Вербніца. 21.by

Вербніца

23.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Свята беларускага народнага календара Вербная нядзеля, або Вербніца, мае ўласна хрысціянскія вытокі і звязана з евангельскімі падзеямі. У Евангеллі ад Мацвея, дзе апісваецца жыццёвы шлях Сына Божага Ісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялікшы з Яго цудаў — уваскрашэнне памерлага Лазара. Назаўтра пасля гэтай падзеі Ісус прыйшоў у Іерусалім, жыхары якога сустракалі яго як самага дарагога госця, усцілаючы дарогу пальмавымі галінкамі.

   Хрысціянская царква надала гэтай падзеі статус найвялікшага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелікодную нядзелю, напярэдадні пакутнага тыдня. Толькі замест пальмавых галінак славяне, у тым ліку і беларусы, выкарыстоўваюць у сваіх абрадах вярбу.

   Аднак у народным асяроддзі гэтае свята ўспрымаецца больш шырока, а яго гістарычныя карані сягаюць яшчэ ў далёкія дахрысціянскія часы. У традыцыйнай культуры ў гэты час адзначалі не менш значнае свята, непасрэдна звязанае з чарговым адраджэннем прыроды пасля зімовага спачыну. І далёка невыпадковым з'яўляецца той факт, што галоўным атрыбутам гэтага свята стала вярба. Славяне ў дадзеным выпадку выбралі для асаблівага ўшанавання тое дрэва, якое раней за астатнія адгукаецца на веснавое цяпло, мілуючы вока чалавека залацістым першацветам — прыгожымі "пупышкамі-кветачкамі". Можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што за тысячагадовае існаванне хрысціянства адбылося пэўнае ўзаемазбліжэнне і ўзаемадапаўненне дзвюх вялікіх традыцый. Тое дрэва, якое першым рэагавала на цёплыя промні бога Ярылы-Сонца, стала ў славян сімвалам-прадвесцем Уваскрэсення Ісуса Хрыста.

   Асноўнай абрадавай падзеяй Вербніцы стала наведванне царквы з мэтай асвяціць галінкі вярбы, якім прыпісваліся шматлікія магічна-аздараўленчыя ўласцівасці. Звычай асвячаць галінкі дрэва вядомы са старажытных часоў у многіх народаў свету. Асноўны яго сэнс — дрэва, якое раней за іншыя адгукаецца на прабуджэнне зямлі, павінна перадаць сваю моц, здароўе, прыгажосць чалавеку і свойскім жывёлам.

   Галінкі вярбы рыхтавалі загадзя: іх выразалі з кустоў, што раслі паабапал рэк і балот, прыносілі дахаты. Звязвалі ў пучкі па тры ці пяць і ўпрыгожвалі кветачкамі з каляровай паперы або нават кветкамі, спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі. У некаторых рэгіёнах у гэты "букет" дадавалі галінку ядлоўцу. Этнографамі былі зафіксаваны звесткі, што яшчэ ў пачатку XІX ст. у Гродзенскай губерні ў царкву для асвячэння прывозілі нават вялікую вярбу разам з карэннем. Пасля заканчэння набажэнства яе галінкі ламалі і разносілі па хатах.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята беларускага народнага календара Вербная нядзеля, або Вербніца, мае ўласна хрысціянскія вытокі і звязана з евангельскімі падзеямі. У Евангеллі ад Мацвея, дзе апісваецца жыццёвы шлях Сына Божага Ісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялікшы з Яго цудаў — уваскрашэнне памерлага Лазара. Назаўтра пасля гэтай падзеі Ісус прыйшоў у Іерусалім, жыхары якога сустракалі яго як самага дарагога госця, усцілаючы дарогу пальмавымі галінкамі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика