Магічныя здольнасці вярбы. 21.by

Магічныя здольнасці вярбы

26.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нашы продкі верылі, што асвечаная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад "уразу" (дрэннага вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасці. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў пруцікам кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну сцяны.

  Цікава, што практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць "пабіта": каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве.

  Напрыканцы рытуальнага абыходу гаспадар кіраваўся на могілкі і трохразовым лёгкім хвастаннем вітаў магілы сваіх суродзічаў. Дарэчы, галінкі вярбы, што браліся на ніву і на могілкі, не неслі дадому, а ўтыкалі ў зямлю на месцы правядзення рытуалу. Пры гэтым не забывалі папрасіць у матухны-зямліцы здароўя сабе і сваім блізкім. Этнографы мінулага ўспаміналі, што ўваткнуты пруток часта пускаў карані, і з яго вырастала новае дрэва.

  Сярод этнаграфічных запісаў пахавальнага абраду, зробленых у XІX—XX стст., таксама ёсць спасылка на вярбу. Лічылася, калі ў падушку, якую клалі пад галаву нябожчыку, пакласці асвечаныя галінкі вярбы, то гэта паспрыяе душы памерлага лёгка ўзняцца на нябёсы, і будзе перасцерагаць яе ад сілаў д’ябла.

  У вербную нядзелю кожнаму ў сям’і раніцай трэба было з’есці па тры пупышкі асвечанай вярбы і запіць святой (хрышчэнскай або стрэчаньскай) вадой. Пры гэтым трэба было чытаць малітву або замову. Народныя знахары лічылі, што пасля гэтага чалавек будзе менш хварэць і паддавацца сурокам. На Палессі (Піншчына) раілі з’ядаць пупышкі асвечанай вярбы адразу пры выхадзе з храма.

  Для таго, каб свойская жывёла была здаровай, добра пладзілася, вербныя пупышкі запякалі ў спецыяльна для гэтага спечаныя аладкі, блінцы або хлябцы.

Пасля таго, як з галінкамі вярбы будуць выкананы ўсе неабходныя ахоўна-магічныя дзеянні, частку асвечаных галінак хавалі за бажніцу — у чырвоны кут, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года — да наступнай Вербніцы. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкі, паводки, а яе насельнікаў — ад ліхіх людзей і "дурных" вачэй.

  Пасля таго, як будуць асвечаны новыя галінкі, старыя назаўтра спальвалі ў печы (у многіх месцах галінкі спальвалі ў перадсвяточную суботу). Прычым, попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градках (там, дзе не ступае нага каровы ці каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор’і заўсёды ўродзяць добрыя агуркі.

  Лічылася: той, хто кіне ці упусціць галінку асвячонай вярбы на зямлю, накліча на сябе бяду. Таму такую вербачку трэба было хутка спаліць у печцы.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашы продкі верылі, што асвечаная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад "уразу" (дрэннага вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасці. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў пруцікам кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну сцяны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика