музей”. Даведацца, як ствараўся музей, з першых вуснаў сёння немагчыма: час бярэ сваё… Але за людзей гавораць сабраныя імі экспанаты, фотаздымкі. Адзін з іх — аб тым, як супрацоўнікі музея працавалі на суботніку па расчыстцы горада ад руін. Што казаць, цяжкімі былі тады ўмовы працы і жыцця. Бачыш на фотаздымках тагачасных музейшчыкаў: толькі некаторыя ў абутку, іншыя ж босыя ці ногі іх у анучах. А ў кантрасце — твары з усмешкамі. Так, музей хутка стаў сапраўдным сімвалам мірнага жыцця. Туды хадзілі як у тэатр, па святах. І як надзейнаму сховішчу давяралі рэчы блізкіх. Сто сорак тысяч экспанатаў "Экспанаты паступаюць увесь час. З 10 000 адзінак ў 1944 годзе фонд музея павялічыўся да 140 000, — гаворыць Сяргей Азаронак. — Сёння музейныя каштоўнасці — гэта ваенная тэхніка і зброя, друкаваная прадукцыя, сцягі, фотадакументы, прадметы ваеннага і грамадзянскага побыту, узнагароды, рэліквіі з лагераў смерці…" У кожным раздзеле — свае эксклюзівы, накшталт рукапісных партызанскіх часопісаў, рэдкага самалёта Лі-2, сумкі, у якой Алена Мазанік пранесла ў дом генеральнага камісара гаўляйтэра Кубэ смяротную міну. Экспанатам цяжка даць ацэнку. Скажам, што вас больш уразіць: ордэн Нахімава — з золата, плаціны, рубінаў, які каштуе больш за сто тысяч еўра, ці пісьмо дзяўчынкі бацьку на фронт, у якім яна малюе коціка, бо “ён моцна драпаецца і сваімі вострымі кіпцюрамі дапаможа татку забіць фашыста”, якое немагчыма чытаць без хвалявання? А здавалася б, проста лісток паперы. ![]() На плошчы ў тры з паловай тысячы квадратных метраў месцяцца каля дзесяці тысяч экспанатаў, інсталяцый, макетаў накшталт партызанскай зброевай майстэрні, фрагмента лагера смерці, моманту падрыву чыгуначнага маста. “У аснове музея — класічная экспазіцыя з некалькімі пераменнымі выставамі, — расказвае дырэктар. — Як правіла, мяняюць экспазіцыі праз дзесяць-пятнаццаць год. За гэты перыяд старэе абсталяванне, назапашваюцца дадатковыя гістарычныя матэрыялы, з’яўляюцца новыя тэхналогіі. Але прыйшоў час і кардынальных змен. Як вядома, прынята рашэнне пабудаваць новы музей”. Скрозь усю вайну У зеляніне парка Перамогі — шыкоўны, на 15 тысяч квадратных метраў, будынак. Набліжаемся да яго. На вачах расце абеліск “Мінск — горад-герой”. За ім разыходзіцца залатымі промнямі галоўны фасад музея, нагадваючы сваёй формай салют Перамогі 9 мая 1945 года. Свой “феерверк” стварае і вялікі фантан на плошчы Герояў... Пакуль гэта толькі кадры фільма-праекта. З ім знаёміць мяне ў сваёй творчай майстэрні архітэктар, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, аўтар будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і Мінскага чыгуначнага вакзала Віктар Крамарэнка. Менавіта ён задумаў такім новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Архітэктар заўсёды імкнецца стварыць форму будынка, якая адлюстроўвае яго змест, — разважае майстар. — Хочацца, каб архітэктура музея была і адметным экспанатам, які выклікае ў людзей моцныя эмоцыі, пакідае яркія ўражанні”. Будынак задуманы як чатыры блокі-фасады — па колькасці ваенных гадоў. Паміж імі ёсць расколіны са шкляным дахам: скрозь іх наведвальнікі, праходзячы “ўсю вайну”, увесь час бачаць абеліск — сімвал Перамогі. А суровая праўда вайны адлюстравана ў інтэр’ерах і ў нейкім сэнсе ў процілеглым ад фасаду баку — манументальныя формы звернуты на захад. Сімвалічна: адтуль прыйшла вайна, туды ішла Перамога. Усе памяшканні злучае вялікая зала “Дарога вайны”, поўная трывогі і напружання. Тут самалёты “вісяць” над галавой, навокал танкі лязгочуць гусеніцамі... “Дарога” пакрысе вядзе наведвальнікаў у іншыя блокі і заканчваецца залай Перамогі ў выглядзе купала — ён пад самым дахам музея, які будзе падсвятляцца ноччу. ![]() На будаўніцтва музея адведзена два гады. І яшчэ год — на стварэнне экспазіцыі. Першы камень мяркуецца ўрачыста закласці ў маі 2010 года. Пакуль архітэктары старанна працуюць над чарцяжамі, музейшчыкі дашліфоўваюць новую канцэпцыю. “Працуем над драматызмам экспазіцыі, — дзеліцца думкамі Сяргей Азаронак. — Падключаючы псіхолагаў, гісторыкаў, дызайнераў, мастакоў, а таксама калег з Венгрыі, Аўстрыі, Расіі. Па сутнасці, новы музей ужо існуе ва ўяўленні многіх людзей, якія яго ствараюць.” Людміла Мінкевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску праз пэўны час набудзе адметную архітэктурную форму. Першы камень у падмурак новага будынка мяркуецца закласці ў Дзень Перамогі, 9 мая 2010 года |
|